Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Беларусский футбол/«Энергетык-БДУ» амаль забіў чэмпіёнскія мары мiнскага «Дынама», а Абдыхолікаў стаў лепшым у лізе з пачатку стагоддзя

«Энергетык-БДУ» амаль забіў чэмпіёнскія мары мiнскага «Дынама», а Абдыхолікаў стаў лепшым у лізе з пачатку стагоддзя

Удар па яйках.

Аўтар — Pinhus
2 лістапада 2022, 17:15
2
«Энергетык-БДУ» амаль забіў чэмпіёнскія мары мiнскага «Дынама», а Абдыхолікаў стаў лепшым у лізе з пачатку стагоддзя

2 лістапада менскае «Дынама» нарэшце сустрэлася з «Энергетыкам-БДУ» - гэтая гульня павінна была прайсці яшчэ ўлетку, але тады «бела-блакітныя» перанеслі матч дзеля еўракубкаў. Зараз жа вырашалася вельмі шмат у гонцы за медалі - да матчу «студэнты», размяшчаючыся на другой пазіцыі, на ачко апярэджвалі сапернікаў, якія дзялілі трэцюю пазіцыю з БАТЭ.

Ужо на 9-й хвіліне студэнты адкрылі лік - гэта Аляксей Лаўрык адгукнуўся на падачу з кутняга. Пікантнасць у тым, што «бела-блакітным» забіў сын спортдыра «Дынама» Андрэя Лаўрыка.

На 22-й хвіліне лік зраўняўся - прайшоў усю абарону і забіў былой камандзе Душан Бакіч. І ў нейкі момант нават здавалася, што ў «студэнтаў» можа паўтарыцца гісторыя з матча з БАТЭ, калі іх атакі не прынеслі поспеху, а вось сапернікі трапна распарадзіліся момантамі. Але «Дынама» не забівала, а вось «Энергетык-БДУ» да канца матча шакіраваў публіку.

На 70-й хвіліне пасля класнай сценкі Арцёма Турыча збілі ў штрафной сапернікаў. Да мяча на 11-метровай адзнацы падышоў Бабур Абдыхолікаў - і развёў па розных кутках з Ягорам Хаткевічам.

Ужо праз дзве хвіліны Абдыхолікаў вырваўся на аператыўную прастору на правым флангу і прабіў па варотах - Хаткевіч з цяжкасцю парыраваў, але Ілля Грышчанка дабіў у пустыя. Далей расiянiн нешта відавочна жадаў паказаць на камеру - вось толькі план тут жа пераключылі.

Праз пару хвілін другую жоўтую атрымаў абаронца «Энергетыка-БДУ» Абдукадыр Хусанаў. Але і ў меншасці «студэнты» не забыліся пра контратакі - і ў адной з іх Абдыхолікаў ляснуў па варотах Хаткевіча так, што той праводзіў мяч толькі поглядам.

Твар дырэктара «Дынама» Андрэя Талмача гаварыў без слоў.

А галоўны трэнер каманды Арцём Чалядзінскі зладзіў цэлую пантаміму.

«Дынама» так і не вызначылася больш - атрымаўся разгром 4:1, пры тым што «Энергетык-БДУ» да таго ўвогуле ніколі не выйграваў у «бела-блакітных». У «студэнтаў» зараз 57 балаў, і яны застаюцца галоўным канкурэнтам «Шахцёра», якому гуляць з брэсцкім «Дынама». Ну а мiнскія дынамаўцы, падобна, пахавалі свае шанцы на чэмпіёнства - і яшчэ адна гульня з «Энергетыкам-БДУ» у апошнім туры можа быць ужо добра калі за бронзу.

Ну а 25 галоў Абдыхолікава ў гэтым сезоне - моц: столькі апошні раз за адзін ЧБ забіваў лепшы бамбардзір 2001-га расіянін Сяргей Давыдаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты