Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Мінскае «Дынама» ірванула па наведвальнасці на 70 працэнтаў (калі верыць пратаколам), у БАТЭ адкат, каманды-сенсацыі мала каму цікавыя

Мінскае «Дынама» ірванула па наведвальнасці на 70 працэнтаў (калі верыць пратаколам), у БАТЭ адкат, каманды-сенсацыі мала каму цікавыя

Як беларусы ходзяць на футбол у сезоне-2023.

Аўтар — bytribuna com
31 траўня, 17:29
1
Мінскае «Дынама» ірванула па наведвальнасці на 70 працэнтаў (калі верыць пратаколам), у БАТЭ адкат, каманды-сенсацыі мала каму цікавыя

Пратакол фінальнай сустрэчы Кубка Беларусі паміж "Тарпеда-БелАЗ" і БАТЭ зафіксаваў нейкія касмічныя для белфутбола 21 тысячу гледачоў. Але па агульных планах не вельмі верыцца, што стадыён у нядзелю ўвечары запоўніўся на 94% (агульная ўмяшчальнасць арэны 22246 гледачоў).

А як справы з наведвальнасцю ў клубаў вышэйшай лігі ў чэмпіянаце? Вось як яна змянілася ў параўнанні з сезонам-2022.

Мінскае "Дынама" ў лідарах, але ёсць пытанні

Лідарам па наведвальнасці лічыцца сталічнае "Дынама" з паказчыкам у 5166 гледачоў у сярэднім за матч. Але да лічбаў, што ўпісваюць у афіцыйныя пратаколы на дамашніх матчах любімага праекта лукашэнкаўскага міністра па спорце Сяргея Кавальчука, вялікія пытанні. Напрыклад, узяць рэкордную гульню супраць "Шахцёра", дзе налічылі 10910 гледачоў - амаль палову ад таго, што ўмяшчае галоўная арэна Мінска. Па агульных карцінках з матча паказчык здаецца непраўдападобным. Вось так выглядала асноўная трыбуна стадыёна.

На супрацьлеглай трыбуне і за варотамі свабодных месцаў было куды больш.

Для параўнання, сярэдняя наведвальнасць "Дынама" за сезон-2022 склала 3063 чалавекі - прырост аўдыторыі на дадзены момант складае 70% (вядома, калі верыць пратаколам).

Следам за мінчукамі размясціліся брэсцкія дынамаўцы, чые дамашнія матчы ў сярэднім збіраюць 5148 гледачоў. Гэта ў два з паловай разы болей, чым летась (1992 чалавека ў сярэднім) - горад на Бугу працягваецца заставацца адным з самых футбольных у краіне, нягледзячы на тое, што каманда ў гэтым сезоне, мякка кажучы, не радуе вынікамі. Не адпужвае гледачоў і адсутнасць хатніх перамог на старце (усяго адна нічыя на «Брэсцкім» пры чатырох паразах). Зрэшты, да паказчыкаў чэмпіёнскага сезона пакуль далёка: тады на трыбунах у сярэднім збіралася амаль 9 тысяч чалавек.

Тройку замыкае леташні чэмпіён па наведвальнасці "Гомель" з паказчыкам 3188 гледачоў - гэта амаль на 800 чалавек менш, чым было ў сярэднім на хатніх гульнях "рысей" у 2022-м.

Пагоршылася наведвальнасць і ў БАТЭ: 2822 гледачы ў сярэднім сёлета супраць 3172 гледачоў летась. Магчыма, гэта звязана з тым, што барысаўцы пакуль яшчэ ні разу не гулялі на "Барысаў-Арэне", а пачаць чэмпіянат ім увогуле прыйшлося ў Мінску на стадыёне "Дынама-Юні".

Папулярную пяцёрку замыкае "Славія", якая збірае на хатніх матчах 1812 чалавек. У мінулым годзе ў сярэднім было на 100 гледачоў больш.

Больш за тысячу гледачоў у сярэднім збіраюць дамашнія гульні «Нёмана» (1722 чалавекі, плюс 12% у параўнанні з мінулым годам), «Шахцёра» (1304, мінус 34%), «Смаргоні» (1160, прырост у два з паловай разы), "Белшыны" (1143, плюс 48 працэнтаў) і "Тарпеда-БелАЗ" (1069, +3 працэнты). Таксама варта адзначыць, што ў параўнанні з папярэднім годам агульная сярэдняя наведвальнасць матчаў "вышкі" падрасла на 29%: 1894 гледачы супраць леташніх 1465. Лакаматывам відавочна выступае "Дынама" Мінск.

Сярод горшых усё тыя ж: тры мінскія каманды плюс Наваполацк

Сярод каманд з найгоршай наведвальнасцю ў першай трэці сезона без сюрпрызаў. Найменшую колькасць гледачоў збірае "Энергетык-БДУ" - 497 чалавек (у мінулым годзе было 413).

Таксама ў пяцёрцы найгоршых яшчэ два сталічныя калектывы, хаця яны выдалі сур'ёзны рост наведвальнасці - ледзь не ў два разы. Але выніковыя лічбы калектываў, якія зухалі ў мінулым сезоне, усё роўна вельмі сціплыя: на "Іслач" ходзіць 557 чалавек (у сезоне-2022 хадзіла 353), на "Мінск" - 681 супраць 351. Характэрна, што пасля пераходу на натуральныя палі ўсім тром калектывам даводзіцца гуляць па-за Мінскам: "Энергетык" прымае супернікаў у Барысаве на "Гарадскім", "Іслач" у Маладзечне, "Мінск" у Гарадзеі.

Уклініўся ў спіс найгоршых "Нафтан", які вярнуўся ў эліту праз пяць гадоў. На матчы навапалачан прыходзіць у сярэднім 508 чалавек - летась гульні «нафтавікоў» у Д2 у сярэднім збіралі 347 заўзятараў. «Нафтан» пасля пераходу на натуральныя палі таксама гуляе па-за родным горадам – нядаўна прымаў «Іслач» у Віцебску.

Таксама менш за тысячу гледачоў прыходзіць на матчы «Слуцка» (816). У 2022-м гэты паказчык у «цукровікаў» быў яшчэ больш сціплым - 717.

Самыя наведвальныя матчы: па два ў Брэсце і Гомелі

Пра матч на «Дынама», які нібыта сабраў амаль 11 тысяч, мы ўжо сказалі. Гэта самыя вялікія лічбы ў ЧБ з красавіка 2019-га, калі гульню БАТЭ і брэсцкага "Дынама" наведалі 11269 чалавек.

У канцы красавіка гэтага года паглядзець на БАТЭ ў Брэсце прыйшло 7207 гледачоў - гэта другая па наведвальнасці гульня чэмпіянату ў сезоне-2023. Трэцяе месца таксама за Брэстам: першы тур супраць «Тарпеда-БелАЗ» сабраў 5137 чалавек.

Далей ідуць два матчы ў Гомелі. У восьмым туры сустрэчу з мінскім "Дынама" наведалі 5700 гледачоў, а двума тыднямі раней 5107 чалавек сабраў матч з "Энергетыкам-БДУ".

Больш за пяць тысяч заўзятараў сабраў яшчэ адзін матч вышэйшай лігі: на гульні дзевятага тура паміж мінскім "Дынама" і "Энергетыкам-БДУ" налічылі 5100 чалавек.

У 2022-м самай наведвальнай у чэмпіянаце стала гульня сталічнага "Дынама" і БАТЭ (10361 гледача).

Найгоршыя па наведвальнасці: вяртанне Віцебска ў "вышку" і матч у Маладзечне

Менш за ўсё заўзятараў у сезоне-2023 сабрала гульня "Нафтана" і "Іслачы" ў Віцебску - 160 чалавек. Мабыць, аблцэнтр настолькі цяпер перанасычаны футболам (пасля пераезду «Макслайна» у горада адразу дзве каманды ў першай лізе), што сустрэча элітнага ўзроўню для мясцовых ніякай цікавасці не ўяўляе.

На 20 чалавек больш прыйшло ў Барысаве, каб паглядзець, як бегаюць "Энергетык-БДУ" і брэсцкае "Дынама".

200 гледачоў наведалі матч "Іслачы" і "Славіі" ў Маладзечне.

Нечакана тут бачыць хатні матч "Тарпеда-БелАЗ" супраць "Смаргоні" - там было 220 чалавек. Але і тут усё тлумачыцца правядзеннем сустрэчы ў іншым горадзе. Жодзінцы прымалі суперніка на стадыёне «РЦАР-БДУ» у Мінску.

Летась найгоршым па наведвальнасці быў хатні матч "Славіі" супраць "Іслачы" - пратакол зафіксаваў 115 чалавек.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты