Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/BMW валіць! Купэ M4 GT3 ледзь не акупіравалі ўвесь подыум першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

BMW валіць! Купэ M4 GT3 ледзь не акупіравалі ўвесь подыум першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

28 красавіка, 15:22
BMW валіць! Купэ M4 GT3 ледзь не акупіравалі ўвесь подыум першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

А маглі б і ўвесь заняць, калі б не крыўдны пракол у трыццаць другога экіпажа каманды Team WRT меней чым за трыццаць хвілін да канца трохгадзіннай гонкі. У астатнім жа баварскія машыны дамінавалі на першым этапе новага сезона GT World Challenge Europe.

Сёння рускія фашысты ізноў забілі мірных украінцаў. Ва Умані ракета патрапіла ў жылы дом, дзе загінулі дзесяць чалавек, у тым ліку двое дзетак. Ад сваіх злачынстваў агрэсару не адмыцца ніколі, і справа ўсяго свету дапамагчы Украіне прыцягнуць да адказнасці і звар’яцелага расійскага дыктатара, і яго паслугача, што засеў у Мінску. Абодва дыктатарскія рэжымы мусяць быць знішчаныя, і Узброеныя сілы Украіны могуць гэта арганізаваць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль у нашых суседзяў ідзе вайна, «Гоначная псіхапатыя» застанецца не проста блогам пра гонкі. Пісаць пра іх і рабіць выгляд, што больш нічога не адбываецца, асабіста для мяне немагчыма. І тым, хто падтрымлівае фашызм, не месца ў гонках, таму не, мне не шкада расіян, якія засталіся без месцаў у гоначных машынах. Як, напрыклад, былы пілот Haas у Формуле 1 Мікіта Мазепін, які заявіў некалі, што для яго і нейтралітэт – гэта шанаваная пазіцыя. Нейтралітэт, калі ідзе вайна – гэта фактычная падтрымка агрэсара, толькі маўклівая.

Расіяне, якія працягваюць выступаць у серыі GT World Challenge Europe (пад нейтральнымі сцягамі), хаця б не рабілі ганебных публічных заяў, таму нават вартыя таго, каб перамагаць. Хаця на першым этапе ў Монцы ў мінулыя выхадныя на першых ролях былі іншыя гоншчыкі. Найперш тыя, каму пашчасціла выступаць на BMW M4 GT3. Па выніках кваліфікацыі, напрыклад, экіпажы на іх акупіравалі першыя два шэрагі стартавай рашоткі.

Мацнейшымі сталі Філіп Энг, Марка Вітман і Нік Йелалі з дзевяноста восьмага экіпажа Rowe Racing, якія потым дамініравалі і цягам усёй гонкі і атрымалі перамогу. Іх калегі па камандзе Даніэль Харпер, Нэйл Верхаген і Макс Хэссэ, якія кіравалі дзевяцьсот дзевяноста восьмай машынай, стартавалі чацвёртымі, але ў выніку забяспечылі свайму калектыву дубль.

Астатнім уладальнікам M4 GT3 з кола фаварытаў пашанцавала меней. Сорак шосты экіпаж Team WRT, які складаюць Аўгушта Фарфуш, Максім Мартан і мультычэмпіён MotoGP Валянціна Росі і які кваліфікаваўся другім, яшчэ ў пачатковай фазу гонкі сутыкнуўся з разнастайнымі праблемамі. У прыватнасці, Вале падчас сваёй змены выпадкова актываваў сістэму Antistoll на выхадзе з першай шыканы Rettifilio, страціўшы некалькі пазіцый. Пазней, у пачатку другой траціны гонкі, яго экіпаж наогул сышоў з дыстанцыі. Што, можа, не так крыўдна, як нават да гэтай самай шыканы не дабрацца, як гэта здарылася з двума гоншчыкамі малодшых катэгорый у хвасце пелатона на самым старце.

Ну а партнёры італьянца, бразільца і немца па камандзе з трыццаць другога экіпажа Дрыс Вантор, Шэлдан ван дэр Ліндэ і Шарль Віртс мелі шанцы падняцца на ніжнюю ступень подыуму, калі б не згаданы ў пачатку артыкулу пракол меней чым за паўгадзіны да сканчэння часу заезду. Іх няўдача дапамагла камандзе Iron Lynx годна адсвяткаваць пачатак супрацоўніцтва з Lamborghini (Жалезныя Рысі будуць выступаць і на прататыпах LMDh гэтай маркі ў WEC у наступным годзе) – Мірка Барталоці, Андрэа Кальдарэлі і Джордан Пэпер на Huracan GT3 Evo 2 пад стартавым нумарам 63 якраз і занялі ў Монцы трэцяе месца.

У турнірнай жа табліцы Iron Lynx наогул на другой пазіцыі каманднага заліку з 23-ма ачкамі. Трэцюю займаюць Sainteloc Junior Team, чый дваццаць пяты экіпаж у складзе Крыстафера Міса, Патрыка Нідэрхаўзэра і Сімона Гашэ на Audi R8 LMS Evo II GT3 фінішаваў чацвёртым. Ну а Rowe Racing лідзіруюць, маючы 26 ачкоў. Столькі ж у Йелалі, Вітмана і Энга, якія ўзначальваюць залік гоншчыкаў. Верхаген, Хэссэ і Харпер на другой пазіцыі, у іх 18 балаў, на тры болей, чым у Кальдарэлі, Пэпера і Барталоці, якія замыкаюць першую тройку.

Аднак тое, што адна каманда дамініравала на асобным этапе, у серыі GT World Challenge Europe нічога не значыць – тут вам не Формула 1! І наступны этап брытанскай трасе Брэндс-Хэтч, які пройдзе ў фармаце Sprint з двума асобнымі гадзіннымі заездамі 13-14 мая, можа выявіць і новых герояў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты