Самы вялікі цырк. Пасля Гран Пры Мексікі абмяркоўваць прыходзіцца не яго

Прадказаць, чым скончыцца гонка Формулы 1 на Аўтадроме імя братоў Радрыгес у Мехіка было лёгка ўжо пасля кваліфікацыі. І на самой справе, падзей, вартых таго, каб іх успомніць, набралася зусім нямнога. Затое скандалаў па-за трасай было багата.

Самы вялікі цырк. Пасля Гран Пры Мексікі абмяркоўваць прыходзіцца не яго

Фота: formula1.com

Прадказаць, чым скончыцца гонка Формулы 1 на Аўтадроме імя братоў Радрыгес у Мехіка было лёгка ўжо пасля кваліфікацыі. І на самой справе, падзей, вартых таго, каб іх успомніць, набралася зусім нямнога. Затое скандалаў па-за трасай было багата.

Сёння расійска-фашысцкія захопнікі працягнулі свае тэрарыстычныя дзеянні ва Украіне, атакаваўшы яе крылатымі ракетамі. Звар’яцелы дыктатар ваюе не з украінскай арміяй, а найперш менавіта з украінскім народам. Хворы на галаву і закамплексаваны карлік вырашыў адпомсціць суседзям проста за факт іх існавання.

Яго злачынствы ў такім маштабе былі б немагчымыя без дапамогі яго паслугача, якога ён абараніў ад беларусаў і які здаў яму Беларусь. Каб Украіна і ўвесь свет былі ў бяспецы, пакараць неабходна абодвух дыктатараў. Без свабоднай Беларусі, як слушна адзначыла яе прэзідэнт, свабоднай Украіны не будзе, як і наадварот.

Узброеныя сілы Украіны разам з беларусамі ў сваім складзе зараз выконваюць справу гістарычнай важнасці. Два народы імкнуцца вызваліцца ад імперыі, якая, паміраючы, распаўсюджвае сваю атруту, і змагаюцца супраць агульнага ворага. Агульным у нас будзе і вызваленне. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Выказацца гэтак жа бадзёра пра Формулу 1 на мінулым тыдні не атрымлівалася ну ніяк. Не дарэмна яе апроч іншага называюць яшчэ і Вялікім Цыркам. Я б сказаў, самым вялікім, бо пасля падзей паміж Гран Пры ЗША і Мексікі (апошні, дарэчы, афіцыйна ёсць Гран Пры менавіта Мехіка) смяяцца ў цырку звычайным ужо наўрад ці атрымаецца.

Вось, напрыклад, гісторыя з Фернанда Алонса, якога пазбавілі сёмага месца пасля гонкі ў Осціне. Маўляў, яго машына была небяспечнай, бо адно з люстэркаў боўталася і нарэшце адвалілася. Каманда Haas, пілота якой Кэвіна Магнусэна і за меншае, на іх думку, раней ганялі ў боксы чорна-аранжавым сцягам, падала пратэст, які быў задаволены.

Аднак у Alpine гэтае рашэнне абскардзілі, прычым двойчы, бо існуючыя працэдуры не прадугледжваюць апеляцыю пратэсту. Тады прадстаўнікі абскардзілі парадак падачы гэтага пратэсту камандай Haas, якая пасля фінішу Гран Пры ЗША спазнілася з гэтым. У FIA былі заплюшчылі на гэта вочы, сказаўшы, што своечасова гэта зрабіць было немагчыма. Прадстаўнікі ж Alpine з оксфардскім слоўнікам у руках растлумачылі сэнс слова «немагчыма», і Міжнародная аўтамабільная федэрацыя з імі пагадзілася, прызнаўшы пратэст Haas нядзейсным і вярнуўшы Алонса яго сёмае месца ў Осціне.

Добра што хоць з парадкам прымянення чорна-аранжавых сцягоў паабяцалі разабрацца. У прыватнасці, машыны без люстэркаў лічыцца небяспечнымі ўжо не будуць. Было б яшчэ нядрэнна, каб і з кантавымі пласцінамі антыкрылаў разабраліся. Для мяне, напрыклад, відавочна, што калі яны надламаныя, як некалькі разоў у гэтым годзе было ў Магнусэна, то гэта можа ўскладняць кіраванне машынай, але наўрад ці небяспечна для астатніх пілотаў.

Перавышэнне бюджэту – рэч бяспечная, але ёсць парушэннем фінансавага рэгламенту Формулы 1. Яго ў мінулым годзе дапусціла каманда Red Bull Racing. Фактычна перарасход склаў крыху болей за 400 000 долараў, што па мерках чэмпіянату свету не надта шмат. Праўда, агульная сума, калі ўлічваць няправільна аформлены падаткавы вылік, склала амаль два мільёны долараў.

Парушэнні, па дадзеных нямецкай прэсы, былі дапушчаныя ў выдатках на харчаванне персаналу, сацыяльных выплатах, прэміях супрацоўнікам, зарплатах стажорам, выдатках на эксплуатацыю сілавых установак і камандзіровачных выдатках. Прычым былі яны не наўмысныя, проста ўзнікла блытаніна ў размеркаванні выдаткаў паміж аддзеламі.

Тым не менш, FIA наклала на каманду з Мілтан-Кінса штраф у сем мільёнаў долараў і на наступныя дванаццаць месяцаў на дзесяць адсоткаў скараціла даступны для яе час карыстання аэрадынамічнай трубой. Крысціан Хорнэр з Хельмутам Марка чакана назвалі такое пакаранне драконаўскім, іх канкурэнты не пагадзіліся і ў адзін голас заклікалі FIA ў будучыні караць парушальнікаў больш жорстка.

Зразумела, зрэшты, што сем мільёнаў для каманды, што належыць велізарнай карпарацыі, не будзе нечым адчувальным, тым больш што ў суму гадавога бюджэту штраф не ўваходзіць, і скарачаць яго на гэтыя сем мільёнаў не спатрэбіцца. Спартыўнае пакаранне – скарочаны час карыстання трубой – быццам бы больш адчувальны, але ў Red Bull ёсць Эдрыан Ньюі, які, здаецца, можа зрабіць хуткімі нават баліды Williams.

Добра што хоць не пачалося маханне кулакамі пасля бойкі, і вынікі мінулага сезона каралеўскіх аўтагонак пераглядаць ніхто не стаў. Макс Ферстапен застаўся чэмпіёнам 2021 года, а ў 2022-м пасля перамогі ў Японіі стаў двухразовым. Red Bull жа яшчэ ў Осціне сталі ўладальнікамі Кубку канструктараў, таму астатнія этапы, у тым ліку мексіканскі, даюць адказы ўжо на другасныя пытанні.

Галоўнае з іх – хто ў чэмпіянаце будзе лепшым з астатніх, і яно пакуль адкрытае. А вось у Мехіка такім стаў сяміразовы чэмпіён з Mercedes Льюіс Хэмілтан. Не, сапраўднага выкліку Максу Ферстапену ён не кінуў – нідэрландзец упэўнена кантраляваў гонку ад старту да фінішу, што на мяккіх шынах на першым адрэзку, што на «медыуме» потым.

Брытанец жа на старце апярэдзіў свайго суайчынніка і напарніка Джорджа Расэла, які напярэдадні кваліфікаваўся другім. Тое ж самае зрабіў напарнік Ферстапена Серхіа Перэс, якому перад хатнімі трыбунамі ў суботу праз праблемы з электрыкай і DRS бліснуць не ўдалася. Супрацьстаянне Хэмілтана з ім і стала адной з галоўных інтрыг мексіканскага Гран Пры.

Пасля свайго піт-стопа, адзінага, як і ў Макса і Льюіса, Чэка быў ці не самым хуткім на трасе, асабліва адносна канкурэнта з Mercedes, якога, у адрозненні ад мексіканца, пераабулі не ў Medium, а ў Hard. Праўда, падчас прыпынку Перэса ўзнікла замінка з адным з колаў, якая каштавала яму некалькіх секунд. Іх, верагодна, Серхіа і не хапіла, каб наблізіцца да Хэмілтана на адлегласць атакі.

У другой палове гонкі разрыў паміж імі двума скараціўся амаль да адной секунды, аднак наблізіцца да сяміразовага чэмпіёна яшчэ крыху, каб атрымаць магчымасць карыстацца DRS, у Перэса не атрымалася. У выніку ён задаволіўся трэцім месцам, а Хэмілтан заняў другое. Ну а Ферстапен перамог, ужо ў чатырнаццаты раз у сезоне, што стала новым рэкордам Формулы 1. Папярэдні – трынаццаць перамог за сезон, дзялілі паміж сабой Себасцьян Фетэль і Міхаэль Шумахер.

Гоншчыкам дня і ледзь не галоўным героем гонкі ў Мехіка стаў пілот McLaren Даніэль Рыкарда, які ўжо настроены на тое, што прапусціць наступны сезон. Самае рэальнае, што яму зараз свеціць – гэта роля запаснога пілота. Дзе – пакуль што невядома. Хоць калі б у брытанскім калектыве пабачылі яго толькі ўчарашні выступ, то дакладна не адмовіліся б ад яго паслуг.

Кваліфікацыя Гран Пры Мехіка завяршылася для аўстралійца не надта ўдала, ужо ў другім сегменце. Ён паказаў адзінаццаты вынік, дый стартаваў у гонцы не лепшым чынам. А калі бароўся з канкурэнтам з AlphaTauri Юкі Цунодай на пяцьдзесят першым кругу, атакаваўшы японца ў адной са звязак паваротаў, дапусціў кантакт з ім. Іх баліды крануліся коламі, Цунодаў падскочыў у паветра, а ў выніку прызямлення зламалася яго падвеска, і Які сышоў з дыстанцыі.

Дэн гонку працягнуў, але атрымаў штраф у 10 секунд. Аднак пры гэтым не толькі не кінуў бароцца, а націснуў на газ, правёў шэраг абгонаў і прарваўся на сёмае месца. Якое захаваў, бо ад бліжэйшага пераследніка, якім быў пілот Alpine Эстэбан Акон, здолеў адарвацца дастаткова. Медаед сапраўды ўпрыгожыў небагатую на падзеі гонку на Аўтадроме імя братоў Радрыгес.

Яе вынікі на чэмпіянат паўплывалі мала. Ферстапен свой ачковы рахунак давёў да 416 пунктаў, а Перэс – да 280, што дапамагло яму вярнуцца на другую пазіцыю. Ferrari ў Мехіка тэмпу не хапала, што магло быць звазана і са знаходжаннем трасы на вышыні больш за 2 200 метраў над узроўнем мора, таму Карлас Сайнс і Шарль Леклер саступілі нават Мерсэдэсам – іспанец фінішаваў пятым, манэгаск – шостым. Апошні цяпер з 275 баламі замыкае першую тройку чэмпіянату. Кубак канструктараў Red Bull трымае, маючы 696 ачкоў. Ferrari з 487 баламі другая, Mercedes у сарака ачках ззаду і на трэцяй пазіцыі.

Наперадзе засталося ўсяго два этапы гэтага сезона Формулы 1, наступны праз два тыдні прыме ўсімі любімая траса Інтэрлагас у Сан-Паўлу, Гран Пры якога, як і ў мінулым годзе, гэта афіцыйна і будзе. І, як ізноў жа і год таму, ён пройдзе ў фармаце з суботнім спрынтам.

Іншыя пасты блога

6 студзеня, 15:14