Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Масажаваў Ціхана і Б’ёрндалена, дапамагаў біятланістам браць алімпійскія медалі. Гэты медык патрапіў у «тэрарыстычны» спіс Лукашэнкі і атрымаў 6 гадоў калоніі

Масажаваў Ціхана і Б’ёрндалена, дапамагаў біятланістам браць алімпійскія медалі. Гэты медык патрапіў у «тэрарыстычны» спіс Лукашэнкі і атрымаў 6 гадоў калоніі

Людзі кажуць, вельмі класны спецыяліст.

Аўтар — bytribuna com
8 чэрвеня, 18:00
Масажаваў Ціхана і Б’ёрндалена, дапамагаў біятланістам браць алімпійскія медалі. Гэты медык патрапіў у «тэрарыстычны» спіс Лукашэнкі і атрымаў 6 гадоў калоніі

Мікалай Васілевіч з 44 гадоў свайго жыцця амаль 20 прысвяціў спорту. Працаваў масажыстам і доктарам-рэабілітолагам у нацыянальных камандах па лёгкай атлетыцы і біятлоне, з’ездзіў не на адну Алімпіяду і спрычыніўся не да аднаго медаля. Але на днях мужчына атрымаў шэсць гадоў калоніі за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці – так лукашысты называюць любую праяву салідарнасці і імкненне дапагчы беларусам, якія патрапілі ў складаную сітуацыю.

Сёння ў складанай сітуацыі апынуўся аказаўся Васілевіч. «Трыбуна» расказвае яго гісторыю.

Хацелі навесіць «тэрарызм»

Пра справу Васілевіча медыя ўпершыню напісалі ў канцы студзеня 2023 года. Паведамлялася, што мінчук знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага і што яго вінавацяць у так званым «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці». У спіс «тэрарыстаў» Мікалая ўключылі яшчэ 3 студзеня, а 30 сакавіка прызналі палітвязнем. За тое «фінансаванне» Васілевічу пагражала ад 8 да 12 гадоў турмы па артыкуле 290-1 КК.

Гэта было не першае абвінавачванне на яго адрас. Інфармацыі пра мужчыну было зусім няшмат, але «Трыбуна» змагла даведацца, што затрымалі яго яшчэ 17 кастрычніка 2022 года – за данаты. Па версіі так званага следства, ён пералічваў грошы ў розныя фонды. Гэта стала падставай для арышту і змяшчэння ў СІЗА па крымінальнай справе за так званае «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 артыкула 361-2 КК, максімальнае пакаранне – восем гадоў). «Фінансаванне тэрарызму» паспрабавалі навесіць пазней, але ў так званым судзе разглядалі толькі «экстрэмісцкі артыкул».

З кастрычніка 2022-га да пачатку чэрвеня 2023-га Васілевіч знаходзіўся на Валадарцы, а днямі адбыўся так званы суд. Васілевічу далі шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыма, а таксама штраф. Мы не ведаем дакладна яго памеры, але людзі, якія ў курсе справы, называюць штраф вялізным. Незаконны прысуд палітвязню вынесла так званая суддзя гарадскога суда Лукашэнкі па Мінску Алена Шылько. Яна ж прыгаварыла да пяці гадоў турэмнага зняволення па палітычных матывах мастака Алеся Пушкіна. Неўзабаве Шылько пачне расправу пад выглядам суда над праваабаронцай Настай Лойкай.

Працаваў з Ціханам і біятланісткамі, атрымліваў узнагароду ад Кавальчука

Калі пра спецыяліста з'явілася першая інфармацыя, у якасці месца працы згадваўся Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Кім ён там працаваў, як доўга, заставалася невядомым.

Зрэшты, у «Трыбуны» высветліла некаторыя дэталі з біяграфіі Васілевіча. У свой час, яшчэ ў юнацтве, ён актыўна займаўся веласпортам, але спыніўся на аматарскім узроўні – пераважыла жаданне зрабіць кар'еру ў медыцыне. Мінчук паступіў у медычны ўніверсітэт, веласпорт закінуў, а пасля заканчэння ВНУ аказаўся ў лёгкай атлетыцы.

У 2004 годзе Васілевіч стаў масажыстам і доктарам-рэабілітолагам у нацыянальнай зборнай. Праз яго рукі прайшлі многія топавыя лёгкаатлеты. Напрыклад, цяперашні старшыня БФЛА і заўзяты лукашыст кідальнік молата Іван Ціхан, штурхальнікі ядра Наталля і Андрэй Міхневічы. З імі Васілевіч часта ездзіў і на зборы, і на спаборніцтвы. Можна сказаць, ён прыклаў рукі да шматлікіх перамог атлетаў. Але працаваў па факце практычна з усімі прадстаўнікамі зборнай.

Суразмоўцы зазначаюць, што да Мікалая можна было звярнуцца і ў прыватным парадку ў любы час сутак. Спартсмены часам прыязджалі са спаборніцтваў глыбока ўначы, але яны ведалі, што могуць патэлефанаваць Васілевічу і папрасіць аб дапамозе. Той адкладаў свае справы і ехаў да спартсмена. Як кажуць атлеты тых часоў, Мікалай – максімальна спагадны спецыяліст, майстар і фанат сваёй справы, сапраўдны прафесіянал.

Ездзіў Васілевіч і на Алімпійскія гульні з лёгкаатлетами. У Пекіне і Лондане ён са свайго боку зрабіў усё, каб Дзевятоўскі, Ціхан і Надзея Астапчук узялі свае медалі. Васілевіч быў адказным як у плане масажу, так і ў пытаннях аднаўлення арганізма – балазе, медыцынская адукацыя дапамагала.

Практычна побач з ім у лёгкай атлетыцы працавала і ягоная жонка – яна была старэйшым спецыялістам у РЦАП па лёгкай атлетыцы. Але сышла з цэнтра ў пачатку 2010-х, а праз некалькі гадоў з невядомых прычын лёгкую атлетыку пакінуў і сам Мікалай. Спартсмены гэта адразу адчулі. Па некаторым успамінам, ім не хапала дасведчанага спецыяліста.

У сярэдзіне 2010-х зусім непрацяглы час мінчук працаваў у камандзе беларускага тэнісіста Іллі Івашкі, а ў 2017-м аказаўся ў новым для сябе відзе спорту – біятлоне. У нацыянальную зборную - найперш для працы з дзяўчатамі - яго запрасіла федэрацыя. У абавязкі Васілевіча ўваходзіў не толькі масаж, але і функцыі доктара. З часам Васілевіч пачаў дапамагаць і мужчынам-біятланістам. Мінчук кантраляваў аналізы спартсменаў, сачыў за іх фізічным станам і шмат чаго іншага – увогуле, быў нарасхват.

Мікалай хутка стаў у біятлоннай зборнай сваім. Як зазначаюць нашыя суразмоўцы з віду спорту, спецыяліст адрозніваўся выдатным пачуццём гумару і пісьменным сарказмам і ўвогуле быў душой кампаніі. І калі на тых жа зборах і спаборніцтвах трэнеры звычайна трымаюцца сваёй кампаніяй, то Васілевіч мог лёгка знайсці агульную мову як з калегамі, так і са спартсменамі. У выніку да яго звярталіся не толькі па профільных пытаннях, але і чыста па-чалавечых.

Частым госцем на масажным стале Васілевіча быў знакаміты нарвежац Уле-Эйнар Б'ёрндален, які ў свой час уваходзіў у трэнерскі штаб зборнай Беларусі. З ім у мінчука, паводле слоў відавочцаў, склаліся вельмі цёплыя адносіны.

Васілевіч рэгулярна ездзіў з камандай на Кубкі і чэмпіянаты свету, запісаў сабе ў актыў яшчэ дзве Алімпіяды. Ён быў сярод тых, хто працаваў на Гульнях у Пхёнчхане-2018 і Пекіне-2022. Па словах нашых суразмоўцаў, не без дапамогі рук спецыяліста жаночая каманда ў складзе Дар'і Домрачавай, Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко і Дзінары Алімбекавай ўзяла залатыя медалі ў эстафеце Пхёнчхана, а Домрачава – яшчэ і срэбра ў мас-старце. У Кітаі Васілевіч працаваў ужо і з мужчынамі, у тым ліку дзякуючы яму Антон Смольскі заваяваў срэбны медаль у індывідуальнай гонцы.

Працу Васілевіча заўважалі і на рэспубліканскім узроўні, прычым ужо пасля выбараў-2020. 6 мая 2021 года ў будынку так званага міністэрства спорту прайшло ўшанаванне нацыянальнай каманды па біятлоне па выніках сезона-2020/21. Васілевіч атрымаў падзяку ад псеўдаміністра Сяргея Кавальчука.

Паводле нашай інфармацыі, навiна пра затрыманне Васілевіча шакавала ўсіх, хто сёння звязаны з беларускім біятлонам, а таксама для тых, хто працаваў у ім раней. Нашыя суразмоўцы не хавалі свайго здзіўлення ад таго, што адбываецца.

Фота: biathlon.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты