Tribuna/Фехтаванне/Блогі/О духе времени/Беларускіх фехтавальшчыкаў раптам пусцілі ў адбор АГ (украінцы ў шоку), але гэта наўрад ці ім дапаможа – нічога не паказвалі ні да вайны, ні ў Расіі

Беларускіх фехтавальшчыкаў раптам пусцілі ў адбор АГ (украінцы ў шоку), але гэта наўрад ці ім дапаможа – нічога не паказвалі ні да вайны, ні ў Расіі

Найлепшая спартсменка ўжо выступае за іншую краіну.

Аўтар — bytribuna com
12 сакавіка 2023, 10:00
Беларускіх фехтавальшчыкаў раптам пусцілі ў адбор АГ (украінцы ў шоку), але гэта наўрад ці ім дапаможа – нічога не паказвалі ні да вайны, ні ў Расіі

10 сакавіка на пазачарговым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) прынялі рашэнне пра допуск беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў «пры выкананні ўмоў нейтралітэту і індывідуальным ухваленнi». За гэта прагаласавалі 89 членаў арганізацыі (са 136, гэта значыць 65%). Таксама асобнымі галасаваннямі допускі да спаборніцтваў атрымалі нацыянальныя каманды і афіцыйныя асобы.

Рашэнне федэрацыі, галоўным спонсарам і прэзідэнтам (паўнамоцтвы часова прыпыненыя з пачаткам вайны) з“яўляецца расійскі алігарх Алішэр Усманаў, чакана з негатывам успрынялі ва ўкраінскім спорце, дзе зараз збіраюцца вырашаць, як далей выступаць на адных спаборніцтвах з беларусамі і расіянамі і ці выступаць наогул. У федэрацыі фехтавання Украіны заявілі, што «глыбока шакіраваныя і абураныя гэтым рашэннем». У беларускай федэрацыі пакуль ніякіх заяў не рабілі, проста апублікаваўшы на сайце навіну-факт.

Рашэнне набудзе моц з другой паловы красавіка, што дазволіць беларускім спартсменам узяць удзел у летнім ЧС-2023 у Мілане і пазмагацца за пуцёўкі на Алімпіяду-2024. Аднак наўрад ці гэта ўдасца беларускім фехтавальшчыкам – дастаткова ўзгадаць іх вынікі апошнім часам да адхілення.

Беларусь была Радзімай чэмпіёнаў-фехтавальшчыкаў, але з часам рабілася ўсё горш

Некалі фехтавальшчыкі з Беларусі былі шырока вядомыя ў гэтым відзе спорту. Узяць хаця б рапірыста Аляксандра Раманькова – 5-разовага прызёра Алімпіяд (чэмпіён-1988) і 10-разовага чэмпіёна свету.

Не менш было ўзнагарод у мінчанкі Таццяны Самусенкі, якая тройчы прывозіла з Гульняў каманднае золата (1960, 1968, 1972) і адзін раз срэбра (1964). Таксама на яе рахунку пяць медалёў найвышэйшай пробы з ЧС.

А вось у эпоху незалежнасці сусветныя індывідуальныя медалі за Беларусь у фехтаванні браў толькі Віталь Захараў – шпажыст двойчы прывозіў па бронзе з ЧС (2002, 2003). Таксама ў 2001 ён выйграў чэмпіянат Еўропы.

Акрамя Захарава, беларускім спартсменам толькі раз давалiся медалі ЧС. У 2011-м беларуская чацвёрка шаблістаў (Аляксандр Буйкевіч, Дзмітрый Лапкес, Аляксей Ліхачэўскі і Валерый Прыёмка) сенсацыйна заваявала каманднае срэбра, прайграўшы ў фінале Расіі.

На ЧЕ прадстаўнікі Беларусі былі больш паспяховымi – два залатыя, два сярэбраныя і пяць бронзавых медалёў за гісторыю (12-е месца ў свеце). Золата, акрамя Захарава, у 2008-м браў Буйкевіч у шаблі. Аднак апошні медаль на ЧЕ ў беларусаў датаваны 2012 годам, калі ўсё той жа Буйкевіч прывёз з Леньяна бронзу.

На Алімпіядах у суверэннай гісторыі беларускім фехтавальшчыкам праявіць сябе не ўдавалася. Захараў двойчы вылятаў ужо на стадыі 1/16 фіналу, пазней Буйкевіч два разы даходзіў да 1/8 фіналу. Бліжэй за ўсіх да медаля ў індывідуальных спаборніцтвах аказваўся Лапкес – у 2004-м паядынак за бронзу шабліст саступіў украінцу Уладзіславу Траццяку. Тройчы на Гульні ездзілі беларускія мужчынскія каманды, найлепшы вынік – пятае месца шаблістаў у 2008-м. А вось жанчына ў фехтаванні ад Беларусі лятала на Алімпіяду толькі ў 2004-м – рапірыстка Віта Сільчанка вылецела ўжо пасля першага паядынку ў 1/16 фіналу.

Напярэдадні вайны нават не ўваходзілі ў топ-100, за год у Расіі ўзялі адзін медаль

Новаму пакаленню беларускіх фехтавальшчыкаў, вырашчаных пры Лукашэнку, марыць пра медалі не даводзіцца. Алімпіяда-2020 стала першай для суверэннай Беларусі, на якую прадстаўнікі гэтага віду не адабраліся ўвогуле. На апошнім ЧС да вайны ва Украіне, у 2019 годзе, ад Беларусі было ўсяго двое ўдзельнікаў, шаблісты Кірыл Кірпічоў і Паліна Каспяровіч, якія вылецелі ўжо ў першым раундзе – 1/32 фіналу. Пры гэтым Каспяровіч у канцы 2021-га перайшла ў зборную Азербайджана.

У апошнім даваенным сусветным рэйтынгу FIE ніводны прадстаўнік Беларусі не ўваходзіў нават у топ-100. У мужчын вышэй за ўсіх знаходзіўся рапірыст Уладзіслаў Курыловіч – 168-е месца, у жанчын – рапірыстка Ганна Андрэенка са 167-й пазіцыяй (Каспяровіч, дарэчы, была 70-й, а цяпер займае 68-ы радок).

Пасля ўвядзення ў адказ на вайну міжнароднага бана беларускія фехтавальшчыкі, акрамя ўнутраных спаборніцтваў, толькі ездзілі ў Расію, але і там на дарослых стартах нічога асабліва не паказвалі. Напрыклад, на чэрвеньскім чэмпіянаце Саюзнай дзяржавы ў індывідуальных спаборніцтвах найлепшай стала шпажыстка Ксенія Клімянкова, якая заняла толькі 14-е месца.

Адзіны медаль удалося ўзяць толькі ў снежні. На Кубку Расіі ў Смаленску другой стала шпажыстка Кацярына Пашарнёва.

Усе астатнія нешматлікія ўзнагароды беларускія спартсмены бралі выключна на юнацкіх і дзіцячых лакальных спаборніцтвах.

Іншыя пасты блога

Усе пасты