Усе навіны

Кіраўнік федэрацыі барацьбы Селімаў пра Гульні краін СНД: «Кожны міжнародны старт, улічваючы адсутнасць спаборніцтваў на працягу паўтара года, вельмі важны»

8 жніўня, 20:56

Кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў пракаментаваў арганізацыю спаборніцтваў па барацьбе на ІІ Гульнях краін СНД.

«Усё прайшло на высокім арганізацыйным узроўні і відовішчнасць сутычак таксама была на высокім узроўні. Гэта пакідае добрае ўражанне.

Кожны старт, які праходзіць дома, тым больш міжнародны, улічваючы адсутнасць спаборніцтваў на працягу паўтара года, вельмі важны. Мы да іх падыходзілі вельмі адказна, тым больш усё шырока асвятлялася на працягу многіх месяцаў», – цытуе Селімава sport5 са спасылкай на «Спорт-Кадр».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.