Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першая перамога Джорджа Расэла і дзіўны эгаізм Макса Ферстапена на Гран Пры Сан-Паўлу

Першая перамога Джорджа Расэла і дзіўны эгаізм Макса Ферстапена на Гран Пры Сан-Паўлу

Гэта нарэшце адбылося

14 лістапада 2022, 17:28
Першая перамога Джорджа Расэла і дзіўны эгаізм Макса Ферстапена на Гран Пры Сан-Паўлу

Фота: formula1.com

Гэта нарэшце адбылося – каманда Mercedes высілкамі свайго навабранца Джорджа Расэла на Гран Пры Сан-Паўлу нарэшце перарвала беспераможную серыю, што цягнулася з канца мінулага сезона Формулы 1. Падзея адметная, тым больш што малады брытанец стаў мацнейшым і ў суботнім спрынце, і ў нядзельнай гонцы. Але абмяркоўваюць замест гэтага цяпер усе паводзіны Макса Ферстапена.

Але ёсць і добрыя навіны, нават цудоўныя, якія падарылі таксама мінулы выхадныя. Узброеныя сілы Украіны нарэшце вызвалілі ад расійска-фашысцкіх захопнікаў Херсон. Агрэсар жа яшчэ нават нічога і не пачынаў, я маю на ўвазе адступленне. І яго яшчэ ёсць адкуль выціскаць і дзе знішчаць.

Ваенная параза расійскага дыктатара неабходная ўсяму свету, хоць не ўвесь ён гэта яшчэ зразумеў. Дыктатурам і ўзурпатарам не месца ў цэнтры Еўропы, і перамога Украіны будзе мець важнае значэнне і для вызвалення Беларусі.

Нашы суайчыннікі дапамагаюць украінцам і плацяць сваімі жыццямі за іх і за нашу свабоду. Калгаснаму самазванцу, як і яго расійскаму гаспадару, прыйдзецца адказваць перад двума народамі за злачынствы супраць іх. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Нечакана дала надзею на лепшае і Формула 1. Непераможныя, здавалася, Макс Ферстапен і Red Bull раптам саступілі, і каму! Mercedes са сваім новым балідам W13 мучыўся з самага пачатку. Пару разоў удача ім ужо гатовая была ўсміхнуцца, але чыстай хуткасці для поўнамаштабнай барацьбы за перамогі ўсё роўна не ставала.

Аднак абодвух канкурэнтаў з Ferrari, напрыклад, у Мехіка ззаду пакінулі і Льюіс Хэмілтан, і Джордж Расэл. Паўтарыць такі ж трук у Сан-Паўлу ў Срэбраных Стрэлах не разлічвалі. Усе чакалі, што на доўгіх прамых Аўтадрома імя Жазэ Карлуса Пасэ, болей вядомым як Інтэрлагас, ізноў не будзе роўных машынам Red Bull RB18, але адбылося такое, чаго не дапускаў, здаецца, ніхто.

Сенсацыі пачаліся яшчэ ў пятніцу, калі праходзіла кваліфікацыя, як заўсёды бывае на ўік-эндах з суботнімі спрынтамі, стартавы парадак у якіх кваліфікацыя і вызначае. А ўжо вынікам спрынта адпавядае стартавая рашотка нядзельнай гонкі, калі няма штрафаў, вядома (яны ўжываюцца менавіта ў нядзелю). Праўда, гэта правіла ў наступным годзе можа быць перагледжанае, за што выступаюць у камандах. Дэталі пакуль невядомыя, дый справа гэта будучыні.

А ў мінулую суботу ў кароткай гонцы першым стартаваў… Сказалі б пра такое яшчэ ў Мехіка – ніхто б не паверыў! Зрэшты, у ход пятнічнай кваліфікацыі ўмяшалася нябесная канцылярыя – за паўгадзіны да пачатку першага сегмента прайшоў дождж, і траса была мокрай. Але ўсё ішло больш ці менш па накатанай каляіне да самага фіналу, у якім і здарылася сенсацыя.

Аўтарам яе, дарэчы, стаў якраз Джордж Расэл, які вылецеў з трасы ў чацвёртым павароце адразу пасля таго, як скончыў сваю першую спробу. Газануўшы, брытанец паспрабаваў развярнуцца, каб ізноў выехаць на гоначнае палатно, але замест гэтага зарыўся ў гравіі і стаў вінаватым у чырвоных сцягах.

Пры гэтым пілот Mercedes паспеў паказаць трэці вынік, саступіўшы толькі дзейснаму і ўжо двухразоваму чэмпіёну Максу Ферстапену і пілоту Haas Кэвіну Магнусэну. І калі дагэтуль траса паступова падсыхала, дазваляючы ўсім выкарыстоўваць мяккія слікі, то за час паўзы, за якую маршалы прыбіралі балід Расэла, дождж усё ж такі распачаўся ізноў, і палепшыць свае часы не атрымалася ні ў каго.

Балючай за ўсё было пілоту Ferrari Шарлю Леклеру. У той час, як усе астатнія на свае першыя і, як выявілася, адзіныя спробы выехалі на «софтах», яго машыну ў Скудэрыі вырашылі абуць у прамежкавыя шыны. Паказаць на іх час, лепшы за дзясяты, на яшчэ сухой трасе ў манэгаска, вядома, не атрымалася. Ну а каманда Ferrari ізноў стала аб’ектам жартаў і мемаў у сацыяльных сетках.

Затое ўжо як мінімум суботні спрынт абяцаў быць цікавым, што спраўдзілася значна болей, чым на сто адсоткаў. Не, Магнусэн, на жаль, не перамог. Ужо на сухой трасе супрацьпаставіць супернікам ззаду датчанін не знайшоў чаго, паступова адкаціўшыся на восьмую пазіцыю. Таму зусім ужо прыгожага падарунку на 70-годдзе ўладальніка амерыканскай каманды Джына Хааса не атрымалася.

Дарэчы, на гэтым тыдні мы можам пачуць імя напарніка Кэвіна ў наступным годзе. І наўрад ці ім застанецца Мік Шумахер. Проста ацаніце яго вынік у кваліфікацыі і параўнайце яго з поўлам Магнусэна – дваццатая пазіцыя. Сына сяміразовага чэмпіёна, вядома, шкада, але і каманду можна будзе зразумець. Тым больш што зарабіць ачкі ні ў суботу, ні ў нядзелю ў немца не атрымалася.

Затое што атрымалася ў Mercedes! Калі на дванаццатым кругу спрынта Расэл пайшоў у атаку на Ферстапена, асабіста я сваім вачам не паверыў. А калі праз тры кругі брытанец прайшоў нідэрландца, мне падалося, што я сплю. Вось табе і хуткасць RB18 на прамых. Прычым растлумачыць такі надахоп тэмпу Макса адным толькі няўдалым выбарам шын (ён стартаваў на Medium, тады як амаль усе астатнія абралі Soft) цяжка.

Так ці інакш, на дзевятнаццатым кругу Ферстапена абагнаў Карлас Сайнс, які паспяхова прарываўся з пятай пазіцыі на старце, а на дваццатым – і закляты сябар Макса Льюіс Хэмілтан. Так бы і стартаваць пілоту Red Bull Racing чацвёртым, калі б не штраф Сайнса ў пяць пазіцый за замену рухавіка ўнутранага згарання напярэдадні Гран Пры Сан-Паўлу.

Падзей спрынта хапіла б і на нядзельную гонку, але і яна выйшла даволі вясёлай на фоне астатняга сезона. Праўда, не ўсе яе падзеі тычыліся непасродна лідараў. Першы раз аўтамабіль бяспекі, напрыклад, выехаў на трасу ўжо на другім кругу праз аварыю Магнусэна і Даніэля Рыкарда. Аўстраліец з McLaren лёгка падпіхнуў Кэвіна ў восьмым павароце, у выніку чаго яго закруціла і ён прыбраў якраз Дэна. Суддзі пасля фінішу прызналі вінаватым у інцыдэнце менавіта яго і пазбавілі яго трох пазіцый на старце Гран Пры Абу-Дабі.

Аўтамабіль бяспекі ж спрасаваў пелатон, і рэстарт на шостым кругу прымусіў усіх успомніць шмат момантаў мінулага года. Ферстапен на ўваходзе ў першую звязку паваротаў S do Senna пайшоў у атаку на Хэмілтана, і паміж іх аўтамабілямі адбыўся кантакт. Машыны атрымалі пашкоджанні, але абышлося без аварыі і сходаў. Хіба што абодва удзельніка сутыкнення страцілі некалькі пазіцый.

Вінаватым тут суддзі прызналі Макса, якога аштрафавалі на пяць секунд. Пакаранне ён адбыў, заехаўшы пазней на першы піт-стоп. Аналагічныя санкцыі прымянілі і супраць Ланда Норыса, які дапусціў кантакт з Леклерам, адправіўшы Шарля ў адбойнік на выхадзе з Ferra Dura. На шчасце манэгаска, значных пашкоджанняў яго машына не атрымала, і ён нават здолеў потым прарвацца з апошняй пазіцыі на чацвёртае месца, што таксама дае пэўную надзею.

Прарываліся паступова і Хэмілтан з Ферстапенам. Прычым Льюіс ужо на сорак пятым кругу паспяхова атакаваў у барацьбе за другую пазіцыю напарніка Макса Серхіа Перэса. Тэмпу Чэка яўна не хапала, і на шэсцьдзесят трэцім кругу, ужо пасля другога перыяду аўтамабіля бяспекі (дванаццаццю кругамі раней праз адмову рухавіка на трасе спыніўся Норыс), мексіканца абагнаў Сайнс, а за наступныя два кругі – і Леклер з Фернанда Алонса.

На шэсцьдзесят сёмым кругу Серхіа папрасілі прапусціць і Ферстапена. У Red Bull, па ўсяму відаць, разлічвалі, што Макс здолее абагнаць Алонса. Але гэта нідэрландцу не ўдалася, і каманда ўжо яго папрасіла вярнуць пазіцыю Перэсу на апошнім кругу. На што двухразовы чэмпіён адрэагаваў надзвычай рэзка. Маўляў, ніколі да мяне з такімі прапановамі не звяртайцеся.

Што гэта было, зараз ламаюць галовы ўсе. Макс прыхварэў зорнай хваробай? Яго дэмарш непрыемна ўразіў нават Хельмута Марка, які заявіў пасля, што каманда разлічвае скончыць сезон з дублем у асабістым заліку, і Ферстапен абавязаны дапамагаць Перэсу, а не ставіць свае інтарэсы вышэй за камандныя. Дый з чыста чалавечага гледзішча нідэрландзец зрабіў непрыгожы ўчынак.

Яго можна было б зразумець, калі б ён яшчэ біўся за чэмпіянат, але ён яго ўжо выйграў. Чаму б не падзякаваць Серхіа за падтрымку і не дапамагчы яму выканаць яго задачы? Глава калектыву з Мілтан-Кінса адразу правёў размову са сваімі падначаленымі, і яны быццам бы паціснулі рукі адзін аднаму. Аднак эмацыйныя каментарыі Чэка даюць зразумець, што ён пра гэты эпізод не забудзецца, і што камандны дух у Red Bull сапсаваны. І гэта можа мець вельмі непрыемныя наступствы ў будучыні.

Затое на вуліцы Mercedes было свята, якое нішто не азмрочвала. Магчыма, дзеля справядлівасці першую ў сезоне перамогу камандзе з Браклі мусіў быў прынесці Льюіс Хэмілан. Аднак у тым, што гэта зрабіў Джордж Расэл, ёсць пэўны сімвалізм. Моладзь ні ў чым не саступае дасведчаным чэмпіёнам, і калі наступны аўтамабіль Срэбраных Стрэлаў паедзе ад пачатку, будзе вельмі цікава.

Пазней, дарэчы, ў Мерэсдэсе прызналіся, што да фінішу Джордж мог і не даехаць – на яго балідзе ўзнікла ўцечка вады з сістэмы ахалоджвання. Таму яго машына апошнія кругі праязджала на чэсным слове. Але ён перамог, чэсна і заслужана, а Льюіс забяспечыў камандзе дубль. Замкнуў першую тройку ў Сан-Паўлу Карлас Сайнс, таму і ў Ferrari згублена не ўсё. Хаця з гоначным мэнэджментам трэба нешта рабіць.

Што рабіць са сваімі гоншчыкамі камандзе Red Bull, там, думаю, таксама разбяруцца. На гэты сезон першачарговыя задачы выкананыя. Ферстапен чэмпіён ужо з 429 баламі. А вось Перэс апусціўся на трэці радок, саступіўшы другі Леклеру. Той апярэджвае Чэка па колькасці перамог, а вось ачкоў у іх роўная колькасць – па 290. Расэл адстае ад іх на дваццаць пяць балаў і займае чацвёртую пазіцыю. Red Bull, маючы 719 балаў, з’яўляецца ўладальнікам Кубку канструктараў. Ferrari мае 524 ачкі і займае другую пазіцыю, Mercedes з 505 баламі на трэцяй.

Згаданы вышэй Гран Пры Абу-Дабі будзе фіналам гэтага сезона, і пройдзе ён ужо на гэтым тыдні. Чэмпіянат свету імкліва набліжаецца да фінішнай рысы, і хутка мы будзем падводзіць яго вынікі. А пакуль раю чытаць навіны ў Тэлеграм-канале Формула перамогі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты