Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: што здарылася пад час другога этапа
Блогі

Дакар-2023: што здарылася пад час другога этапа

Агляд

3 студзеня 2023, 13:50
Дакар-2023: што здарылася пад час другога этапа

Фота: A.S.O. і Audi

Сорак пятае ралі Дакар набірае абароты і прыносіць сваім удзельнікам новыя выпрабаванні. 589-кіламетровае падарожжа са стартавага лагера да Аль-Улы паспяхова пераадолелі не ўсе.

Пачынаць гэты агляд прыходзіцца з вельмі дрэнных навін. Легендарны гоншчык, бізнэсовец і стваральнік знакамітай Джымханы Кэн Блок загінуў учора ў аварыі на снегаходзе ва ўзросце 55 гадоў. Падрабязнасці трагічнага здарэння пакуль невядомыя. Увесь гоначны свет смуткуе па гэтай страце, «Гоначная псіхапатыя» далучаецца да спачуванняў. Нам будзе не хапаць яскравых шоў Кэна…

Вайна ва Украіне даўно не навіна, але ёсць цэнтральнай тэмай для ўсіх. Напаўшы на нашых суседзяў, расійскі дыктатар пакараў і сваю краіну, якая апынулася па-за сусветных гоначных серый, у тым ліку ралі Дакар. Галоўнае ж, што ён пазбавіў Расію будучыні, тады як украінцы адбудуюць тое, што разбурылі фашысцкія захопнікі, і іх зямля будзе квітнець. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Тым часам на мінула ўжо два этапы Дакару. Учарашні камяністы і горны 367-кіламетровы спецучастак заўважна ператрос турнірныя табліцы ў некалькіх катэгорыях. Адна з галоўных сенсацый адбылася ў матацыклетнай, дзе перамог і захапіў лідарства дэбютант – малады амерыканец з каманды BAS Dakar KTM Racing Team Мэйсан Клэйн. Баявую дыстанцыю ён пераадолеў за 5 гадзін 23 хвіліны 4 секунды, болей чым на пяць з паловай хвілін апярэдзіўшы былога лідара і пераможца першага этапу Рыкі Брабэка, які фінішаваў з пятнаццатым часам.

У генеральнай класіфікацыі гоншчык Хонды апусціўся на шостую пазіцыю, але Клэйну ён саступае нямнога – 4 хвіліны 21 секунду. На другую пазіцыю падняўся аўстралійскі гоншчык каманды Red Bull KTM Factory Racing Тобі Прайс, які адстае ад лідара на 1 хвіліну 41 секунду. Учора ён фінішаваў пятым, саступіўшы Клэйну крыху болей за дзве хвіліны. Хоан Барэда Борт, які выступае за Monster Energy JB Team, у агульным заліку замыкае першую тройку, саступаючы Мэйсану 2 хвіліны 3 секунды. На другім этапе іспанец фінішаваў шостым, прайграўшы пераможцу дзве з паловай хівіліны.

Учора апроч Клэйна бліснулі таксама Себасцьян Бюхлер і Скайлер Хаўс. Немец з Hero MotoSports Team Rally фінішаваў другім, у 1 хвіліне 9 секундах ад пераможца, а амерыканец з Husqvarna Factory Racing саступіў свайму маладому суайчынніку яшчэ чатыры секунды, заняўшы трэцяе месца. У генеральнай класіфікацыі яны займаюць дзясятую і сёмую пазіцыі адпаведна. Пры гэтым Хаўс адстае ад Мэйсана ўжо болей чым на пяць хвілін, а Бюхлер – болей чым на восем з паловай.

У катэгорыі квадрацыклаў у галоўным сітуацыя не змянілася – Александр Жыру, выйграўшы другі спецучастак з вынікам 6 гадзін 21 хвіліна 6 секунд, замацаваў лідарства ў агульным заліку. Час француза складае 11 гадзін, 16 хвілін 34 секунды. Аргенцінец Мануэль Андухар адстае ад яго на 8 хвілін 28 секунд, па-ранейшаму займаючы другую пазіцыю. Свайму галоўнаму апаненту ён учора саступіў 8 хвілін 7 секунд, фінішаваўшы чацвёртым.

Яго суайчыннік і дэбютант Франсіска Марэна Флорэс на другім этапе заняў трэцяе месца. Ён быў павольнейшым за Жыру на 5 хвілін 29 секунд, але выбраўся на чацвёртую пазіцыю ў абсалюце. Першую ж тройку там замыкае дасведчаны амерыканец Пабла Капэці, які выступае на Yamaha Raptor 700, як і яго канкурэнты. Ад Жыру яго аддзяляе 17 хвілін 42 секунды, пры гэтым учора ён адстаў ад Александра на 3 хвіліны 35 секунд, заняўшы другое месца.

Пакуль што невядома, як у катэгорыі лёгкіх прататыпаў T3 учора выступіў экіпаж Халіда Аль-Джафлы і нашага суайчынніка і сябра Андрэя Рудніцкага. У фінішным пратаколе іх імёны адсутнічаюць, як, зрэшты, і ў спісе тых, хто з дыстанцыі сышоў. Магчыма, на фініш яны прыбылі з моцным спазненнем, і гонку працягваюць з вялікім штрафам.

Лідзіруе ж з агульным часам 9 гадзін 37 хвілін 36 секунд па-ранейшаму чыліец Франсіска Лопес, які выступае за каманду Red Bull Can-Am Factory Team. Учора ён фінішаваў другім, 1 хвіліну 35 секунд саступіўшы Мітчэлу Гатры з юніорскага аддзялення таго ж калектыву. Са спецучасткам ён справіўся за 5 гадзін 38 хвілін 31 секунду, а ў генеральнай класіфікацыі падняўся на чацвёртую пазіцыю. Лопесу Мітчэл саступае амаль дзесяць хвілін.

Значна лепей справы ў яго суайчынніка і партнёра па камандзе Сэта Кінтэра, які прайграе лідару 8 хвілін 43 секунды, займаючы другую пазіцыю. На другім этапе ён заняў трэцяе месца, адстаўшы ад Гатры на 7 хвілін 1 секунду. Бельгійскі дэбютант Гіём (здаецца, яго імя усё ж такі гучыць менавіта так) дэ Мэвіус у абсалюце апусціўся на трэці радок і саступае Лопесу 8 хвілін 53 секунды. Учора ён фінішаваў чацвёртым, адстаўшы ад пераможца амаль на восем з паловай хвілін.

Вось у катэгорыі серыйных SSV T4 лідар змяніўся – дэбютанта Эрыка Гочала абагнаў яго бацька Марэк. На спецучастку ён «прывёз» сыну, які фінішаваў пятым, ажно 24 хвліны 18 секунд, атрымаўшы заадно і перамогу. Спецучастак другога этапу Гочалу-старэйшаму скарыўся за 5 гадзін 45 хвілін 31 секунду, ён жа цяпер узначальвае і агульны залік з часам 10 гадзін 7 хвілін 18 секунд.

Паляк на 11 хвілін 3 секунды апярэдзіў учора бразільца Радрыга Лупі дэ Алівэйру, які фінішаваў трэцім, а ў абсалюце займае другое месца, адстаючы ад Марэка на 5 хвілін 44 секунды. Замыкае першую тройку аргенцінец Херэміас Гансалес Ферыолі, які саступае Гочалу 6 хвілін 57 секунд. Пры гэтым учора ён адстаў ад Гочала на 9 хвілін 28 секунд, заняўшы другое месца.

Галоўным няўдачнікам катэгорыі легкавых аўтамабіляў стаў на другім этапе стаў дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб, які выступае за каманду Bahrain Raid Xtreme на поўнапрывадным прататыпе Prodrive Hunter. Цэлая серыя праколаў не дазволіла французу замацаваць поспех, якога ён дабіўся напярэдадні, прымусіўшы яго чакаць партнёраў па камандзе, якія дзяліліся запаснымі коламі. У выніку Сэб адкаціўся на трыццаць першую пазіцыю агульнага заліку, лідару ён саступае амаль паўтары гадзіны.

Лідар, дарэчы, не змяніўся – ім застаўся Карлас Сайнс-старэйшы, які выступае за Audi. Яго агульны час складае 8 гадзін 34 хвіліны 26 секунд, а яго галоўным пераследнікам цяпер з’яўляецца яго канкурэнт з каманды Toyota – чатырохразовы і дзейсны пераможца Дакара Насэр Аль-Ація. Гоншчык з Катара адстае ад іспанца на 2 хвіліны 12 секунд, і менавіта ён перамог учора, пераадолеўшы спецучастак за 5 гадзін 26 секунд. Сайнс пры гэтым заняў трэцяе месца, саступіўшы Насэру 5 хвілін 5 секунд.

Другое месца заняў учора нідэрландскі гоншчык каманды Overdrive Racing (паўзавадская Таёта) Эрык ван Лун, які адстаў ад Аль-Аціі на 14 секунд. У агульным заліку ён, праўда, трынаццаты, і ад лідара адстае амаль на сорак сем хвілін. Першую ж тройку замыкае французскі гоншчык завадской каманды Century Racing Мацьё Сэрадары, які выступае на задняпрывадным багі. Ад Сайнса ён адстае на 24 хвіліны 55 секунд, а Аль-Аціі саступіў учора 11 хвілін 29 секунд, заняўшы другое месца.

З праблемамі ўчора сутыкнуўся і цяпер ужо былы лідар катэгорыі грузавікоў Марцін Мацык. Што канкрэтна здарылася з яго экіпажам або з яго Iveco PowerStar, невядома, але ён страціў болей за гадзіну, адкаціўшыся на восьмую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі. Лідарства ж захапіў, атрымаўшы і перамогу на этапе, яго суайчыннік на Praga V4S DKR Алеш Лапрайс. Са спецучасткам ён справіўся за 5 гадзін 38 хвілін 18 секунд, а яго агульны час складае 9 гадзін 40 хвілін 37 секунд.

12 хвілін 17 секунд яму саступае нідэрландзец Янус ван Кастэрэн на Iveco PowerStar, які займае другую пазіцыю. Другім ён быў і ўчора, саступіўшы Лапрайсу 1 хвіліну 50 секунд. Замкнуў першую тройку на другім этапе яшчэ адзін прадстаўнік Нідэрландаў Марцін ван дэн Брынк, які адстаў ад Лапрайса на 6 хвілін 11 секунд. У абсалюце ён саступае чэху 35 хвілін 20 секунд.

Замыкае ж Топ-3 ў генеральнай класіфікацыі суайчыннік Алеша Яраслаў Вальтр, які выступае на Tatra Phoenix Buggyra. Ён адстае ад Лапрайса на 16 хвілін 4 секунды, а на другім этапе фінішаваў чацвёртым, прайграўшы Лапрайсу роўна дзесяць хвілін.

Сёння ўдзельнікі сорак пятага ралі Дакар пераадольваюць 669 кіламетраў трэцяга этапу і перамяшчаюцца за Аль-Улы у Хаіль. Працягласць спецучастку складае 447 кіламетраў, якія ўключаюць у сябе і камяні, і дзюны.

Іншыя пасты блога

Усе пасты