Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/А што там у клубным футболе: Крыш у пошуках каманды, Глейзеры гатовыя прадаць «МЮ», страшэнны перапалох у «Ювентусе»

А што там у клубным футболе: Крыш у пошуках каманды, Глейзеры гатовыя прадаць «МЮ», страшэнны перапалох у «Ювентусе»

Багата навін – распавядаем.

4 снежня 2022, 21:59
А што там у клубным футболе: Крыш у пошуках каманды, Глейзеры гатовыя прадаць «МЮ», страшэнны перапалох у «Ювентусе»

ЧС-2022 забраў на сябе ўсю ўвагу яшчэ ў сярэдзіне лістапада. А апошнія пару тыдняў мы толькі яго і абмяркоўваем. Аднак топавы клубны футбол стаў на паўзу толькі ў правядзенні матчаў. Па-за полем там адбываюцца досыць цікавыя рэчы.

Мы сабралі для вас галоўныя навіны, якія вам варта ведаць. Дачытаеце гэты матэрыял, а потым зноў паглядзім чэмпіянат свету – але ўжо стадыю плэй-оф.

Крыштыяну Раналду пакінуў «Манчэстэр Юнайтэд»

Так, гэта ўсё ж адбылося. Бакі разарвалі пагадненне па ўзаемнай згодзе, а клуб нарэшце выдаў даволі сухую заяву:

«Клуб дзякуе Раналду за яго вялічэзны ўнёсак і жадае яму і яго сям'і ўсяго найлепшага ў будучыні. Усе ў «Манчэстэр Юнайтэд» засяроджаны на працягу прагрэсу каманды пад кіраўніцтвам Эрыка тэн Хага і сумеснай працы для дасягнення поспеху на полі». Вось так.

37-гадовы партугалец цягам двух перыядаў у англійскім клубе забіў 145 мячоў у 346 матчах. Па інфармацыі The Telegraph, Раналду не атрымае 17 млн фунтаў за амаль 8 месяцаў, якія заставаліся па кантракце з «МЮ».

Нагадаем, што гэтаму папярэднічаў вялікі канфлікт паміж клубам і гульцом. У лістападзе выйшла вялікае інтэрв'ю партугальца Пірсу Моргану, у якім ён жорстка раскрытыкаваў кіраўніцтва, трэнера і нават былых партнёраў.

Практычна адразу з'явіліся чуткі пра «Чэлсі», «Ньюкасл» і «Барселону», што агент прапаноўваў паслугі гульца некаторым з гэтых каманд, але яны былі хутка абвергнуты. Але калі казаць пра клубы, якія зацікаўлены ў падпісанні Раналду, то тут ёсць «Фламенга», «Аль-Хілаль» і «Аль-Наср». Апошні згодны плаціць Крыштыяну шалёныя грошы. Па чутках, нападаючы гатовы перайсці ў слабейшую лігу. Ён не атрымаў такіх фінансава выгадных прапаноў ад еўрапейскіх клубаў і каманд MLS, як ад Аль-Насра.

Хаця, вядома, партугалец, напэўна, яшчэ пастараецца «прадаць» сябе на ЧС, каб паспрабаваць трапіць у еўрапейскую топ-каманду. Дарэчы, варта сказаць, што ён дакладна прапусціць першыя дзве гульні ў новым клубе з-за дыскваліфікацыі – ён атрымаў пакаранне за красавіцкі інцыдэнт у матчы з «Эвертанам», калі выбіў тэлефон з рук заўзятара пасля заканчэння матча.

Глейзеры гатовыя прадаць «МЮ»

22 лістапада фанаты манкуніанскага клуба адчулі сябе самымі шчаслівымі людзьмі на планеце. У гэты дзень з'явіліся чуткі пра тое, што Глейзеры гатовыя прадаць клуб. Яшчэ больш радасці прынесла пацверджанне гэтай інфармацыі ад самога клуба – на афіцыйным сайце «Манчэстэр Юнайтэд» абвясцілі, што Савет дырэктараў пачынае працэс вывучэння стратэгічных альтэрнатыў для клуба.

Глейзеры ўжо даручылі інвестыцыйным банкірам забяспечыць кансультацыі адносна працэсу, які, верагодна, уключае поўны або частковы продаж або стратэгічнае партнёрства з трэцімі асобамі. Адразу пасля гэтай інфармацыі акцыі «МЮ» выраслі на 17%.

Журналіст CBS Бэн Джэйкабс паведамляў, што ўладальнікі не будуць разглядаць прапановы ніжэй за 4,5 млрд фунтаў. Глейзеры жадаюць адбіць ненадзейных патэнцыйных пакупнікоў і ў цэлым атрымаць значна больш з-за высокай цікавасці. Хоць паводле ацэнак Forbes, кошт клуба складае 3,9 млрд. фунтаў.

Вядома ж, пасля гэтага з'явіліся чуткі і аб патэнцыйных пакупніках. Спіс пакуль такі:

– Брытанскі мільярдэр, інжынер-хімік сэр Джым Рэткліф. Уладальнік нафтахімічнага гіганта Ineos рыхтуецца зрабіць прапанову, але не жадае пераплачваць. Бізнэсмэн валодае станам у памеры 13 млрд фунтаў. Ён – заўзятар «чырвоных дʼяблаў» з дзяцінства і прысутнічаў на фінале ЛЧ-1999.

Дэвід Бэкхэм. Хаця тут ёсць нюансы. Дэвід адкрыты для перамоваў з патэнцыйнымі пакупнікамі яго былога клуба «Манчэстэр Юнайтэд». Сам брытанец не можа дазволіць сабе пакупку клуба, аднак можа стаць часткай інвестыцыйнага кансорцыума, у якога будзе дастаткова рэсурсаў.

– Амансіа Артэга. Заснавальнік Zara таксама зацікаўлены ў набыцці «Манчэстэр Юнайтэд». Ён ужо паведаміў аб гэтым топ-мэнэджарам клуба. 86-гадовы Артэга з'яўляецца 19-м самым багатым чалавекам у свеце, яго багацце ацэньваецца ў 61,3 мільярда долараў.

– Apple. Але па гэтым варыянце пакуль менш інфармацыі.

Таксама паведамлялася, што сямʼя Глейзер разлічвае перавабіць патэнцыйных пакупнікоў Ліверпуля, бо лічаць свой клуб больш прывабнай інвестыцыяй. Пакупкай мерсісайдскага клуба зацікавілася інвестыцыйнае падраздзяленне Dubai Holding.

Таксама цікавы серыял, будзем сачыць.

Аньелі, Недвед і ўвесь савет дырэктараў «Ювентуса» падалі ў адстаўку, турынская пракуратура падрыхтавала ордэр на арышт Андрэа

А вось гэта было зусім нечакана. 28 лістапада Фабрыцыо Рамана выдаў інсайд, у якім сцвярджаў, што прэзідэнт «Ювентуса» Андрэа Аньелі, віцэ-прэзідэнт Павел Нядвед і ўвесь савет дырэктараў турынцаў вырашылі падаць у адстаўку. А ўжо праз некалькі гадзін клуб афіцыйна пацвердзіў гэта.

Было адзначана, што Аньелі, Недвед і генеральны дырэктар Маўрыцыа Аррывабене выказалі жаданне пакінуць свае пасады. Пры гэтым савет дырэктараў папрасіў Аррывабене застацца. Савет дырэктараў працягне сваю працу да сходу акцыянераў клуба, скліканага на 18 студзеня 2023 года для прызначэння новага савету дырэктараў. На наступны дзень клуб абвясціў, што Маўрыцыа Сканавіна стаў генеральным дырэктарам.

Затым былі чуткі аб наступных прызначэннях. Напрыклад, што новым прэзідэнтам «Ювентуса» можа стаць Алесандра Насі. Ён займаў пасаду дырэктара Fiat Industrial па развіццю бізнесу ў лістападзе 2012 года і жанаты на былой жонцы Буфона. А ганаровым прэзідэнтам можа быць прызначаны былы форвард «Юве» Алесандра Дэль П'ера. У склад новага кіраўніцтва клуба могуць увайсці Джанлуіджы Буфон і Джорджа Кʼеліні. Некаторыя журналісты давалі інсайд нават аб тым, што «Юве» вядзе перамовы з генеральным дырэктарам «Інтэра» Джузэпэ Мароттай, які працаваў у клубе з 2010 па 2018 год.

Але яшчэ пазней з'явілася інфармацыя, што новым прэзідэнтам стане Джанлука Ферэра. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі Exor, якая валодае кантрольным пакетам акцый клуба. Exor належыць сямʼі Аньелі. У паведамленні гаворыцца, што Ферэра будзе прызначаны 18 студзеня 2023 года на сходзе акцыянераў клуба. Кандыдатуры на іншыя пасады ў савеце дырэктараў будуць абвешчаныя пазней.

Цікава, што пасля змены рады дырэктараў на «Ювентус» могуць быць накладзеныя санкцыі. Згодна з артыкулам 31 Італьянскага кодэкса спартыўнага правасуддзя прадугледжаны некалькі сцэнарыяў у падобных выпадках. Ад зняцця ачкоў да паніжэння ў класе, а таксама цалкам магчыма, клубу давядзецца заплаціць штраф, а саміх футбалістаў могуць адхіліць на месяц.

Гэта не ўсе беды турынцаў. Як паведамляе La Repubblica, у клуба знайшлі як мінімум 34 мільёны еўра незадэклараваных даўгоў. Раней спартыўны дырэктар турынцаў Федэрыка Керубіні паведамляў, што ёсць 7 млн еўра доўгу перад «Аталантай», якія ніколі не ўваходзілі ў баланс клуба. Верагоднай прычынай з'яўлення доўгу зʼяўляецца пагадненне з пераходамі Крысціяна Рамэра і Мэрыха Дэмірала. Таксама пад падазрэннем пераход Дэяна Кулушэўскага ў «Тотэнхэм». Акрамя таго, следчыя маюць падазрэнне ў 19 млн еўра, якія «Ювентус» вінаваты Крыштыяну Раналду. Яны падазраюць, што гэтая сума магла застацца па-за ўвагай і не зʼявіцца на клубнам балансе за гэтыя гады.

Акрамя таго, паводле інфармацыі Gazzetta dello Sport, турынская пракуратура падрыхтавала ордэр на арышт Аньелі. Ён – адзін з 14 спецыялістаў, якім будуць прад'яўлены абвінавачанні ў размеркаванні фінансавых сродкаў. Сярод іх таксама былы спартовы дырэктар Фабіа Парацічы, які зараз працуе ў «Тотэнгеме».

Думалі, што на гэтым усё? Не! УЕФА прыступіла да расследавання магчымага парушэння «Ювентусам» правіл ліцэнзавання і фінансавага фейр-плэй. Калі б зборная Італіі гуляла зараз на ЧС, то можна было запісваць яе ў фаварыты, успамінаючы навіны 16-гадовай даўніны.

Пеп падпісаў новы кантракт з «Сіці»

Куды спакайней справы ў «Манчэстэр Сіці». Там проста аб'явілі, што галоўны трэнер Пеп Гвардыёла падпісаў новы кантракт з клубам. Пагадненне разлічана да 2025 года.

«Я рады застацца ў «Манчэстэр Сіці» яшчэ на 2 гады. Не магу аддзячыць усім у клубе за давер да мяне. Мне тут камфортна, я шчаслівы. У мяне ёсць усё неабходнае, каб выконваць сваю працу як мага лепш.

Ведаю, што наступны раздел гэтага клуба на працягу наступнага дзесяцігоддзя будзе дзівосны. Так было на працягу апошніх 10 гадоў, і так будзе ў наступныя 10, бо гэты клуб настолькі стабільны.

З першага дня я адчуў нешта асаблівае, знаходзячыся тут. Я не магу знаходзіцца ў найлепшым месцы. У мяне ўсё яшчэ ёсць адчуванне, што мы можам дасягнуць большага разам, і таму я хачу застацца і працягваць барацьбу за трафеі», – сказаў Гвардыёла пасля падпісання новай дамовы.

Як паведамляе The Guardian, па новай дамове іспанскі спецыяліст атрымае большы заробак у параўнанні з папярэдняй дамовай. Раней ён зарабляў 20 млн. фунтаў стэрлінгаў за год. Цалкам лагічнае рашэнне з боку кіраўніцтва, бо Пеп мае лепшую статыстыку сярод трэнераў, якія правялі 50+ гульняў у АПЛ.

***

Ну і хуткі дайджэст менш маштабных, але таксама цікавых навін:

◉ Крысціян Пулішыч імкнецца пакінуць «Чэлсі», каб перазагрузіць кар'еру. «МЮ» гатовы ўзяць амерыканца ў арэнду, але сам гулец настойвае на паўнацэнным трансферы. Лонданцы разлічваюць атрымаць за паўабаронцу каля 35 мільёнаў еўра.

◉ Ужо пачаліся навіны па Гакпо. Галоўны трэнер «Манчэстэр Юнайтэд» Эрык тэн Хаг бачыць у нападаючым замену Крышціяну Раналду. ПСВ просіць за трансфер 23-гадовага футбаліста больш за 55 млн. еўра без уліку бонусаў.

◉ The Times паведамляла, што Ліянэль Месі блізкі да падпісання пагаднення з «Інтэрам» Маямі. Паводле інфармацыі крыніцы, 35-гадовы аргенцінец можа далучыцца да клуба Дэвіда Бэкхэма ў канцы еўрапейскага сезона. Тады Месі атрымае статус вольнага агента. Хаця прадстаўнік аргенцінца абверг гэтыя чуткі. Але паглядзім.

◉ «ПСЖ» можа пераехаць з «Парк дэ Прэнс». Верагодны варыянт – выкуп уладальнікамі клуба арэны «Стад дэ Франс». Адносна выкупу «Парк дэ Прэнс» у горада, Аль-Хелаіфі адзначыў, што Парыж патрабаваў занадта шмат грошай.

◉ «Барселона» сочыць за цэнтральным абаронцам «Лейпцыга» Ёшкай Гвардыёлам. Галоўнаму трэнеру каталонцаў Хаві патрэбен новы гулец у цэнтр абароны пасля таго, як Жэрар Піке завяршыў кар'еру.

◉ Сам жа Піке атрымаў 24 мільёны еўра ад іспанскай федэрацыі футбола. Пра гэта паведамляе El Mundo. Адзначаецца, што былы абаронца «Барселоны» атрымаў гэтыя грошы за розыгрышы Суперкубкаў Іспаніі ў Эр-Рыядзе. Каралеўская іспанская федэрацыя футбола адмаўляе гэта. Таксама паведамляецца, што прэзідэнт RFEF Луіс Рубіялес спрабаваў схаваць выплату Піке, але справаздача іспанскай антыкарупцыйнай пракуратуры пацвярджае сувязь Жэрара з федэрацыяй.

◉ «Рэал» зацікавіўся хаўбекам зборнай Аргентыны Энцо Фернандэсам. Аднак іспанскі клуб адштурхвае кошт 21-гадовага футбаліста. Чакаецца, што летам ён будзе каштаваць 100 мільёнаў еўра. Калі нехта купіць яго за такія грошы, то гэта будзе рэкордны трансфер аргентынскага гульца.

Фота: Global Look Press/EPhotopress, Manchester City, Global Look Press/Darren Staples, Global Look Press/Federico Pestellini, Global Look Press/Ricardo Larreina

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Іншыя пасты блога

Усе пасты