Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Усё ж такі дуэль? От Цянак выйграў бельгійскае Ралі Іпр

Усё ж такі дуэль? От Цянак выйграў бельгійскае Ралі Іпр

Памыляюцца часам нават чэмпіёны свету па ралі, а Кале Раванпэра стаць адным з іх пакуль што толькі рыхтуецца. Таму яго аварыя на Ралі Іпр, яно ж Ралі Бельгія, цалкам выбачальная. І можна нават сказаць, што вельмі дарэчная, таму што ў сукупнасці з перамогай Ота Цянака пакінула інтрыгу жывой.

24 жніўня 2022, 23:04
Усё ж такі дуэль? От Цянак выйграў бельгійскае Ралі Іпр

Фота: wrc.com

Памыляюцца часам нават чэмпіёны свету па ралі, а Кале Раванпэра стаць адным з іх пакуль што толькі рыхтуецца. Таму яго аварыя на Ралі Іпр, яно ж Ралі Бельгія, цалкам выбачальная. І можна нават сказаць, што вельмі дарэчная, таму што ў сукупнасці з перамогай Ота Цянака пакінула інтрыгу жывой.

Сёння Украіна святкуе Дзень незалежнасці, якую абараняе ад агрэсара роўна шэсць месяцаў. За гэты час украінцы даказалі ўсяму свету, што яны сваёй свабоды вартыя, і ніякая зброя не прымусіць іх ад яе адмовіцца. Гэтай іх незалежнасці звар’яцелы расійскі дыктатар ніяк не можа ім дараваць, таму працягвае іх катаваць.

Мы, беларусы, якім тутэйшы дыктатар здрадзіў, аддаўшы свайму расійскаму гаспадару нашу краіну для злачынстваў супраць украінцаў, ім перамогі. І мы ведаем, што перамогу яны атрымаюць, а абодва дыктатары, што развязалі супраць іх вайну, скончаць гэтак жа, як усе агрэсары, што былі ў гісторыі да іх.

Ад імя сваіх чытачоў і падпісчыкаў «Гоначная псіхапатыя» віншуе Украіну са святам. Мы любім вас, украінцы, перажываем за вас і спадзяемся на вас. Вызваліўшы сваю зямлю, вы дапаможаце нам вызваліць нашу, каб ніколі больш з яе да вас не ляцелі ракеты і снарады. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Адным з галоўных памочнікаў Украіне з’яўляецца маленькая, але ганарлівая Эстонія. Не выключаю, што ўжо за гэта шмат хто балее за яе спартсменаў, у тым ліку гоншчыкаў, як чэмпіён свету па ралі 2019 года От Цянак. У мінулыя выхадныя на Ралі Бельгія ён перамог ужо другі раз запар. Дарэчы, выбачаюся перад чытачамі, якіх увёў у зман, напісаўшы ў аглядзе Ралі Фінляндыя, што наступным этапам будзе грэчаскае Ралі Акропаль. Наступным яно ёсць вось цяпер.

Што ж да Цянака, то яму першым шлях да перамогі ў Бельгіі праклаў у тым ліку лідар чэмпіянату з Таёты Кале Раванпэра. Малады фін захапіў быў лідарства на старце ралі ў пятніцу, але разбіў свой GR Yaris Rally1 ужо на другім спецучастку. Першая пазіцыя пасля гэтага перайшла да аднаго з яго партнёраў па камандзе Элфіна Эванса, аднак і Цянак, і яго напарнік па Hyundai Цьеры Нэвіль увесь час былі блізка.

І менавіта бельгіец увечары пятніцы абагнаў эстонца з валійцам, рыхтуючыся паўтарыць свой мінулагодні поспех на хатнім этапе. Права разлічваць на гэта ў яго было, бо ніжэй за другую пазіцыю ён не апускаўся і ў суботу, спаборнічаючы ў асноўным з Цянакам і разам з ім адрываючыся ад Эванса. Першым Цьеры быў і пасля чатырнаццатага допа, які фактычна і стаў для яго апошнім, бо на наступным у аварыю патрапіў ужо ён, таксама «спісаўшы» свой i20 N Rally1.

Задача Цянакам, да якога пасля гэтага перайшло лідарства, гучала проста, але не была такой ужо простай у выкананні. Трэба было не дапусціць памылак, але паспрабуй іх не дапусціць, калі твой аўтамабіль працуе не заўсёды працуе як след (у суботу на аўтамабілі будучага пераможца ўзнікалі праблемы з сістэмай поўнага прываду), а ззаду хуткі супернік.

Эванс нікуды не дзеўся, і ціснуў на Ота, да самага фінальнага суперспэшла ў нядзелю. На якім, дарэчы, перамог Раванпэра, які вярнуўся ў лад па сістэме Rally 2 і зарабіў хаця б гэтыя пяць бонусных балаў (у генеральнай класіфікацыі ён размясціўся на шэсцьдзесят другім месцы).

Элфін на апошнім спецучастку таксама абагнаў Цянака, фінішаваўшы с другім вынікам. Але ў агульным заліку эстонца, які на спецучастку быў чацвёртым, не апярэдзіў, хаця і скараціў адставанне ад яго да пяці секунд. Зрэшты, і другое месца стала для яго выдатным вынікам, тым больш што Toyota адсвяткавала двайны подыум – трэцяе месца заняў Эсапека Лапі.

Цянак дзякуючы сваёй перамозе крыху скараціў адставанне ад Раванпэры ў чэмпіянаце, хаця паміж імі ўсё роўна 72 ачкі (203 у Кале і 131 у Ота). Тым не менш каранацыя фіна пакуль што адкладаецца, і дуэль з эстонцам у яго яшчэ можа завязацца. Паправіў сваё турнірнае становішча і Эванс, які падняўся на трэцюю пазіцыю і мае 116 балаў. Затое Toyota па-ранейшаму ўпэўнена ўзначальвае залік вытворцаў, цяпер з 381 ачком. Hyundai на другой пазіцыі з 293 баламі, M-Sport Ford, у якога 188 ачкоў, на трэцяй.

Пераможцам у катэгорыі WRC2 на Ралі Іпр стаў француз Стэфан Лефэвр, які раней набраўся досведу ў вельмі канкурэнтным нацыянальным бельгійскім чэмпіянаце. Праўда, канкурэнцыя была высокай і на этапе сусветнага першынства, і на сваім Citroën C3 Rally2 ён скрыжаваў шпагі з дзейсным чэмпіёнам катэгорыі Андрэасам Мікельсэнам на Škoda Fabia Rally2.

Іх барацьба ішла да самага фінішу і скончылася з перавагай Лефэвра ўсяго ў 3,1 секунды. Суайчыннік Стэфана Йохан Русэль, які таксама выступае на Citroën і які замкнуў тройку мацнейшых, адстаў на фінішы ралі ўжо амаль на адну хвіліну. У WRC3, дзе ва ўсіх аднолькавыя Ford Fiesta Rally3, усё вырашылася яшчэ на старце, тым больш што і было на ім толькі тры ўдзельнікі. Лідарства адразу захапіў чэх Ян Чэрны, і па выніках ралі вугорца Золтана Ласла, які заняў другое месца, апярэдзіў болей чым на дзесяць з паловай хвілін. А італьянца Энрыка Базолі, які заняў трэцяе месца – амаль што на дзве гадзіны. Зрэшты, таму ўсё сапсавалі механічныя праблемы ў пятніцу і суботу.

Чэмпіянат свету па ралі працягнецца – цяпер ужо дакладна ў Грэцыі – 8-11 верасня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты