Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Рысі хуткія на доўгай дыстанцыі. Каманда Iron Lynx узяла дубль на этапе GT World Challenge Europe у Ле Кастэле

Рысі хуткія на доўгай дыстанцыі. Каманда Iron Lynx узяла дубль на этапе GT World Challenge Europe у Ле Кастэле

Чацвёрты этап еўрапейскай серыі гонак Gran Turismo прайшоў у фармаце Endurance на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле ў мінулы ўік-энд. Лепшымі ў 1000-кіламетровай гонцы сталі тыя, ад каго гэтага, можа быць, не надта і чакалі.

10 чэрвеня 2022, 23:14
Рысі хуткія на доўгай дыстанцыі. Каманда Iron Lynx узяла дубль на этапе GT World Challenge Europe у Ле Кастэле

Чацвёрты этап еўрапейскай серыі гонак Gran Turismo прайшоў у фармаце Endurance на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле ў мінулы ўік-энд. Лепшымі ў 1000-кіламетровай гонцы сталі тыя, ад каго гэтага, можа быць, не надта і чакалі.

Свет не надта чакаў, што расійскі дыктатар з’едзе з глузду настолькі, што распачне сапраўдную вайну з Украінай. Павінен быў пасля 2014 года і крадзяжу Крыма, але тады супакоіў сам сябе, абмежаваўшыся выражэннем заклапочанасці. Не чакаў ён ад украінцаў і тых мужнасці і адвагі, з якімі яны больш за тры месяцы супрацьстаяць агрэсару. Хоць таксама мусіў быў чакаць.

І калі ён пабачыў яе, то проста абавязаны дапамагчы Украіне атрымаць перамогу ў яе Вялікай айчыннай вайне. Гэта будзе перамога не проста дзяржавы-ахвяры над дзяржавай-агрэсарам, а перамога цывілізацыі і прагрэсу над дзікунствам і цемрашальствам. Якія зусім не збіраюцца на Украіне спыняцца, што цяпер ужо відавочна ўсім.

Шмат гадоў яны пануюць у Беларусі, чые лепшыя грамадзяне зараз дапамагаюць украінцам. Наш народ таксама зачакаўся прыходу сапраўднай цывілізацыі і здаровага сэнсу на сваю зямлю, і Полк Каліноўскага разам з іншымі беларусамі, у тым ліку валанцёрамі, набліжаюць і гэта. Перамога ўкраінцаў гэтаму як мінімум паспрыяе, таму што канец расійскага дыктатара стане канцом і тутэйшага калгаснага. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украінскі народ зараз ёсць прыкладам для ўсіх, таму што не губляе веры ў сябе нават у самыя цяжкія і трагічныя хвіліны. У гонках трагедыі, на шчасце, рэдкія (хаця часам і яны прыбіраюць жыцці), але драм там хапае. Былі яны і ў Ле Кастэле, дзе серыя GT World Challenge Europe у мінулую суботу правяла шасцігадзінную і 1000-кіламетровую гонку.

Семдзесят першы экіпаж Iron Lynx у складзе Давідэ Рыгона, Антоніа Фуока і Даніэля Сэры сталі лепшымі яшчэ ў кваліфікацыі, што, канечне, не прыносіла ім на сподачку перамогу ў доўгай гонцы, у якой поўл не вырашае нічога.

І Lamborghini Huracan GT3 Evo шэсцьдзесят трэцяга экіпажа Emil Frey Racing у складзе Мірка Барталоці, Джэка Айткена і Альберта Косты ў першыя паўгадзіны быў не меней хуткім, чым Ferrari 488 GT3 будучых пераможцаў. Барталоці нават прарваўся з шостай пазіцыі на першую (фінішуе яго экіпаж, праўда, шостым), тады як Сэра адкаціўся на трэцюю. А пасля першага цыклу піт-стопаў гонку ўзначаліў гоншчык восемдзесят восьмага экіпажа Akkodis ASP Даніэль Хункадэла, разам з якім ехалі Рафаэле Марчэла і Жуль Гунон.

Але ўся першая тройка доўгі час умяшчалася ў некалькі секунд, а семдзесят першы экіпаж усё роўна быў заўважна хутчэйшым за канкурэнтаў. У выніку Рыгон падчас сваёй змены вярнуўся на першую пазіцыю. Восемдзесят восьмы ж экіпаж пасля дзвюх гадзін сам выключыў сябе з прэтэндэнтаў на перамогу – парушыў правілы на піт-стопе і адхапіў 15-секундны штаф.

А Audi R8 LMS Evo II GT3 фаварытаў усёй серыі Дрыса Вантора, Кэлвіна ван дэр Ліндэ і Шарля Віртса з трыццаць другога экіпажа каманды WRT запатрабаваў рамонту задніх агнёў. І калі гэта вялікай праблемай не стала, і Вантор на сваім адрэзку вывеў экіпаж на трэцюю пазіцыю, то няўдалы абгон кругавога ў яго ж выкананні пазней прывёў ужо да значных пашкоджанняў аўтамабіля.

Экіпаж Сэры, Рыгона і Фуока тым часам спакойна лідзіраваў, гоншчыкі не дапускалі памылак і кантралявалі адрыў, чаму не перашкаджала і цемра (гонка, як і год таму, праходзіла ўвечары). Доўгі час здавалася, што нішто не пагражае і другому месцу восемдзесят восьмага экіпажа Akkodis ASP. Аднак пад канец гонка была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, і на рэстарце меней чым за дзесяць хвілін да сканчэння часу ў атаку на Гунона, які быў за стырном Mercedes-AMG GT3 у той момант, пайшоў Мігель Маліна з пяцьдзесят першага экіпажа Iron Lynx.

У выніку ён разам з Нікласам Нільсэнам і Джэймсам Калада прынёс сваёй камандзе дубль, а Марчэла, Хункадэла і Гунон задаволіліся трэцім месцам. Нядрэнна выступілі таксама гоншчыкі пяцідзсятага экіпажа Rowe Racing Даніэль Харпер, Нэйл Верхаген і Макс Хес, якія фінішавалі на сваёй новенькай BMW M4 GT3 чацвёртымі. А легенда MotoGP Валянціна Росі разам з Фрэдэрыка Вервішам і Ніка Мюлерам замкнуў першую пяцёрку, адыграўшыся за калег па Team WRT.

Рыгон, Фуока і Сэра ў заліку гоншчыкаў зараз займаюць пятую пазіцыю і маюць 38 ачкоў. Марчэла ж можа быць задаволены тым, што ён застаўся лідарам, у яго 93,5 ачка. Вантор з Віртсам у сваю чаргу захавалі другую пазіцыю і маюць, як і раней, 71 ачко. Дый Цімур Багуслаўскі, з якім Марчэла выступае звычайна, але якога не было ў Ле Кастэле, з 56,5 бала па-ранейшаму трэці.

Нарэшце і Akkodis ASP выбраліся на першую пазіцыю ў камандным заліку, адцясніўшы на другую WRT – у іх 103,5 і 94 ачкі адпаведна. Tresor by Car Collection усё гэтак жа трэція, у іх 43,5 бала. Але Iron Lynx, якія выбраліся на чацвёртую пазіцыю і маюць 41 ачко, ужо блізка.

Наступны этап серыі GT World Challenge Europe пройдзе ў фармаце Sprint на наступных выходных, 17-19 чэрвеня, у нідэрландскім Зандварце.

Іншыя пасты блога

Усе пасты