Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Формула 1: перамены толькі пачынаюцца! Чаго чакаць ад новага сезона?

Формула 1: перамены толькі пачынаюцца! Чаго чакаць ад новага сезона?

Надышоў час разабрацца, з чым Формула 1 падыходзіць да свайго новага сезону, які пачынаецца праз пару тыдняў. Спрабуем зразумець, каго лічыць фаварытамі і чаго і ад каго чакаць увогуле.

28 лютага 2022, 00:01
Формула 1: перамены толькі пачынаюцца! Чаго чакаць ад новага сезона?

Фота: formula1.com, fia.com і каманд-удзельніц

Надышоў час разабрацца, з чым Формула 1 падыходзіць да свайго новага сезону, які пачынаецца праз пару тыдняў. Спрабуем зразумець, каго лічыць фаварытамі і чаго і ад каго чакаць увогуле.

Артыкул не аб гэтым, але пішацца ён у дні, калі гэта ўсіх хвалюе найбольш. Усіх сумленных людзей, прынамсі. 24 лютага расійскі дыктатар канчаткова з’ехаў з глузду і напаў на братнюю нам Украіну. На галовы мірных жыхароў Кіева, Харкава, Чарнігава, Херсона, Адэсы, Жытоміра, Сум, Вінніцы, Дняпра, Львова і іншых буйных і малых гарадоў і населеных пунктаў паляцелі авіябомбы, рэактыўныя снарады і крылатыя ракеты.

Удвая балючай ад таго, што саўдзельніцай ваеннага злачынства стала заўжды мірная Беларусь. Так, плацдарм для нападу на нашых суседзяў іх ворагу падаў не беларускі народ, а злачынны дыктатарскі рэжым, які дзейнічае ад імя беларусаў. Але кожны з іх, хто з сумленнем не развітаўся, адчувае боль, смутак і ўласную адказнасць перад украінцамі і сорам перад імі, а таксама пачуццё віны за кроў ахвяр гэтай дурной вайны.

Дарагія ўкраінцы, нашыя сёстры і браты! Ад сябе асабіста і ад астатніх сумленных беларусаў я хачу папрасіць у вас прабачэння, бо хоць і не страляю ў вас, але ўсё роўна сябе лічу вінаватым у тым, што не зрабіў дастаткова, каб не дапусціць гэтай вайны.

Разам з тым я хачу выразіць павагу моцным і мужным абаронцам Украіны. Шок першых часоў пасля страшнай навіны і падаўлены настрой пасля першых сутак вайны, які моцна замарудзіў працу над гэтым артыкулам, змяніўся захапленнем і радасцю ад таго, як адважна абараняюць сваю краіну як прафесіяналы з Узброеных сіл Украіны, так і дабравольцы. Вораг не чакаў такога моцнага адказу, і адразу стала зразумела, што шанцаў у яго няма.

Вы пераможаце, шаноўныя ўкраінцы! Вы стаіце не за прэзідэнта, хаця за вашага цяперашняга прэзідэнта паўстане любы, а за сваю родную краіну. Вы з’яднаныя любоўю да яе, пра што вораг не здагадваўся, бо сам не любіць і сваю Расію. За вамі праўда. Вы – дабрыня і святло. Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

Пісаць у такія дні пра Формулу 1 на самой справе цяжка. Але яна вартая таго хаця б таму, што ўсе яе гоншчыкі выразілі падтрымку Украіне і падтрымалі скасаванне Гран Пры Расіі, які меў адбыцца ў канцы верасня ў Сочы. Дарэчы, па прычыне расійскай ваеннай агрэсіі скасаваныя і расійскія этапы сусветнага Турынгу і мотакросу, як і ўсе міжнародныя спаборніцтвы ў Расіі ў прынцыпе. Што Міжнародная аўтамабільная, што Міжнародная матацыклетная федэрацыі таксама выразілі падтрымку народу Украіны. Таму пра гонкі мы ўсё ж пагаворым.

Пакаленне савецкіх людзей з адной прапагандысцкай песні ведала, што ў рэвалюцыі ёсць пачатак, а канца няма. Вось і ў чэмпіянаце свету ў мінулым годзе адбылася сапраўдная рэвалюцыя, вынікі якой падводзіць яшчэ зарана, бо на самой справе ўсё толькі пачынаецца.

Рэвалюцыя часам суседнічае са скандалам. А ён у канцы мінулага сезону разгарэўся так моцна, што не заціх дагэтуль. Наступствамі спрэчнага рашэння дырэктара гонкі Майкла Масі ў Абу-Дабі стала страта ім пасады, якую ён займаў. Цяпер кіраваць гонкамі Формулы 1 па чарзе будуць былыя гоначныя дырэктары WEC і DTM – Эдуарду Фрэйташ і Нільс Віцціх.

Тут можна было б абвінаваціць новага прэзідэнта FIA Мохамеда бен Сулаема, што, маўляў, саступіў пад пагрозамі каманды Mercedes і Льюіса Хэмілтана, якія страцілі найбольш – брытанец застаўся без перамогі ў гонцы і без восьмага тытулу. Але арганізацыйныя перамены ў чэмпіянаце свету значна шырэйшыя.

У прыватнасці, з’явіцца віртуальны пакой кіравання гонкай, які будзе сачыць за падзеямі дыстанцыйна пры дапамозе найновых тэхналогій і перадаваць важную інфармацыю дырэкцыі гонак на трасе. Па задумцы аўтараў ідэі, якую ўсе параўналі з сістэмай відэапаўтораў у футболе, яна дапаможа судзейскаму корпусу болей дакладна прытрымлівацца спартыўнага рэгламенту.

Мінус для заўзятараў гонак, якія сочаць за імі па ўсім свеце па тэлевізарах, але плюс для новых дырэктараў гонак – забарона на перамовы з імі падчас заездаў для кіраўніцтва каманд. Ідэя слушная, бо самі памятаеце, які ўціск падчас мінулага сезону адчуваў на сябе Майкл Масі. Якога, дарэчы, па словах некаторых экспертаў, могуць і вярнуць на пасаду, якую ён займаў пасля таго, як у лепшы свет адышоў Чарлі Уайцінг.

Але галоўныя змены ў Формуле 1, канечне, адбыліся ў яе тэхнічным рэгламенце. Найперш змянілася аэрадынаміка балідаў. Калі раней значная частка прыціскной сілы стваралася антыкрыламі, то цяпер яе генерыруюць днішча і задні дыфузар. Якія разам ствараюць так званы граунд-эфект, калі пад машынай утвараецца паніжаны ціск.

Адпаведна, моцна змянілася аэрадынамічнае афармленне машын Формулы 1, якія таксама цяпер катаюцца не на 13-, а на 18-цалевых колах. Выглядаюць яны цяпер зусім інакш у параўнанні з мінулым пакаленнем і, на мой персанальны густ, лепей і гарманічней. Многа залежыць ад ліўрэі, але ў цэлым машынкі атрымаліся прыгожыя.

Пакуль цяжка судзіць, наколькі змянілася іх хуткасць. Прыціскной сілы быццам бы павінна стаць меней, праз што ніжэй будзе хуткасць у паваротах і, адпаведна, час на кругу. Пры гэтым мінімальная вага балідаў павялічылася на тры кілаграмы – да 795 кг без паліва і тэхнічных вадкасцей.

Гэтыя радкі пішуцца на наступны дзень пасля таго, як скончыліся перадсезонныя тэсты ў Барселоне, дзе лепшы час паказаў Льюіс Хэмілтан – 1:19,138. Для параўнання, яго ж час поўлу на Гран Пры Іспаніі ў той жа Барселоне ў мінулым годзе – 1:16,741.

Розніца меней чым у дзве з паловай секунды можа быць ліквідаваная нават да Гран Пры Іспаніі гэтага году, калі каманды выкарыстаюць пакеты абнаўленняў. Хаця на тэстах звычайна спрабуюцца самыя розныя рашэнні, і баліды не абавязаныя адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту. Да таго ж, маторы могуць працаваць у самым агрэсіўным рэжыме. Карацей, сапраўдны тэмп новых машын мы пабачым толькі 18-20 сакавіка на Гран Пры Бахрэйна.

Тады ж пабачым, дарэчы, наколькі прасцей гоншчыкам будзе бароцца адзін з адным і абганяць. Раней пры атацы ззаду той, хто атакуе, трапляў у зону так званага «бруднага» паветру і губляў счапленне з трасай. Цяпер, па першых уражаннях пілотаў, гэта праблема як мінімум часткова знятая, але ізноў жа, варта дачакацца сапраўдных гонак.

Што ж да абсалютнай хуткасці, то дакладна запаволяцца баліды Формулы 1 у 2026 годзе, калі будзе ўведзены новы тэхнічны рэгламент на сілавыя ўстаноўкі. Складаных, ненадзейных і дарагіх цеплавых матор-генератараў не будзе. Ажно да 476 конскіх сіл (350 кВт) павысіцца магутнасць кінетычных матор-генератараў. Але выкарыстоўваць яе ўвесь час будзе нельга, а аддача рухавікоў унутранага згарання пры гэтым, наадварот, панізіцца прыкладна да тых жа 476 к.с.

Затое новы рэгламент на сілавыя ўстаноўкі зробіць чэмпіянат свету болей прывабным для вытворцаў, якія пачнуць прыходзіць у якасці пастаўшчыкоў рухавікоў. Дакладна вядома, што Формулай 1 цікавіцца канцэрн Volkswagen, прычым ажно два яго брэнды – Audi і Porsche. Прычым другі можа пачаць пастаўляць сілавыя ўстаноўкі камандзе Red Bull.

Па плётках, перамовы нямецкай і аўстрыйскай кампаній ідуць поўнай хадой, і абвяшчэнне аб заключэнні дамовы можа быць зроблена ўжо ў сакавіку. Honda з Формулы 1 хоць і сышла, але яе спецыялісты па-ранейшаму аказваюць дапамогу падраздзяленню Red Bull Powertrains. Аднак кампанія Red Bull вырабляе энергетычныя напоі, а не аўтамабілі, і адной ёй распрацоўваць і вырабляць сілавыя ўстаноўкі будзе цяжэй, чым таму ж Мерсэдэсу ці Ferrari. Так што дапамога з боку будзе вельмі дарэчнай.

Але гэта справа аддаленай будучыні. Зараз жа мы пагаворым пра бліжэйшую. Ізноў паспрабуем спрагназаваць развіццё падзей і паразважаем аб перспектывах каманд і іх гоншчыкаў.

Mercedes-AMG Petronas Formula One Team

Першае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (613,5 ачка)

Склад: Льюіс Хэмілтан (Велікабрытанія, стартавы нумар 44), віцэ-чэмпіён 2021 году (387, ачка), Джордж Расэл (Вялікабрытанія, стартавы нумар 63), пятнаццатае месца ў 2021 годзе (16 ачкоў)*. Рэзервовыя пілоты: Стофель Вандорн (Бельгія), Нік дэ Фрыс (Нідэрланды).

* У складзе Williams

Кіраўнік: Тота Вольф

Тэхнічны дырэктар: Майк Эліат

У Льюіса Хэмілтана ў мінулым годзе не атрымалася стаць васьміразовым чэмпіёнам, а вось каманда Кубак канструктараў выйграла, таму яна ў спісе першая. Першая яна і ў спісе прэтэндэнтаў на перамогу ў надыходзячым сезоне. Тэхнічных кампетэнцый багата, праца выбудаваная па-нямецкаму дасканала, склад гоншчыкаў адзін з мацнейшых у чэмпіянаце.

Але новы тэхнічны рэгламент – гэта заўсёды крок у невядомае. Калі ў 2014 годзе распачалася турба-гібрыдная эра, Mercedes у новых абставінах зарыентаваўся лепей за ўсіх. І хто найбольш удала разабраўся з новымі правіламі – пытанне пакуль што адкрытае.

Тэсты ў Барселоне паказалі, што ў Мерсэдэса быццам бы ўсё нядрэнна і з хуткасцю, і з надзейнасцю – Хэмілтан і Расэл агулам праехалі 393 кругі, што роўнае 1 837 кіламетрам, і гэта другі паказчык пасля Ferrari (439 кругоў/2 052 кіламетры). Але праца над аўтамабілем працягваецца, як і ва ўсіх астатніх. І ў Бахрэйне – не на Гран Пры нават, а на тэстах, якія пройдуць 10-12 сакавіка – ўсе прывязуць крыху дапрацаваную тэхніку.

Самае ж цікавае, калі казаць пра Mercedes, гэта, бадай, пара яго пілотаў. Валтары Ботас сваім мяккім характарам цалкам задавальняў Льюіса Хэмілтана, але яго спартыўныя дасягненні вымусілі каманду нарэшце адправіць яго ў ганаровую спасылку ў Alfa Romeo (яна ж Sauber). А з Льюісам у боксах цяпер суседнічае яго малады і нашмат болей амбіцыйны суайчыннік Джордж Расэл.

Ён усіх здзівіў яшчэ ў 2020-м на Гран Пры Сахіру, на якім замяняў якраз Хэмілтана, калі брытанец прыхварэў на каронавірус. Джордж не выйграў тую гонку толькі праз памылку каманды, а ў мінулым сезоне ў складзе Williams рэгулярна дабіраўся да фіналаў кваліфікацый, зарабляў ачкі, а на незразумелым Гран Пры Бельгіі нават на подыум патрапіў.

Практычна на роўні з Льюісам Расэл выступіў і на тэстах, цяпер засталося параўнаць тэмп напарнікаў у гонках. І калі ён і там будзе блізкі, то ў Mercedes можа стаць горача, хоць абодва брытанцы і кажуць, што іх мэта – развіваць машыну, а не біцца адзін з адным. Так ці інакш, магчымае ўнутрыкаманднае спаборніцтва ў Мерсэдэсе можна лічыць першай, калі не галоўнай інтрыгай новага сезону.

 Oracle Red Bull Racing

Другое месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (585,5 ачка)

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Макс Ферстапен (Нідэрланды, стартавы нумар 1), чэмпіён 2021 году (387,5 ачка), Серхіа Перэс (Мексіка, стартавы нумар 11), чацвёртае месца ў 2021 годзе (190 ачкоў). Рэзервовы пілот Себасцьен Буэмі (Швейцарыя).

Кіраўнік: Крысціан Хорнэр

Тэхнічны дырэктар: П’ер Вашэ

Аўстрыйскі калектыў хоць і не ўзяў Кубак канструктараў, але доўгачаканую чэмпіёнскую адзінку на свой балід вярнуў. Можна працягваць спрачацца, наколькі справядліва Макс Ферстапен яе атрымаў, але глава Red Bull Крысціан Хорнэр і кіраўнік Mercedes Тота Вольф пакінулі гісторыю ў Абу-Дабі у мінулым, паціснуўшы адзін аднаму руку. Таму новы сезон канкурэнты пачынаюць быццам бы на пазітыве. Таксама хочацца верыць, што ў абодвух камандах зрабілі высновы з сезону мінулага, і барацьба іх пілотаў на трасах у гэтым годзе будзе чысцейшай.

Форма ж Red Bull у новым сезоне ў значнай ступені будзе залежыць ад таго, як удала са сваёй працай на развітанне справілася Honda. Дакладней, на бліжэйшыя чатыры сезоны, бо рэгламент на сілавыя ўстаноўкі замарожаны да ўвядзення новага. Сур’ёзных праблем на тэстах у Барселоне не ўзнікла, Ферстапен і Серхіа Перэс на дваіх праехалі 358 кругоў (1 673 км). Цяпер засталося зразумець, што ў Чырвоных Быкоў з хуткасцю, але ізноў жа, раней першай гонкі мы пра гэта не даведаемся.

Склад пілотаў у каманды ранейшы і дастаткова моцны. У Перэса не задалася першая палова мінулага сезону, праз што Red Bull і не дабраў балаў для перамогі ў Кубку канструктараў, цяпер жа ён з Максам у роўных умовах – абодва маюць прывыкаць да новай тэхніцы. Не выключаю, што па выніках сезону-2022 вырашыцца, ці будзе Чэка напарнікам Макса ў наступным годзе.

Сам Ферстапен спачуваецца бадзёра. З камандай поўнае паразуменне (кажуць, Максу і зарплату паднялі), ён адназначна першы нумар, таму Перэс прыкрые, калі што. Засталося толькі атрымаць у сваё распараджэнне годны балід, і тады мы пабачым працяг таго адчайнага рубілава, што мела месца ў 2021-м. Па маім уласным адчуванні, яно будзе.

Scuderia Ferrari

 

Трэцяе месца ў Кубку Канструктараў у 2021 годзе (323,5 ачка)

Склад: Шарль Леклер (Манака, стартавы нумар 16), сёмае месца ў 2021 годзе (159 ачкоў), Карлас Сайнс (Іспанія, стартавы нумар 55), пятае месца ў 2021 годзе (164,4 ачка). Рэзервовыя пілоты: Антоніа Джавінацы (Італія), Мік Шумахер (Германія).

Кіраўнік: Маціа Бінота

Тэхнічны дырэктар: Энрыка Кардыле

Фаварытам у мінулым сезоне Скудэрыя не была, але правал 2020-га з шостым месцам у Кубку канструктараў не паўтарыўся. Пілоты чырвонай каманды на роўных біліся з канкурэнтамі з McLaren і апярэдзілі іх, зрабіўшы Ferrari лепшай з астатніх. Ачкі рэгулярна збіралі і Карлас Сайнс, і Шарль Леклер, таму іх задачы на наступны сезон ясныя і зразумелыя: працягваць у тым жа духу.

Пра форму Ferrari, як і ў выпадку з любым іншым калектывам, зараз можна толькі спекуляваць. Так, па дыстанцыі на тэстах у Барселоне італьянцы лідары – 439 кругоў/2 052 км, з якіх на ліку аднаго толькі Сайнса 236/1 124 км. Але глава каманды Маціа Бінота адразу сказаў, што яны аўтсайдэры, а не фаварыты. Пыл у вочы?

Тым не менш прагрэс заўважны, а наколькі далёка ён зойдзе, вырашыць, як і ў Red Bull, сілавая ўстаноўка. Італьянцы сваю ў гэтым годзе моцна абнавілі, а Тота Вольф заяўляў, што ў Ferrari яна зараз самая магутная. Але дакладна вядома, што каманда галоўнага матарыста Скудэрыі Энрыка Гаўлцьеры моцна рызыкнула, каб дамагчыся максімальнай аддачы.

Мінулагоднія вынікі Леклера з Сайнсам былі абумоўленыя агульным станам каманды, таму можна не сумнявацца, што калі цяпер машыны F1-75 дазволяць ім змагацца за высокія пазіцыі, змагацца за іх будуць абодва. У гэтым сэнсе ў Ferrari ўсё вельмі нядрэнна. Шарль і Карлас хуткія, матываваныя і разумныя, таму што ім нават дазволена ў разумных межах бароцца адзін з адным.

Толькі не ўнутрыкаманднае суперніцтва ў дадзеным выпадку галоўнае. Мы ўсе зачакаліся вяртання Ferrari на вяршыню Формулы 1, і лепей бы ёй апынуцца там цяпер, бо наступны шанец можа выпасці яшчэ не скора. Моцная Скудэрыя патрэбная чэмпіянату, і «Forza Ferrari!» зараз крычаць нават тыя, хто ніколі за яе не заўзеў.

McLaren F1 Team

Чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (275 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Даніэль Рыкарда (Аўстралія, стартавы нумар 3), восьмае месца ў 2021 годзе (115 ачкоў), Ланда Норыс (Велікабрытанія, стартавы нумар 4), шостае месца ў 2021 годзе (160 ачкоў). Рэзервовы пілот Стофель Вандорн (Бельгія).

Кіраўнік: Андрэас Зайдль

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Кі

Каманда з Уокінга быццам бы на ўздыме, але ў мінулым годзе крыху адкацілася назад, саступіўшы Ferrari. У значнай ступені адступленне абумоўленае працэсам прывыкання навабранца Даніэля Рыкарда да новай машыны, які быў зацягнуўся ў першай палове сезону. Але ў другой аўстраліец раскаціўся і нават прынёс McLaren перамогу ў Монцы. Толькі Ланда Норыс усё роўна выступаў больш роўна і стабільна.

Шасі MCL36, пабудаванае ў адпаведнасці з новым рэгламентам, пакуль што мала зведанае для абодвух гоншчыкаў. Не сумняваюся, аднак, што абодва ж раскрыюць яго патэнцыял і адаптуюцца да яго. Норыс сам прызнаваўся, што ў міжсезонні, працуючы на сімулятары, спрабаваў розныя падыходы да машыны. І на тэстах у Барселоне брытанец быў у ліку фаварытаў, паказаўшы чацвёрты час па выніках трох дзён.

Рыкарда ехаў не так хутка, затое далей – сярод пілотаў ён другі па пераадоленай дыстанцыі (212 кругоў/1 010 км), а McLaren стала трэцяй сярод каманд (367 кругоў/1 715 км). Таму як мінімум з надзейнасцю ў брытанцаў на самой справе ўсё нядрэнна, але гонкі Формулы 1 выйграюцца не толькі надзейнасцю, гэта ж не Ле Ман.

Хутчэй за ўсё, каманда застанецца больш ці менш на ранейшым узроўні. Ланда і Дэн будуць бароцца за подыумы, магчыма, па адным разе перамогуць. Але галоўнымі іх супернікамі па-ранейшаму будуць не Mercedes і Red Bull, а Ferrari і, верагодна, Alpine. Хоць і сюрпрызы зусім не выключаныя – пабачылі ж мы іх у мінулым годзе ад Чырвоных Быкоў і Хонды.

Тым больш што склад гоншчыкаў у McLaren моцны. Што Дэн, што Ланда дасведчаныя і хуткія. З маладым брытанцам каманда нават працягнула кантракт да 2025 года і падняла яму заробак, што дазволіла яму пераехаць у Манака. Таму моцныя выступы ў новым сезоне чакаем ад абодвух – патэнцыял для гэтага ў наяўнасці.

BWT Alpine F1 Team

Пятае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (155 ачкоў)

Склад: Фернанда Алонса (Іспанія, стартавы нумар 14), дзясятае месца ў 2021 годзе (81 ачко), Эстэбан Акон (Францыя, стартавы нумар 31), адзінаццатае месца ў 202й годзе (74 ачкі). Рэзервовы пілот Оскар Піастры (Аўстралія)

Кіраўнік: Отмар Сафнаўэр

Тэхнічны дырэктар: Пэт Фрай

У Alpine у гэтым годзе таксама рызыкнулі. Выканаўчы дырэктар калектыву Ларан Росі прама сказаў, што матарысты ахвяравалі надзейнасцю сілавой устаноўкі дзеля магутнасці. Некалі чэмпіёнскай камандзе таксама хочацца вярнуцца ў верхнюю частку турнірнай табліцы. І хоць мінулы сезон у цэлым прайшоў нядрэнна, а Эстэбан Акон нават атрымаў сваю першую перамогу ў Вугоршчыне, мараць у Энстоўне цяпер аб большым.

Дасягацца тое большае цяпер будзе з новым кіраўніцтвам. Росі пайшоў на павышэнне, і крэсла непасроднага кіраўніка каманды цяпер займае былы глава Aston Martin Отмар Сафнаўэр. Пасаду тэхнічнага дырэктара цяпер займае Пэт Фрай, які замяніў Давідэ Брывіа. Былы кіраўнік каманды Suzuki ў MotoGP, як сцвярджаецца, сышоў па ўласнай ініцыятыве спаслаўшыся на тэмп працы, які яму не пасуе. Магчыма, італьянец вернецца ў матацыклетны чэмпіянат, але дакладна не ў гэтым годзе.

Двухразовы чэмпіён Фернанда Алонса ў камандзе застаўся і, не выключана, застанецца і яшчэ як мінімум на год. На прэм’еры новай машыны A522 іспанец адзначыў, што рашэнне прыме бліжэй да сярэдзіны сезону. Фернанда не скрывае, што вярнуўся ў мінулым годзе дзеля новага рэгламенту, і ён найперш яму цікавы. Таму калі магутнасці новай сілавой устаноўкі з рэвалюцыйнай кампаноўкай з раздзеленымі турбінай і кампрэсарам хопіць для подыумаў, Алонса застанецца напарнікам Акона і ў 2023-м.

Сам Эстэбан можа засяродзіцца на ўласных задачах, бо яго кантракт з Alpine дзейнічае да 2024 года. Перамагаць, як мы бачылі ў мінулым годзе, француз умее, і калі будзе такая магчымасць, абавязкова пераможа ізноў. Думаю, з належнай тэхнікай мы пабачым сапраўдны патэнцыял Акона, які нас здзівіць. Вось толькі калі з надзейнасцю ў матора A522, як і абяцалі, так сабе (ён згарэў у Барселоне ў чацвер падчас працы на трасе Алонса), то з аддачай пакуль што нічога не ясна – па тэмпе (і пераадоленай дыстанцыі, дарэчы) пілоты Alpine на першых перадсезонных тэстах былі ў серадняках.

Таму мяркую, да вышэйшага ўзроўню французская каманда ў гэтым годзе не скочыць. А вось барацьба за ніжнія ступені подыумаў з Ferrari і McLaren цалкам магчымая.

Scuderia AlphaTauri

Шостае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (142 ачкі)

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: П’ер Гаслі (Францыя, стартавы нумар 10), дзявятае месца ў 2021 годзе (110 ачкоў), Юкі Цунода (Японія, стартавы нумар 22), чатырнаццатае месца ў 2021 годзе (32 ачкі).

Кіраўнік: Франц Тост

Тэхнічны дырэктар: Джоді Эгітан

Як і звычайна, машыны AlphaTauri і Red Bull уніфікаваныя па асобных вузлах, але не аднолькавыя. І паліўная і тармазная сістэмы, а таксама пярэдняя падвеска са стырнавым кіраваннем у новай AT03 свае. Вось сілавая ўстаноўка ў двух каманд агульная, і яна таксама будзе адным са складнікаў магчымых поспехаў калектыву з Фаэнцы.

Хоць, канечне, не ўсё вырашае сілавая ўстаноўка. AlphaTauri хоць і ўваходзіць у канцэрн Red Bull, але захоўвае пэўны канструктарскі суверэнітэт, і таму гуляе ў іншай лізе, застаючыся школай для прадстаўнікоў моладзевай праграмы Чырвоных Быкоў, не замахваючыся на чэмпіянат.

У гэтым сезоне склад пілотаў застаўся ранейшым. Відавочна, і П’ер Гаслі, і Юкі Цунода задаволілі найперш Хельмута Марка сваімі вынікамі. Француз крыху болей – ён ачкі набіраў рэгулярна. Японец вышэй галавы не скочыў, але гэтага ад яго і не патрабавалі. Дэбютны сезон ён не праваліў, хоць невымушаных памылак нарабіў шмат, чым хацелася б.

Надыходзячы сезон можа стаць для абодвух вырашальным у іх лёсе. Месца ў Red Bull у наступным годзе можа і з’явіцца, але толькі адно. Таму здаровая канкурэнцыя паміж напарнікамі па AlphaTauri будзе мець месца. Для Гаслі 2022 год можа ўвогуле стаць паваротным, і ён альбо ізноў стане напарнікам Макса Ферстапена, або яго кар’ера пачне пакрысе закочвацца. У Цуноды становішча не такое крытычнае, але і яму ёсць што даказваць.

Ну а ў цэлым задачы для абодвух зразумелыя: рэгулярна зарабляць ачкі. Магчымыя фінішы на подыуме, у тым ліку – чым чорт не жартуе? – на яго вяршыні (памятаем жа перамогу Гаслі на Гран Пры Італіі ў 2020-м) будуць дадатковай канкурэнтнай перавагай.

Aston Martin Aramco Cognizant Formula One

Сёмае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (77 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Себасцьян Фетэль (Германія, стартавы нумар 5), дванаццатае месца ў 2021 годзе (43 ачкі), Лэнс Строл (Канада, стартавы нумар 18), трынаццатае месца ў 2021 годзе (34 ачкі).

Кіраўнік: Майк Крак

Тэхнічны дырэктар: Эндру Грын

Першы сезон Aston Martin, ужо без тэхнічнай падтрымкі Mercedes (сілавыя ўстаноўкі не лічым), як у часы Racing Point, выдаўся складаным – каманда дужа здала пазіцыі. Магчыма, новы кіраўнік Майк Крак, які яшчэ ў BMW Sauber быў гоначным інжынерам Себасцьяна Фетэля, паглядзіць на сітуацыю ў камандзе свежым позіркам і правядзе перабудову.

Хоць новы балід AMR22 усё роўна ствараўся на чале з Отмарам Сафнаўэрам, і спачатку трэба будзе паглядзець, наколькі ён выйшаў удалым. Пакуль што ён фаварыт толькі ў неафіцыйным конкурсе прыгажосці Формулы 1, а вось па хуткасці як мінімум на тэстах у Барселоне быў у сярэдзіне. Зрэшты, калі ў сярэдзіне Aston Martin апынецца па выніках сезону, гэта ўжо будзе для яго поспехам.

Пакуль што не выглядае, што брытанская каманда выступіць лепей. Шлях да нейкіх істотных вышынь можа быць доўгім, што мы ведаем і на прыкладзе Red Bull і нават Mercedes. Склад пілотаў пры гэтым у прынцыпе нядрэнны. Лэнс Строл не глядзі, што рэнта-драйвер і сын уладальніка ўсёй кампаніі Aston Martin – ад чатырохразовага чэмпіёна Фетэля ў мінулым годзе адстаў не надта.

Таму нават з машынай сярэдняга ўзроўню нямецка-канадскі дуэт можа пачаць прыемна здзіўляць. Прагназую ўмераны прагрэс і барацьбу з Alpine і AlphaTauri, не выключаю адзін-другі подыум у выкананні любога з пілотаў. Асабіста пры нестандартных абставінах, як, напрыклад, на мінулагоднім Гран Пры Азербайджана.

Williams Racing

Восьмае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (23 ачкі)

Матор: Mercedes

Склад: Нікалас Лаціфі (Канада, стартавы нумар 6), сямнаццатае месца ў 2021 годзе (7 ачкоў), Алекс Албан (Тайланд, стартавы нумар 23), не выступаў у 2021 годзе. Рэзервовы пілот Джэк Эйткен (Велікабрытанія).

Кіраўнік: Йост Капіта

Тэхнічны дырэктар: Франсуа-Ксав’е Дэмезон

Вось дык цуд – Williams болей не апошнія! Так, ачкі часта здабываліся ў асноўным цудам, але ж яны здабытыя, і вынік, як заўсёды, на табло: каманда восьмая ў Кубку канструктараў. Наколькі ўдасца паўтарыць гэты вынік у сезоне-2022, залежыць найперш ад рэарганізацыяй, якую правёў новы глава каманды Йост Капіта. Новы тэхнічны дырэктар Франсуа-Ксав’е Дэмезон – гэта толькі вяршыня айсбергу.

Аднак як бы там ні было, а эфект ад інвестыцый новых уладальнікаў калектыву з Гроўва, амерыканскай кампаніі Dorilton, ужо заўважны. І ёсць абгрунтаваная надзея, што праблемы як мінімум з надзейнасцю засталіся ззаду. Па пераадоленай на барселонскіх тэстах дыстанцыі Williams – крэпкія сераднякі. 347 кругоў/1 622 кіламетры моцна паболей таго, да чаго мы прывыклі за мінулыя гады. Ды і па хуткасці Алекс Албан і Нікалас Лаціфі размясціліся ў сярэдзіне.

Таму ў надыходзячым сезоне ўсё будзе залежыць найперш ад гоншчыкаў. Патэнцыял у новай машыны як мінімум ёсць, цяпер трэба не дапускаць памылак, як мага радзей трапляць у аварыі і збіраць максімум гоначнай інфармацыі. Зарабляць ачкі выглядае магчымым, а большага на дадзеным этапе і не патрабуецца.

Лаціфі можа іх здабываць, Албан таксама, што даказаў яшчэ ў перыяд, калі быў напарнікам Макса Ферстапена па Red Bull. Ну а калі збіраць іх атрымаецца рэгулярна, і канадзец, і тайландзец могуць знайсці шляхі развіцця сваіх кар’ер у калектывах больш высокага ўзроўню. Алекс, магчыма, нават атрымае другі шанец у Red Bull.

Дый нават выкананне праграмы мінімум дапаможа і абодвум пілотам, і камандзе, якая ў такім выпадку працягне прагрэсаваць. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць – Williams вартыя і вялікіх поспехаў.

Alfa Romeo F1 Team ORLEN

Дзявятае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (13 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Валтары Ботас (Фінляндыя, стартавы нумар 7), трэцяе месца ў 2021 годзе (226 ачкоў)*, Гуаньюй Джоў (Кітай, стартавы нумар 24), дэбютант. Рэзервовы пілот Роберт Кубіца (Польша).

* У складзе Mercedes

Кіраўнік: Фрэдэрык Васёр

Тэхнічны дырэктар: Жан Маншо

Яшчэ адна гамарня маладых кадраў, толькі для Ferrari. Але не толькі, бо дасведчаныя гоншчыкі сюды таксама трапляюць. Пару сезонаў тут правёў Кімі Райканен, які тут жа некалі і пачынаў сваю кар’еру (тады каманда звалася Sauber), цяпер замест яго іншы фін – Валтары Ботас. Так і не бліснуўшы побач з Льюісам Хэмілтанам у Mercedes, зараз ён будзе зарабляць сабе на другі шанец. Хай не ў Срэбраных Стрэлах, але хаця б у якой-небудзь з каманд сярэдняга эшэлону.

Натуральна, нахапаць зорак з нябёс Ботас зараз не зможа, ачкі ўжо будуць вялікім здабыткам. А калі яшчэ на фоне яго стрэліць яго новы напарнік – дэбютант Формулы 1 і першы ў ёй кітаец Гуаньюй Чжоў, кар’ера Валтары можа вось так бясслаўна скончыцца. Толькі хай спачатку і Чжоў прадэманструе нейкія годныя вынікі, што будзе няпроста, улічваючы агульны ўзровень Alfa Romeo. Хоць, канечне гэта будзе не праблема для Чжоў. Яму зараз важна найперш набірацца досведу, спартыўных подзвігаў ад яго не патрабуецца.

Яны наўрад ці і магчымыя. Сезон пачынаецца цяжка, і на тэстах у Барселоне каманда была ў адназначных аўтсайдэрах што па хуткасці, што па надзейнасці. Як вынік – толькі 175 кругоў/818 км за тры дні, горш толькі ў Haas. Вельмі цэннай інфармацыі сабрана мала, і калі праблемы не будуць вырашаныя і працягнуцца і праз два тыдні ў Бахрэйне, то як мінімум старт сезону будзе вельмі складаным.

Uralkali Haas F1 Team

Дзясятае месца ў Кубку канструктараў у 2021 годзе (0 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Мік Шумахер (Германія, стартавы нумар 47), дзевятнаццатае месца ў 2021 годзе (0 ачкоў), Мікіта Мазепін (Расія, стартавы нумар 9), дваццаць першае месца ў 2021 годзе (0 ачкоў). Рэзервовы пілот П’етра Фіціпальдзі (ЗША).

Кіраўнік: Гюнтар Штайнэр

Тэхнічны дырэктар: Сімонэ Рэста

Вось каму не пазайздросціш на самой справе! І я не пра праблемы з надзейнасцю і ўсяго 160 кругоў/748 км на дваіх за тры дні. Расійская ваенная агрэсія супраць братняй нам Украіны фактычна пакінула Haas без тытульнага спонсару – расійскай кампаніі «Уралкалий». Апошні тэставы дзень у Барселоне амерыканскі калектыў праводзіў без спонсарскай ліўрэі.

Немаведама, ці застануцца разам Haas і кампанія Дзмітрыя Мазепіна, які фактычна аплочвае месца свайго сына Мікіты ў камандзе. Пад маштабнейшыя ў гісторыі міжнародныя санкцыі зараз, калі расійскі дыктатар гатовы нават спаліць свет у полымі ядзернай вайны, трапляе ўсё расійскае без разбору.

Ну а калі спонсарскія грошы ад «Уралкалия» перастаюць паступаць у каманду, то з вялікай верагоднасцю сканчаюцца і яе адносіны з Мікітай Мазепіным. Найбольш верагодны кандыдат на яго замену – рэзервовы пілот П’етра Фіціпальдзі. Дакладна не горшы варыянт, улічваючы, што спартыўных поспехаў ад Haas і так ніхто не чакае.

Вось толькі ці знойдзе хутка каманда новага тытульнага спонсара? Без грошай яна проста можа і не выжыць, а яны патрэбныя на ўсё, уключаючы працу над машынай. Тут ужо проста не да спартыўных вынікаў… Хаця будзь ты нават Мікам Шумахерам, бліснуць у камандзе-аўтсайдэры практычна немагчыма.

Мяркую, лёс каманды і склад яе пілотаў вырашыцца ўжо да тэстаў у Бахрэйне. У цэлым жа сітуацыя аптымізму не выклікае, і пасля сезону 2022 года ў Формуле 1 можа вызваліцца вакансія на цэлую каманду.

Іншыя пасты блога

Усе пасты