Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Не было ў Сашы сілы ў нагах, рэзкасці». Чаму ў Гутара не пайшло ў Казахстане і як ён стаў удзельнікам матча лукашэнкаўскіх сілавікоў

«Не было ў Сашы сілы ў нагах, рэзкасці». Чаму ў Гутара не пайшло ў Казахстане і як ён стаў удзельнікам матча лукашэнкаўскіх сілавікоў

99 працэнтаў, што хутка пакіне клуб.

Аўтар — bytribuna com
9 чэрвеня, 19:23
1
«Не было ў Сашы сілы ў нагах, рэзкасці». Чаму ў Гутара не пайшло ў Казахстане і як ён стаў удзельнікам матча лукашэнкаўскіх сілавікоў

Пасля сезона-2021 Аляксандр Гутар пакінуў "Шахцёр" і больш чым на год застаўся без працы. У родным чэмпіянаце ён не мог уладкавацца праз тое, што не падтрымаў гвалт супраць беларусаў пасля выбараў-2020. Цікавых прапаноў з-за мяжы доўга не было, але ў сакавіку гэтага года найлепшы футбаліст Беларусі-2011 усё ж адправіўся ў Казахстан, дзе стаў гульцом «Аксу».

Пачынаў Гутар у старце, але паступова перамясціўся ў запас, а ў апошніх турах увогуле выпаў з заяўкі на матчы. Навіна гэтага тыдня - галкіпер вось-вось пакіне клуб. Пакуль сітуацыя не вырашылася, Гутар разам з Аляксандрам Глебам паспеў паўдзельнічаць у таварыскім матчы з сілавікамі Лукашэнкам.

Што адбываецца? Чаму ў брамніка не пайшло ў Казахстане? "Трыбуна" даведалася некаторыя дэталі.

Як паказаў сябе ў "Аксу"?

Упершыню аб тым, што Гутар далучыцца да каманды з Паўладарскай вобласці, загаварылі ў сярэдзіне сакавіка, хаця за пару тыдняў да таго пісалі, што ў паслугах варатара зацікаўлены «Нёман». Аднак прафесійную кар'еру Аляксандр аднавіў усё ж у Казахстане - за "Аксу" ён быў заяўлены пад 89-м нумарам, а кантракт заключыў да канца 2023 года. Галкіпер стаў трэцім беларусам у калектыве - раней прыйшлі нападаючы Андрэй Салавей і паўабаронца Яўген Зямко.

На момант падпісання Гутара чэмпіянат Казахстана ўжо стартаваў ("Аксу" двойчы прайграў і дабіўся адной нічыёй). Галкіпер з'явіўся на полі толькі ў чацвёртым туры. Першакрасавіцкі дэбют атрымаўся ўдалым: стартавы склад і дамашняя перамога 2:1 над "Мактааралам", дзе гуляе беларус Руслан Юдзянкоў.

Гутар, які да таго не гуляў 430 дзён, прапусціў пасля «чарпачка», затое некалькі разоў па-сапраўднаму выратаваў, дастаючы вельмі складаныя мячы. Карацей, стаў адным з суаўтараў перамогі. З пачынам галкіпера ў сваім Instagram павіншавала яго жонка Марына Някрасава-Гутар. Яна адзначыла «шалёную моц духу» і «сапраўдную волю да перамогі», а таксама прызналася, што ўжо «не спасылаецца на справядлівасць» (магчыма, маючы на ўвазе прысутнасць мужа ў «чорным спісе»).

Але далей пачаліся праблемы. 8 і 16 красавіка "Аксу" прайграў "Окжэтпесу" (0:3) і "Кызыл-Жару" (0:2). У першым матчы тры мячы ў вароты Гутара ўляцелі пасля найгрубейшых памылак абаронцаў (адзнакі 4,30 і 6,11). Але пры першым узяцці варот (0,56) галкіпер мог і сам дзейнічаць больш надзейна.

У шостым туры беларус ізноў з'явіўся ў старце. На 78-й хвіліне прапусціў пасля ўдару з лініі штрафной ад бразільца Пернамбукана (адзнака 2,32), а праз тры хвіліны ўдарам з яшчэ большай адлегласці ў "дзявятку" пацэліў казахстанец Марат Шахметаў (адзнака 3,22). Цяжка адназначна сцвярджаць, што Гутар у нечым вінаваты, але і сцвярджаць, што гэтыя ўдары нельга было выцягнуць, таксама складана.

Гэты матч у выніку аказаўся апошнім на сёння ў кар'еры Гутара і за «Аксу». Пасля брамнік прасядзеў у запасе ў абодвух кубкавых сустрэчах, дзе ягоны клуб вылецеў у 1/8 фіналу, саступіўшы «Таболу», а таксама назіраў з боку за трыма матчамі КПЛ. Да таго часу ў «Аксу» адбылася змена галоўнага трэнера: 25 красавіка пасля чарговай паразы па ўзаемнай дамове бакоў быў скасаваны кантракт з украінцам Русланам Кастышыным, які якраз і запрашаў Гутара. Калектыў прыняў казахстанскі спецыяліст Вахід Масудаў. Пры ім варатар спачатку правёў два матчы ў запасе, а з 20 траўня ўвогуле перастаў трапляць у заяўку, хоць і ўдзельнічаў у трэніровачным працэсе. Нарэшце, 8 чэрвеня з'явілася інфармацыя, што беларус у хуткім часе можа пакінуць «Аксу».

«Гутар прыехаў у, мякка кажучы, дрэнным стане»

Што ж здарылася ў Казахстане ў Гутара? Чаму ён не здолеў замацавацца і праявіць сябе? Пра гэта «Трыбуна» распытала былога галоўнага трэнера «Аксу» Руслана Кастышына.

- Мы клікалі Аляксандра ў «Аксу» на ролю першага нумара, спадзеючыся на ягоныя заслугі, харызму, досвед. Але ўсё атрымалася, можна сказаць, праз форс-мажор. «Аксу» не змог падпісаць патрэбнага, па нашым (майму і трэнера брамнікаў Андрэя Федарэнкі) меркаванню, галкіпера. З характарыстыкамі, якія патрэбныя нам. Клуб доўга вырашаў пытанне па кантракце з Яўгенам Кучарэнкам. Ён у мінулым сезоне быў першым нумарам, мы разлічвалі на яго, але ўвесну галкіпер сышоў у грузінскі клуб «Дзіла».

Увогуле, Сашу мы ўзялі ў сакавіку, калі ўжо стартаваў чэмпіянат Казахстана. Разлічвалі на яго. Але, прызнаюся, Гутар прыехаў у, мякка кажучы, дрэнным стане. Аднак мы рызыкнулі, бо проста не было выбару.

- Вас не бянтэжыў доўгі прастой у кар'еры брамніка?

- Спадзяваліся, што здолеем хутка выцягнуць яго на належны ўзровень. Хацелі, каб ззаду быў камандзір, здольны кіраваць абаронай. З гэтым у нас былі праблемы (двума іншымі брамнікамі «Аксу» з'яўляюцца 26-гадовы Ігар Трафімец і 28-гадовы Міхаіл Галубнічы, абодва казахстанцы - Tribuna.com). Можа, Саша быў у не самым добрым фізічным стане, але ўсё ж хацелася бачыць у варотах глыбу, якая здольная наладзіць камунікацыю з абаронцамі.

- Хто вам параіў Гутара?

- Мой памочнік, трэнера брамнікаў Андрэй Федарэнка, у 2017 годзе гуляў у «Чарнаморцы». Там у той час працаваў Васіль Хамутоўскі і выступаў Гутар. Дык вось менавіта Федарэнка мне параіў звярнуць увагу на Аляксандра. Так, мы разумелі, што рызыкуем, але ўсё ж вырашылі запрасіць.

– Якія ў вас былі першыя ўражанні ад беларуса?

- Адразу зразумеў, што ў фізічным плане ў яго праблемы. Вага, можа, была ў норме, але не хапала гульнявога тонусу - ён жа вельмі даўно не гуляў. Можна шмат бегаць, займацца самастойна ў трэнажорнай зале, але гэта ўсё роўна не заменіць паўнацэнныя трэніроўкі і тым больш матчы. Не было ў Сашы сілы ў нагах, рэзкасці. З іншага боку, мы атрымалі тое, чаго хацелі: Гутар добра кіраваў партнёрамі, гуляў нагамі. На не найлепшы фізічны стан мы заплюшчвалі вочы, думалі, што за пару тыдняў здолеем прывесці ў парадак, тым больш чакалася паўза на матчы зборных.

- Нягледзячы на форму, вы адразу пачалі ставіць Гутара ў аснову.

- А навошта мы яго бралі? Запрашалі менавіта на ролю першага нумара. Яго стаўленнем да справы, працай на трэніроўках мы былі задаволены. Але потым нешта не тое пайшло - мы пасадзілі яго на лаўку. Гутар прапускаў нейкія простыя галы.

- У чым прычына?

- Гэта трэба пытацца ў Федарэнкі (спецыяліст ужо пакінуў ФК і ад каментароў адмовіўся - Tribuna.com). Ён разбіраецца ў гэтых рэчах, можа расказаць больш падрабязна. Адзінае, магу адзначыць, што ў псіхалагічным плане Гутар выглядае добра. Але мы памыліліся з тым, што не здолелі хутка вывесці Сашу на належны фізічны ўзровень. Трэба было больш часу. Аднак, паўтаруся, мы патрапілі ў форс-мажор, калі проста не было часу.

- Калі б Гутар прайшоў з «Аксу» перадсезонку, то ўсё склалася б па-іншаму?

- Вядома.

- Вы пасадзілі на лаву Гутара ў сёмым туры. Жадалі паглядзець на іншага галкіпера?

- Саша памыляўся ў папярэдніх матчах, таму чыста па гульнявых прычынах я прыняў рашэнне пакінуць яго ў запасе. Ніякіх канфліктаў, непаразуменняў - выключна футбольныя моманты.

- Як Гутар паводзіў сябе пасля прайграных матчаў, прапушчаных мячоў? Даводзілася з ім дадаткова размаўляць?

- Трэнер па брамніках вельмі шмат з ім камунікаваў. Федарэнка ручаўся за Гутара, а я прывык давяраць памочнікам. Па Сашы немагчыма было вызначыць, што ў яго ўнутры, не было эмацыйных усплёскаў. Гуляў, трэніраваўся і ўсё пераварваў у сабе. Яшчэ раз хачу адзначыць, што ў чалавечым плане да яго пытанняў увогуле ніякіх, але проста ў такім узросце трэба, напэўна, больш часу, каб выйсці на сваю аптымальную форму. Плюс вялікі перапынак, адсутнасць гульнявога тонусу.

- Цяпер, пры новым трэнеры, Гутар нават не трапляе ў заяўку на матчы. Разумееце прычыну?

- Магчыма, прычына ў Сашы. Не выключаю, што ён па-мужчынску сказаў, што не хоча проста лятаць і сядзець на лаўцы, а хоча гуляць. І ў выніку перастаў у прынцыпе трапляць у заяўку. Але сцвярджаць напэўна не магу, гэта толькі здагадка. Размовы пра тое, што ён сыдзе з «Аксу»? Не думаю, што Гутар хоча проста трэніравацца і зарабляць грошы.

- Вы працавалі з яшчэ двума беларусамі. Што скажаце пра Андрэя Салаўя?

- Мы за ім назіралі яшчэ ў міжсезонне, хацелі запрасіць, але Андрэй вырашыў застацца ў «Шахцёры». Пасля ў яго там нешта не пайшло, а мы працягвалі весці форварда, сачылі за ім. Калі ўсё ж вырашылі ўзяць яго, патрэбны быў час для ўзгаднення дэталяў кантракта, іншых момантаў. І так атрымалася, што Салавей прыехаў пасля пачатку чэмпіянату Казахстана. Таксама не найлепшы сцэнар.

- Як ён вам у гульнявым плане?

- Ён прафесіянал, але ўсё ж такі патрэбны час для адаптацыі. Мясцовы чэмпіянат не такі лёгкі, ды і адразу ўліцца ў жыццё ў Казахстане могуць адзінкі. Усім здаецца, што будзе лёгка, але каб замацавацца і паказваць добрую гульню, трэба шчыраваць доўга і ўпарта. Плюс ментальна прыняць новыя ўмовы: далёкія пераезды, штучныя палі рознай якасці.

Мы шукалі хуткага нападаючага, і ў мяне было такое патрабаванне да кіраўніцтва клуба. Як знайшлі Салаўя? У нас працаваў трэнерам-аналітыкам Анатоль Кароця, які займаў гэтую ж пасаду ў салігорскім "Шахцёры". І вось ён якраз даў інфармацыю пра Салаўя і Зямко.

- Салавей апраўдаў вашыя надзеі?

- Пакідаў вельмі добрыя ўражанні на трэніроўках і ў гульнях, калі выходзіў на замену. Хлопец спадабаўся заўзятарам. Але праблема ў тым, што калі Салавей выходзіў у асноўным складзе, чамусьці знікаў на полі, не паказваў таго, што мы ад яго чакалі. Не ведаю ў чым прычыны. Цяжкавата яму. Можа, трэба яшчэ час, каб уліцца ў калектыў, прывыкнуць да партнёраў, новай краінц (за «Аксу» Салавей на сёння правёў пяць матчаў, за 267 хвілін зарабіў адзін «асіст», з 6 траўня не тпаляе ў заяўку - Tribuna.com).

- Што скажаце па Зямко?

- Яго таксама параіў Толя [Кароця]. Зямко прыехаў ужо ў Казахстан, на зборах не быў. Мы паглядзелі на яго, спадабаўся хлопец на трэніроўках, у выніку вырашылі пакінуць. Што самае галоўнае, Зямко мае досвед гульні абаронцам, а нам патрэбен быў такі ўніверсальны футбаліст (у бягучым сезоне правёў восем матчаў, за 608 хвілін выніковымі баламі не вызначыўся - Tribuna.com). У цэлым, футбаліст нас задавальняў. Вельмі працавіты, выконвае вялікі аб'ём працы, не робіць на полі нічога лішняга.

Дык чаму Гутар перастаў трапляць нават у заяўку?

«Трыбуна» паспрабавала звязацца з генеральным дырэктарам "Аксу" Аліханам Лесавым, але функцыянер на наш запыт ніяк не адрэагаваў - званкі і паведамленні, хоць і былі прачытаныя, засталіся без адказу.

Змена трэнера не вельмі дапамагла "Аксу". Пры Масудаве атрыманая ўсяго адна перамога (2:1) пры пяці паразах (розніца мячоў - 2:7). Каманда ідзе на апошнім месцы з сямю пунктамі пасля 13 тураў. Пры новым трэнеры ў браме выходзіць толькі Трафімец, які да змены штаба адгуляў усяго тры матчы.

Нашыя крыніцы адзначаюць, Гутар насамрэч не выглядаў бы горай за свайго канкурэнта. Беларус лічыцца якасным галкіперам, але Масудаў прывык працаваць з пэўнымі агентамі, якія пастаўляюць яму сваіх ігракоў. У спецыяліста даўно склалася такая рэпутацыя. І ў "Аксу" ён прыйшоў пад гарантыю кіраўнікоў, што яму дадуць магчымасць у летнім трансферным акне ўкамплектаваць склад па сваім жаданні. Гутар у планы Масудава не ўваходзіць, таму зараз спецыяліст проста імкнецца ачысціць месца пад «свайго» галкіпера. Верагоднасць таго, што беларус пакіне калектыў, 99 працэнтаў.

Што да Салаўя і Зямко, пакуль па іх пытанне адкрытае.

Паспеў згуляць за БФСТ "Дынама"

Нягледзячы на тое, што Гутар перастаў трапляць у заяўку "Аксу" на матчы, без гульнявой практыкі ён не застаўся. Праўда, засвяціўся ў даволі нечаканым матчы: 5 чэрвеня адстаяў у «рамцы» ў таварыскім матчы паміж камандай лукашэнкаўскага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» (аб'ядноўвае носьбітаў формы з самых розных структур, якія маюць дачыненне да рэпрэсій і катавання беларусаў) і зборнай так званых памежнікаў, які ўдзельнічаюць у арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Еўразвязам. Матч зладзілі х нагоды 100-годдзя БФСТ і 105-годдзя з дня ўтварэння пагранічнай службы Лукашэнкі.

Гульня прайшла на футбольным полі па вуліцы Даўмана. Там жа прымалі дзяцей 2010-11 гадоў нараджэння ў шэрагі выхаванцаў БФСТ, уручаючы ім значкі і карткі чальцоў. Такія мерапрыемствы праходзяць кожны год, а пасля іх ладзяцца матчы дарослых. У мінулым годзе каманда БФСТ, напрыклад, гуляла супраць зборнай так званага МНС.

Супернікаў, як і гульцоў ў сваю каманду, выбірае кіраўніцтва БФСТ. У першую чаргу запрашаюцца супрацоўнікі і трэнеры таварыства, а ўжо потым, у залежнасці ад запоўненасці заяўкі, клічуць людзей з боку - у асноўным, па знаёмстве. У гэтым годзе запрошанымі «зоркамі» сталі Аляксандр Глеб, які раней ужо не раз свяціўся ў мерапрыемствах сілавікоў, экс-форвард зборнай Беларусі па хакеі Сяргей Задзялёнаў і, уласна, Гутар.

34-гадовы галкіпер апынуўся ў Мінску, скарыстаўшыся паўзай у чэмпіянаце Казахстана праз матчы зборных. Ён прыехаў на адну з трэніровак сына, які займаецца якраз у школе БФСТ "Дынама". І вось там атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у матчы - і адмаўляцца не стаў.

На Даўмана гулялі два тайма па 20 хвілін. Пасля дзеці фатаграфаваліся з удзельнікамі матча і бралі аўтографы. У цэлым жа, як адзначаюць нашыя суразмоўцы, усе ўдзельнікі засталіся задаволеныя мерапрыемствам.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты