Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Забойны дэбют. Этапы серыі Extreme E ў Шатландыі выдаліся багатымі на аварыі

Забойны дэбют. Этапы серыі Extreme E ў Шатландыі выдаліся багатымі на аварыі

Забойны дэбют. Этапы серыі Extreme E ў Шатландыі выдаліся багатымі на аварыі

Фота: extreme-e.com

Гонкі на электрычных пазадарожніках нарэшце наведалі Шатландыю, куды ўпершыню павінны былі прыехаць яшчэ ў самым першым сезоне 2021 года. Праўда, далёка не ўсе ўдзельнікі серыі атрымалі асалоду ад новых этапаў.

Напэўна не атрымалі асалоды ад сваёй агрэсіі супраць Украіны расійскія фашысты, дзвесце тысяч якіх з лютага мінулага года сталі ўгнаеннямі. Усіх ваенных злачынцаў чакае адзіны лёс, выключэннямі не будуць і звар’яцелы дыктатар са сваім паслугачом у Мінску, калі апошні сам раней не стане ўгнаеннем. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Абодва дыктатары з’яўляюцца ідэалагічнымі нашчадкамі двух жа дыктатараў мінулага стагоддзя, якія абодва карысталіся чырвонымі сцягамі (некаторыя сучасныя такімі карыстаюцца і зараз). Не любяць гэтыя сцягі і гоншчыкі, бо з’яўляюцца яны ў выпадку сур’ёзных здарэнняў і перарываюць сесіі. Ледзьве не ў кожнай яны з’яўляліся і па ходу двух этапаў электрычнай пазадарожнай серыі Extreme E, якія прайшлі ў Шатландыі ў мінулыя выхадныя.

Гэта, дарэчы, быў не першы візіт Extreme E ў Вялікабрытанію – якраз там праходзіў фінальны этап першага сезона 2021 года, толькі яго прымала Англія. Але нарэшце серыя дабралася і да іншай частцы Аб’яднанага Каралеўства. Трасу падрыхтавалі цікавую, хоць пераадолець яе без прыгод аказалася цяжка нават чэмпіёнам.

Экіпаж X44 Vida Carbon Racing у складзе Крысціны Гуцьерэс і Фрэйзэра МакКонэла, якія перамаглі ў першым хіце другой кваліфікацыі суботняга этапу (адзінай, бо першая была адмененая праз складаныя надворныя ўмовы), зрэшты, справіліся з задачай без праблем. Як і іх канкурэнты з GMC HUMMER EV Chip Ganassi Racing Аманда Сорэнсэн і Ар-Джэй Андэрсан, якія фінішавалі другімі і таксама прайшлі фінал. А вось у вядомай нам па сусветным ралі-кросе Клары Андэрсан у другім хіце ўсё пайшло наперакасяк на самым пачатку заезду.

Шведская напарніца шматразовага трыумфатара Дакара Насэра Аль-Аціі па ABT CUPRA XE патрапіла ў аварыю, якая прывяла да чырвоных сцягоў, урэзаўшыся ў вузкім месцы ў цюкі з сенам, што выкарыстоўваліся ў якасці абмежавальнікаў. На рэстарт не выйшла не толькі яна, але і экіпаж каманды Veloce Racing – Молі Тэйлар і Кэвін Хансэн, толькі яны сутыкнуліся з механічнымі праблемамі на сваім Odyssey 21. Таму пяціразоваму чэмпіёну свету па ралі-кросе Йохану Крыстоферсану і Мікаэле Алін-Катулінскі з Rosberg X Racing перамагчы было прасцей, што яны і зрабілі.

Другімі сталі Крысцін Джампаолі і Ціма Шайдэр з Carl Cox Motorsport, якія фізічна фінішавалі трэцімі. Вышэй у пратаколе яны падняліся дзякуючы пяцісекунднаму штрафу экіпажу NEOM McLaren Extreme E Team. Эма Гілмар і Танэр Фаўст занадта доўга мянялі адно аднаго ў адпаведнай зоне, за што і сталі трэцімі, таксама, аднак, прайшоўшы ў Grand Final.

Пераможцамі суцяшальнага заезду Redemption Race сталі Лая Санц і Маціас Экстром, гоншчыкі Acciona Sainz XE Team. У фінал, зрэшты, яны, па абноўленых правілах, ўсё роўна не прайшлі, а проста набралі дадатковыя ачкі.

На старце фіналу рэжым Hyperdrive, які дае дадатковую магутнасць, выкарысталі ўсе ўдзельнікі, акрамя МакКонэла, які націснуў на адпаведную кнопку ўжо пасля першага павароту, захапіўшы лідарства. Ненадоўга, праўда, бо ў наступны паварот гоншчык з Ямайкі ўпісаўся не ідэальна, прапусціўшы наперад Цімі Хансэна, які з Каці Манінгс выступае за Andretti Altawkilat Extreme E.

Абагнаў МакКонэла і Крыстоферсан, але швед затым дапусціў памылку, наехаўшы на бруствер злева і вылецеў з трасы. Дзеля справядлівасці, Йохан памыліўся не на роўным месцы – грунт хутка заляпляў лабавое шкло, і гэта было праблемай для ўсіх, апроч, напэўна, толькі лідараў, цягам усяго уік-энду. Таму бачнасць часта пакідала чакаць лепшага.

Вярнуць сабе лідарства на трасе МакКонэлу і Гуцьерэс не ўдалася – Манінгс і Цімі Хансэн фінішавалі першымі. Але за парушэнне ў зоне змены пілотаў атрымалі штраф у 15,3 секунды, што адкінула іх на другое месца. Таму экіпаж X44 Vida Carbon Racing падняўся на вяршыню подыуму. Трэцяе месца занялі Джампаолі і Шайдэр.

У нядзелю ўдзельнікі Extreme E правялі наступны, ужо чацвёрты этап серыі ў гэтым сезоне. Клары Андэрсан не пашанцавала і на гэты раз – у першым хіце другой кваліфікацыі, спрабуючы ўхіліцца ад сутыкнення з машынамі наперадзе, дзве з якіх урэзаліся ў тыя самыя цюкі сена, вылецела з трасы і пашкодзіла машыну. Пачалося ж усё з таго, што ў імправізаваную агароджу ўрэзалася Гілмар, а следам за ёй – і Шайдэр.

Арганізатары нават вырашылі ў гэтым месцы зрабіць зону запавольвання з пастаяннымі жоўтымі сцягамі. І цэлы шэраг экіпажаў затым не пазбег штрафаў за перавышэнне хуткасці на гэтым участку, у тым ліку Гілмар і Фаўст, якія выйгралі прыпынены чырвонымі сцягамі заезд пасля рэстарту. Дадатковыя 30 секунд перамясцілі іх на другую пазіцыю, а першымі сталі Сорэнсэн і Андэрсан.

Другі хіт быў перарваны чырвонымі сцягамі амаль адразу пасля старту. Кантакт паміж Санц і Алін-Катулінскі перад першым паваротам прывёў да таго, што машына шведкі адправілася далей на двух колах і сутыкнулася з машынай Гуцьерэс (апошні момант перад гэтым – на загалоўным фота). Абодва экіпажы сышлі з дыстанцыі, але, што цікава, дзякуючы моцным вынікам у першай кваліфікацыі ўсё роўна прайшлі ў Grand Final!

Барацьба экіпажаў Andretti Altawkilat Extreme E і X44 Vida Carbon Racing, якія фінішавалі другім і трэцім адпаведна, не мела, такім чынам, значэння і працягнулася толькі ў Redemption Race, у якой усё роўна перамог экіпаж JBXE. Тэйлар жа на рэстарце, як і на першым старце, захапіла лідарства, пазбегла памылак, а Кэвін Хансэн затым давёў справу да перамогі ў заездзе і прахода Veloce Racing у фінал, дзе іх чакаў поспех.

Апошні заезд стартаваў пад дажджом – упершыню ў гісторыі Extreme E. Гэта, вядома, дадаткова ўскладніла бачнасць, шклоачышчальнікі дапамагалі мала, а на некаторых машынах проста выходзілі з ладу. Экіпажу Veloce Racing пашанцавала болей, чым астатнім – Хансэн адразу захапіў лідарства і памылак не дапускаў, як і Тэйлар. Перамаглі яны ў выніку чыста.

А Алін-Катулінскі і Санц сышліся і ў фінале! Наступствы іх кантакту гэтым разам былі меней катастрафічнымі, але пашкоджанні машыны ўсё роўна атрымалі занадта сур’ёзныя – спачатку шведка, а хутка і іспанка сышлі з дыстанцыі. Таму экіпажам NEOM McLaren Extreme E Team і GMC HUMMER EV Chip Ganassi Racing толькі і заставалася, што высветліць, хто будзе другім, а хто трэцім. Высветлілася гэта даволі проста – Гілмар і Фаўст на пятнаццаць секунд адарваліся ад Сорэнсэн і Андэрсана.

Пасля чатырох этапаў Veloce Racing лідзіруюць у чэмпіянаце з 80-цю ачкамі, на адзінаццаць апярэджваючы Acciona Sainz XE Team, якія займаюць другую пазіцыю. На трэцяй Rosberg X Racing, у іх 52 балы, на адзін болей, чым у X44 Vida Carbon Racing.

Пяты і шосты этапы гэтага сезона Extreme E адбудуцца 8 і 9 ліпеня на выспе Сардынія.

Іншыя пасты блога

Усе пасты