Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электрычнасць скончылася. Тэхнічныя праблемы сапсавалі камандзе Rosberg X Racing чацвёрты этап Extreme E

Электрычнасць скончылася. Тэхнічныя праблемы сапсавалі камандзе Rosberg X Racing чацвёрты этап Extreme E

У апошнія выхадныя верасня электрычная пазадарожная гоначная серыя Extreme E гасцявала ў Чылі. Йохан Крыстоферсан і Мікаэла Алін-Катулінскі рыхтаваліся атрымаць там чарговую перамогу, але ў апошні момант зняліся з фіналу. Гэта дазволіла ўпершыню ў сезоне бліснуць Себасцьену Лёбу і Крысціне Гуцьерэс.

7 кастрычніка 2022, 00:13
Электрычнасць скончылася. Тэхнічныя праблемы сапсавалі камандзе Rosberg X Racing чацвёрты этап Extreme E

Фота: Extreme E

У апошнія выхадныя верасня электрычная пазадарожная гоначная серыя Extreme E гасцявала ў Чылі. Йохан Крыстоферсан і Мікаэла Алін-Катулінскі рыхтаваліся атрымаць там чарговую перамогу, але ў апошні момант зняліся з фіналу. Гэта дазволіла ўпершыню ў сезоне бліснуць Себасцьену Лёбу і Крысціне Гуцьерэс.

Сезон Extreme E пачаўся за некалькі дзён да поўнамаштабнага ўварвання расійска-фашысцкіх захопнікаў ва Украіну, якое, на жаль, пакуль не скончылася. Акурат сёння агрэсар нанёс удар па Запарожжу, у якім загінулі і пацярпелі мірныя жыхары. Свае злачынствы вораг спыняць па-ранейшаму не думае.

Аднак помста за загубленыя жыцці ўкраінцаў усіх узростаў насцігае пачвар. Узброеныя сілы Украіны вымятаюць іх са сваёй зямлі і вызваляюць сваіх сяброў, суседзяў, сваякоў і блізкіх. Лепшыя з беларусаў бяруць у гэтым удзел і аддаюць свае жыцці за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі, якая ў чарзе на вызваленне стаіць наступнай. Руская бункерная пачвара расцісне свае кіпцюры і адпусціць нас, калі ўкраінскія героі адсякуць ёй яе хворую галаву. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вялікая колькасць самых розных гонак і малая колькасць гадзін у соднях перашкодзілі «Гоначнай псіхапатыі» своечасова расказаць сваім чытачам пра падзеі чацвёртага этапу Extreme E ў Чылі. Дый паспрабуй засяродзіцца на тэксце пра гонкі, калі ў тваіх суседзяў вайна, а Ілон Маск піша бязглуздыя твіты пра тое, як гэтую вайну скончыць. А ён жа лічыцца геніем і піянерам электрамабілізму!

Толькі наўрад ці хто з разумных людзей будзе заўзець за каманду Tesla, калі яна раптам з’явіцца ў Extreme E. Бо прапаноўваць ахвяры злачынства саступіць злачынцу, расслабіцца і атрымліваць асалоду – гэта не проста бязглуздзіца, а подласць і нахабства. Зрэшты, электрычныя пазадарожныя гонкі і так развіваюцца, і людзі ў іх удзельнічаюць шляхетныя.

Узяць, напрыклад, Йохана Крыстоферсана, чатырохразовага чэмпіёна свету па ралі-кросе і дзейснага чэмпіёна Extreme E. Хіба што чэмпіёнства ён дзеліць з Молі Тэйлар, якая ў гэтым годзе ў серыі ўдзелу не бярэ, і швед выступае разам са сваёй суайчынніцай Мікаэлай Алін-Катулінскі. Гоншчык ён моцны, і ў гонках на машынах Odyssey 21 (яны тут, нагадаю, ва ўсіх аднолькавыя, і адрозніваюцца толькі абвесам) адчувае сябе як рыба ў вадзе, тым больш што фармат уік-эндаў тут падобны на такі ў WRX.

Ну і талент не прап’еш, хаця Йохан, здаецца, шкодных звычак не мае. Як вынік – пяршынства ў кваліфікацыйным заездзе этапу ў Чылі, а потым і перамога ў першым паўфінале, дзе яму з Мікаэлай супрацьстаялі Карлас Сайнс-старэйшы і Лая Санц з каманды Acciona Sainz XE Team і Цімі Хансэн з Каці Манінгс, якія выступаюць за Genesys Andretti United Extreme E.

Той заезд пачыналі кабеты, і лепей за ўсіх стартавала Манінгс, але на яе машыне зламаліся дворнікі, праз што яна хутка адкацілася на трэцюю пазіцыю. Санц у зону змены пілотаў прыбыла першай, але яе каманда спрацавала не так аператыўна, як Rosberg X Racing, і першым на трасу выехаў Крыстоферсан, які не дапусціў памылак і перамог. Іспанскі дуэт фінішаваў другім, брытанска-шведскі трэцім.

Rosberg X Racing – гэта, калі памятаеце, калектыў чэмпіёна Формулы 1 2016 года Ніка Росберга. Ёсць свая каманда ў Extreme E і ў яго былога напарніка па Mercedes і сяміразовага чэмпіёна Вялікіх Прызоў Льюіса Хэмілтана, якая называецца X44 Vida Carbon Racing. І яе экіпаж – дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб з Крысцінай Гуцьерэс – стаў лепшым ў другім паўфінале.

Апошняя заезд пачынала, захапіўшы лідарства ў першых жа паваротах, але ёй кінула выклік дэбютантка серыі Клара Андэрсан, ужо вядомая чытачам «Гоначнай псіхапатыі» па сусветным ралі-кросе. Яна складала кампанію легендзе ралі Дакар Насэру Аль-Аціе, замяняючы ў складзе ABT CUPRA XE Юту Кляйншідт. Яна, нягледзячы на не самы лепшы старт, хутка прарвалася на другую пазіцыю, прыстроіўшыся за Гуцьерэс.

Але Крысціна першай прыбыла да зоны змены пілотаў і паспяхова перадала стырно Лёбу, які ў сваю чаргу не падпусціў Аль-Ацію на адлегласць атакі. Насэр з Кларай фінішавалі другімі, трэцімі сталі Кайл ЛеДзюк і Сара Прайс з GMC Hummer EV Chip Ganassi Racing.

У суцяшальным заездзе Crazy Race лепшым стаў экіпаж NEOM McLaren Extreme E – Танэр Фаўст і Эма Гілмар. Стартавала ізноў жа дзяўчына, якая затым гераічна адбілася ад Кэвіна Хансэна, гоншчыка каманды чэмпіёна Формулы 1 2009 года Джэнсана Батана JBXE, дзе ён выступае разам з Хэдай Хосас. Апошняя на сваім адрэзку рашуча атакавала Фаўста, і справа нават дайшла да кантакту, праз які абое ж выехалі за межы трасы і адхапілі па 5-секундным штрафе ад суддзяў, так што перамога і пуцёўка ў фінал усё роўна дасталася экіпажу McLaren.

Ну а ў фінале, рызыкну выказаць здагадку, многае вырашылася да старту, калі на машыне Крыстоферсана і Алін-Катулінскі ўзніклі тэхнічныя непаладкі, праз якія яны сышлі з дыстанцыі. Шкада, бо з імі дакладна было нават яшчэ весялей, чым было. Лёб стартаваў лепей за ўсіх, але праз некалькі паваротаў адчуў ціск з боку Фаўста, які нават абагнаў яго ў на другім кругу з чатырох.

Француз пайшоў у контратаку акурат перад зонай змены пілотаў, і справа, як і ў першы раз, дайшла да невялікага кантакту, чым Фаўст быў незадаволены. Амерыканец, праўда, усё роўна заехаў туды першым, а Гілмар першай яе пакінула, але была адразу паспяхова атакаваная Крысцінай Гуцьерэс, якая выкарыстала рэжым Hyperdrive.

Аднак Эма не адступілася і працягнула атакаваць іспанку, вынікам чаго стаў абгон незадоўга да фінішу. Новазеландка першай дабралася да яго, але па ходу дыстанцыі яна збіла абмежавальны сцяжок, за што каманда NEOM McLaren Extreme E атрымала 10-секунды штраф і адкацілася на пятае і апошняе месца.

Пераможцамі ў выніку сталі Лёб з Гуцьерэс і X44 Vida Carbon Racing. ЛеДзюк і Прайс фізічна фінішавалі трэцімі, але дапусцілі такое ж парушэнне, што і McLaren, таму ў пратаколе не падняліся, а апусціліся на чацвёртае месца. Другое ж занялі Сайнс і Санц, а замкнулі першую тройку Аль-Ація і Андэрсан.

Нягледзячы на няўдачу ў Чылі, у чэмпіянаце лідарства захавалі Rosberg X Racing і Крыстоферсан з Алін-Катулінскі, у якіх 83 ачкі. Лёб з Гуцьерэс і X44 Vida Carbon Racing другія, у іх 66 балаў, што на шэсць болей, чым у Сайнса і Санц з Acciona Sainz XE Team, якія замыкаюць першую тройку.

Наступны этап серыі Extreme E будзе апошнім у гэтым сезоне. Пройдзе ён 26-27 лістапада ва ўругвайскім Пунта-дэль-Эстэ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты