Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Рэкардсмен моладзевай зборнай Беларусі па матчах (больш за 40!) так ні разу і не згуляў за нацыяналку. Вось хто яшчэ меў такія ж праблемы

Рэкардсмен моладзевай зборнай Беларусі па матчах (больш за 40!) так ні разу і не згуляў за нацыяналку. Вось хто яшчэ меў такія ж праблемы

Сённяшні галоўны ў «Шахцёры», тыя, хто вельмі рана пачынаў за мінскае «Дынама».

Аўтар — bytribuna com
30 студзеня 2023, 09:57
Рэкардсмен моладзевай зборнай Беларусі па матчах (больш за 40!) так ні разу і не згуляў за нацыяналку. Вось хто яшчэ меў такія ж праблемы

Моладзевая зборная - месца, дзе маладыя таленты рыхтуюцца да гульняў за галоўную каманду краіны, але не заўсёды здараецца так, што тыя футбалісты, хто быў на вядучых ролях сярод аднагодкаў, потым становіцца незаменнымі на дарослым узроўні.

Гэтыя гульцы правялі больш за 20 матчаў у моладзевай зборнай, але так і не дэбютавалі ў нацыянальнай. Тут і лідар U-21 па колькасці матчаў, і цяперашні галоўны трэнер "Шахцёра", і абаронца, які праз траўму скончыў кар'еру ў 28.

Міхаіл Афанасьеў, 36 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 41 матч, 11 галоў

Абсалютны рэкардсмен па колькасці матчаў і галоў за моладзевую зборную. Вінгер дэбютаваў у U-21 яшчэ ў 17-гадовым узросце, калі Юры Пунтус выклікаў яго на таварыскі матч супраць Літвы пры падрыхтоўцы да Еўра-2004. На той турнір Афанасьеў не паехаў, але праз пяць гадоў у ролі капітана ездзіў на Еўра-2009 у Швецыю.

У тым жа 2009-м Міхаіл атрымаў запрашэнне ў зборную Бернда Штанге на кантрольны паядынак супраць Чарнагорыі, але на полі так і не з'явіўся.

Дзе зараз. Перад стартам мінулага сезона 35-гадовы Афанасьеў скончыў кар'еру гульца і ўвайшоў у трэнерскі штаб Дзмітрыя Молаша ў «Тарпеда-БелАЗ».

Аляксей Бага, 41 год

Колькі згуляў за U-21: 32 матчы, 2 галы

Калі кар'ера Афанасьева ў моладзевай зборнай толькі пачыналася, для Аляксея Багі, які на пяць гадоў старэйшы за Міхаіла, яна ўжо падыходзіла да канца - згаданы Еўра-2004 стаў для яго апошнім у футболцы U-21. Там абаронца правёў усе тры матчы ад званка да званка, ды яшчэ і з капітанскай павязкай. Першы ж паядынак адгуляў яшчэ ў 2000-м - супраць Уэльса.

Тры чэмпіёнскія тытулы, тры срэбныя і адзін бронзавы медалі і Кубак Беларусі ў складзе БАТЭ, дзе ён быў гульцом асновы на працягу некалькіх сезонаў - у цяперашняй нацыянальнай зборнай Бага-старэйшы напэўна быў бы на галоўных ролях, але тады вытрымаць канкурэнцыю абаронца не здолеў.

Дзе зараз. У 30-летнім узросце Бага скончыў кар'еру гульца і перайшоў у трэнерства. У гэтае міжсезонне пасля няўдалага адрэзка ў азербайджанскім «Сумгаіце» коуч вярнуўся ў «Шахцёр», з якім браў чэмпіёнскі тытул у 2021-м.

Уладзіслаў Васілючак, 28 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 31 матч, 30 прапушчаных мячоў

Галкіпер дэбютаваў у 19-гадовым узросце ў матчы адбору да Еўра-2015 супраць зборнай Францыі з Антоні Марсіялем, Люкай Дзінем, Самюэлем Умціці і Куртам Зумой на супрацьлеглай палове поля. Тая сустрэча на стадыёне "Гарадскі" ў Барысаве засталася за гасцямі (1:2), а Уладзіслаў на працягу двух скліканняў заставаўся асноўным галкіперам моладзевай каманды.

Васілючак у 2021-м пасля нядрэннага адрэзка ў «Іслачы» двойчы выклікаўся ў зборную Георгіем Кандрацьевым, але на полі ні ў таварыскім матчы супраць Азербайджана, ні месяцамі пазней у афіцыйнай сустрэчы супраць Эстоніі так і не выйшаў.

Дзе зараз. Мінулы сезон галкіпер заканчваў у якасці асноўнага ў «Нёмане», але працягваць кантракт бакі не сталі - Васілючак зараз знаходзіцца на праглядзе ў казахстанскім «Кызылжары».

Павел Часноўскі, 36 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 28 матчаў, 26 прапушчаных мячоў

Часноўскі таксама свой першы матч у складзе моладзевай зборнай згуляў у 19, правёўшы ўсе 90 хвілін супраць Польшчы, але, у адрозненне ад Васілючака, у маладзёжцы старэйшага склікання не гуляў - там безальтэрнатыўна асноўным быў Антон Амельчанка.

Аднак ужо ў зборнай Юрыя Курненіна, якая выйшла на Еўра-2009, першым нумарам быў менавіта ён - правёў усе тры матчы на кантынентальным першынстве.

Павел выклікаўся ў 2009-м на матчы першай зборнай супраць Украіны і Казахстана, але абедзве сустрэчы адсядзеў на лаўцы запасных, з боку назіраючы за дзеяннямі Юрыя Жаўнова. Больш шанцаў варатар не атрымліваў.

Дзе зараз. Апошні раз на полі Часноўскі з'яўляўся 28 лістапада 2020 года ў чэмпіёнскім матчы "Шахцёра" супраць "Мінска". На сезон-2021 галкіпер фігураваў у заяўцы «гарнякоў», але не згуляў ні хвіліны, а перад мінулым чэмпіянатам хадзілі размовы пра яго магчымы пераход ў брэсцкае «Дынама» - але, здаецца, у якасці гульца Паўла мы ўжо не ўбачым.

Дзмітрый Рэкіш, 34 гады

Колькі згуляў за U-21: 27 матчаў, 8 галоў

Ураджэнец Бабруйска не быў безумоўным гульцом старту ў бронзавай «маладзёжцы» Георгія Кандрацьева, затое быў вельмі карысным яе элементам. Напрыклад, у адборы да таго ж Еўра-2011 забіў пераможны мяч у вароты Азербайджана, а ў матчы супраць Аўстрыі дублем уратаваў нічыю для каманды, хаця на полі з'явіўся толькі на заключныя 20 хвілін. Таксама на рахунку Рэкіша галявая перадача ў матчы ў адказ супраць Італіі ў плэй-оф, калі ў Барысаве беларусы змаглі адгуляцца пасля паражэння ў гасцях з лікам 0:2.

На Еўра Рэкіш паўдзельнічаў у чатырох матчах (ніводнага не пачаў у старце), і гэта стала яго апошнім судотыкам са зборнымі: ні ў алімпійскую, ні ў нацыянальную ён запрашэнне ўжо не атрымліваў.

Дзе зараз. Апошнія два гады хаўбек выступаў у Грузіі: кутаіскае «Тарпеда», «Самтрэдыя», «Тэлаві» - зараз знаходзіцца ў статусе вольнага агента.

Яраслаў Яроцкі, 26 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 27 матчаў, 3 галы

Кар'ера ўраджэнца Гродна ў самым яе пачатку абяцала стаць цікавай і паспяховай: у 17 хаўбек дэбютуе ў першай каманда мінскага "Дынама", а ўжо ў другой гульні забівае першы мяч на дарослым узроўні, у 18 дэбютуе ў моладзевай зборнай, а ў 19 у першым жа афіцыйным матчы за яе афармляе першы гол.

Але прыгожага працяг не было: Яроцкі з 2016-га пачаў катацца па арэндах, пакуль у 2019-м канчаткова не сышоў з «Дынама», а пра выклік ў першую зборную гаворка і блізка не ішла - хаўбек не вельмі ярка выступае за клубы , якія змагаюцца ў асноўным за выжыванне ў вышэйшай лізе.

Дзе зараз. Пачынаў мінулы сезон Яраслаў у «Віцебску», але ўлетку змяніў прапіску, стаўшы гульцом «Слуцка» - з ім жа і рыхтуецца да чэмпіянату-2023.

Сямён Шасцілоўскі, 28 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 24 матчы, 1 гол

Абаронца дэбютаваў у «маладзёжцы» ў тым жа барысаўскім матчы супраць французаў (Сямёну тады таксама было 19), што і Васілючак, і гэтак жа наступныя два скліканні заставаўся ў камандзе на асноўных ролях.

Выхаванец мінскага "Дынама" ў першай камандзе "бела-блакітных" дэбютаваў яшчэ ў 17-гадовым узросце, але яго тамтэйшы досвед у выніку абмежаваўся ўсяго трыма матчамі: спачатку Шасцілоўскі ездзіў па арэндах у Д2 ("Бяроза-2010" і "Гарадзея") , а пасля ўжо паўнавартаснага пераходу ў стан «цукровых» правёў некалькі сезонаў у іх складзе, а апошнія два з паловай гады гуляў у «Славіі» - патрапіць у дарослую зборную з такіх клубаў нават у цяперашні час праблематычна.

Дзе зараз. Пераход Шасцілоўскага са «Славіі» ў «Шахцёр» стаў адным з найгалоўных сюрпрызаў гэтага міжсезоння. Затое шанцаў нарэшце дэбютаваць у "нацыяналцы" ў абаронцы ў разы паболела.

Аляксандр Янчанка, 27 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 23 матчы, 3 галы

Колькасць матчаў за моладзевую зборную ў форварда з Гомеля магла быць куды большай - Ігар Кавалевіч рыхтаваў яго на ролю асноўнага пры падрыхтоўцы да адборачнага турніру на Еўра-2017, але незадоўга да старту кваліфікацыі Аляксандр траўмаваўся і прапусціў большую яе частку. Характэрна, што з 23 згуляных паядынкаў у мроадзевай камандзе толькі тры - афіцыйныя.

Пасля двух траўм, якія падзялілі ўсяго паўгода, Янчанка не змог нават вярнуцца да ролі асноўнага нападаючага «Гомеля», а пра нейкія перспектывы ў нацыянальнай зборнай гаворкі ўвогуле не ішло.

Дзе зараз. Пасля сканчэння кантракта з «рысямі» у канцы 2018-га адправіўся ў першалігавы «Нафтан», дзе правёў два сезоны, апошнія ж два гады выступаў за гомельскі «Лакаматыў».

Яўген Клапоцкі, 29 гадоў

Колькі згуляў за U-21: 23 матчы, 3 галы

Дэбютаваў абаронца ў моладзевай зборнай у 18 таварыскім матчам супраць Літвы (0:1), а праз паўгода правёў і свой першы афіцыйны матч за каманду, адгуляўшы ўсе 90 хвілін супраць Германіі (0:3). Клапоцкі некалькі разоў выходзіў на поле з капітанскай павязкай, а ўсе тры свае мячы забіў у Кубку Садружнасці ў 2014-м - некалькі гадоў турнір праводзіўся ў фармаце моладзевых зборных.

Брастаўчанін некалькі разоў выклікаўся Аляксандрам Хацкевічам у «нацыяналку» ў 2016-м, але ні ў адным з пяці матчаў, калі трапляў у заяўку, на поле выйсці не ўдалося.

Дзе зараз. Свой апошні матч у кар'еры Яўген згуляў у сезоне-2020 за «Віцебск», затым адбыўся пераход у «Рух» і траўма калена, пасля якой на поле ён так і не вярнуўся. Цяпер трэніруе дзяцей у школе брэсцкага "Дынама".

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты