Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Склад БАТЭ напэўна здзівіць тых, хто ставіў сваю цікавасць да ЧБ на паўзу. Паглядзіце, хто гуляе цяпер, і хто гуляў у апошні чэмпіёнскі сезон

Склад БАТЭ напэўна здзівіць тых, хто ставіў сваю цікавасць да ЧБ на паўзу. Паглядзіце, хто гуляе цяпер, і хто гуляў у апошні чэмпіёнскі сезон

Хто гэтыя людзі?

Аўтар — bytribuna com
18 траўня, 09:51
Склад БАТЭ напэўна здзівіць тых, хто ставіў сваю цікавасць да ЧБ на паўзу. Паглядзіце, хто гуляе цяпер, і хто гуляў у апошні чэмпіёнскі сезон

Старт сезона для БАТЭ складваецца вельмі напружана. З вялікіх радасцяў - разгром «Белшыны» у Кубку з агульным лікам 10:0 і выхад там у фінал праз «Нёман» - праўда, каманду Ігара Кавалевіча ні ў адным з двух матчаў так і не ўдалося абгуляць, а ўсё вырашыла серыя пенальці. У чэмпіянаце пасля васьмі тураў БАТЭ саступае свайму леташняму графіку 6 ачкоў і ідзе толькі чацвёртым. Мінскае "Дынама" наперадзе ўжо на 7 пунктаў, а Жодзіна (да яго 3 пункты) і Гродна (2) маюць матчы ў запасе. І гэта яшчэ "Шахцёр" абваліўся ў табліцы пасля пакарання, а інакш таксама быў бы наперадзе.

Пры гэтым нейкія прэтэнзіі да Барысава прад'яўляць складана, таму што цяпер мы назіраем кастраваную версію каманды. І калі ліміты на моладзь універсальныя, то чорны спіс так званага міністэрства спорту – гэта вынаходства для абраных (таму немагчыма разлічваць на Дзяніса Шчарбіцкага, Максіма Бардачова, Данілу Нячаева, Станіслава Драгуна, Дзмітрыя Бяссмертнага). А ўжо падчас чэмпіянату праз траўмы выляталі лідары (у першых турах адсутнічаў Арцём Канцавы, цяпер адначасова ў лазарэт трапілі Дзяніс Грачыха, Дзмітрый Анцілеўскі і Дзяніс Лапцеў). Гэта адкрыла дарогу ў стартавы склад зусім ужо маладым, маладасведчаным і не надта вядомым гульцам. Калі чалавек на нейкі час кідаў сачыць за беларускім футболам, а зараз раптам убачыць склад БАТЭ на матч, ён можа сур'ёзна здзівіцца. Вось якіх футбалістаў не сорамна не ведаць.

Аляксандр Мартынаў, 18 гадоў

Малады абаронца дэбютаваў за аснову барысаўцаў яшчэ летась, атрымаўшы пару хвілін у матчы супраць "Славіі" (4:0) ад Аляксандра Міхайлава. У 2023-м гульнявы час ураджэнца расійскага Арэнбурга прыкметна вырас: пяць матчаў у чэмпіянаце і яшчэ тры ў Кубку. Прычым усе тры гульні ў траўні Мартынаў правёў ад званка да званка.

Падмяняе Мартынаў забаненага міністэрствам Лукашэнкі па спорце Максіма Бардачова - вопытны гулец у мінулым сезоне правёў 25 сустрэч у ЧБ і складаў асноўную пару цэнтральных абаронцаў з Якавам Філіповічам.

Хто гуляў на гэтай пазіцыі ў апошні чэмпіёнскі сезон? За год у складзе БАТЭ згулялі чатыры цэнтральныя абаронцы: пачыналі сезон парай Захар Волкаў і Нёмання Мілунавіч, але пасля таго, як серб атрымаў сур'ёзную траўму, у Барысаве на дапамогу летам узялі яшчэ і Ягора Філіпенку з Дзянісам Паляковым. І гэта пры тым, што ў ростары знаходзіўся серб Мікола Васільевіч, які так і не зайграў у вышэйшай лізе.

Сяргей Волкаў, 24 гады

У БАТЭ цэнтральны паўабаронца апынуўся яшчэ ў 2021-м, калі яго набылі ў «Віцебска». Але нават статус "лімітчыка" не дапамог замацавацца ў клубе: 16 матчаў у чэмпіянаце за год (усяго сем з іх пачаў у старце) і вяртанне ў родны Віцебск на правах арэнды. У цяперашняе міжсезонне Волкаў называўся Альшэўскім у якасці аднаго з прэтэндэнтаў на ад'езд у новую арэнду, але па выніку яго ўсё ж вырашылі пакінуць у клубе - напэўна ў Барысаве гэта рабілі з аглядкай на адхіленне Станіслава Драгуна.

Волкаў не з'яўляўся на полі ў першых чатырох турах, але ў наступных шасці матчах гуляў, прычым пяць з іх (з улікам Кубка) пачынаў з першых хвілін. Месца ў старт яму адкрыла траўма Дзяніса Грачыхі.

Хто гуляў на гэтай пазіцыі ў апошні чэмпіёнскі сезон? У 2018-м у цэнтры поля ў БАТЭ быў поўны парадак з ростарам: Яўген Яблонскі, Станіслаў Драгун і Дзмітрый Бага складалі асноўную тройку, а Яўген Бярозкін, напрыклад, быў гульцом ратацыі. Плюс у сезон барысаўцы ўваходзілі з сербам Слабаданам Сімавічам, але ён сур'ёзна зламаўся яшчэ ў другім туры і вярнуўся толькі ў самым канцы сезону.

Цімафей Шаркоўскі, 19 гадоў

Атакуючы хаўбек у першай камандзе з'явіўся яшчэ ў мінулым сезоне, калі згуляў у 15 матчах ва ўсіх турнірах (але ўсяго раз з'явіўся ў старце). Сёлета яго гульнявы час не асабліва вырас: два выхады ў канцоўках сустрэч у чэмпіянаце і яшчэ адно з'яўленне на полі ў Кубку (пакуль без галявых дзеянняў). Шаркоўскі, па сутнасці, зменшчык па пазіцыі Валерыя Грамыкі, хаця можа згуляць і на флангу атакі.

Летам мінулага года мы расказвалі пра тое, што Цімафей з'яўляецца сынам аднаго з неафіцыйных дарадцаў Андрэя Капскага і былога сябра актыўнай часткі фан-сектара БАТЭ Сяргея Шаркоўскага. Але спецыялісты адзначаюць, што ў каманду Шаркоўскі-малодшы патрапіў менавіта дзякуючы сваёй гульні, а не цесным адносінам бацькі і кіраўніка клуба.

Хто гуляў на гэтай пазіцыі ў апошні чэмпіёнскі сезон? На пазіцыі дзясяткі ў апошнім чэмпіёнскім БАТЭ выступаў Мірка Іваніч, падмянялі яго дасведчаны Аляксандр Глеб ці ўсё той жа Яўген Бярозкін - з выбарам у Аляксея Багі не меў праблем.

Мікіта Някрасаў, 22 гады

Вінгер на працягу двух гадоў быў гульцом асновы ў Івана Біёнчыка ў «Гомелі», хоць тут трэба зазначыць, што Някрасаў закрываў лімітную пазіцыю. У БАТЭ яго бралі шмат у чым таксама з прыцэлам на ліміт, але загуляць у Барысаве яму пакуль не ўдаецца: летась правёў 10 матчаў ва ўсіх турнірах у сярэднім па 20 хвілін на кожны.

У гэтым сезоне ў яго пакуль толькі адно з'яўленне, у апошнім матчы супраць «Тарпеда-БелАЗ» (1:2), ды і той здарыўся праз траўму Дзмітрыя Анцілеўскага і ўсё яшчэ нявырашанага пытання па Дзмітрыю Бяссмертнаму і іншым гульцам з чорнага спісу. Па гэтай жа прычыне месца ў стартавым складзе зараз атрымаў 23-гадовы вінгер Ілля Васілевіч.

Хто гуляў на гэтай пазіцыі ў апошні чэмпіёнскі сезон? Асноўнымі вінгерамі БАТЭ-2018 былі зборнікі Міхаіл Гардзяйчук і Ігар Стасевіч. Часцяком пазіцыю закрываў яшчэ адзін тагачасны гулец «нацыяналкі» Максім Валадзько, а ўлетку ў якасці гульцоў ратацыі, якім і з'яўляецца цяпер Някрасаў, прыехалі француз Эрвейн Мукам, які зарэкамендаваў сябе ў «Нёмане», і ўгандзец Кізіта з досведам у элітным дывізіёне Партугаліі. .

Аляксандр Французаў, 18 гадоў

Французаў, па сутнасці, трэцяя опцыя ў цэнтры нападзення ў Кірылы Альшэўскага пасля Дзяніса Лапцева і Аляксандра Шасцюка. Але, тым не менш, гульнявым часам ён не абдзелены: на старце цяперашняга сезона згуляў у чэмпіянаце роўна столькі, колькі за ўвесь мінулы сезон - 4 матчы, а ў пераразліку на гульнявыя хвіліны так і ўвогуле ў два разы больш (50 хвілін супраць 25). Прычынай таму "сухая" серыя Лапцева, на якую наклалася яшчэ і траўма асноўнага форварда каманды.

Варта адзначыць, што Французаў давер Альшэўскага ўжо аплаціў дэбютным голам на дарослым узроўні - паставіў кропку ў першым туры супраць «Гомеля» (2:0).

Хто гуляў на гэтай пазіцыі ў апошні чэмпіёнскі сезон? У 2018-м трэцім форвардам БАТЭ пасля Максіма Скавыша і Мікалая Сігневіча быў фін Ясэ Туомінен, які нічога за 16 матчаў чэмпіянату не забіў. Таксама восем разоў на полі ў «вышцы» ў тым сезоне выходзіў 20-гадовы нападаючы Уладзіслаў Мухамедаў (і таксама без забітых мячоў).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты