Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Ужо падчас вайны паехаў у Марыупаль – там даведаўся, што бацьку забілі, а сам атрымаў кулю ад снайпера і ледзь не стаў калекам. Жахлівыя падзеі з жыцця былога гульца «Іслачы»

Ужо падчас вайны паехаў у Марыупаль – там даведаўся, што бацьку забілі, а сам атрымаў кулю ад снайпера і ледзь не стаў калекам. Жахлівыя падзеі з жыцця былога гульца «Іслачы»

Зараз жыве ў Мінску і не хоча згадваць тое, праз што прайшоў.

Аўтар — bytribuna com
16 студзеня 2023, 14:31
2
Ужо падчас вайны паехаў у Марыупаль – там даведаўся, што бацьку забілі, а сам атрымаў кулю ад снайпера і ледзь не стаў калекам. Жахлівыя падзеі з жыцця былога гульца «Іслачы»

У сярэдзіне траўня 2022 года ў Instagram беларускага футбаліста Мікалая Барсукова з'явіўся пост, прысвечаны Аляксандру Папушу – абодва разам гулялі ў 2015 годзе ў «Іслачы». У пасце месцілася фатаграфія Папуша, а ў подпісы – пажаданне найхутчэйшага акрыяння: «Саня будзь здаровы!!! Вельмі веру!!!!!! Што ўсё будзе добра!!!» Пытанні ў каментарах пра тое, што здарылася з гульцом, засталіся без адказу. Папуш таксама ні тады, ні праз час нідзе не расказваў пра тое, што з ім адбылося.

А 5 студзеня 2023 года ў Instagram экс-трэнера «Іслачы» Віталя Жукоўскага з'явілася фатаграфія, дзе спецыяліст сядзіць у кавярні ў кампаніі свайго памочніка Андрэя Місюка і Папуша. Подпіс да фота абвяшчаў: «Аляксандр Папуш, мінулы год прынёс табе нямала гора. Я спадзяюся, гэты год будзе станоўчым. Здароўя».

Дык што ж усё-такі здарылася з былым гульцом ЧБ? Пра гэта даведалася «Трыбуна».

Чым запомніўся ў беларускім футболе Папуш?

Нарадзіўся Аляксандр у Марыупалі, дзе і зрабіў першыя крокі ў футболе - у школе мясцовага «Ільічоўца». Больш за тое, абаронца адгуляў на прафесійным узроўні некалькі гадоў у чэмпіянаце роднай краіны - як раз за «Ільічовец» з 2001-га па 2007-ы. Праўда, большая частка кар'еры ў той перыяд прыйшлася на выступленне за фарм марыупальскага клуба з другой лігі. За «Ільічовец-2» Папуш правёў больш за 100 матчаў.

У 2008 годзе абаронца перабраўся ў Беларусь, з якой звязаў не толькі футбольную кар'еру, але і жыццё ў цэлым. Спачатку быў гульцом мінскага «Лакаматыва», пасля - брэсцкага «Дынама», «Тарпеда-БелАЗ» і зноў вярнуўся ў горад над Бугам. За пяць гадоў у Беларусі Папуш правёў 139 матчаў (9 галоў, 17 перадач). Наступныя сезоны запомніліся частай зменай чэмпіянатаў: паўгода ў Казахстане, потым вяртанне ў Беларусь і гульня за "Рэчыцу", ад'езд у 2014-м у Ялту, дзе выступаў за аматарскую "Жамчужыну" (з сакавіка па ліпень - то-бок ужо пасля таго, як Расія захапіла паўвостраў), але ў 2015-м Папуш зноў апынуўся ў Беларусі, дзе пачаўся яго галоўны этап кар'еры ў нашым футболе - абаронца падпісаў кантракт з «Іслаччу» і ў выніку паспеў згуляць у яе складзе і ў першай лізе, і ў вышэйшай.

Толькі ў снежні 2020-га Папуш пакінуў клуб. Ён быў практычна незаменным гульцом каманды, паўдзельнічаў у 125 матчах ва ўсіх турнірах (103 паядынкі ў старце, у сярэднім 75 хвілін на полі), забіў шэсць мячоў і аддаў шэсць галявых перадач.

Зрэшты, этап у «Іслачы» памятны і скандалам з дамоўным матчам, а таксама дыскваліфікацыяй.

У красавіку 2016-га "Іслач" згуляла дамоўны матч з брэсцкім "Дынама". За забеспячэнне патрэбнага выніку некалькі прадстаўнікоў "ваўкоў" атрымалі пэўныя сумы. Папуш - тысячу долараў. Футбалісты, якія ўдзельнічалі ў дагаворным матчы, павінны былі забяспечыць перамогу Брэста ў першым тайме або пайсці на перапынак пры роўных лічбах на табло. Першы тайм тады завяршыўся з лікам 2:3 на карысць "Дынама".

Доўгія судовыя разбіральніцтвы прывялі да таго, што нехта атрымаў штрафы, нехта стаў персонай нон-грата ў беларускім футболе. А ў дачыненні да Папуша крымінальны пераслед быў спынены, ён вярнуў усе грошы (бонусам адмовіўся ад трохмесячнага заробку ў клубе), заплаціў штраф - і быў пераведзены ў статус сведкі.

АБФФ усё ж пакарала Папуша і некаторых іншых гульцоў - Аляксандра дыскваліфікавалі на два гады. "Іслач" падала апеляцыю на рашэнне па Папушу і Дзмітрыю Макару, які таксама атрымаў бан на два гады.

У красавіку 2019-га было вынесена рашэнне пра адтэрміноўку выканання дысцыплінарнага пакарання для Макара і Папуша на астатнюю дыскваліфікацыю і ўстаноўлены аднагадовы выпрабавальны тэрмін.

Макар на той момант ужо быў дзіцячым трэнерам у структуры клуба (цяпер дапамагае Дзмітрыю Камароўскаму ў асноўнай камандзе), а Папуш неўзабаве вярнуўся на поле і правёў за "ваўкоў" яшчэ два сезоны. Ну а ў пачатку 2021-га завяршыў кар'еру.

Быў з сям'ёй, а ў 2022-м здарылася трагедыя

Пасля таго, як Папуш павесіў буцы на цвік, пра яго нічога не было чуваць. Куды падаўся, з чым звязаў жыццё пасля спорту - поўная цішыня. І толькі больш як праз год у сеціве ўсплыло яго прозвішча. Праўда, на старонцы трэнера Барсукова ў Instagram з пажаданнямі здароўя. Дык што здарылася?

Як аказалася, пасля заканчэння кар'еры Аляксандр застаўся ў Мінску, адкуль родам яго жонка. Шмат часу праводзіў з сям'ёй, дзесьці працаваў, але і часта наведваў бацькоў, якія жылі ў Марыупалі. Па нашых дадзеных, у бацькі там было ўласнае СТА.

Усё было спакойна, пакуль у лютым 2022-га Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі не пачала вайну ва Украіне. Папуш быў увесь час на сувязі з роднымі, якія не пакінулі Марыупаль. А гэты горад, нагадаем, аказаўся пад жорсткім ударам расійскіх войскаў у першыя тыдні вайны. Паводле ацэнак ААН, Марыупаль з лютага па канец красавіка 2022-га быў самым смяротна небяспечным месцам у краіне.

Пэўны час сувязь футбаліста з роднымі трывала, атрымоўвалася неяк тэлефанаваць. Аднак увесну кантакт знік. Папуш вырашыў ехаць у Марыупаль. Нейкім чынам яму ўдалося дабрацца да горада, прайсці блокпасты - і ў Марыупалі Папуш убачыў жудасную карціну. Аказалася, што бацькава СТА разбамбаваная, але, што самае жахлівае, загінуў і сам бацька. Што здарылася з мамай, нам даведацца не ўдалося.

Калі Папуш накіроўваўся да разбуранага бацькоўскага дому, куля невядомага снайпера патрапіла экс-футбалісту ў нагу. Прычым раненне атрымалася вельмі сур'ёзным - была перабіта косць.

Паколькі горад ужо быў пад акупацыяй Расіі, Папуша даставілі ў лякарню на тэрыторыю менавіта Расіі, а калі дакладней, то ў Растоў-на-Доне. Раненне было настолькі сур'ёзным, што стаяла пытанне, ці зможа былы гулец у прынцыпе хадзіць. Але аперацыя прайшла паспяхова - Папуш устаў на ногі.

Паводле ацэнак ААН, у выніку баёў у Марыупалі былі пашкоджаныя або разбураныя да 90 працэнтаў шматпавярховых дамоў і да 60 працэнтаў прыватных. Да 350 тысяч чалавек вымушана пакінулі горад - у даваенны час у ім жыло каля 430 тысяч. Да моманту поўнай акупацыі ў канцы траўня 2022-га, па падліках украінскай мэрыі, у выніку агрэсіі Расіі загінулі не менш як 10 тысяч марыупальцаў.

Чым займаецца зараз?

Сацсеткі Папуша неактыўныя. У Instagram, напрыклад, пастоў няма, а апошні запіс у Фэйсбуку датаваны снежнем 2019-га - паведамленне пра сумесную трэніроўку з юнымі гульцамі "Іслачы".

У пачатку снежня Папуш з'явіўся ў Instagram - у сторыс Віталя Жукоўскага. Фатаграфія была зроблена ў рэстаране.

Як мы змаглі даведацца, Аляксандр, якому 14 студзеня споўнілася 38 гадоў, праходзіў шматмесячнае аднаўленне ў Расіі, а пазней вярнуўся ў Мінск, дзе жыве ў цяперашні момант. Адчувае сябе добра, наступствы ранення яго не турбуюць. Але пра сваё цяперашняе жыццё асабліва не распаўсюджваецца. Практычна з усімі былым аднаклубнікамі кантактаў не падтрымлівае. Адзінае, як нам расказалі людзі, знаёмыя з сітуацыяй, жыве Аляксандр без хоць нейкай сувязі са спортам, і пра тое, што адбылося ў 2022-м, стараецца не ўспамінаць.

Фота: fcisloch.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты