Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Адзіны ЧС па футболе, дзе гулялі адразу трое беларусаў: адзін апекаваў Марадону, другі быў асноўным, а трэці потым абраў Расію

Адзіны ЧС па футболе, дзе гулялі адразу трое беларусаў: адзін апекаваў Марадону, другі быў асноўным, а трэці потым абраў Расію

Пад кіраўніцтвам Лабаноўскага.

Аўтар — bytribuna com
16 снежня 2022, 17:01
1
Адзіны ЧС па футболе, дзе гулялі адразу трое беларусаў: адзін апекаваў Марадону, другі быў асноўным, а трэці потым абраў Расію

Зборная Беларусі на чэмпіянатах свету па футболе не бывала, а вось футбалісты, якія нарадзіліся ў Беларусі, на турнір ездзілі. Самы масавы візіт адбыўся ў 1990 годзе - у Італіі ў матчах удзельнічалі адразу трое нашых суайчыннікаў. Вось як для іх склаўся той мундыяль.

Беларусы з «Барусіі» і «Ювентуса»

На першынство свету-1990 зборная СССР адпраўлялася ў статусе віцэ-чэмпіёна Еўропы, які здабыла двума гадамі раней. Тады падапечныя Валерыя Лабаноўскага дайшлі да фіналу Еўра, дзе ўступілі Нідэрландам 0:2. У складзе савецкай каманды срэбра атрымалі мінскія дынамаўцы Сяргей Алейнікаў і Сяргей Гоцманаў. На ЧЕ мог паехаць яшчэ адзін беларус - Андрэй Зыгмантовіч, - але паўабаронца атрымаў траўму на трэніроўцы ў клубе незадоўга да кантынентальнага турніру.

На ЧС-1990 Лабаноўскі ўзяў траіх беларусаў - у спісе Гоцманава замяніў абаронца Сяргей Гарлуковіч, які на той момант ужо паспеў адгуляць сезон у складзе дортмундскай «Барусіі». У легіянерскім статусе знаходзіўся і Алейнікаў - напярэдадні ЧС ён з "Ювентусам" выйграў Кубак УЕФА. Зыгмантовіч жа па-ранейшаму выступаў за мінскае «Дынама».

Адзначым, што гэта былі не першыя беларусы, якія патрапілі на мундыяль. Першапраходцам у 1982-м стаў Сяргей Бароўскі - ён згуляў тры з пяці матчаў за зборную СССР, якая дайшла да другога групавога раунда. Праз чатыры гады на ЧС выступаў ужо Алейнікаў - у Мексіцы правёў усе чатыры матчы і дайшоў да 1/8 фіналу, дзе Саветы саступілі Бельгіі ў дадатковы час 3:4.

Італьянскі турнір быў знакавым для ўсяго савецкага футбола, бо яшчэ да старту Лабаноўскі ў інтэрв'ю югаслаўскай газеце "Спортске навіны" прызнаўся, што футболу патрэбны новыя ідэі, якіх у трэнера не засталося. Менавіта гэтым услаўлены спецыяліст тлумачыў сваё растанне пасля ЧС з савецкай зборнай пасля чатырох гадоў працы. Футбалісты на той момант ужо ведалі, што Лабаноўскі збіраецца прыняць нацыянальную каманду ААЭ.

На матчы дабіраліся на верталётах

На ЧС савецкая каманда гуляла ў адной групе з Румыніяй, Аргенцінай і Камерунам. Адразу пасля лёсавання капітан зборнай Аргенціны-1978 Даніэль Пасарэла зрабіў даволі смелы прагноз, паставіўшы СССР апошняе месца ў чацвёрцы. "Савецкі спорт" адказаў на гэта кідкім загалоўкам "Тыпун яму на мову".

Канкрэтнай задачы зборнай на турнір не паставілі. Такая была завядзёнка пры Лабаноўскім - трэнер сам кантактаваў з партыйнымі функцыянерамі і браў усю адказнасць за вынік на сябе. Футбалістам коуч прапаноўваў пачарговыя мэты: выйсці з групы, а далей крок за крокам прасоўвацца па сетцы плэй-оф.

Да планетарнага першынства каманда звыкла рыхтавалася на базе ў Навагорску, дзе былі створаны неабходныя ўмовы. Футбалістам маглі па просьбе вылучыць аднамесны нумар замест стандартнага двухмеснага. Лабаноўскі як звычайна даваў высокія нагрузкі. Гульцы трывалі, бо метады ў коуча заўсёды былі такія (і прыносілі вынік), аднак ужо пасля ЧС-1990 сталі казаць, што іх перагрузілі.

«Шмат тады гаварылася пра вялікія нагрузкі, якія Лабаноўскі прапанаваў зборнай. Маўляў, выматаў нас яшчэ да старту. Калі шчыра, не ўзгадаю, каб даводзілася жаліцца на стомленасць. У Васільевіча заўсёды былі складаныя трэніроўкі, у клубе мы бегалі значна менш. Аднак настаўнік меў план падрыхтоўкі, які, падазраю, ужо выкарыстоўваўся ў 1988-м, калі дайшлі да фіналу. Гэтак жа працавалі і напярэдадні ЧС-1990», - успамінаў Зыгмантовіч.

У самой Італіі зборная перасоўвалася на двух верталётах, якія па паветры дастаўлялі футбалістаў не толькі на трэніроўкі, але і на матчы. Па ўмовах падрыхтоўкі і пражывання ў савецкай дэлегацыі не было ніякіх пытанняў.

Параза на старце

Першым супернікам стала Румынія, у складзе якой было шмат футбалістаў «Сцяўа» - на той момант топавага клуба ў Еўропе. Лабаноўскі з першых хвілін выпусціў на правы фланг абароны Гарлуковіча, а ў цэнтр поля Алейнікава. Зыгмантовіч застаўся ў запасе і на поле так і не выйшаў.

Савецкія футбалісты з першых хвілін вялікімі сіламі рушылі наперад. У румынскай брамы раз-пораз узнікалі перспектыўныя моманты. Нядрэнны шанец вызначыцца меў Алейнікаў.

Аднак з цягам часу ў Румыніі сталі атрымлівацца хуткія выхады з абароны. Адна з контратак завяршылася ўзяццем варот Рыната Дасаева, які дапусціў памылку. Пасля перапынку румыны ўмацавалі перавагу. Праўда, не без дапамогі суддзі: уругвайскі арбітр чамусьці ўбачыў у дзеяннях Вагіза Хідыятуліна гульню рукой у сваёй штрафной, хаця парушэнне было мінімум за метр ад лініі. Савецкаму нападу не знайшлося чым адказаць - параза на старце 0:2.

Дык ці спынілі Марадону?

У другой гульні групы В чакаў дзейны чэмпіён свету Аргенціна. Паўночныя амерыканцы самі спатыкнуліся ў стартавым матчы, сенсацыйнага прайграўшы Камеруну 0:1. Пасля няўдачы галоўны трэнер аргенцінцаў Карлас Біларда прапанаваў камандзе або па дарозе дадому скочыць з самалёта без парашутаў, або выйсці ў фінал (што яны па выніку і зрабілі). Дыега Марадона тлумачыў паразу познім з'яўленнем на полі нападаючага Клаўдыё Каніджы. Сам будучы кіраўнік брэсцкага "Дынама" падыходзіў да мундыяля з пашкоджаннем. За пяць дзён да гульні з Камерунам Дыега правялі міні-аперацыю ў Рыме, падчас якой наклалі на палец нагі ахоўны лубок з карбонавага валакна.

Матч паміж СССР і Аргенцінай праходзіў у Неапалі - горадзе, дзе абагаўляюць Марадону. На стадыёне знайшлося месца і паўтара тысячам савецкіх балельшчыкаў, якія спецыяльна прыляцелі на ЧС. Пасля футбалісты прызнаваліся, што ім было нязвыкла гуляць за мяжой пры падтрымцы сваіх фанатаў.

Пры абвяшчэнні складу на гульню Лабаноўскі акрамя Алейнікава і Гарлуковіча назваў прозвішча Зыгмантовіча. Беларусу даручылі апекаваць самога Марадону.

«Выхад у аснове супраць аргенцінцаў зваліўся як снег на галаву. Нехта вылецеў праз траўму, і Валерый Васільевіч выклікаў на размову. Сур'ёзна спытаў, у якім стане знаходжуся і ці гатовы выйсці на поле ў выпадку чаго. «Да гульні гатовы. Наконт фізічнага стану не хвалюйцеся», - запэўніў трэнера. Вядома, у глыбі душы вельмі хацелася згуляць, бо старанна рыхтаваўся да сусветнага першынства. Але гэта яшчэ не значыла, што абавязкова выйду ў другім туры. Канчаткова даведаўся толькі на ўстаноўцы, калі ў ліку «адзінаццаці першых» прагучала маё прозвішча. Вось тады і ўсвядоміў усю сур'ёзнасць справы. Там жа адразу і пачуў: "Калі мы без мяча - будзеш прыглядаць за Марадонай". Гэта, вядома, інакш як нечаканасцю не назавеш. У зборнай сабралі шматлікіх класных футбалістаў, але апекаваць вялікага даверылі менавіта мне», - праз гады ўзгадваў беларус.

Перад гульнёй Зыгмантовіч не пайшоў па параду да Алейнікава, які ўжо меў досвед гульні супраць аргенцінца ў Серыі А. Тлумачэнне мінчука было простым: Марадона моцны ва ўсіх кампанентах і яго манеру гульні ўсе выдатна ведаюць.

Чамусьці сярод спартовых журналістаў прынята казаць, што Зыгмантовіч цалкам выключыў з гульні зорнага аргенцінца, аднак калі перагледзець матч, то з гэтым сцвярджэннем цяжка пагадзіцца. Нават з пашкоджаннем Дыега выяўляў свае дыспетчарскія якасці і стварыў для партнёраў дастаткова выдатных момантаў.

Больш за тое, на 51-й хвіліне, калі СССР пасля голу Пэдра Трольё саступаў 0:1, Зыгмантовіч не паспеў у эпізодзе за Марадонай і сфаліў на аргенцінцы, за што атрымаў жоўтую картку. Парушэнне прывяло да небяспечнага стандарту.

Не толькі Зыгмантовіч фаліў на Марадоне, які рваўся да савецкай брамы – адпаведным дзеяннем вызначыўся і Алейнікаў.

«Ды нічым асабліва [Марадона] не запомніўся. Справа ў тым, што я на ім не цыкліўся і яго дзеянні не аналізаваў: гэта трэба ўзяць касету, сесці і ўважліва паглядзець. Але Марадона ў любым выпадку - гэта Марадона, ён усім і ўсё даказаў сваёй гульнёй», - ацэньваў легенду Зыгмантовіч.

У тым матчы Марадона адзначыўся і гульнёй рукой, але толькі не левай, якой засмуціў англічан за чатыры гады да таго. У першым тайме Дыега правай выратаваў свае вароты пасля падачы кутняга.

За 11 хвілін да фінальнага свістка аргенцінцы забілі яшчэ адзін мяч і перамаглі 2:0.

«У гульні з румынамі мы дапусцілі дзве найгрубейшыя памылкі ў абароне, якія вызначылі зыход сустрэчы. Матч супраць аргенцінцаў сапсаваў суддзя - пры іншых яго рашэннях лік мог бы аказацца іншым. Але і мы ў гэтых матчах яшчэ не выйшлі на аптымальны ўзровень фізічнай формы», - наракаў Гарлуковіч.

Беларускае 1+2 за матч

Пасля двух параз матч супраць Камеруна быў апошнім шанцам савецкай зборнай на плэй-оф. Каманду Лабаноўскага задавальняла толькі перамога і любы зыход акрамя нічыёй у паралельнай сустрэчы Аргенціны і Румыніі.

Перад трэцяй гульнёй са зборнай СССР пачалі прыходзіць паведамленні аб няважнай атмасферы. Гэта пацвярджалася і тым, што ў кожным матчы на ЧС каманду выводзіў новы капітан. Праз гады Дасаеў будзе тлумачыць не лепшы фон недаверам Лабаноўскага да футбалістаў, якія ў перабудоўныя гады з'ехалі за мяжу. Аднак у праўдзівасць слоў брамніка верыцца з цяжкасцю: на поле выходзіла дастаткова легіянераў - у тым ліку і беларусы Алейнікаў з Гарлуковічам, якія выступалі ў чэмпіянатах Італіі і Германіі адпаведна. Не выключана, што за Дасаева казала крыўда, бо Лабаноўскі пасадзіў яго на лаўку пасля няўдалай гульні супраць румынаў.

Больш падобная да праўды іншая версія разладу: футбалісты, трэнеры і федэрацыя футбола не маглі падзяліць прызавыя ад спонсараў. Тады журналісты паведамлялі, што толькі ўдзел зборнай у ЧС прынёс дзяржаве і федэрацыі больш за паўтара мільёна долараў. Калі б зборная дайшла да фіналу, то сума павялічылася ў два з паловай разы. Самі футбалісты атрымалі б па 27 тысяч долараў кожны - і гэта без уліку прызавых ад спонсараў.

Гэтую версію пацвердзіў і Зыгмановіч. Дайшло да таго, што каманда не хацела з'яжджаць з ЧС без выплат.

“Мы адмаўляліся пакідаць Італію, пакуль нам не заплацяць прэміяльныя за турнір. Дакладную суму не памятаю, але яна была невялікая і павінна была выплачвацца ў доларах (за тое, што ты зборнік, ты яшчэ ад спорткамітэта атрымліваў надбаўку ў рублях). Хлопцы прыехалі, адгулялі і нічога не атрымалі за чэмпіянат - гэта нонсэнс. Казалі: "Мы вам потым аддамо". Але што значыць "потым" і хто за гэта будзе адказваць? Вось і прынялі рашэнне не вяртацца - добра, што пытанне ў выніку вырашылі», - распавядаў Зыгмантовіч.

Нават з такой атмасферай зборнай СССР удалося сабрацца на апошні матч. Камерун прыкметна расслабіўся пасля двух сенсацыйных перамог на старце турніру і без шанцаў саступіў 0:4. На гэты раз у вароты суперніка пасля ўдараў савецкіх футбалістаў залятала амаль усё. Свой унёсак зрабіла і беларуская дыяспара, усе прадстаўнікі якой ізноў з'явіліся на полі з першых хвілін і набралі балы па «гол+пас».

Пры ліку 1:0 беларускае ўзяцце варот зладзілі Алейнікаў і Зыгмантовіч: першы прабіў па варотах дасведчанага Томаса Н’Кона, а другі даслаў мяч у сетку з падбору пасля траплення мяча ў перакладзіну. У афіцыйны пратакол на Алейнікава запісалі галявую перадачу.

«Гуляў у сярэдзіне поля, падключыўся ў атаку. Сяргей Алейнікаў магутна прабіў, мяч патрапіў у перакладзіну. Я згуляў на дабіванні», – апісаў Зыгмантовіч свой поспех.

Пры чацвёртым голе Гарлуковіч навесіў на далёкую штангу, дзе аказаўся Ігар Дабравольскі.

«Ва ўсякім разе, у 1990-м у матчы супраць Камеруна мы адчулі ўздым, у руху мы цалкам пераўзышлі супернікаў. Шкада, што гэты матч ужо нічога не вырашаў», - казаў Гарлуковіч.

Аказалася сапраўды так: матч у Бары ўжо нічога не вырашаў - Аргенціна і Румынія распісалі 1:1. Атрымалася, што ў 1/8 фіналу вышлі ўсе зборныя з групы B акрамя СССР. Такі вынік усімі быў ацэнены як правальны. Пасля італьянскай няўдачы Лабаноўскі не стаў шукаць крайніх.

«І так было зразумела, што камандзе найперш не хапіла выканальніцкага майстэрства. Калі з гэтым кампанентам быў парадак у нас - праходзілі далёка. Дастаткова ўзгадаць, як на тым жа Еўра-1988 Генадзь Літоўчанка ў паўфінале забіваў італьянцам мяча, які скакаў. На ЧС у Італіі выканальніцкага майстэрства не хапіла - забіць змаглі толькі ў гульні з Камерунам», - разважаў Зыгмантовіч.

У Гарлуковіча мелася іншая версія, чаму ў зборнай не атрымалася ў Італіі. На яго думку, справа не ў дрэннай рэалізацыі момантаў, а ў няправільнай фізічнай падрыхтоўцы каманды Лабаноўскім.

«Я і па стане рабят бачыў, і ўласны арганізм адчуваў: каманда «пабегла», калі валізкі трэба было пакаваць. Пасля другога прайгранага матчу. Нам не хапіла дзён пяці, каб было зусім інакш. Дагэтуль перакананы, што маглі вельмі высока забрацца на гэтым чэмпіянаце - калі б зачапіліся за 1/8 фіналу» - казаў Гарлуковіч.

Зыгмантовіч у Нідэрланды, Гарлуковіч за Расею

Пасля сыходу Лабаноўскага і прызначэння Анатоля Бышаўца ў зборную СССР перасталі выклікаць вялікую колькасць футбалістаў з папярэдняга складу. Пад скарачэнне патрапіў і Зыгмантовіч, які больш за савецкую каманду не гуляў. Затое Андрэй патрапіў у сферу інтарэсаў заходніх клубаў. Улетку 1991-га паўабаронца падпісаў нідэрландскі «Гронінген».

Пасля развалу Саюза Алейнікаў і Зыгмантовіч сталі выступаць за беларускую зборную, а Гарлуковіч абраў колеры Расіі. Разам з гэтай камандай абаронца праз чатыры гады адправіўся на ЧС-1994. Тады расіяне як пад капірку пачалі турнір з двух паражэнняў (Бразілія - 0:2, Швецыя - 1:3), а затым разграмілі Камерун 6:1. Гарлуковіч выдаліўся падчас другой гульні, таму ў адзіным пераможным матчы ўдзелу не прымаў.

З таго часу з этнічных беларусаў на ЧС засвяціўся толькі Арцём Мілеўскі. У 2006 годзе нападаючы разам са зборнай Украіны дайшоў да чвэрцьфіналу.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты