Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Партны наўрад ці прыйдзе ў АБФФ, але ёсць іншы (амаль «ідэальны») кандыдат: топ-чыноўнік Лукашэнкі з вялікім рэсурсам, які і зараз мае дачыненне да футболу

Партны наўрад ці прыйдзе ў АБФФ, але ёсць іншы (амаль «ідэальны») кандыдат: топ-чыноўнік Лукашэнкі з вялікім рэсурсам, які і зараз мае дачыненне да футболу

Плюсы Ігара Петрышэнкі.

Аўтар — bytribuna com
21 лютага 2023, 23:59
Партны наўрад ці прыйдзе ў АБФФ, але ёсць іншы (амаль «ідэальны») кандыдат: топ-чыноўнік Лукашэнкі з вялікім рэсурсам, які і зараз мае дачыненне да футболу

22 сакавіка ў Беларускай федэрацыі футболу пройдзе справаздачна-выбарная канферэнцыя, на якой павінны "выбраць" (а па факце - простая прызначыць) новага кіраўніка. У медыя ўжо гуляе некалькі прозвішчаў магчымых зменшчыкаў Уладзіміра Базанава: і Сяргей Румас, які ўжо руліў белфутболам з 2011-га па 2019-ы, і Аляксандр Глеб, актыўны ўдзельнік праўладных мерапрыемстваў разам з цяперашнім кіраўніцтвам АБФФ. Кажуць нават пра тое, што Базанаў усё ж можа застацца на сваёй пасадзе.

Ну а нядаўна ў газеце адміністрацыі Лукашэнкі ўсплыло новае прозвішча - нібыта 22 сакавіка старшынёй федэрацыі можа стаць былы так званы намеснік міністра спорту, палкоўнік паветрана-дэсантных войскаў у адстаўцы Міхаіл Партны, які цяпер узначальвае Рэспубліканскі цэнтр алімпійсках падрыхтоўкі па конным спорце «Ратамка».

З улікам, што ў беларускім спорце на кіруючых пасадах хапае сілавікоў, плюс што ведамствамі кіруюць тыя, хто з падкантрольным відам спорту ніколі не быў звязаны, кандыдатура не выглядае парадаксальнай. Аднак мы ўсё ж растлумачым, чаму Партны ў ролі кіраўніка АБФФ - малаверагодны сцэнар.

Хто такі Партны?

У Мінспорту чыноўнік прыйшоў у 2014 годзе - стаў намеснікам кіраўніка ведамства і курыраваў сферу турызму. Пры гэтым нікога не бянтэжыла, што за плячыма Партнога 20-гадовая кар'ера ваеннага. Ураджэнец Гомельскай вобласці першую адукацыю атрымліваў у Разані - скончыў там Вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню ў 1989 годзе. Далей быў камандзірам асобнай разведвальнай роты гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі памежных войскаў КДБ СССР, пасля развалу Саюза застаўся ў Беларусі і быў звязаны з дэсантнымі войскамі (адказваў за паветраную падрыхтоўку байцоў) і з выведкай. За 20 гадоў даслужыўся да звання палкоўніка, стаў кандыдатам палітычных навук, атрымаў некалькі медалёў, плюс у гэты перыяд паспеў скончыць Ваенную акадэмію РБ і Ваенную акадэмію Генштаба Узброеных сіл РФ.

Пасля выхаду ў адстаўку папрацаваў у Віцебскім аблвыканкаме, дзе займаў пасаду начальніка ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму, у 2014-м узначаліў Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў 27-га склікання, але праз менш як год стаў звычайным дэпутатам. Якраз таму, што атрымаў назначэнне ў Мінспорту, дзе сканцэнтраваўся на развіцці турызму ў Беларусі. Так супала, што пры Партным у Беларусі быў уведзены бязвіз для грамадзян 74 краін.

Але праславіўся чыноўнік у 2020-м. Ён пачаў адказваць за ідэалагічнае выхаванне атлетаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі. Праводзіў «душэўныя гутаркі» і спрабаваў «наставіць на правільны шлях» мнагаборца Андрэя Краўчанку і самбіста Сцяпана Папова. За сваю "няпрофільную" дзейнасць Партны трапіў у санкцыйны спіс Літвы, Латвіі і Эстоніі - яму забаронены ўезд на тэрыторыю гэтых дзяржаў.

Чым займаецца Партны зараз?

У свой час чыноўнік неаднаразова даваў зразумець, што будзе за Лукашэнку да канца. Сваім суразмоўцам казаў, што ён «чалавек Лукашэнкі» і будзе выконваць ягоныя загады. Зрэшты, такая адданасць не дапамагла чыноўніку ўседзець у крэсле. 25 сакавіка 2022 года стала вядома, што Партны звольнены з пасады намесніка так званага міністра спорту. Адбылася адстаўка пасля чарговага разносу спартовых чыноўнікаў у выкананні Лукашэнкі. Крайнім у няўдачах зрабілі Партнога.

Але па-за спортам Партны прабыў нядоўга. Літаральна праз некалькі тыдняў чыноўніка прызначылі на пасаду дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка». У маі таго ж года Партны атрымаў яшчэ адну пасаду, таксама звязаную з канямі, - па выніках справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі коннага спорту стаў намеснікам старшыні.

Зрэшты, асноўная дзейнасць Партнога ўсё роўна сканцэнтраваная на «Ратамцы». Пры гэтым, як нам удалося даведацца, чыноўнік у спартыўныя справы асабліва не лез і не лезе пагэтуль. Пра гэта нам расказалі некаторыя супрацоўнікі РЦАП.

- Першае, што хацелася б адзначыць, гэта тое, што Партны асабліва не ціснуў на ідэалагічнай глебе, як тое было на яго папярэдняй пасадзе. То-бок на сходах, напрыклад, не праводзіў нейкіх рэжымных установак, не расказваў, што трэба падтрымліваць уладу і гэтак далей, – падзяліўся сваімі назіраннямі адзін з суразмоўцаў.

Таксама крыніцы адзначылі, што непасрэдна да спорту Партны мае апасродкаванае стаўленне.

- Па сутнасці, з першага ж дня ён быў пагружаны больш у гаспадарчыя справы. Займаўся, напрыклад, пытаннямі будаўніцтва новых стайняў. І нікога не вучыў, як трэба ездзіць ці трэніраваць. Увогуле, што спартоўцы, што трэнеры - усе займаліся сваімі справамі, без асаблівага ціску з боку Партнога.

Чаму яго з'яўленне ў АБФФ малаверагоднае?

Безумоўна, суразмоўцы з «Ратамкі», з якімі нам удалося пагутарыць, чулі, што Партному прадказваюць месца старшыні федэрацыі футбола. Аднак усе як адзін перакананыя, што гэта проста "банальны ўкід, накіраваны на адцягненне ўвагі ад іншых, больш рэальных кандыдатаў, што з'яўляецца стандартнай практыкай сістэмы перад прызначэннем міністраў, кіраўнікоў федэрацый і дырэктараў".

- Так, недзе казалі, што [у футбол] прыйдзе чарговы сілавік, але які сэнс раскрываць імя новага старшыні больш чым за месяц да канферэнцыі? - задаецца пытаннем іншы наш суразмоўца і тут жа дадае яшчэ некалькі аргументаў на карысць таго, што з'яўленне Партнога ў АБФФ малаверагоднае. - Вядома, нельга выключаць, што Партнога могуць і без яго жадання паставіць руліць футболам, але нешта ў гэты сцэнар не верыцца. А сам чыноўнік туды не пойдзе. Чаму? Ён не раз даваў зразумець у прыватных гутарках, што яму вельмі даспадобы праца ў «Ратамцы». Маўляў, ніхто па галаве не стукае, сядзіш сабе спакойна, можна патрабаваць бюджэтных грошай, таму што "спорт развіваецца, яму неабходнае фінансаванне". Ну а куды гэтыя грошы ідуць - тут ужо можна ўсё растлумачыць "прыгожа", каб выпрасіць яшчэ фінансы.

Таксама, паводле нашай інфармацыі, у бліжэйшы час у РЦАП намячаецца сур'ёзная рэканструкцыя ўсяго комплексу, пад гэта выдзеленыя вялікія грошы. І, на думку нашых суразмоўцаў, у такой сітуацыі выдзіраць з «Ратамкі» Партнога, які якраз і займаецца падобнымі гаспадарчымі пытаннямі, няма ніякага сэнсу.

Акрамя таго, як нам расказалі, у бліжэйшы час Партны можа пайсці на павышэнне. 1 сакавіка ў БФКС пройдзе справаздачна-выбарная канферэнцыя, і многія мяркуюць, што старшынёй стане менаваіта былы намеснік Кавальчука.

- Ізноў жа, сцвярджаць нічога не буду, але ўсё кажа пра тое, што дырэктар «Ратамкі» як раз і ўзначаліць федэрацыю. Больш за тое, у нашых колах ходзяць размовы, што ён ужо даўно гэтага хацеў. А []Сяргей] Дражын (цяперашні кіраўнік федэрацыі - Tribuna.com)? Яго проста прыбяруць, - падзяліўся з «Трыбуны» меркаваннем адзін з супрацоўнікаў РЦАП.

Чаму прыбяруць? На гэтае пытанне нам таксама далі адказ. Справа ў тым, што яшчэ з 2021 года ў Партнога з Дражыным напружаныя адносіны.

- У той перыяд старшыня федэрацыі хацеў заняцца пашырэннем «Ратамкі». Для гэтага неабходна было атрымаць пэўныя землі. Але паколькі РЦАП падпарадкоўваецца Мінспорту, то ўсе гэтыя дзеянні трэба было ўзгадняць менавіта з кіраўніцтвам міністэрства. Невядома чаму, але Дражын нечакана сутыкнуўся з жорсткай адмовай з боку Кавальчука і Партнога. Не дапамаглі старшыні федэрацыі ні роднасныя сувязі (яго бацька Міхаіл у свой час быў першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, а потым узначальваў Магілёўскі аблвыканкам), ні нават тое, што Дражын прывозіў у «Ратамку» Віктара Лукашэнкі, каб паказаць і даказаць слушнасць свайго жадання. Мабыць, Кавальчук і Партны знайшлі больш дзейсныя спосабы, як супрацьстаяць Дражыну. Так што зараз у Партнога пры дапамозе [так званага] кіраўніка Мінспорту ёсць рэальныя магчымасці заняць пасаду старшыні БФКС, і ніхто яму не будзе замінаць. Вельмі сумняюся, што чыноўнік адмовіцца ад такога «салодкага» месца і сыдзе ў футбол, які зараз вельмі моцна крытыкуюць, - сказаў на заканчэнне суразмоўца.

Хто яшчэ можа стаць кіраўніком АБФФ?

Але хто ж замест Базанава, калі той пакіне пост? «Трыбуне» ўдалося паразмаўляць з людзьмі, якія не па чутках знаёмыя з працай спартыўнай сістэмы Беларусі.

Нашы суразмоўцы адзначылі, што прозвішчы ўсіх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду старшыні федэрацыі спускаюцца зверху і ухваляюцца або Аляксандрам Лукашэнкам, або яго сынам Віктарам - у залежнасці ад важнасці віду спорту. А футболу зараз надаецца шмат увагі, таму, перакананыя нашыя крыніцы, не абыдзецца без умяшання Лукашэнкі-старэйшага.

- У якасці кандыдата на пасаду старшыні АБФФ можна ўзгадаць Ігара Абяромку. Ён ужо дастаткова даўно ўзначальвае БФСТ "Дынама", звязаны са спортам і футболам у прыватнасці. Гэта суцэль лагічны варыянт. Плюс чалавек сістэмы, сілавік, будзе наводзіць "парадкі". Таксама, калі адштурхоўвацца ад апошніх тэндэнцый у беларускім спорце, можна разгледзець Сяргея Цяцерына. Ну а што? Гандбаліст кіруе тэнісам, весляр - хакеем, дык чаму б тэнісіста не паставіць у кіраўніка футбола? Зрэшты, гэта варыянты з разраду здагадак, - кажа наш суразмоўца.

А вось каго можна назваць куды больш верагодным кандыдатам у федэрацыю футбола, чым Партны, Абяромка ці Цяцерын, гэта, як лічаць нашыя крыніцы, цяперашні віцэ-прэм'ер Лукашэнкі Ігар Петрышэнка.

- Яшчэ нядаўна былі размовы пра тое, што ледзь не Кавальчука паставяць на кіраўніка АБФФ. Аднак ён будзе курыраваць падрыхтоўку і правядзенне Гульняў краін СНД, якія адбудуцца ў Мінску ў жніўні гэтага года. Ад таго, наколькі добра будуць праведзеныя спаборніцтвы, на якім узроўні там выступяць беларусы, будзе залежаць, ці застанецца Кавальчук на пасадзе. Адпаведна, пры такім раскладзе яму будзе яўна не да футбола. Таксама, улічваючы, у якім стане знаходзіцца футбол у краіне, патрэбны чалавек з куды большым адміністрацыйным рэсурсам, чым нават у [так званага] кіраўніка Мінспорту. А першая лагічная кандыдатура ў дадзеным выпадку - Петрышэнка, - перакананы наш суразмоўца.

57-гадовы чыноўнік даўно працуе на рэжым і мае за плячыма вайсковую адукацыю. У сярэдзіне 1980-х ураджэнец Гомельскай вобласці скончыў Віленскае каманднае вучылішча радыёэлектронікі, у 1992-м - Ваенны Чырванасцяжны інстытут МА СССР, а ў 1998-м - Акадэмію кіравання. 10 гадоў Петрышэнка служыў ва ўзброеных сілах СССР і Беларусі на афіцэрскіх пасадах. З'яўляецца падпалкоўнікам юстыцыі запаса.

Праз два гады пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі распачаў дзяржслужбу. Працаваў у Савеце міністраў, намеснікам начальніка ўпраўлення Расіі і Саюзнай дзяржавы, дарадцам пасольства РБ у Расіі, першым намеснікам міністра замежных спраў, паслом Беларусі ў Расіі, а з 18 жніўня 2018 года з'яўляецца намеснікам прэм'ер-міністра. Чыноўніка таксама не абышлі бокам санкцыі - Петрышэнка трапіў пад персанальныя абмежаванні з боку Канады ў чэрвені мінулага года.

- Па многіх параметрах чыноўнік з'яўляецца ідэальнай кандыдатурай на пасаду старшыні АБФФ. Ён, у адрозненне ад таго ж Партнога ці Базанава, з'яўляецца выязным у ЕЗ (адзначым, што і Базанаў свабодна ўязджае на тэрыторыі ЕЗ - Tribuna.com). У 2019 годзе адказваў за правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў. Цяпер на ўзроўні [так званага] Саўміна чыноўнік курыруе сацыяльныя пытанні, у тым ліку спорт, і футбол у прыватнасці (напрыклад, пры яго кіраўніцтве плануецца да 2025 года пабудаваць у краіне 38 міні-футбольных пляцовак). У канцы мінулага года была створаная працоўная група, якая заслухоўвала даклады старшыняў усіх федэрацый па выніках працы за 2022-ы. Кіраўніком гэтай групы быў якраз Петрышэнка. Ну і яшчэ трэба дадаць, што ён таксама браў удзел у нядаўняй сумеснай калегіі [так званага] Мінспорту і АБФФ. Так што не варта дзівіцца, калі віцэ-прэм'еру [Лукашэнкі] дадуць яшчэ і руліць футболам у Беларусі, - сказаў на заканчэнне адзін з нашых суразмоўцаў.

Фота: ria.ru, bfks.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты