Дакар-2022: фініш

Сорак чацвёртае ралі Дакар нарэшце стала гісторыяй – учора прайшоў яго дванаццаты і фінальны этап. І менавіта ён стаў вырашальным у некаторых катэгорыях.

15 января 2022, 15:05
Дакар-2022: фініш

Фота: dakar.com

Сорак чацвёртае ралі Дакар нарэшце стала гісторыяй – учора прайшоў яго дванаццаты і фінальны этап. І менавіта ён стаў вырашальным у некаторых катэгорыях.

Ад Бішы да Джыды па дарозе 680 кіламетраў, але баявых з іх учора было 164, ды і размешчаны спецучастак быў збоку ад ліазону. Затое арганізатары паабяцалі, што ён будзе па-сапраўднаму баявым: пяскі, камяні і пад’ём болей чым на 1 500 метраў над узроўнем мора – гэта не жарты.

У мотакатэгорыі лепшым на ім стаў гоншчык завадской каманды Honda Пабла Кінтанілья, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 1 гадзіну 40 хвілін. Ён і быў галоўным пераследнікам лідара генеральнай класіфікацыі Сэма Сандэрлэнда, але так на другім месцы і застаўся, саступіўшы ад брытанцу з каманды GasGas 3 хвіліны 27 секунд. Сам цяпер ужо двухразовы пераможца Дакару на апошнім этапе фінішаваў восьмым, на 3 хвіліны 25 секунд адстаўшы ад чылійскага суперніка.

Тобі Прайс саступіў Кінтанільі ўсяго васямнаццаць секунд, замкнуўшы пры гэтым Топ-10 абсалюту. Ад Сандэрлэнда аўстраліец з KTM, які выйграваў Дакар двойчы, адстаў болей чым на сорак дзевяць хвілін. Хасэ Ігнасіа Карнэха – суайчыннік Кінтанільі і яго партнёр па завадской Хондзе – на фінальным спецучастку прайграў яму дваццаць дзевяць секунд, заняўшы трэцяе месца, а пераможцу ўсёй гонкі саступіў крыху болей за трыццаць восем хвілін і заняў шостае месца.

Сандэрлэнд на праходжанне баявых кіламетраў у суме затраціў 38 гадзін 47 хвілін 30 секунд. Разам з ім і Кінтанільяй у першую тройку патрапіў гоншчык KTM Маціас Валькнэр. Аўстрыец саступіў Сэму 6 хвілін 47 секунд, а апошні этап скончыў з сёмым вынікам, прайграўшы яго пераможцу амаль тры хвіліны. Француз Адрыен ван Бэверэн з завадской Ямахі ў абсалюце заняў чацвёртае месца, іспанец Хоан Барэда Борт з Хонды скончыў ралі Дакар пятым.

У катэгорыі квадрацыклаў фінішавала ўсяго сямёра гоншчыкаў. Лепшым з іх, які справіўся з дванаццаццю спецучасткамі за 50 гадзін 51 хвіліну, чакана стаў Александр Жыру. Французу не было куды спяшацца, і ўчора ён спакойна дакаціў да фінішу пятым, саступіўшы пераможцу этапу Франсіска Марэна болей за дваццаць хвілін. Аргенцінец пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 14 хвілін 13 секунд, а ў абсалюце адстаў ад Жыру на 2 гадзіны 21 хвіліну 11 секунд, заняўшы выніковае другое месца.

Замкнуў першую тройку паляк Каміль Вішнеўскі, чыё адставанне ад пераможца склала 2 гадзіны 27 хвілін 25 секунд. На апошнім этапе ён фінішаваў другім, саступіўшы Марэна 2 хвіліны 43 секунды. Бразілец Марчэла Медэйрас адстаў ад яго на 7 хвілін 42 секунды, а па выніках усяго ралі размясціўся на перадапошнім шостым месцы, адстаўшы ад Жыру болей чым на дваццаць дзве гадзіны. Чацвёртым ралі-марафон скончыў чэх Здэнэк Тума, пятым фінішаваў аргенцінец Карлас Алехандра Верза, а замкнуў пратакол калумбіец Нікалас Раблэда.

Насэр Аль-Ація і Мацьё Бамэль адсвяткавалі трыумф у катэгорыі легкавых аўтамабіляў, які для катарца стаў ужо чацвёртым. На пераадоленне спецучасткаў у іх пайшло 38 гадзін 33 хвіліны 3 секунды. Пры гэтым на апошнім экіпаж завадской Таёты фінішаваў на дзевятнаццатым месцы, саступіўшы пераможцам – сваім партнёрам па камандзе Хэнку Латэгану і Брэту Камінгсу – без малога восем хвілін. Экіпаж Латэгана пераадолеў спецучастак за 1 гадзіну 35 хвілін 19 секунд, а ад экіпажа Аль-Аціі ў агульным заліку адстаў амаль на дванаццаць гадзін, заняўшы трыццаць першае месца.

Другое занялі Себасцьен Лёб і Фабіан Луркен, якія саступілі Аль-Аціі 27 хвілін 46 секунд. Да гонару дзевяціразовага чэмпіёна сусветнага ралі, ён не здаваўся да апошняга, годна прадставіўшы сваю каманду Bahrain Raid Xtreme і кампанію Prodrive, якая і пабудавала прататып Hunter BRX. На апошнім этапе Лёб і Луркен занялі чацвёртае месца, саступіўшы пераможцам 2 хвіліны 20 секунд.

Выдатны фінальны акорд выканалі Стэфан Петэрансэль і Эдуард Буланжэ, якія ўчора фінішавалі другімі, адстаўшы ад Латэгана на сорак дзевяць секунд. Перакананы, што ў наступным годзе яны дакладна займуць у выніку месца павышэй, чым цяперашняе пяцьдзесят дзявятае. І нават калі не перамогуць самі, то ад першага адстануць паменей, чым на шэсцьдзесят восем з хвосцікам гадзін.

Партнёры шматразовага пераможца Дакара па камандзе Audi Карлас Сайнс-старэйшы і Лукас Круз і Маціас Экстром з Эмілем Бергквістам учора фінішавалі дваццаць чацвёртымі і дваццаць шостымі адпаведна, саступіўшы пераможцам болей за дзевяць і за дзесяць хвілін. Аднак, улічваючы ўсе цяжкасці, занялі даволі высокія выніковыя пазіцыі. Шведы сталі дзявятымі, саступіўшы пераможцам болей за дзве з паловай гадзіны, а іспанцы, чыё адставанне ад першага месца перавысіла тры з паловай гадзіны, фінішавалі дванаццатымі. Дэбют гібрыднага прататыпу RS Q e-tron выйшаў як мінімум эфектным.

Трэцім месцам на фінальным этапе адзначыўся экіпаж каманды Century Racing у складзе паўднёваафрыканцаў Браяна Барагваната і Леанарда Крэмера, якія выступалі на заднепрывадным багі Century CR6. Экіпажу Латэгана яны саступілі 1 хвіліну 51 секунду, а ў генеральнай класіфікацыі занялі чатырнаццатае месца, адстаўшы ад пераможцаў амаль на чатыры гадзіны.

На ніжнюю ж ступень подыуму ўсяго Дакару падняліся ў выніку Язід Аль-Раджы і Майкл Ор, якія саступілі экіпажу Аль-Аціі 1 гадзіну 1 хвіліну 13 секунд. На апошнім спецучастку яны занялі адзінаццатае месца, прайграўшы пераможцам болей за пяць хвілін. Выніковае чацвёртае месца занялі партнёры Лёба і Луркена па камандзе Арланда Тэранова і Даніэль Алівэрас, а партнёры Аль-Аціі і Бамэля Жыніьель дэ Вільерс і Дэніс Мёрфі замкнулі першую пяцёрку.

Марыя Апарына і Андрэй Рудніцкі ў катэгорыі лёгкіх прататыпаў фінішавалі трыццаць першымі, болей чым на семдзесят дзевяць гадзін адстаўшы ад пераможцаў. А найхутчэйшаму на апошнім этапе экіпажу саступілі амаль сорак дзевяць хвілін, заняўшы дваццаць шостае месца. Галоўнае ж, што расіянка і беларус, негледзячы на ўсе праблемы, пабачылі фініш найскладанейшага ў свеце ралі, з чым мы іх і віншуем!

Віншуем і Сэта Кінтэра з Дэнісам Цэнцам – яны пабілі рэкорд П’ера Ларціга 1994 года, атрымаўшы перамогі на адзінаццаці этапах з дванаццаці. І калі б не крыўдны сход на другім, быць бы амерыканцу з немцам і пераможцамі ўсяго Дакару. А так – толькі шаснаццатае месца з адставаннем ад першага болей чым у чатырнаццаць з паловай гадзін.

З учарашнім спецучасткам яны справіліся за 1 гадзіну 48 хвілін 46 секунд, на 1 хвіліну 23 секунды абагнаўшы Себасцьяна Эрыксана і Вутэра Росгаара, якія фінішавалі другімі, і на 5 хвілін 31 секунду іх партнёраў па камандзе EKS South Racing Франсіска Лопеса і Хуана-Пабла Латраха. Апошнія замкнулі першую тройку, а па выніках Дакару перамаглі (ужо ў трэці раз), пераадолеўшы яго баявую частку за 45 гадзін 50 хвілін 51 секунду.

Эрыксан і Росгаар адсталі ад іх на 51 хвіліну 28 секунд, заняўшы другое месца. Трэцімі сталі Крысціна Гуцьерэс і Франсуа Казале, якія адсталі ад пераможцаў на 4 гадзіны 34 хвіліны 43 секунды. Кінтэра і Цэнцу на апошнім этапе яны саступілі амаль дзевяць хвілін, заняўшы чацвёртае месца. У абсалютным заліку чацвёртымі фінішавалі іспанцы Санцьяга Навара і Марк Сола, пятае месца занялі расіяне Павел Лебедзеў і Кірыл Шубін.

Осцін Джонс і Густава Гужэльмін на фінальным этапе вырвалі ў Жэрара Фарэса і Дыега Артэгі перамогу ў катэгорыі серыйных SSV. Перамагаць на спецучастку для гэтага не спатрэбілася – амерыканец і бразілец задаволіліся трэцім месцам, саступіўшы 5 хвілін 47 секунд Рокасу Бацюшке Арыолю Мене, якія і сталі мацнейшымі ў другі раз, праехаўшы баявыя кіламетры за 1 гадзіну 51 хвіліну 15 секунд. Саступіўшы ім 3 хвіліны 23 секунды, другімі фінішавалі Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста, якія некаторы час самі прэтэндавалі на перамогу, але праз навігацыйныя памылкі на сёмым этапе ў выніку занялі толькі шостае месца.

Экіпаж Фарэса шостым фінішаваў на апошнім этапе, адстаўшы ад пераможцаў болей чым на дзесяць хвілін. А ў генеральнай класіфікацыі ад Джонсу, час якога склаў 47 гадзін 22 хвіліны 50 секунд, ён прайграў 2 хвіліны 37 секунд. Выніковае трэцяе месца дзякуючы стабільнасці па ходу ўсяго ралі заняў экіпаж Бацюшкі, які на фінальным этапе апярэдзіў экіпаж Марэка Гочала і Лукаша Ласкаўца, адцясніўшы яго на чацвёртае месца. Пятае занялі Міхал Гочал і Жымон Гаспадарчык.

Вынікі ў катэгорыі грузавікоў можна было б падвесці яшчэ пасля першага этапу, калі лідарства захапіў экіпаж Дзмітрыя Сотнікава, Ільгіза Ахметзянава і Руслана Ахмадзеева. Яны ж у выніку і перамаглі, пераадолеўшы дванаццаць спецучасткаў у суме за 41 гадзіну 37 хвілін 34 секунды. Хутчэй за ўсіх – за 1 гадзіну 42 хвіліны 41 секунду – яны справіліся і з апошнім. І толькі на ім яны аказаліся адзіным экіпажам КамАЗа ў першай тройцы.

Другое месца ўчора занялі чэхі Марцін Мацык, Францішэк Тамашэк і Давід Сванда з каманды Big Shock Racing, якія адсталі ад расіян на трыццаць дзве секунды, а замкнулі першую тройку Ігнасіа Касале, Альвара Леон і Томаш Сікола з каманды Tatra Buggyra ZM Racing. Ад Сотнікава яны адсталі на 1 хвіліну 1 секунду, а ў генеральнай класіфікацыі прайгралі яму болей за семдзесят пяць гадзін, заняўшы дваццаць сёмае месца. Экіпаж Мацыка фінішаваў у выніку шостым, болей чым на тры з паловай гадзіны адстаўшы ад пераможцаў.

У адсутнасць МАЗа КамАЗ заняў усю першую чацвёрку на Дакары-2022. Другое месца, саступіўшы экіпажу Сотнікава 9 хвілін 58 секунд, занялі Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў, якія на апошнім этапе фінішавалі чацвёртымі, адстаўшы ад таго ж Сотнікава на 1 хвіліну 40 секунд. Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў учора адсталі ад Дзмітрыя болей чым на дзве хвіліны, заняўшы сёмае месца, а ў абсалюце замкнулі першую тройку, саступіўшы калегу, які перамог, 1 гадзіну 11 хвілін 11 секунд. Андрэй Каргінаў, Андрэй Макееў і Іван Малькоў занялі чацвёртае месца. Пятым стаў экіпаж Petronas Team De Rooy IVECO у складзе Януса ван Кастэрэна, Марсэля Снійдэрса і Дарэка Родэвальда.

Ралі Дакар з гэтага году – частка чэмпіянату свету па ралі-рэйдах. Экіпажы, якія ў ім удзельнічаюць, па выніках кожнага спаборніцкага дня атрымлівалі заліковыя балы. Катэгорый у новым чэмпіянаце пры гэтым толькі дзве – легкавых аўтамабіляў, лёгкіх прататыпаў і серыйных SSV (зводная) і матацыклаў з квадрацыкламі.

У першай, набраўшы 50 ачкоў, лідарам стаў Аль-Ація. Лёб саступае яму роўна дзесяць балаў і займае другую пазіцыю, яшчэ на дзесяць меней у Аль-Раджы, які замыкае першую тройку. Колькасць балаў для матацыклістаў не апублікаваная, аднак зразумела, што на двух колах лідзіруе Сандэрлэнд, Кінтанілья другі, а Валькнэр трэці. Жыру з 38 ачкамі ёсць лідарам сярод квадрацыклістаў, 30 балаў у Марэна, які займае другую пазіцыю, на трэцяй з 24 ачкамі Вішнеўскі.

Наступным этапам чэмпіянату стане гонка Abu Dhabi Desert Challenge, якая пройдзе 5-10 сакавіка.

Другие посты блога

Все посты