Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Аварыі на мільён долараў і нечаканая перамога Маркуса Эрыксана. У Сэнт-Пітэрсбэргу феерычна стартаваў новы сезон IndyCar

Аварыі на мільён долараў і нечаканая перамога Маркуса Эрыксана. У Сэнт-Пітэрсбэргу феерычна стартаваў новы сезон IndyCar

Агляд

12 сакавіка 2023, 20:35
1
Аварыі на мільён долараў і нечаканая перамога Маркуса Эрыксана. У Сэнт-Пітэрсбэргу феерычна стартаваў новы сезон IndyCar

Фота: indycar.com

Багацце падзей на першым этапе амерыканскай формульнай серыі IndyCar на гарадской трасе ў Сэнт-Пітэрсбэргу было незвычайным па мерках нават індыкараўскіх. І пераможцу вызначыла не стратэгія піт-стопаў, дакладней, не толькі яна.

Украіна святкуе сёння Дзень дзяржаўнага гімну, з якім мы і віншуем кожнага украінца. Жадаем нашым дарагім суседзям, каб гэтыя вялікія словы хутчэй загучалі над усёй іх зямлёй, у тым ліку над Крымам, Данецкам і Луганскам. Чым хутчэй будзе так, тым хутчэй і над Беларуссю будзе ўзняты яе бел-чырвона-белы сцяг. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Мы таксама ўдзячныя саюзнікам Украіны, якія дапамагаюць ёй у барацьбе з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Некаторыя з іх, як ЗША, яшчэ і выдатныя гонкі ўмеюць ладзіць, а першая ў новым сезоне серыі IndyCar гонка, што ў мінулую нядзелю прайшла ў Сэнт-Пітэрсбэргу, менавіта выдатнай і была.

Хто толькі не біўся за перамогу ў ёй! Дзейсныя чэмпіён і віцэ-чэмпіён, пілоты Team Penske Уіл Паўэр і Джозэф Ньюгардэн, дарэчы, не біліся, фінішаваўшы сёмым і сямнаццатым адпаведна. Затое біўся іх партнёр па камандзе Скот МакЛафлін, які год таму акурат і перамог у гэтым жа Сэнт-Пітэрсбэргу.

Новазеландзец хоць і стартаваў шостым, але дзякуючы ўдалай стратэгіі ў другой палове гонкі спаборнічаў з французскім канкурэнтам з Andretti Autosport Рамэнам Гражанам, які напярэдадні заваяваў поўл. Але да гэтага адбылося шмат падзей.

Ужо на другім кругу гонка была спыненая чырвонымі сцягамі пасля завалу на першым. Пачалося ўсё з невялічкага кантакту ў другім павароце паміж гоншчыкам Arrow McLaren Феліксам Розэнквістам і яго канкурэнтам з Chip Ganassi Racing Скотам Дзіксанам, які выклікаў ланцуговую рэакцыю з удзелам партнёраў па Meyer Shank Racing Эліа Кастранэвеса і Сімона Пажно, партнёраў па AJ Foyt Racing Санціна Феручы і Бенжаміна Педэрсэна, а таксама гоншчыкаў Dale Coyne Racing Стінга Рэя Роба і Дэвліна ДэФранчэска з Andretti Steinbrenner Autosport. Машына апошняга, у якую ўрэзаўся Педэрсэн, нават здзейсніла невялікі палёт з кручэннем на 180 градусаў вакол вертыкальнай восі.

На шчасце, ніхто з удзельнікаў інцыдэнту траўм не атрымаў, і пасля разбору завалу заезд быў працягнуты. На рэстарце (забягаючы наперад, толькі першым), напэўна, ні МакЛафлін, ні Эрыксан пра перамогу і не думалі. Бліжэйшымі пераследнікамі Гражана, які на першым кругу лідарства захаваў, былі пілот Andretti Autosport with Curb-Agajanian Колтан Херта і Патрысіа О’Ворд з Arrow McLaren, і бароліся яны хіба што адзін з адным, а не з Рамэнам, які доўгі час захоўваў камфортны адрыў.

Так было да трыццаць першага круга, калі О’Ворд, які на той момант быў другім, крыху наблізіўся да Гражана. Праўда, на тым жа кругу Пата адправіўся на піт-стоп, што кругам пазней зрабіў і Гражан. Гэты момант можна лічыць ключавым у гонцы ў Сэнт-Пітэрсбэргу, бо ў лідары выйшаў МакЛафлін, які сваё наведванне боксаў максімальна адцягнуў.

Паехаў пераабувацца новазеландзец толькі на трыццаць пятым кругу, а на трасу вярнуўся, практычна параўняўшыся з Гражанам. Аднак Скот паспеў лепей разагнацца і быў на болей выгаднай траекторыі – справа і, адпаведна, унутры наступнага правага ж павароту. Таму нават на халодных шынах атаку Гражана ён адбіў і застаўся наперадзе.

Праўда, адарвацца ў МакЛафліна не атрымалася праз чарговую нейтралізацыю гонкі, на гэты раз спачатку жоўтымі сцягамі па ўсёй трасе, а потым і аўтамабілем бяспекі – гоншчык Andretti Autosport Кайл Кірквуд падпіхнуў канкурэнта з Ed Carpenter Racing Конара Дэйлі, у выніку чаго апошняга развярнула, а потым, калі ён паспрабаваў вярнуцца на правільны кірунак, матор яго машыны заглух.

МакЛафлін захаваў першую пазіцыю на рэстарце ў канцы сорак першага круга, аднак далёка ад Гражана ізноў не ад’ехаў, бо на трасу ізноў прыйшлося выпускаць пэйс-кар. У чацвёртым павароце ў бар’еры з шын апынуўся яшчэ адзін пілот Ed Carpenter Racing Рынус ван Кальмтаўт, якога амерыканцы завуць ВіКей, у якога ўрэзаўся канкурэнт з Rahal Letterman Lanigan Racing Джэк Харві, а ў іх абодвух прыехаў Кірквуд, чыя машына падскочыла на двух папярэдніх.

Наступны рэстарт быў дадзены ў канцы сорак дзявятага круга, і ўжо пяцідзясяты стаў апошнім для Херты. Колтан у восьмым павароце паспрабаваў пабадацца з Паўэрам, але ў выніку застаўся ў шынах і таксама склаў зброю. Хаця вінаватым у іх кантакце суддзі прызналі аўстралійца, за што прызначылі яму штрафны праезд па піт-лэйне.

Перастановак у групе лідараў на наступным рэстарце на мяжы пяцьдзесят чацвёртага і пяцьдзесят пятага кругоў не адбылося. О’Ворд паспрабаваў атакаваць Гражана на галоўнай прамой, але беспаспяхова. Новазеландзец з французам неўзабаве ізноў адарваліся ад астатняга пелатона і прыняліся зноў бароцца адзін з адным. І хутка паўтарылася сітуацыя трыццаць шостага круга.

Рамэн ізноў адправіўся на піт-стоп раней, у канцы сямідзясятага круга, МакЛафлін зрабіў гэта роўна кругам пазней, і на наступным таксама вярнуўся на трасу акурат перад канкурэнтам з Andretti. Для абодвух гэтыя іх піт-стопы мелі быць апошнімі, і гоншчыкам трэба было вызначаць, хто мацнейшы, непасродна на трасе, чым яны і заняліся. Але працягвалася іх супрацьстаянне літаральна пару паваротаў, і скончылася яно ў чацвёртым, пасля таго, як Гражан паспрабаваў атакаваць МакЛафліна па вонкавым радыусе, у выніку чаго паміж іх машынамі адбыўся кантакт і абедзве яны ўрэзаліся ў бар’ер з шын.

Пасля іх сходу вынік гонкі здаваўся прадвызначаным. У лідары пасля хвалі піт-стопаў выйшаў О’Ворд, які ўпэўнена кантраляваў абстаноўку да дзевяноста сёмага круга са ста. Але як раз на ім, на выхадзе з апошняга павароту рухавік Chevrolet яго баліда раптоўна страціў цягу, чым і скарыстаўся Эрыксан, які ўвесь час трымаўся ззаду. Швед перахапіў лідарства ў мексіканца і адкрыў сезон перамогай. О’Ворду прыйшлося задаволіцца другім месцам, трэцяе заняў Дзіксан.

Цікавым вынікам першага этапу новага сезона IndyCar стала таксама агульная сума шкоды, якую панеслі каманды праз шматлікія аварыі. Яна перавысіла мільён долараў, што, натуральна, шмат. Хаця аналагічны маштаб пашкоджанняў у Формуле 1 абышоўся б калектывам у некалькі дзясяткаў мільёнаў.

Становішча ў турнірнай табліцы поўнасцю супадае з вынікамі першай гонкі. Эрыксан лідзіруе з 51-м ачком, на дзесяць апярэджваючы О’Ворда, які займае другую пазіцыю, Дзіксан, у якога 36 балаў, трэці.

Паміж першым і другім этапам ва ўдзельнікаў IndyCar перапынак у амаль у месяц. Другі ж пройдзе 1-2 красавіка на авале Texas Motor Speedway.

Іншыя пасты блога

Усе пасты