Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перамогі задам наперад. Гіртсу і Херлінгсу не перашкодзіла новаўвядзенне на мотакросавым Гран Пры Партугаліі

Перамогі задам наперад. Гіртсу і Херлінгсу не перашкодзіла новаўвядзенне на мотакросавым Гран Пры Партугаліі

Перамогі задам наперад. Гіртсу і Херлінгсу не перашкодзіла новаўвядзенне на мотакросавым Гран Пры Партугаліі

Фота: mxgp.com

Лідар чэмпіянату свету па мотакросе ў катэгорыі MX2 Яга Гіртс у Агуэдзе нарэшце правёў чысты ўік-энд, аформіўшы хэт-трык. Нават у Джэфры Херлінгса ў MXGP такога не атрымалася, хаця ён таксама адсвяткаваў трыумф.

Мы не ведаем дакладна, ці ўкраінскія дроны напярэдадні атакавалі маскоўскі Крэмль, затое для ўсіх відавочна, як звар’яцелы дыктатар баіцца справядлівага адказу Узброеных сіл Украіны за свае злачынствы. Вайна заўсёды прыходзіць у дом да таго, хто яе развязвае, і Расія не будзе выключэннем. Украінскія героі прынясуць вызваленне не толькі свайму народу. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Да канчатковай перамогі нашых суседзяў адбудзецца яшчэ шмат падзей. Што іх было шмат на партугальскім этапе чэмпіянату свету па мотакросе, сказаць нельга, хаця тыя, што былі, мелі важнае значэнне. Цяжка сказаць, ці звязана гэта наўпрост з цікавым рашэннем арганізатараў Гран Пры, якія змянілі напрамак руху на трасе, вядомай удзельнікам MXGP у тым ліку па мінуламу году. Прынамсі, лідар чэмпіянату ў малодшай катэгорыі MX2 Яга Гіртс на гэта дакладна не наракаў.

Бельгіец з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team пачаў уік-энд у Агуэдзе з перамогі ў кваліфікацыйнай гонцы, а потым замацаваў поспех у абедзвюх нядзельных. Зусім ужо лёгкім шпацырам Гран Пры Партугаліі для яго, аднак, не быў, і яго канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама кінуў яму выклік у першым заездзе. Італьянец захапіў лідарства на старце і ўтрымліваў яго да пятнаццатага круга, калі Гіртс, які ўвесь гэты час быў у пары секунд ад Андрэа, правёў рашучую і паспяховую атаку.

Адама фінішаваў другім, следам за ім адмашку клецістым сцягам атрымаў гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф, які быў галоўным пераследнікам Гіртса ў другой гонцы. Хол-шот у ёй аформіў ізноў не Гіртс, але і не Адама, а прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр. Зрэшты, на першай пазіцыі немец прабыў літаральна пару паваротаў, пасля чаго яго абагнаў Гіртс. Але фінішаваць нават у першай тройцы Сімону не было наканавана – на чатырнаццатым кругу яго абышоў і дэ Вольф, і яго суайчыннік і напарнік па камандзе Роан ван дэ Моосдайк.

Тыя ж месцы абодва нідэрландцы занялі і па выніках Гран Пры Партугаліі. Перамога Гіртса дапамагла яму замацаваць лідарства ў чэмпіянаце – у Яга цяпер 265 ачкоў супраць 229-ці ў Адама, які застаўся другім. Ён у сваю чаргу на дзевяць балаў апярэджвае дэ Вольфа, які падняўся на трэцюю пазіцыю. Сярод вытворцаў у MX2 першая па-ранейшаму Yamaha, у якой 280 ачкоў, Husqvarna апярэдзіла KTM у спрэчцы за другую пазіцыю і з 232-ма баламі на адзін апярэджвае роднасны аўстрыйскі брэнд.

У кваліфікацыйнай гонцы старэйшай катэгорыі MXGP у суботу пяршынстваваў гоншчык завадской каманды Honda Рауль Фернандэс, але ў нядзелю на першых ролях былі ўжо яго канкурэнты. Першы з галоўных заездаў хол-шотам пачаў лідар чэмпіянату з Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада. Памылак іспанец не дапусціў, першым жа і фінішаваўшы. А вось за другую пазіцыю спрэчка месца мела. Адразу пасля старту на ёй апынуўся чэмпіён 2015 года Рамэн Фэвр, але яго галоўным пераследнікам быў двухразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Джэфры Херлінгс.

Француз з Kawasaki Racing Team у выніку абараніўся ад нідэрландскага канкурэнта з завадскога калектыву KTM, а вось у другой гонцы таму ўжо ніхто не здолеў супрацьпаставіць нічога. Хол-шот, праўда, дастаўся гоншчыку Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Джэрэмі Сіверу, якога амаль адразу абагнаў Фернандэс, які першую гонку скончыў на сёмай пазіцыі. Але там якраз і Херлінгс накочваў – ён хутка разабраўся з Сіверам, а на пятым кругу і Фернандэса абагнаў. Рауль фінішаваў другім, а Джэрэмі пазней саступіў трэцюю пазіцыю Фэвру.

Рамэн па выніках Гран Пры Партугаліі заняў другое месца, а Херлінгс, дзякуючы ў тым ліку толькі шостай пазіцыі Прада ў другой гонцы, атрымаў сто першую ў кар’еры перамогу. Хорхе падняўся на ніжнюю ступень подыуму, але застаўся лідарам у турнірнай табліцы. Іспанец мае 246 ачкоў, у Херлінгса, які вярнуўся на другую пазіцыю, іх 229. Трэці з 214-цю баламі Фэвр. Yamaha, аднак, захавала лідарства і сярод вытворцаў у MXGP. У яе 252 ачкі, але GasGas адстае ўсяго на чатыры. KTM з 233-ма баламі застаецца трэцім.

Наступным этапам чэмпіянату свету па мотакросе стане Гран Пры Іспаніі, які ўжо літаральна заўтра пачынаецца на трасе intu Xanadú-Arroyomolinos у Мадрыдзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты