Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Штраф – не перашкода! Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка Альвара Баўціста аформіў чарговы хэт-трык на этапе ў Асэне

Штраф – не перашкода! Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка Альвара Баўціста аформіў чарговы хэт-трык на этапе ў Асэне

26 красавіка 2023, 16:03
Штраф – не перашкода! Дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка Альвара Баўціста аформіў чарговы хэт-трык на этапе ў Асэне

Фота: worldsbk.com

Іспанец яшчэ і ў кваліфікацыі бліснуў, заваяваўшы поўл, але перашкодзіў сваім канкурэнтам скончыць хуткія кругі, за што і быў пазбаўлены суддзямі трох пазіцый на стартавай рашотцы першай гонкі. Але ўсё роўна выйграў і яе, і абодва нядзельныя заезды, прынёсшы Ducati чатырохсотую перамогу ў сусветным Супербайке.

Калі ў лютым мінулага года расійскі дыктатар канчаткова з’ехаў з глузду і пайшоў вайной на Украіну, ён таксама марыў аб перамозе і ўзяцці Берліна ў версіі 2.0 – заваяванні Кіева. Замест гэтага ён атрымаў ганьбу і сорам, і хутка атрымае новыя, калі ўкраінскія героі ачысцяць сваю зямлю ад захопнікаў. Мы спадзяемся на іх, бо іх поспех дапаможа і нам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дыктатараў, на вялікі жаль, у свеце хапае, і адразу не скажаш, хто з іх самы звар’яцелы. Вось у спорце, у тым ліку ў гонках, мацнейшыя вызначаюцца вельмі проста. У Формуле 1, чэмпіянатах MotoGP і WSBK чэмпіёны яшчэ часта абазначаюць сябе першымі стартавымі нумарамі, але не ва ўсіх атрымліваецца несці іх горда. У тым жа MotoGP Франчэска Баньяя стабільна пакуль што толькі падае, затое на Альвара Баўцісту ў Супербайке чэмпіёнская адзінка на пярэднім абцякальніку яго завадской Ducati Panigale V4R не цісне, як кажуць, ад слова «зусім».

На этапе ў Нідэрландах гэта было бачна выдатна, асабліва ў суботняй гонцы, якую праз штраф гоншчык Aruba.it Racing-Ducati пачаў з чацвёртай пазіцыі. Але ўжо на старце ён абагнаў канкурэнта з Kawasaki Racing Team WorldSBK Алекса Лоўса, а на пятым кругу – і чэмпіёна 2021 года Топрака Разгатліоглу.

Турэцкі гоншчык Pata Yamaha Prometeon WorldSBK быў не ў сілах угнацца за Баўцістай, які імчаўся за шасціразовым чэмпіёнам WSBK Джонатанам Рэем. А вось брытанец тэмп трымаў значна болей высокі. Баўціста абагнаў лідара завадской каманды Kawasaki на дзявятым кругу, але брытанец паспрабаваў быў ціснуць на Альвара. Праўда, нядоўга, і іспанец неўзабаве пачаў адрывацца, каб першым атрымаць адмашку клецістым сцягам. Рэй заняў другое месца, Разгатліоглу стаў трэцім.

У нядзельным суперпоўл-спрынце справы ў Джонатана пайшлі яўна лепей. Перамагчы мог бы і ён, калі б заезд не скарацілі на два кругі праз неабходнасць паўторнай стартавай працэдуры. Падчас першай, на прагрэўным кругу, загарэўся рухавік на матацыкле гоншчыка Bonovo Action BMW Лорыса База, і на асфальт маглі праліцца тэхнічныя вадкасці, таму на ўсялякі выпадак старт адклалі. Ну а калі ён адбыўся, Рэй адразу зрабіў заяўку на перамогу, захапіўшы лідарства. Баўціста вярнуў яго сабе на першым жа кругу, але за астатнія сем Рэй яго далёка не адпусціў, фінішаваўшы другім меней чым у секундзе. Разгатліоглу ізноў перасек фінішную рысу трэцім.

Хуткім Рэй быў і ў другой гонцы, але… Ну хаця б пачалася гонка весела – Джонатан актыўна змагаўся з Баўцістай за лідарства, дый Разгатліоглу ўжо не выглядаў статыстам на іх фоне. Толькі на шостым кругу ў дзявятым павароце здарылася тое самае «але» – Рэй сышоў у лоўсайд, страціўшы кантроль над пярэднім колам. Хоць хуткасць была і не надта высокай, Kawasaki ZX-10RR пацярпеў занадта моцна, не дазволіўшы гоншчыку працягнуць заезд.

Падзенняў у другой гонцы наогул было багата, і калі непрыемнасць Рэя не скончылася нічым дрэнным персанальна для яго, то вось гоншчык ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team Міэаэль ван дэр Марк на першых кругах злавіў вельмі непрыемны хайсайд – яго літаральна катапультавала з сядла. Прызямленне выйшла жорсткім, яго вынікам стаў пералом левай сцегнавой косткі. І крыўдным, бо адбылося на хатнім для Міхаэля этапе. Зычым яму хутчэй вярнуцца ў лад.

Разгатліоглу, застаўшыся сам-насам з Баўцістай, навязаць яму барацьбу не здолеў і паступова адстаў ад яго амаль на чатыры секунды. Але хаця б фінішаваў другім. Трэцяе месца заняў яго напарнік па камандзе Андрэа Лакатэлі. Трэці італьянец і ў чэмпіянаце, у яго 104 ачкі. У Разгатліоглу, які займае другую пазіцыю, 118. Ну а Баўціста ўпэўнена лідзіруе са 174-ма баламі. Рэй, які знаходзіцца цяпер на пятай пазіцыі, адстае ад яго на 101. Залік вытворцаў узначальвае Ducati, у якой 179 ачкоў. Yamaha другая, у яе 134 балы, Kawasaki з 87-мю ачкамі замыкае першую тройку.

Перапынак паміж трэцім і чацвёртым этапамі гэтага сезона сусветнага Супербайка будзе не такім вялікім, як паміж другім і трэцім. Ужо 5-7 мая ўдзельнікі чэмпіянату свету наведаюць трасу ў Барселоне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты