Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Тры супраць двух. Рызыкоўная стратэгія прынесла Скоту МакЛафліну перамогу на этапе IndyCar у Алабаме

Тры супраць двух. Рызыкоўная стратэгія прынесла Скоту МакЛафліну перамогу на этапе IndyCar у Алабаме

Тры супраць двух. Рызыкоўная стратэгія прынесла Скоту МакЛафліну перамогу на этапе IndyCar у Алабаме

Фота: indycar.com

Аўтадром Barber Motorsports Park у Бірмінгеме, штат Алабама, не надта доўгі – усяго 3,8-кіламетровы (2,38-мільны), але затое вельмі тэхнічны і неверагодна маляўнічы. І гонка IndyCar на ім у мінулую нядзелю выдалася пад стаць, прычым багатая яна была як на падзеі непасродна на трасе, так і на стратэгічныя гульні. Для Скота МакЛафліна яны мелі плён.

Сумленныя людзі па ўсім свеце зараз зычаць плёну надыходзячаму наступленню Узброеных сіл Украіны. Поспех нашых суседзяў патрэбны не толькі ім, але і беларусам, якім гэта дапаможа вызваліцца ад мясцовай дыктатуры. Яна ж у сваю чаргу не павінна пазбегнуць адказнасці за саўдзел у агрэсіі, у тым ліку супраць свайго народа. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Траса Barber Motorsports Park, якая ў мінулы ўік-энд прыняла Гран Пры Алабамы серыі IndyCar на Украіну і Беларусь будучыні падобная – такая ж прыгожая. Яе канфігурацыя, здавалася б, шчыльнай барацьбе і абгонам спрыяць не павінна, але ў гонцы хапала ўсяго.

Весялосць пачалася з першага ж круга, калі пілот Andretti Autosport Рамэн Гражан, які стартаваў з поўлу, вымушаны быў адіваць атакі адразу двух канкурэнтаў – Патрысіа О’Ворда з Arrow McLaren і Алкса Палоў з Chip Ganassi Racing. На пачатковым этапе француз з задачай справіўся, і на некаторы час становішча стабілізавалася. Француз ад’язджаў ад іспанца і мексіканца і чакаў моманту для піт-стопу, першага з двух запланаваных.

А вось у Team Penske пайшлі на альтэрнатыўную стратэгію з трыма прыпынкамі. Канечне, на першым адрэзку ўсе пілоты каманды мелі пэўны недахоп тэмпу на асноўных, болей жорсткіх шынах. Той жа Скот МакЛафлін, які стартаваў трэцім, спачатку нават прапусціў свайго суайчынніка і цёзку з Chip Ganassi Racing па прозвішчы Дзіксан. Аднак стратэгічна ў болей выгаднай пазіцыі быў якраз маладзейшы з новазеландцаў.

Хвалю піт-стопаў для тых, у каго іх было запланавана тры, адкрыў на мяжы трынаццатага і чатырнаццатага кругоў партнёр МакЛафліна па камандзе Джозэф Ньюгардэн. І амерыканец, атрымаўшы камплект болей мяккай гумы, паказаў уражлівы тэмп і хутка падняўся на першую пазіцыю. Тыя пілоты, якіх чакала два піт-стопы, аднак, таксама атрымалі пэўную перавагу, калі пілот Dale Coyne Racing with RWR Сцінг Рэй Роб спыніўся праз механічныя праблемы – спачатку віртуальны, а потым і рэальны аўтамабіль бяспекі дазволілі зэканоміць паліва. Зрэшты, такая ж магчымасць з’явілася і ў тых, хто ішоў на тры піт-стопы. Яны, да таго ж, былі больш вольнымі ў выбары шын.

На момант рэстарту на сорак трэцім кругу на першую пазіцыю ўжо вярнуўся Гражан, галоўным пераследнікам якога быў ужо МакЛафлін. Ад О’Ворда, які ехаў следам, гэтая пара за наступныя дзесяць кругоў ад’ехала ажно на сем секунд, тады як інтэрвал паміж імі складаў усяго 0,7 секунды. Француз, аднак, узвінціў тэмп і да шасцідзясятага круга, на якім ён адправіўся на фінальны піт-стоп, ад’ехаў ад канкурэнта з Penske на паўтары секунды.

Не стаў цягнуць з апошнім наведваннем піт-лэйну і МакЛафлін – новазеландзец зрабіў гэта усяго праз пару кругоў. І вярнуўся на трасу перад Гражанам! Той, зрэшты, даволі хутка вывеў свае шыны ў працоўны рэжым і хутка правёў паспяховую атаку ў звязцы перадапошняга і апошняга паваротаў.

Аднак у хуткасці экс-пілота Формулы 1 было даволі простае тлумачэнне – ён поўнасцю выкарыстаў 200-секундны запас «бусту» push-to-pass. А вось у МакЛафліна час карыстання гэтым рэжымам яшчэ заставаўся. Яго Скот і выкарыстаў на доўгай прамой пасля пятага павароту, у якім на семдзесят другім кругу і падлавіў Гражана на памылца, калі Рамэн пашырыў траекторыю.

Заставаўся push-to-pass і ў яшчэ аднаго прадстаўніка Penske – дзейснага чэмпіёна серыі Уіла Паўэра. Ён таксама атрымаў перавагу ад стратэгіі трох піт-стопаў, і на фінальных кругах ішоў трэцім, наганяючы Гражана. Але да рэальнай атакі справа дайсці не паспела – гонка скончылася, і аўстраліец так трэцім і застаўся.

Ну а МакЛафлін стаў чацвёртым пераможцам за чатыры этапы гэтага сезона IndyCar. Ён палепшыў сваё становішча ў турнірнай табліцы, у якой падняўся на чацвёртую пазіцыю. Скот мае 119 ачкоў, усяго на два адстаючы ад Палоў, які застаўся трэцім.

Першая і другая пазіцыі таксама не змянілі ўладальнікаў, прытым што лідар чэмпіянату і партнёр Палоў па камандзе Маркус Эрыксан у Алабаме не бліснуў, заняўшы толькі дзясятае месца. У шведа 130 балаў, што ўсяго на тры болей, чым у О’Ворда, які гэтым разам фінішаваў чацвёртым. Гражан са 115-цю ачкамі займае пятую пазіцыю, Паўэр са 104-ма – сёмую.

Сезон IndyCar працягнецца ў наступныя пятніцу і суботу, 12 і 13 мая, у Індыянапалісе. Але гэта будзе яшчэ не 500-мільная гонка на авале, спачатку ўдзельнікі серыі паспаборнічаюць на канфігурацыі так званага еўрапейскага тыпу, якая некалі выкарыстоўвалася ў Формуле 1.

Іншыя пасты блога

Усе пасты