Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: хэт-трык Лёба на дзясятым этапе

Дакар-2023: хэт-трык Лёба на дзясятым этапе

12 студзеня 2023, 15:08
Дакар-2023: хэт-трык Лёба на дзясятым этапе

Фота: A.S.O.

Сорак пятае ралі Дакар выходзіць на фінішную прамую. Хаця прыгод удзельнікаў чакае яшчэ шмат, і ў сераду яны атрымалі іх чарговую порцыю.

Чарговую порцыю болю і зневажэнняў зараз атрымлівае другая армія свету з наёмнікамі ў наваколлях Саледара. Украінскія абаронцы шчодра адорваюць расійска-фашысцкіх захопнікаў снарадамі і трымаюць пазіцыі. У агрэсара няма шанцаў на перамогу, непазбежная для яго і яго калгаснага паслугача і адказнасць за свае злачынствы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Будучыня расійскай імперыі (менавіта так, з малых літар, бо гэта агульнае паняцце) зразумелая, а вось хто пераможа ў асобных катэгорыях ралі Дакар – пакуль што адкрытае пытанне. У матацыклетнай, напрыклад, лідар памяняўся, хоць і новы лідар на дзясятым этапе не перамог. Лепей жа за ўсіх са 114-кіламетровым пясчаным спецучасткам па дарозу з Харада ў Шэйбу справіўся Рос Бранч.

Гоншчык каманды Hero MotoSports Team Rally з Батсваны пераадолеў баявую дыстанцыю за 1 гадзіну 44 хвіліны, роўна на адну хвіліну апярэдзіўшы завадскога гоншчыка KTM Кэвіна Бенавідэса, які фінішаваў з чацвёртым вынікам. Аднак менавіта аргенцінец цяпер узначальвае агульны залік, яго час складае 35 гадзін 46 хвілін 6 секунд. Ён на 1 хвіліну 29 секунд апярэджвае канкурэнта з завадской Хускварны Скайлера Хаўса, які апусціўся на другую пазіцыю.

Амерыканец не дзясятым этапе надта не рызыкаваў, задаволіўшыся пятнаццатым вынікам. Бранчу ён пры гэтым саступіў болей за сем з паловай хвілін, аднак здолеў апярэдзіць яшчэ аднаго свайго канкурэнта з KTM Тобі Прайса. Аўстраліец заняў учора шаснаццатае месца, болей за восем хвілін адстаўшы ад пераможца. У генеральнай класіфікацыі Прайс перамясціўся на трэцюю пазіцыю, ад Бенавідэса ён адстае на 2 хвіліны 10 секунд.

Чацвёртым у абсалюце ідзе гоншчык завадской каманды Honda Адрыен ван Бэверэн, якога ад лідара аддзяляе амаль дзесяць хвілін. Французу не пашанцавала напярэдадні – ён сутыкнуўся на спецучастку дзявятага этапу з Мэйсана Клэйнам, аднак на наступны дзень паказаў другі вынік, саступіўшы Бранчу ўсяго 21 секунду. Не надта адстаў ад батсванца і яго сусед па Чорным кантыненце – дэбютант з ПАР Майкл Доэрті, які прайграў Росу роўна палову хвіліны і заняў трэцяе месца. У агульным заліку ён дзевятнаццаты, у трох гадзінах ад лідара.

У катэгорыі квадрацыклаў адрывы ў групе лідараў ужо болей, і Александр Жыру, які і ўзначальвае турнірную табліцу з агульным часам 44 гадзіны 35 секунд, аддае перавагу асцярожнасці. Нават пятага месца французу ўчора хапіла, каб захаваць камфортную перавагу над пераследнікамі.

Прытым што перамог зусім не галоўны з іх – хутчэйшым за ўсіх на дзясятым этапе стаў бразілец Марчэла Медэйрас, які пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 4 хвіліны 28 секунд. Агульны залік ён пры гэтым замыкае, займаючы адзінаццатую пазіцыю і адстаючы ад Жыру на трыццаць адну гадзіну.

Другое месца ў сераду заняў аргенцінец Мануэль Андухар, які саступіў Медэйрасу 1 хвіліну 8 секунд. У генеральнай класіфікацыі пераможца Дакару 2021 года замыкае першую тройку, яго адставанне ад Жыру складае 1 гадзіну 38 хвілін 44 секунды.

Перад ім размяшчаецца яго суайчыннік Франсіска Марэна Флорэс, які саступае лідару 1 гадзіну 17 хвілін 56 секунд. Пераможцу ўчарашняга этапу ён прайграў амаль чатыры хвіліны, паказаўшы чацвёрты вынік. Трэцім фінішаваў чыліец Джавані Энрыка, які адстаў ад Медэйраса на 2 хвіліны 55 секунд. У генеральнай класіфікацыі ён займае шостую пазіцыю, саступаючы Жыру пяць з паловай гадзін.

Вось у катэгорыях SSV, што прататыпаў T3, што серыйных T4, працягваецца сапраўдная барацьба за перамогу. Лідары і там, і там па выніках дзясятага этапу не памяняліся, але і перамог не атрымалі. У першым выпадку агульны залік з часам 41 гадзіна 45 хвілін 58 секунд узначальвае Гіём дэ Мэвіус, і ён учора заняў толькі дванаццатае месца, на дзевяць з паловай хвілін адстаўшы ад амерыканца Сэта Кінтэра, які перамог з вынікам 1 гадзіна 55 хвілін 17 секунд.

Амерыканец на 37 секунд абагнаў чылійца Ігнасіа Касале, які заняў другое месца, і на 2 хвіліны 46 секунд партугальца Элда Радрыгеша, які замкнуў першую тройку. З іх, зрэшты, на выніковую перамогу ніхто не прэтэндуе. Хаця Кінтэра замыкае першую тройку ў агульным заліку, дэ Мэвіусу ён прайграе 1 гадзіну 3 хвіліны 42 секунды. Касале ж дзясяты, амаль у сямі з паловай гадзінах ад лідара, а Радрыгеш наогул трыццаць першы, да дэ Мэвіуса яму амаль трыццаць пяць гадзін.

Галоўны ж пераследнік бельгійца – яшчэ адзін амерыканец Осцін Джонс – адстае ад яго на 7 хвілін 48 секунд. Свайму суайчынніку і партнёру па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Сэту Кінтэра ён учора саступіў чатыры з паловай хвіліны, заняўшы шостае месца.

У T4 змагацца за перамогу працягвае моладзь – літовец Рокаш Бацюшка, які лідзіруе з агульным часам 43 гадзіны 17 хвілін 29 секунд, і паляк Эрык Гочал, які адстае на 3 хвіліны 40 секунд і займае другую пазіцыю. З іх на дзясятым этапе лепшым таксама ніхто не стаў, а перамогу атрымаў іспанец Жэрар Фарэс Гуэль. Са спецучасткам ён справіўся за 1 гадзіну 58 хвілін 22 секунды, крыху – да 6 хвілін 47 секунд – скараціўшы сваё адставанне ад Бацюшкі і захаваўшы трэцюю пазіцыю.

Гуэль таксама крыху адарваўся ад бацькі Эрыка Гочала Марэка, якога апярэдзіў учора на 55 секунд. Гочал-старэйшы заняў другое месца, а ў генеральнай класіфікацыі застаўся чацвёртым, ад Бацюшкі ён адстае болей чым на адзінаццаць з паловай хвілін. Малодшы Гочал у сераду паказаў трэці вынік, прайграўшы Гуэлю 1 хвіліну 8 секунд. Бацюшка адстаў ад іспанца на дзве з паловай хвіліны і стаў чацвёртым.

Яшчэ адным з тых, хто асцярожнічае, з’яўляецца чатырохразовы і мінулагодні пераможца Дакару ў катэгорыі легкавых пазадарожнікаў Насэр Аль-Ація, які і зараз лідзіруе з агульным часам 36 гадзін 13 хвілін 37 секунд. Катарскі гоншчык завадской каманды Toyota на дзясятым этапе паказаў чацвёрты вынік, лёгка аддаўшы ўжо трэцюю запар перамогу Себасцьену Лёбу, якому саступіў амаль шэсць хвілін.

Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі з каманды Bahrain Raid Xtreme пераадолеў баявыя кіламетры за 1 гадзіну 48 хвілін 32 секунды, заадно крыху замацаваўшыся на трэцяй пазіцыі ў абсалюце, дзе яго аддзяляе ад Аль-Аціі 1 гадзіна 37 хвілін 23 секунды.

Другое месца заняў учора адзіны цяпер прадстаўнік Audi – зорка самых розных серый Маціас Экстром, які саступіў французу 3 хвіліны 4 секунды. Швед у агульным заліку дваццаць пяты, у сямі гадзінах ад Аль-Аціі. Бразільскі гоншчык Overdrive Racing Лукаш Мараэс лідару ралі саступае 1 гадзіну 21 хвіліну 34 секунды і застаецца на другой пазіцыі, а ў сераду заняў трэцяе месца, адстаўшы ад Лёба на 5 хвілін 22 секунды.

Катэгорыя грузавікоў пасля трагічнага выпадку напярэдадні, праз які Алеш Лапрайс фактычна зняўся з дыстанцыі, выглядае без яго крыху асірацелай. Лідарства тут перайшло да нідэрландца з каманды дэ Рооя Януса ван Кастэрэна, чый час складае 43 гадзіны 51 секунду.

Янус на ўчарашнім этапе паказаў трэці вынік, 1 хвіліну 12 секунд саступіўшы свайму суайчынніку на Renault C460 Паскалю дэ Баару, які перамог з вынікам 2 гадзіны 9 хвілін 46 секунд. Яшчэ адзін нідэрландзец, ужо калега ван Кастэрэна па камандзе Мітчэл ван дэн Брынк (абодва, адпаведна, выступаюць на Iveco PowerStar) фінішаваў другім, на 22 секунды адстаўшы ад дэ Баара.

У абсалютным заліку Мітчэл ідзе чацвёртым, але ван Кастэрэну саступае больш за дзве гадзіны. А вось яго бацька Марцін змагаецца за перамогу, адстаючы ад лідара на 22 хвіліны 41 секунду. У сераду ён фінішаваў пятым, болей за чатыры з паловай хвіліны саступіўшы дэ Баару. Акурат перад ім размясціўся чэх Марцін Мацык, які таксама выступае на Iveco. Ён на 1 хвіліну 23 секунды саступіў пераможцу этапу, а лідару агульнага заліку прайграе 51 хвіліну 7 секунд, замыкаючы першую тройку.

Сёння ўдзельнікі Дакару пачалі марафон, які пачаўся ў Шэйбе, дзе і скончыцца заўтра. Адзінаццаты этап стаў яго першай часткай, яго агульная працягласць склала 624 кіламетры, з якіх баявыя 274. Гоншчыкі пасля адзінаццатага этапу будуць без тэхнічнай падтрымкі, і абслугоўваць тэхніку перад заўтрашнім стартам будуць самастойна, прытым што пяскоў і камянёў хопіць на ўсіх.

Іншыя пасты блога

Усе пасты