Усе навіны

Барэц Лявончык: «Працягваем нацэльвацца годна выступіць на ЧЕ, ЧС, АГ. Калі не – будуць альтэрнатыўныя турніры»

29 студзеня 2023, 12:47

Барэц Аляксандр Лявончык падзяліўся меркаваннем наконт адхілення ад міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Цяпер беларусы нежаданыя госці на міжнародных турнірах пад эгідай Аб'яднанага свету барацьбы. Як перажываеце гэтую сытуацыю?

– Для мяне гэта палка аб двух канцах. З аднаго боку, вядома, сумна, што мы не можам выступаць на чэмпіянатах міру і Еўропы, іншых прэстыжных стартах у календары міжнароднай федэрацыі. З іншага – уся гэтая сітуацыя паўплывала на тое, што ў нас стала больш спарынгаў, сумесных трэніровак з расійскімі атлетамі.

Усе, хто цікавіцца барацьбой, у курсе, наколькі яны моцныя. У суседзяў па шэсць-восем чалавек у адной вагавой катэгорыі могуць спакойна прэтэндаваць на медалі з планетарных і кантынентальных першынстваў. Мы з імі правялі збор і некалькі турніраў, што было вельмі карысна.

– Памятаеце, як адрэагавалі на навіну аб адхіленні?

– Не скажу, што з'явілася жаданне ўсё кінуць. Проста было спусташэнне і няведанне, што будзе далей. Прайшло крыху часу, і ўсё ўстала на свае месцы.

Зразумеў, што займаюся каханай справай, і працягнуў трэніравацца. Ёсць упэўненасць, што рана ці позна гэта скончыцца і паступова ўсё стане на свае месцы. Трэба быць да гэтага гатовым і знаходзіцца ў форме. Так што маркоціцца некалі. Працягваем трэніравацца, нацэльвацца на тое, каб годна выступіць на чэмпіянатах Еўропы, свету, Алімпіядзе.

Калі не – будуць альтэрнатыўныя турніры. Так ці інакш, але спыняцца нельга, – сказаў Лявончык.