Tribuna/Бокс/Блогі/О духе времени/Падапечная Гуркова дабілася і неспартыўнага медаля – за тое, як дапамагае вайскоўцам Украіны: яе фонд закупляе дроны і аўто, сама ездзіць да лініі фронту

Падапечная Гуркова дабілася і неспартыўнага медаля – за тое, як дапамагае вайскоўцам Украіны: яе фонд закупляе дроны і аўто, сама ездзіць да лініі фронту

Нязломная Марыя Бярко.

Аўтар — bytribuna com
26 сакавіка 2023, 10:05
Падапечная Гуркова дабілася і неспартыўнага медаля – за тое, як дапамагае вайскоўцам Украіны: яе фонд закупляе дроны і аўто, сама ездзіць да лініі фронту

Тытулаваны беларускі баец Віталь Гуркоў пакінуў Радзіму напярэдадні выбараў 2020-га з-за пагрозы затрымання па палітычных матывах. Шматразовы чэмпіён свету пераехаў ва Украіну і працягвае там заставацца, нягледзячы на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Першым часам шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе ўваходзiў у тэрытарыяльную абарону Кіева, але пасля адыходу расійскага акупацыйнага войска з-пад украінскай сталіцы Гуркоў пакінуў шэрагі і вярнуўся да трэнерства – да таго моманту ў яго была пасада ў зборнай Украіны па муай-тай.

Пра адну з падапечных Гуркова мы расказвалі яшчэ ў лістападзе 2021 года, за месяц да дэбюту Марыі Бярко на ЧС па муай-тай – там украінка ў выніку ўзяла бронзу.

Пасля гэтага поспеху Марыя таксама атрымала перамогу ў Кубку Украіны (да гэтага было золата на чэмпіянаце Украіны U-23), а ў верасні мінулага года стала бронзавай медалісткай на студэнцкім Кубку свету па тайскім боксе.

Але, мяркуючы па Instagram-акаўнце Марыі, спорту ў яе жыцці пасля пачатку вайны стала куды менш: калі раней фота і відэа са спартыўнай залы яна публікавала часта, то за апошні год згадак амаль няма (выключэннем стаў пост пра студэнцкі КС). Цяпер яе намаганні ў сацсетках накіраваны на дапамогу Узброеным сілам Украіны.

У маі 2022-га Бярко разам са сваёй сяброўкай Міраславай Сіленкай аб'явіла пра стварэнне дабрачыннага фонду «Эдэльвіра». Ён паспяхова збірае грошы, за якія ўжо дапамог украінскаму войску як з закупкай дробнай тэхнікі і медыкаментаў, так і з набыццём квадракоптара і нават аўтамабіля для частак, якія ўжо не першы месяц вядуць баі за данбаскі Бахмут. Напрыклад, у студзені 2022-га на дрон за тры дні было сабрана 124 тысячы грыўняў (3,4 тысячы долараў).

Адна з воінскіх часцей, якая размяшчаецца ў гарачай кропцы, ужо двойчы ўзнагародзіла Бярко ганаровым медалём.

Але самы вялікі пласт дапамогі Марыя і яе «Эдэльвіра» закрываюць донарскімі зборамі крыві для вайскоўцаў, што з'яўляюцца важнай часткай валанцёрскай працы падчас вайны.

Валанцёрствам спартсменка пачала займацца яшчэ ў 2019-м годзе – па прыкладзе свайго першага трэнера па тайскім боксе. Ён кіраваў валанцёрскімі арганізацыямі, якія займаліся вывазам загінулых салдат з зоны баявых дзеянняў, што з 2014-га працягваюцца ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны з-за сепаратыстаў, якіх падтрымлівае Расія. Сама Марыя родам са 100-тысячнага горада Славянска Данецкай вобласці – у 2014-м ён некалькі месяцаў знаходзіўся пад акупацыяй, а вось зараз застаўся няскораным для расійскага войска, хоць знаходзіцца ў пары дзясяткаў кіламетраў ад лініі фронту.

Бярко па абавязку валанцёрскай працы часта бывае на перадавой і дзеліцца адтуль фатаграфіямі і відэа. Напрыклад, з Лімана – горад у Данецкай вобласці быў акупаваны расiянамі чатыры месяцы ў 2022-м, а зараз, застаючыся недалёка ад лініі фронту, жорстка абстрэльваецца імі, з-за чаго не ўдаецца аднавіць падачу вады і электрычнасці. Бярко расказала, што ў такіх паездках кожны раз адчувае «вар'яцкую злосць з жорсткім болем», але з камандай выканала «ўсе пастаўленыя задачы і нават больш», і абяцае быць «у шэрагах, пакуль б'ецца сэрца».

Дапамагае тым, хто ваюе за Украіну, і Гуркоў, які ў кастрычніку стаў чэмпіёнам краіны па тайскім боксе. У лістападзе Віталь прыняў пасаду дырэктара грамадскага аб'яднання «Пагоня», сузаснавальнікамі якога сталі байцы аднайменнага беларускага палка, і зараз бярэ ўдзел у зборах сродкаў для патрэб байцоў. У 2023-м ужо ўдалося паспяхова закрыць збор на 10 тысяч еўра.

Іншыя пасты блога

Усе пасты