Tribuna/Хакей/Блогі/О духе времени/Той, хто дапамог забраць у Беларусі ЧС-2021, стаў непаўнавартасным галоўным у «Дынама» – папярэднік сышоў за пару крокаў да правалу (здаецца, крайнім, калi што, стане Вудкрафт)

Той, хто дапамог забраць у Беларусі ЧС-2021, стаў непаўнавартасным галоўным у «Дынама» – папярэднік сышоў за пару крокаў да правалу (здаецца, крайнім, калi што, стане Вудкрафт)

А Баскаў нагадаў, у каго ў клубе рэальная ўлада.

Аўтар — bytribuna com
28 студзеня 2023, 08:00
Той, хто дапамог забраць у Беларусі ЧС-2021, стаў непаўнавартасным галоўным у «Дынама» – папярэднік сышоў за пару крокаў да правалу (здаецца, крайнім, калi што, стане Вудкрафт)

27 студзеня хакейнае менскае «Дынама» раптоўна пазбавілася гендырэктара – гэтую пасаду пакінуў Сяргей Сушко. Раставанне з клубам аформлена максімальна скупа: у якасці прычыны – «сямейныя акалічнасці» без дадатковых тлумачэнняў, не здарылася і развітальнага каментарыя функцыянера. «Дынама» падзякавала Сушко за працу і пажадала «поспехаў у далейшай дзейнасці» – наконт якой таксама ніякай інфармацыі.

Асабліва мутнай сітуацыя выглядае на фоне таго, што сітуацыя ў сезоне блізкая да чарговага правалу. У «Дынама» засталося 12 матчаў у «рэгулярцы», а каманда ўсяго толькі дзеліць восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ з «Поўначсталлю», пастаянна то выбываючы з зоны плэй-оф, то вяртаючыся ў яе. Толькі праблема ў тым, што той жа Сушко перад пачаткам сезона казаў пра задачу «прайсці як мага далей у плэй-оф», называючы проста трапленне туды «банальным», што і за дасягненне лічыцца не будзе. Цяпер жа «зубры» наўрад ці падымуцца вышэй за сёмае месца (да «Віцязя» на шостым адлегласць у чатыры перамогі), што вялікіх шанцаў на праход першага раўнда плэй-оф не пакідае. Хоць па цяперашнім становішчы поспехам стане і восьмае месца – тады ў плэй-оф будзе чакаць СКА, якому «Дынама» прайграла ўсе чатыры матчы ў сезоне з агульным лікам 8:20.

Пры гэтым перад сезонам Сушко, які ў сваім службовым становішчы без выгады для клуба паспеў дапамагчы з кар'ерай двум сынам, нямала хвалілі за тое, які склад падабраўся ў «Дынама». Седрык Пакет, Марк Барберыа, Нік Мерклі, Джон Гілмар, Джозэф Душак – навiчкi клуба з-за акіяна мелі прыстойны досвед у наймацнейшых лігах, плюс быў падпісаны вядомы расiянiн Аляксей Ямелін і іншыя яго суайчыннікі, хоць гэта і дэманстравала непаслядоўнасць Сушко. Сам менеджар казаў, што старанна падыходзіў да выбару, галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт казаў пра добрую працу на рынку, а эксперт КХЛ-ТБ Арцём Бажко наогул прагназаваў «Дынама» месца ў першай пяцёрцы каманд канферэнцыі менавіта з-за легіянераў.

Развітанне з Сушко не падобна на пакаранне за «віну» ў тым, што ніякага топ-5 і блізка не атрымалася – хутчэй, наадварот, на вывад з-пад удару. Бо пакуль фармальныя шанцы выканаць задачу ёсць, і разнос учыняць няма за што, а калі час надыдзе, таго, хто па-за клубам, ужо асаблiва і не прабраць. У такой сітуацыі ўсё паказвае на тое, што пытанні будуць задаваць Вудкрафту – чаму гэта склад, які ён сам хваліў, не паказаў жаданага выніку пад яго кіраўніцтвам? Вядома, перажываў канадзец у камандзе і не такія правалы – было ж і самае дно, – але яго недатыкальнасць усё мацней пагражае скончыцца.

Пакуль жа на змену прыяцелю трэнера Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава ў якасці выконваючага абавязкі гендырэктара заступіў сябар Баскава Арцём Каркоцкі – яго ў канцы сезона вінаваціць будзе няёмка, бо ён толькі прыйшоў у клуб (магчыма, таму в. а. стаў ён, а не намеснiк Сушко Алег Антоненка). Каркоцкі ў свой час гуляў у ЧБ, прайграў абсалютна ўсе матчы ў Кітаі і быў «натуралізаваны» зборнай ААЭ, апошнім часам узначальваў СДзЮШАР БФСТ «Дынама» (як калісьці сам Баскаў), але праславіўся не гэтым.

У пачатку 2021-га Каркоцкі дапамог пераносу ЧС-2021 з Мінска – ІІХФ на розныя лады заклікалі да гэтага, каб не даць самасцвердзіцца рэжыму Лукашэнкі, але тагачасны бос сусветнага хакея Рэнэ Фазель як мог аднекваўся. А потым 11 студзеня прыляцеў у Мiнск – і не толькі абдымаўся з Лукашэнкам, але і сфатаграфаваўся з Баскавым, на якога ІІХФ к таму часу адкрыла дысцыплінарную справу. Другое перапляценне было менш чаканым, таму выклікала асобную хвалю абурэння – і таксама паспрыяла таму, што праз тыдзень па сукупнасці фактараў Фазель і іншыя босы міжнароднай федэрацыі ўсё ж прызналі, што пакінуць ЧС у Беларусі немагчыма. Ну а тое самае фота Фазеля з Баскавым апублікаваў у агульным доступе якраз Каркоцкі, які быў у кадры трэцім. Сімвалічна, што здымак быў зроблены якраз на матчы «Дынама» ў КХЛ.

Не так даўно хай і не такое шырокае, але распаўсюджанне атрымала фота Каркоцкага і Сушко – справа была на адкрыцці крамы брэнда, за якi адказваў Баскаў (а прыналежнасць прыпісвалі ўвогуле Лукашэнку), а кадр атрымаўся асаблівым з-за размытага Аляксандра Глеба на заднім плане.

Прыроду прызначэння Каркоцкага ў «Дынама» каментаваў якраз Баскаў – сказаў, што в. а. «добра знаёмы з клубнай сістэмай «Дынама», дадаўшы, што гэта не паўнавартасная замена Сушко, а яе пошукам зоймуцца ўжо пасля сезона. Пры гэтым Баскаў фармальна не займае пастоў, якія б давалі яму нагоду на такія каментарыi – згаданая дысцыплінарная справа ІІХФ скончылася пяцігадовай хакейнай дыскваліфікацыяй функцыянера за палітычны ціск на падначаленых (а думалася, што будзе за дачыненне да забойства Рамана Бандарэнкі).

Аднак у пачатку цяперашняга сезону «Дынама» выклала фота з Басковым сярод клубных мэнэджараў і подпісам «Гэта наша каманда», а яшчэ ён нібыта не пераставаў быць кіраўніком назіральнай рады клуба, старонку са складам якой проста выдалілі з сайта «зуброў» адразу пасля аб'яўлення бана. У свежым каментарыi Баскава прадставілі як сябра парламента Лукашэнкi, але функцыянер нагадаў, хто рэальна запраўляе справамі ў «Дынама» – сказаў «мы», апісваючы прыняцце рашэнняў па кадравых пытаннях.

Іншыя пасты блога

Усе пасты