Усе навіны

Рэжым пацвердзіў прыналежнасць да «МУС» Каладзінскай. Яна адабралася на АГ, куды не павінны дапускаць асоб з кантрактамі з «органамі»

19 снежня, 19:37

Аляксандр Лукашэнка падпісаў «указ» пра прысуджэнне прэміі «Беларускі спартыўны Алімп». Яе далі ў тым ліку і прадстаўніцы зборнай Беларусі па барацьбе Ванэсе Каладзінскай.

У рэжымным «указе» зазначаецца, што спартсменка з'яўляецца «інструктарам па спорце вышэйшай кваліфікацыі спартыўнай каманды «Міністэрства ўнутраных спраў».

Каладзінская кваліфікавалася на Алімпійскія гульні-2024, аднак туды, згодна з крытэрыямі МАК, не павінны дапускаць асоб з кантрактамі з «органамі».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

8 снежня МАК дапусціў беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў АГ у Парыжы ў нейтральным статусе.