Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Хэт-трык Разгатліоглу і тытул Баўцісты. Інданэзійскі этап сусветнага Супербайка стаў вырашальным

Хэт-трык Разгатліоглу і тытул Баўцісты. Інданэзійскі этап сусветнага Супербайка стаў вырашальным

18 лістапада 2022, 23:13
Хэт-трык Разгатліоглу і тытул Баўцісты. Інданэзійскі этап сусветнага Супербайка стаў вырашальным

Фота: worldsbk.com

Другі год запар чэмпіёна WSBK завуць не Джонатан Рэй. Альвара Баўсціта некалі ўжо кідаў выклік брытанцу, а ў гэтым годзе кінуў яго і цяпер ужо былому чэмпіёну Топраку Разгатліоглу, які ў выніку тытул саступіў. Але этап на трасе Мандаліка турак правёў выдатна.

Адзнакі «выдатна» безумоўна заслугоўваюць за сваю цяжкую, але паспяховую і гераічную працу Узброеныя сілы Украіны. Праца гэта важная ў тым ліку і нам, беларусам. Перамога ўкраінцаў і вызваленне іх ад расійска-фашысцкіх захопнікаў наблізяць і нашае вызваленне ад іх і ад тутэйшага калгаснага дыктатара. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Перамагчы ў сусветным Супербайке, канечне, лягчэй, чым у вайне са звар’яцелым закамплексаваным карлікавым імператарам, які не шкадуе сваё войска (не кажучы пра суседні народ). Але зараз гэта не так проста, як у часы дамінавання Джонатана Рэя.

У мінулым годзе брытанец з Kawasaki Racing Team WorldSBK практычна да канца біўся са сваім турэцкім канкурэнтам з Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топракам Разгатліоглу, і ў сёмы раз каранаваны не быў. А ў гэтым годзе да іх спрэчкі далучыўся Альвара Баўціста, які пасля адлучэння ў завадскую Хонду вярнуўся ў завадскую ж Aruba.it Racing-Ducati.

Так, іспанец выйграў тытул датэрмінова, па выніках этапу ў Інданэзіі, які прайшоў у мінулы ўік-энд. Але якраз на прыкладзе гонак на трасе Мандаліка бачна, што так ужо лёгка не было ў гэтым годзе і Альвара, і змагацца яму прыйшлося з моцнымі канкурэнтамі. Сведчаннем таму – дамінаванне на этапе Топрака Разгатліоглу.

Гоншчык Ямахі пачаў з таго, што выйграў у кваліфікацыі, і ў першай гонцы ў суботу не падпусціў да сябе нікога і блізка. Баўціста, які фінішаваў другім, адстаў болей чым на чатыры секунды. Зрэшты, стартаваў Альвара пятым, і яму было каго абганяць. Напрыклад, напарніка Разгатліоглу Андрэа Лакатэлі на трэцім кругу, якога кругам раней абышоў Рэй.

Пазней Баўціста счапіўся і з Джонатанам, і ў выніку прайшоў і яго. Аднак Разгатліоглу быў ужо далёка. Не дапамагла Альвара нават памылка Топрака, якую ён дапусціў на трынаццатым кругу ў сёмым павароце, зрэзаўшы яго і страціўшы на гэтым пару секунд. Разгатліоглу ўсё роўна перамог. Рэй фінішаваў следам за Баўцістай на трэцяй пазіцыі.

Ранішні нядзельны суперпоўл-спрынт быў болей напружаным. Разгатліоглу ізноў рэалізаваў перавагу поўлу, але Рэй на трэцім кругу паспяхова атакаваў яго ў дванаццатым павароце. Аднак Топрак вярнуў сабе першую пазіцыю на сёмым кругу ў дзясятым павароце, і болей яе не саступіў. Рэй фінішаваў другім, трэцяе месца заняў Лакатэлі.

Баўціста ў кароткай гонцы адыграў толькі адну пазіцыю і заняў чацвёртае месца, але ў фінальным заедзе ўік-энда галоўным раздражняльнікам Разгатліоглу быў ужо ён. Хаця і Рэй такім застаўся, і на першых кругах Джонатан нават абагнаў Топрака і захапіў лідарства, але захоўваў яго толькі да шостага круга, на якім турак сам паспяхова атакаваў брытанца.

Баўціста на той момант быў ужо на трэцяй пазіцыі, і на сёмым кругу, у тым жа дзясятым павароце, што і Разгатліоглу раней, ён абагнаў Рэя. На чатырнаццатым жа кругу Альвара пайшоў у атаку на Топрака перад першым паваротам, і выйшаў быў наперад, аднак супернік адказаў на тым жа кругу ў дзясятым павароце.

Баў не здаўся і зноў абагнаў канкурэнта з Ямахі ў чатырнаццатым і пятнаццатым паваротах, ізноў апынуўшыся наперадзе. Але турэцкі апанент на шаснаццатым кругу выкарыстаў усё той жа ўжо прыстраляны дзясяты паварот, вярнуў сабе лідарства і атрымаў трэцюю перамогу на этапе. Баўціста заняў другое месца, Рэй – трэцяе.

Аднак і такога раскладу Баўцісце хапіла, каб датэрмінова, за адзін этап да канца сезона стаць чэмпіёнам свету па Супербайку 2022 года. Ён стаў першым прадстаўніком Ducati, які зрабіў гэта за адзінаццаць гадоў. У Альвара цяпер 553 ачкі супраць 487 у Разгатліоглу. Топрак яшчэ мае адстаяць другое месца ў спрэчцы з Рэем, які мае 450 балаў.

Тэарэтычна, Yamaha, у якой 535 ачкоў, яшчэ можа абагнаць у заліку вытворцаў Ducati, якая лідзіруе. Аднак наўрад ці італьянская марка, у якой 584 балы, не здужае павялічыць іх колькасць на фінальным этапе. Замыкае першую тройку з 478 ачкамі Kawasaki.

Фінальны этап сусветнага Супербайка ўжо ў гэты ўік-энд прымае траса Філіп-Айлэнд у Аўстраліі. І мы памятаем, якой насычанай падзеямі была гонка MotoGP, якая прайшла там не так даўно. Таму чакаем цікавых і ад WSBK.

Іншыя пасты блога

Усе пасты