Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/На канцэрце з рэжымным аркестрам гледачы тапталі поле, а праз дзень на пралысінах згулялі «Дынама» – форвард Брэста забіў абодвум, але Мiнск буйна перамог

На канцэрце з рэжымным аркестрам гледачы тапталі поле, а праз дзень на пралысінах згулялі «Дынама» – форвард Брэста забіў абодвум, але Мiнск буйна перамог

Застаецца на вяршыні ЧБ.

Аўтар — Tribuna.com
9 чэрвеня, 22:00
3
На канцэрце з рэжымным аркестрам гледачы тапталі поле, а праз дзень на пралысінах згулялі «Дынама» – форвард Брэста забіў абодвум, але Мiнск буйна перамог

9 чэрвеня на сталічным стадыёне «Дынама» прайшло дэрбі аднайменных каманд з Мінска і Брэста ў рамках 12-га тура ЧБ. А менш чым за суткі да гэтага проста на газоне свабодна тоўпіліся гледачы – пры гэтым трава нават не была нічым абароненая.

Справа была ў тым, што 8 чэрвеня на «Дынама» праходзіў прарэжымны «рок-канцэрт» – нейкія кавер-гурты выканалі хіты Metallica, Aerosmith, Queen, Deep Purple пры ўдзеле Джо Ліна Цёрнера (амерыканскі спявак, у пачатку 1990-х ён падмяніў знакамітага Іэна Гілана на адным альбоме Deep Purple, а ў наш час ажаніўся з грамадзянкай Беларусі і стаў фанатам Пуціна і Лукашэнкі). Музычнае суправаджэнне забяспечваў аркестр пры кіраўніцтве справамі Лукашэнкі. Па словах арганізатараў, на канцэрце сабралася «пара тысяч чалавек», а да футбольнага матчу нават не прыбралі сцэну – добра яшчэ, яна першапачаткова стаяла на бегавых дарожках.

У выніку поле на гульнi выглядала дрэнна – пралысіны былі бачныя па ўсей яго плошчы. Хоць, вядома, гэта не найгоршы варыянт – яшчэ добра памятаецца, як у мінулым годзе газон проста знявечыла шоу з выездам фуры з групай t.A.T.u.

Што тычыцца непасрэдна матчу, гаспадары гасцей папросту «ўкаталі». А пачалося ўсё ўжо на 12-й хвіліне – Арцём Быкаў падаспеў да мяча, які выскачыў са штрафной, і шандарахнуў без шанцаў для кіпера.

На 24-й хвіліне, замкнуўшы прастрэл, падвоіў перавагу мінчан Уладзіслаў Марозаў – гэта яго дзявяты мяч у ЧБ, але Ягор Карпіцкі з «Шахцёра» пакуль круцей.

У канцоўцы ж вызначыўся нападаючы брэсцкага «Дынама» Кірыл Сідарэнка. Спачатку ён забіў у свае, няўдала падставіўшы нагу пасля кутняга.

Неўзабаве амаль такая ж падача з кута скончылася голам Рамана Бегунова, але той жа Сідарэнка ўсё ж аформіў мяч і ў чужыя вароты прыгожым абводным ударам пасля памылкі суперніка.

Разам 4:1 – мінчане маюць 28 ачкоў пасля 11 матчаў і працягваюць узначальваць турнірную табліцу. У берасцейцаў усяго 7 балаў за 12 гульняў – яны пакуль на 11-м месцы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты