Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: апошні рывок на восьмым этапе перад адпачынкам

Дакар-2023: апошні рывок на восьмым этапе перад адпачынкам

9 студзеня 2023, 14:56
Дакар-2023: апошні рывок на восьмым этапе перад адпачынкам

Фота: A.S.O.

У нядзелю ўдзельнікі ралі Дакар вярталіся з Аль-Дувадзімі ў Эр-Рыяд. 346-кіламетровы спецучастак новых адназначных лідараў не вызначыў.

Лідара свабоднага свету выявіў мінулы год. Украіна вытрымала нападзенне шматтысячнага войска марадзёраў і забойцаў, якія працягваюць спробы скарыць яе. Нашы суседзі бароняць увесь Захад, які мае ўсвядоміць, што дапамагаць ім трэба тэрмінова і ў поўным неабходным аб’ёме. Украінцы змагаюцца і за сваю, і за нашу свабоду. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дакар тым часам шчасна працягваецца і без КамАЗа. Але з матацыклістамі і квадрацыклістамі, якія напярэдадні атрымалі дадатковы дзень адпачынку і засталіся ў Эр-Рыядзе. Выхадны яўна пайшоў на карысць асабліва мотагоншчыкам, якія так узяліся за справу, што інтрыгі цяпер хоць адбаўляй.

Першая дзясятка ўмяшчаецца ў дваццаці трох хвілінах. Хіба што гоншчыка каманды Hero Роса Бранча ў ёй няма – ён трыццаць пяты, болей чым у шасці гадзінах ад лідара. Хаця на восьмым этапе перамог менавіта батсванец, які пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 46 хвілін 18 секунд. Амерыканца Скайлера Хаўса, які ў агульным заліку лідзіруе з часам 30 гадзін 34 хвіліны 16 секунд, а ўчора стаў дваццатым, ён абагнаў болей чым на шаснаццаць хвілін.

Наперадзе ад лідара гонкі з завадской Хускварны апынуліся і шмат якія яго непасродныя супернікі. Напрыклад, Кэвін Бенавідэс заняў дзясятае месца, саступіўшы Бранчу меней дзевяці з паловай хвілін. А суайчыннік Хаўса Мэйсан Клэйн наогул стаў трэцім, адстаўшы ад пераможца на 3 хвіліны 33 секунды. Трэці ён цяпер і ў генеральнай класіфікацыі, прычым, як і аргенцінец з завадской каманды KTM (Клэйн едзе на кліенцкім матацыкле той жа маркі), ад Хаўса ён адстае ўсяго на трынаццаць секунд!

Завадскі гоншчык GasGas Даніэль Сандэрс, відаць, сваё здароўе паправіў, што дазволіла яму скараціць адставанне ад Хаўса да сямі хвілін. Зараз ён ў генеральнай класіфікацыі займае сёмую пазіцыю, а на ўчарашнім этапе паказаў другі вынік, 3 хвіліны 15 секунд саступіўшы Росу Бранчу. Другі тыдзень Дакару ў мотакатэгорыі дакладна будзе гарачым.

Збольшага ён мог бы стаць такім, калі б не папярэднія няўдачы Мануэля Андухара (найперш, на трэцім этапе), які лічыўся спачатку адным з фаварытаў катэгорыі квадрацыклаў. Таму яго перамога на сёмым этапе, спецучастак якога аргенцінец пераадолеў за 4 гадзіны 56 хвілін 5 секунд, дазволіў яму адыграць у лідара Александра Жыру ўсяго 2 хвіліны 5 секунд. Менавіта столькі француз саступіў Мануэлю, фінішаваўшы з другім вынікам.

Агульны час Жыру складае цяпер 37 гадзін 57 хвілін 4 секунды, што на 1 гадзіну 41 хвіліну 37 секунд меней, чым у Андухара, які займае другую пазіцыю. На трэцюю па выніках нядзельнага этапу падняўся амерыканец Пабла Капэці, які змагаецца непасродна з Андухарам, ад якога адстае крыху болей чым на паўхвіліны, а ад Жыру – на 1 гадзіну 42 хвіліны 12 секунд. Пры гэтым на ўчарашнім этапе ён заняў шостае месца, адстаўшы ад Мануэля на дваццаць з паловай хвілін.

Замкнуў першую тройку на восьмым этапе бразілец Марчэла Медэйрас, які саступіў Андухару 11 хвілін 55 секунд. У абсалютным заліку ён, праўда, толькі адзінаццаты, болей чым у трыццаці адной гадзіны ад Жыру.

Вось у катэгорыі T3 прататыпаў-SSV працягваецца напружаная барацьба бельгійца Гіёма дэ Мэвіуса і амерыканца Осціна Джонса. Лідзіруе з агульным часам 36 гадзін 3 хвіліны 9 секунд дэ Мэвіус, але Джонса ён па выніках восьмага этапу падпусціў да сябе бліжэй – той адстае, займаючы другую пазіцыю, на 3 хвіліны 19 секунд.

Хутчэйшымі за ўсіх у нядзелю ні быў ні той, ні іншы. Гіём дык наогул паказаў толькі адзінаццаты вынік, болей за восем хвілін саступіўшы пераможцу. Джонс да яго быў бліжэй – у трох з малым хвілінах і на чацвёртым месцы. Пераможцам жа гэтым стаў Хоан Перэйра, які справіўся са спецучасткам за 4 гадзіны 11 хвілін 36 секунд.

Партугалец усяго на 17 секунд абагнаў былога аднаго лідара Франсіска Лопеса і на 2 хвіліны 2 секунды яшчэ аднаго – Мітчэла Гатры, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. У генеральнай класіфікацыі ніхто з іх на многае не прэтэндуе: Перэйра трыццаць сёмы амаль у сарака пяці гадзінах ад дэ Мэвіуса, Гатры дваццаць восьмы ў дваццаці чатырох з паловай хвілінах, а Лопес чацвёрты, але ў дзвюх з паловай хвілінах.

Не змагаецца за перамогу і суайчыннік і партнёр Гатры і Джонса па камандзе Сэт Кінтэра. Ён займае трэцюю пазіцыю, але адстае ад дэ Мэвіуса на 1 гадзіну 2 хвіліны 25 секунд. На ўчарашнім этапе Сэт замкнуў першую дзясятку, прайграўшы Перэйры амаль восем хвілін.

Не быў у фаварытах восьмага этапу і галоўны прэтэндэнт на перамогу ў катэгорыі серыйных SSV T4 Рокаш Бацюшка. Літовец дабраўся да фінішу толькі з дванаццатым вынікам, амаль восем з паловай хвілін прайграўшы аргенцінцу Херэміасу Гансалесу Ферыолі, які перамог з вынікам 4 гадзіны 16 хвілін 18 секунд. Ён у агульным заліку ідзе пятым, і адстае ад Бацюшкі не катастрафічна – амаль на сорак тры хвіліны.

Ясір Сейдан саступіў учора Гансалесу Ферыолі 3 хвіліны 9 секунд, заняўшы другое месца, але ў абсалюце ён толькі дваццаць восьмы, амаль у сямнаццаці гадзінах ад дэ Мэвіуса. Бліжэй да бельгійца – меней чым у шасці з паловай хвілінах – Жэрар Фарэс Гуэль, які займае чацвёртую пазіцыю. У нядзелю ён заняў трэцяе месца, прайграўшы пераможцу этапу 3 хвіліны 18 секунд.

Другую і трэцюю пазіцыі ў абсалюце захавалі бацька і сын Гочалы – Марэк і Эрык. Старэйшы саступае Бацюшку 4 хвіліны 34 секунды, малодшы – 5 хвілін 48 секунд. Марэк пры гэтым паказаў учора сёмы вынік і саступіў Гансалесу Ферыолі болей сямі хвілін, а Эрык замкнуў Топ-10, саступіўшы пераможцу амаль восем хвілін.

Непахісным выглядае лідарства ў катэгорыі легкавых пазадарожнікаў чатырохразовага і мінулагодняга пераможца Дакару Насэра Аль-Аціі. Час гоншчыка з Катара складае 31 гадзіну 2 хвіліны 58 секунд, ён на 1 гадзіну 3 хвіліны 46 секунд апярэджвае свайго паўднёваафрыканскага партнёра па завадской камандзе Toyota Хэнка Латэгана, які займае другую пазіцыю. Ён учора заняў чацвёртае месца, амаль пяць гадзін прайграўшы Себасцьену Лёбу, які перамог.

Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі, які выступае за каманду Bahrain Raid Xtreme, пераадолеў спецучастак сёмага этапу за 3 гадзіны 34 хвіліны 24 секунды. Француз на 2 хвіліны 11 секунд апярэдзіў Аль-Ацію, які заняў другое месца.

Пасля праколаў на другім этапе Сэб, зрэшты, з кола прэтэндэнтаў на перамогу выбыў. Як і Карлас Сайнс-старэйшы, якому на шостым этапе не пашанцавала разам з яго партнёрам па Audi Стэфанам Петерансэлем. Француз у генеральнай класіфікацыі займае чацвёртую пазіцыю, але саступае Аль-Аціі амаль дзве гадзіны, а іспанец ідзе сотым болей чым у дваццаці дзевяці гадзінах ад катарца.

Замыкае першую тройку абсалюту па-ранейшаму бразільскі гоншчык каманды Overdrive Racing Лукаш Мараэс, чыё адставанне ад Аль-Аціі складае 1 гадзіну 20 хвілін 22 секунды. На нядзельным этапе ён заняў сёмае месца, крыху болей за адзінаццаць хвілін прайграўшы Лёбу.

Вось у катэгорыі грузавікоў пакуль што нічога не зразумела. Лідзіруе з часам 36 гадзін 30 хвілін 58 секунд тут чэх Алеш Лапрайс, які выступае на Praga V4S DKR. Але адставанне яго суайчынніка на Tatra Phoenix Buggyra Марціна Мацыка амаль у 39 гадзін адыграць цалкам магчыма. Аб чым Мацык і нагадаў, атрымаўшы перамогу на восьмым этапе. Ён праехаў па спецучастку за 4 гадзіны 4 хвіліны 28 секунд, на 3 хвіліны 34 секунды апярэдзіўшы Лапрайса, які заняў трэцяе месца.

Другім стаў нідэрландзец Мітчэл ван дэн Брынк на Iveco PowerStar, які адстаў ад Мацыка на адну хвіліну без адной секунды. У агульным заліку ён, праўда, толькі пяты, і прайграе Лапрайсу амаль дзве гадзіны, затое яго бацька Марцін займае другую пазіцыю, адстаючы ад лідара на 16 хвілін 17 секунд. У нядзелю ён заняў пятае месца, амаль васямнаццаць хвілін прайграўшы свайму чэшскаму суперніку і цёзцы.

Суайчыннік ван дэн Брынкаў Янус ван Кастэрэн учора праз пракол крыху згубіў каля паловы гадзіны і крыху пададстаў ад Лапрайса ў агульным заліку – яго адставанне ад чэха павялічылася да 38 хвілін 3 секунд. Аднак трэцяя пазіцыя засталася за ім, а на этапе ён заняў шостае месца, прайграўшы Мацыку амаль дзевятнаццаць з паловай хвілін.

Сёння ўдзельнікі Дакару адпачываюць у сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе, а заўтра яны рушаць у Харад. Агульны шлях, калі маршрут ізноў не зменіцца, складзе 686 кіламетраў. На 358-кіламетровым спецучастку сур’ёзных перападаў вышынь не будзе, затое будуць традыцыйныя пяскі і камяні.

Іншыя пасты блога

Усе пасты