Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Тытул варты таго, каб чакаць. Франчэска Баньяя стаў першым за пятнаццаць гадоў чэмпіёнам MotoGP у складзе Ducati
Блогі

Тытул варты таго, каб чакаць. Франчэска Баньяя стаў першым за пятнаццаць гадоў чэмпіёнам MotoGP у складзе Ducati

Агляд

8 лістапада 2022, 17:56
Тытул варты таго, каб чакаць. Франчэска Баньяя стаў першым за пятнаццаць гадоў чэмпіёнам MotoGP у складзе Ducati

Фота: motogp.com

Апошнім чэмпіёнам каманды з Борга-Панігале быў дагэтуль Кэйсі Стоўнэр, які выйграў тытул чэмпіёна MotoGP у 2007 годзе. Аўстраліец тады быў амаль што дамінатарам па ходу ўсяго сезона, а вось італьянцу Франчэска Баньяі ў 2022-м спатрэбілася ўдача.

Расійска-фашысцкім захопнікам, якія прыйшлі з вайной ва Украіну, удача лішняй не будзе, але яна іх усё адно не ўратуе. Агрэсія супраць мірнага народа ніколі нічым добрым для агрэсара не сканчалася, і нішто не ўказвае на тое, што ў гэты раз будзе неяк інакш.

Войску звар’яцелага расійскага дыктатара не дапаможа нават яго паслугач, што пануе ў Беларусі, калі ён кіне супраць нашых суседзяў сваіх ваяроў. Ваяваць яны абучаныя найперш супраць беларусаў, у якіх два гады таму скралі іх выбар і якія пра гэта не забыліся. Поўнамаштабны саўдзел у злачынстве толькі паскорыць непазбежнае падзенне калгаснага рэжыму. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Магчыма, на ўкраінцаў у пэўны момант цяпер ужо мінулага сезона MotoGP паглядзеў новы чэмпіён Франчэска Баньяя. Наколькі непераканаўчай выйшла ў яго першая палова чэмпіянату, настолькі ж моцна, хоць і небездакорна, Пэка правёў другую. Аднак пры гэтым каранацыя яго адклалася да фінальнага этапу – Гран Пры Валенсіі, які прайшоў у мінулыя выхадныя.

Пры гэтым каранацыя гэта мелася быць даволі эфектнай, таму што сам Баньяя, які прыехаў на трасу імя Рыкарда Торма лідарам чэмпіянату, у кваліфікацыі паказаў толькі восьмы вынік. Тады як яго галоўны супернік з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара, на той момант яшчэ афіцыйна дзейсны чэмпіён, кваліфікаваўся чацвёртым.

Праўда, выйграў Эль Д’ябла ад гэтага нямнога, бо нават перамога ў гонцы не гарантавала яму захавання тытулу – Баньяя пры гэтым мусіў быў фінішаваць ніжэй за чатырнаццатае месца. З іншага боку, італьянец быў у ролі таго, хто даганяе, і ў запалу барацьбы мог памыліцца і ўпасці, што неаднаразова ў гэтым годзе бывала.

Без падзення ў выніку абышлося, але простым заезд для гоншчыка Ducati Lenovo Team не быў. Першыя кругі ў яго выдаліся даволі нядрэннымі, і Куартарара Франэчска абагнаў ужо на другім кругу, хутка пасля таго, як гэта зрабіў яго ўжо былы напарнік Джэк Мілер. Але на дзясятым кругу барацьба француза і італьянца ледзь не зайшла занадта далёка, і паміж імі адбыўся кантакт, у выніку якога Desmosedici GP22 Франчэска застаўся без аднаго з вінглетаў – аэрадынамічных элементаў на пярэдняй частцы.

Магчыма, гэта неяк паўплывала на баланс матацыкла Ducati, таму што Баньяя пакрысе губляў тэмп і пазіцыі, адкаціўшыся ў выніку да дзявятай, на якой і фінішаваў. Але хаця б фінішаваў, у адрозненні ад шасціразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі з Repsol Honda Team Марка Маркеса, які ўпаў на тым жа дзясятым кругу, праз чатыры пасля таго, як яго ў спрэчцы за трэцюю пазіцыю абагнаў Мілер. Які таксама сваю апошнюю гонку за Ducati скончыў падзеннем за пяць кругоў да фінішу.

Першым жа фінішаваў гоншчык Team Suzuki Ecstar Алекс Рынс, які ўжо на старце прарваўся з пятай пазіцыі на лідарскую. Іспанец прыгожа скончыў главу каманды з Хамамацу, якая, на жаль, пакідае чэмпіянат. Спадзяемся, не назаўсёды.

Уладальнік поўлу з Prima Pramac Racing Хорхе Марцін задаволіўся трэцім месцам, саступіўшы ўжо новаму напарніку Мілера па Red Bull KTM Factory Racing Брэду Біндэру. Паўдневаафрыканец стартаваў сёмым, але ў другой палове гонкі быў надзвычай актыўным і хуткім і заслужана заняў другое месца.

Куартарара фінішаваў чацвёртым і атрымаў да свайго тытулу прыстаўку «віцэ». Ён набраў 248 ачкоў, на сямнаццаць адстаўшы ад Баньяі, які, адпаведна, зарабіў 265. Трэцяе месца заняў новы напарнік Пэка Энеа Басціаніні, які развітаўся з Gresini Racing, заняўшы восьмае месца і зноў зладзіўшы дуэль з Франчэска. Сезон 2022 года ён скончыў з 219 баламі.

Камандны залік яшчэ па выніках папярэдняга Гран Пры Малайзіі выйграла Ducati Lenovo Team, у якой па выніках усяго сезона стала 454 ачкі. Red Bull KTM Factory Racing на другім месцы з 337 ачкамі, што ўсяго на тры болей, чым у Aprilia Racing якія замкнулі першую тройку. У Валенсіі ім не пашанцавала – Алейш Эспаргара і Маверык Віньялес абодва сышлі з дыстанцыі.

Сезон MotoGP 2022 года скончаны, затое ўжо фактычна стартаваў новы – гоншчыкі не пакінулі Валенсію, а ўжо праводзяць там перадсезонныя тэсты сезона-2023. Тыя з іх, хто каманды змяніў, едуць ужо за новыя. Наперадзе яшчэ дзве тэставыя сесіі ў Малайзіі ў лютым, а сезон пачнецца ў сакавіку ў партугальскім Парцімане. Будзем спадзявацца, ён будзе не меней цікавым, чым мінулы. «Гоначная псіхапатыя» ж працягвае сваю працу – наперадзе фінальныя этапы іншых чэмпіянатаў. Чытайце гэты блог і Тэлеграм-канал Формула перамогі – беларушчына нават важнейшая за гонкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты