Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: вырашальны фінал

Дакар-2023: вырашальны фінал

16 студзеня 2023, 13:55
Дакар-2023: вырашальны фінал

Фота: A.S.O.

Трыццаць пятае ралі Дакар стала гісторыяй, для каго шчаслівай, для каго трагічнай. Пры гэтым у асобных катэгорыях пераможца вырашаўся якраз на фінальным этапе Аль-Хуфуф – Дамам. Як выявілася, нават 136 баявых кіламетраў могуць моцна паўплываць на вынікі.

Абстрэлы ўкраінскіх гарадоў не паўплываюць на вынікі вызваленчай вайны Украіны з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Агрэсар можа разбурыць яе, але не можа скарыць. Украінскія героі абароняць сваю свабоду, чым дапамогуць беларусам заваяваць сваю, а імперыя разваліцца. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У сваю перамогу верыў і кожны, хто быў у групе лідараў матацыклетнай катэгорыі Дакара, але яна тут не некалькі частак не дзеліцца. Дый пераможца вызначыўся даволі ясна, і стаў ім завадскі гоншчык KTM Кэвін Бенавідэс.

Напярэдадні ў аргенцінца быў мінімальны адрыў ад яго партнёра па камандзе Тобі Прайса, і на апошніх баявых кіламетрах ралі цяпер ужо двухразовы трыумфатар марафону здолеў яго крыху павялічыць.

Спецучастак чатырнаццатага этапу Бенавідэс пераадолеў за 1 гадзіну 15 хвілін 17 секунд, на 55 секунд хутчэй за Прайса, які фінішаваў другім. Таму адрыў паміж імі ў генеральнай класіфікацыі вырас да 43 секунд, і аўстраліец другім і застаўся.

На ўсе трынаццаць спецучасткаў (сёмы, нагадаю, для матацыклістаў і квадрацыклістаў быў адменены) Кэвін Бенавідэс затраціў 44 гадзіны 27 хвілін 20 секунд. Свайго канкурэнта з завадской Хускварны Скайлера Хаўса, які заняў трэцяе месца, ён апярэдзіў на 5 хвілін 4 секунды. Амерыканец на фінальным этапе саступіў Кэвіну амаль чатыры хвіліны і заняў пятае месца.

Гоншчык завадской Хонды Пабла Кінтанілья, які ў нядзелю заняў трэцяе месца, саступіўшы Бенавідэсу 3 хвіліны 15 секунд, стаў па выніках ралі чацвёртым. Замкнуў першую пяцёрку яго французскі партнёр па камандзе Адрыен ван Бэверэн, які напярэдадні фінішаваў з восьмым вынікам, амаль у пяці хвілінах ад пераможца этапу і ўсяго марафону.

Пераможца катэгорыі квадрацыклаў Александр Жыру дыстанцыю Дакару пераадолеў за 56 гадзін 44 хвіліны 30 секунд, апярэдзіўшы Франсіска Марэна Флорэса на 43 хвіліны 11 секунд. Апошні этап, каб раптам чагосьці не здарылася, абодва пераадольвалі, можна сказаць, шэптам, паказаўшы шосты і сёмы вынікі адпаведна і саступіўшы пераможцу амаль пятнаццаць і васямнаццаць хвілін.

Пераможцам тым стаў Лайсвідас Канчыус, для якога гэта быў такі гол прэстыжу, бо у абсалюце літовец прайграў Жыру больш за дзевятнаццаць гадзін і заняў сёмае месца. Са спецучасткам чатырнаццатага этапу ён справіўся за 1 гадзіну 36 хвілін 16 секунд, на 6 хвілін 5 секунд абагнаўшы Пабла Капэці, які на этапе заняў другое месца, а ў агульным заліку – трэцяе, адстаўшы ад пераможца на 1 гадзіну 52 хвіліны 55 секунд.

Трэцім на фінальным этапе стаў Марчэла Медэйрас, яго адставанне ад Канчыуса склала 8 хвілін 11 секунд, а ад Жыру ў генеральнай класіфікацыі – трыццаць гадзін. Бразілец заняў дзясятае месца. Чацвёртым і пятым па выніках ралі сталі славак Юрай Варга і чыліец Джавані Энрыка.

Нікуды не спяшаўся на апошнім этапе і лідар катэгорыі прататыпаў-SSV T3 Осцін Джонс. Дзявятае месца з адставаннем ад пераможца амаль у шэсць гадзін яго цалкам задаволіла. Тым больш што перамагла вядомая нам па серыі Extreme E Крысціна Гуцьерэс, якая пераадолела апошні спецучастак за 1 гадзіну 18 хвілін 1 секунду.

У генеральнай класіфікацыі іспанка пры гэтым стала чацвёртай, прайграўшы Джонсу, які перамог з вынікам 51 гадзіна 55 хвілін 53 секунды, амаль тры гадзіны. Другое месца на фінальным этапе заняў Ігнасіа Касале, які ў абсалюце замкнуў Топ-10, амаль сем гадзін адстаўшы ад Джонса, Гуцьерэс учора ён саступіў 58 секунд. Яшчэ далей – на трыццатым месцы і ў сарака гадзінах ад Джонса – Дакар 2023 года скончыў аргенцінец Давід Зіле, які ўчора заняў трэцяе месца, 1 хвіліну 31 секунду саступіўшы Крысціне.

Амаль тры з паловай хвіліны ўчора прайграў іспанскай гоншчыцы суайчыннік Джонса і яго партнёр па камандзе Сэт Кінтэра, які фінішаваў з шостым вынікам. Ралі ж ён скончыў на другой пазіцыі, адстаўшы ад Осціна на 52 хвіліны 5 секунд.

Гіём дэ Мэвіус, якому не пашанцавала на адзінаццатым этапе, заняў трэцяе месца, прайграўшы Джонсу 1 гадзіну 35 хвілін 40 секунд. На фінальным этапе бельгіец паказаў толькі шаснаццаты вынік, хаця ад пераможца адстаў усяго на восем хвілін. Франсіска Лопес, які на першых этапах таксама прэтэндаваў на перамогу, і ў генеральнай класіфікацыі, і на фінальным этапе замкнуў Топ-5.

Неверагодна балюча ўпускаць перамогу на апошнім этапе, і менавіта гэта здарылася з Рокашам Бацюшкай, які напярэдадні лідзіраваў у катэгорыі серыйных SSV T4. Вялікай перавагі ў яго не было, але калі б усё прайшло гладка ў нядзелю, перамога з высокай верагоднасцю дасталася б менавіта літоўцу. Але не прайшло, і Рокаш каля дваццаці хвілін згубіў праз паломку рычага падвескі яго Maverick X RS Turbo.

На этапе Бацюшка ў выніку фінішаваў толькі трыццаць другім, дваццаць тры з паловай хвіліны саступіўшы пераможцу. Ім стаў не яго галоўны канкурэнт Эрык Гочал, які ўчора быў толькі восьмым. Малады паляк сам без малога тры з паловай хвіліны прайграў Карласу Вэнта Санчасу, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 1 гадзіну 21 хвіліну 54 секунды.

Іспанец, праўда, у сваю чаргу ў агульным заліку саступіў Гочалу амаль дзевяноста дзевяць гадзін, заняўшы трыццаць восьмае і перадапошняе месца. А Эрык, для якога, дарэчы, гэты Дакар быў дэбютным, якраз і перамог з вынікам 53 гадзіны 10 хвілін 14 секунд. Бацюшку, які заняў другое месца, ён апярэдзіў на 16 хвілін 44 секунды. Яго бацька Марэк скончыў ралі трэцім, саступіўшы сыну 18 хвілін 15 секунд.

На апошнім этапе Гочал-старэйшы фінішаваў чацвёртым, амаль у дзвюх хвілінах ад пераможца. Партнёры па камандзе South Racing Can-Am Херэміас Гансалес Ферыолі і Жэрар Фарэс Гуэль апошні этап скончылі дзявятым і дзясятым адпаведна, а па выніку ўсяго ралі сталі чацвёртым і пятым.

Гоншчык завадской каманды Toyota Насэр Аль-Ація, якому на пераадоленне ўсё дыстанцыі ралі спатрэбілася 45 гадзін 3 хвіліны 15 секунд, учора афіцыйна стаў пяціразовым пераможцам Дакару ў катэгорыі легкавых пазадарожнікаў. Пры гэтым на этапе ён заняў восьмае месца, амаль шэсць хвілін саступіўшы пераможцу Герлену Шышэры, які справіўся з апошнім спецучасткам за 1 гадзіну 9 хвілін 24 секунды.

Другое месца заняў Маціас Экстром з Audi, а трэцяе – Себасцьян Гальпэрн з X-raid MINI JCW Team, якія адсталі ад француза на 1 хвіліну 36 секунд і 1 хвіліну 53 секунды адпаведна. У генеральнай класіфікацыі швед размясціўся на чатырнаццатым месцы амаль у сямі гадзінах ад Аль-Аціі, а аргенцінец адстаў ад Насэра болей чым на чатыры з паловай гадзіны, заняўшы дзявятае месца.

Другім Дакар скончыў дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб. Ад Аль-Аціі француз адстаў на 1 гадзіну 20 хвілін 49 секунд, на чатырнаццатым этапе ён паказаў шосты вынік, амаль пяць хвілін прайграўшы пераможцу. Дэбютант Дакару з Overdrive Racing Лукаш Мараэш учора фінішаваў толькі чатырнаццатым, амаль у васьмі з паловай хвілінах ад Шышэры, аднак у абсалюце бразілец захаваў трэцяе месца, 1 гадзіну 38 хвілін 31 секунду саступіўшы Аль-Аціі.

Паўднёваафрыканскі партнёр пераможца ралі па камандзе Жыньель дэ Вільерс учора фінішаваў дзявятым і заняў выніковае чацвёртае месца. Замкнуў жа першую пяцёрку яшчэ адзін прадстаўнік завадской Таёты Хэнк Латэган, які пятым стаў і на фінальным этапе.

У катэгорыі грузавікоў у асноўным усё стала ясна яшчэ напярэдадні, калі з механічнымі праблемамі сутыкнуўся Марцін ван дэн Брынк. Учора нідэрландзец на сваім Iveco PowerStar фінішаваў пятым, больш за тры хвіліны саступіўшы літоўцу на Tatra Jamal Вайдотасу Паскевічусу, які перамог з вынікам 1 гадзіна 18 хвілін 34 секунды.

Пераможцу ралі Янусу ван Кастэрэну, чый вынік склаў 54 гадзіны 3 хвіліны 33 секунды, Паскевічус, зрэшты, прайграў семдзесят шэсць гадзін, заняўшы сямнаццатае месца. Марцін ван дэ Брынк свайму суайчынніку саступіў 2 гадзіны 40 хвілін 22 секунды, заняўшы трэцяе месца. Другім фінішаваў яго чэшскі цёзка Марцін Мацык, які таксама выступае на Iveco. Яго адставанне ад ван Кастэрэна склала 1 гадзіну 14 хвілін 34 секунды.

На апошнім этапе Мацык заняў шостае месца, а ван Кастэрэн – сёмае, пераможцу яны саступілі амаль чатыры і шэсць хвілін адпаведна. Сын Марціна ван дэн Брынка Мітчэл пры гэтым ад Паскевічуса адстаў усяго на 7 секунд і заняў другое месца на этапе, а ў генеральнай класіфікацыі – чацвёртае.

Трэцім учора фінішаваў яшчэ адзін чэх Яраслаў Вальтр на Tatra Phoenix Buggyra, якога Паскевічус абагнаў на 1 хвіліну 46 секунд. Затое Вальтр замкнуў першую пяцёрку па выніках усяго ралі.

Фінішавалі на Дакары 235 экіпажаў з 355: 80 са 121 матацыклістаў, 10 з 18 квадрацыклістаў, 46 з 67 экіпажаў легкавых пазадарожнікаў, 38 з 47 прататыпаў T3 і 39 з 45 серыйных SSV і, што цікава, усе 22 экіпажы грузавікоў. Незалежна ж ад вынікаў, сорак пяты ралі-марафон стаў адной з самых яскравых прыгод у жыцці кожнага яго ўдзельніка. Чакаем усіх на сорак шостым меней чым праз год!

Іншыя пасты блога

Усе пасты