Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гульня на лёгкім і сярэднім узроўнях. Лідарам чэмпіянату свету па мотакросе Гран Пры Італіі даўся лёгка і амаль лёгка

Гульня на лёгкім і сярэднім узроўнях. Лідарам чэмпіянату свету па мотакросе Гран Пры Італіі даўся лёгка і амаль лёгка

Так ужо атрымалася, што ў Яга Гіртса у катэгорыі MX2 сусветнага мотакросавага першынства годны супернік толькі адзін, а ў Ціма Гайсэра ў MXGP фактычна аніводнага. Таму ў італьянскай Маджыоры абодва выступілі моцна і дасягнулі пастаўленых мэт.

Гульня на лёгкім і сярэднім узроўнях. Лідарам чэмпіянату свету па мотакросе Гран Пры Італіі даўся лёгка і амаль лёгка

Фота: mxgp.com

ЭТАП ПРАХОДЗІЎ 6-8 МАЯ. ПРАЗ ТЭХНІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ, ШТО ЎЗНІКЛІ ПА ПРЫЧЫНЕ, ЯКАЯ АД АЎТАРА НЕ ЗАЛЕЖАЛА, АРТЫКУЛ АПУБЛІКАВАНЫ СА СПАЗНЕННЕМ. ШЧЫРА ВЫБАЧАЮСЯ ПЕРАД ЧЫТАЧАМІ.

Так ужо атрымалася, што ў Яга Гіртса у катэгорыі MX2 сусветнага мотакросавага першынства годны супернік толькі адзін, а ў Ціма Гайсэра ў MXGP фактычна аніводнага. Таму ў італьянскай Маджыоры абодва выступілі моцна і дасягнулі пастаўленых мэт.

Расійскі дыктатар быў упэўнены, што ў вайне супраць Украіны ён абраў найлягчэйшы ўзровень, які раптам аказаўся найцяжэйшым. І замест бліцкрыгу атрымаліся сорам і ганьба. Другая армія свету выявілася зборышчам звычайных крымінальнікаў – рабаўнікоў, забойцаў і гвалтаўнікоў.

Рускі свет адправіліся абараняць тыя, каму дыктоўку, сачыненне або выклад па рускай мове цяжка будзе напісаць нават на тройку. Прычым абараняць яго яны туды, дзе яму нішто не пагражала, і дзе па-руску ўсе размаўлялі вольна і выдатна. Таму абарона рускага свету абярнулася яго знішчэннем і накіраваннем яго следам за рускім ваенным караблём.

Украіна за свой выбар аплачвае вельмі дарагую цану, губляючы сваіх людзей і свае гарады, якія вораг знішчае бомбамі і ракетамі. Але перамагчы і скарыць Украіну ў расійска-фашысцкіх захопнікаў ужо не атрымаецца. Вольныя ўкраінцы адзіныя ў сваёй празе вызвалення сваёй зямлі ад ворага, што дапаможа здабыць свабоду і беларусам, лепшыя прадстаўнікі якіх зараз змагаюцца побач з украінцамі супраць нашага адзінага ворага. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Як я, здаецца, ужо пісаў раней, сярод тых, хто Украіне дапамагае, не апошняе месца займае Італія, у якой багатыя гоначныя традыцыі і якая кожны сезон прымае ў сябе этапы самых разнастайных гоначных серый, часта нават не па аднаму. Сусветны мотакрос – адзін з прыкладаў. Ён ужо наведваў у гэтым годзе Апенінскую паўвыспу ў сакавіку, калі на трасе ў Мантуе адбыўся Гран Пры Лабмардыі. Ну а Вялікі Прыз уласна Італіі быў разыграны ў мінулыя выхадныя ў Маджыоры.

Напярэдадні яго прыйшлі не самыя лепшыя навіны аб дзейсным чэмпіёне старэйшай катэгорыі MXGP Джэфры Херлінгсе. На вялікі жаль, нават паспрабаваць абараніць свой тытул у гэтым годзе ў яго ўжо не атрымаецца. Працэс выздараўлення пасля траўмы, атрыманай у міжсезонні, зацягваецца, нідэрландца чакае яшчэ адна аперацыя, таму гэты сезон ён прапусціць. У Рамэна Фэвра справы быццам бы лепей, і ён ужо паспеў наведаць базу Kawasaki ў Бельгіі, дзе правёў першыя трэніроўкі, аднак дакладная дата яго вяртання ў чэмпіянат па-ранейшаму невядомая.

Таму лідар MXGP Цім Гайсэр застаўся без супернікаў, якія маглі б пазмагацца з ім на роўных. Максім Рэно з каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing, які з’яўляецца дзейсным чэмпіёнам MX2, у старэйшай катэгорыі выступае годна, але да славенца з завадской Хонды пакуль што ўсё ж не дацягваецца.

Адным з супернікаў француза ў мінулым годзе быў яго бельгійскі партнёр па камандзе Яга Гіртс, які цяпер вырашае лёс тытулу разам з суайчыннікам Рэно з Red Bull KTM Factory Racing Томам Віалем. Але італьянскі этап, хоць Гіртс і не ўзяў на ім максімум ачкоў, усё роўна склаўся ў значнай ступені на яго карысць.

Віаль перамог быў у кваліфікацыйнай гонцы, але хол-шот у першай з асноўных выйграў італьянскі гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Маціа Гуаданьіні. Вось толькі лідарам ён быў літаральна пару паваротаў, а потым памыліўся на мокрай пасля дажджу трасе, паваліўся і справакаваў вялікі завал. Прычым першым у яго ўткнуўся Віаль, які ў выніку страціў шэраг пазіцый, і потым здолеў прарвацца толькі на пятую, на якой і фінішаваў.

Гуаданьіні таксама працягнуў заезд, але пазней упаў яшчэ раз і сышоў з дыстанцыі. Гіртс жа яшчэ пасля першага яго падзення захапіў лідарства і нікому яго не аддаў да самага фінішу. За ім спачатку ўвязаўся быў нідэрландзец Кай Карсэмакерс з каманды Hitachi KTM Fuelled by Milwaukee, але ён паступова губляў пазіцыі і фінішаваў толькі адзінаццатым. Другім адмашку клецістым сцягам праз дзевяць секунд пасля Гіртса атрымаў італьянскі гоншчык Ship to Cycle Honda SR Motoblouz Стэфан Рубіні. Замкнуў першую тройку шведскі напарнік Карсэмакерса Ісаак Гіфцінг.

Кай паспрабаваў адказаць у другой гонцы, выйграўшы ў ёй хол-шот, але ізноў безвынікова, бо фінішаваў дзявятым. Перамог жа Віаль, на якога Гіртс здолеў аказаць уціск толькі на апошніх кругах. Хаця занадта Яга не рызыкаваў, добра разумеючы, што становішча ў чэмпіянаце дазваляе фінішаваць яму і другім, чым ён і задаволіўся. Трэцім стаў нямецкі партнёр Гуаданьіні па камандзе Сімон Лангенфельдэр.

Гіртс атрымаў выніковую перамогу на Гран Пры Італіі, Віаль заняў другое месца, Рубіні трэцяе. Адпаведна, у чэмпіянаце Яга крыху адарваўся ад Тома, і зараз мае 291 ачко супраць 285 у француза, што, канечне, не ёсць вялікай перавагай. Лангенфельдэр са сваімі 216 баламі ў сваю чаргу трэцюю пазіцыю захоўвае толькі цудам, бо Кай дэ Вольф і Мікель Хааруп адстаюць ад яго на пяць балаў кожны. У заліку вытворцаў MX2 лідзіраваць працягвае Yamaha, у якой 313 ачкоў, але ў KTM, які застаецца другім, усяго на восем балаў меней. GasGas з 265 ачкамі па-ранейшаму трэці.

Пра катэгорыю MXGP усё сказана вышэй, тут дадаць можна хіба што Гайсэру мог бы годна супрацьстаяць яшчэ адзін прадстаўнік GasGas Хорхе Прада. Калі б толькі ён так часта не памыляўся і не трапляў у аварыі, як на папярэднім этапе, Гран Пры Латвіі. Праз траўмы, атрыманыя ў Кегумсе, іспанец прапусціў гонкі ў Маджыоры, дазволіўшы дамінаваць там лідару чэмпіянату.

А Гайсэр там менавіта што дамінаваў. Хол-шотаў славенец не выйграў ні ў адным з заездаў. У першым гэта зрабіў нідэрландскі гоншчык каманды Gebben Van Venrooy Yamaha Racing Кэлвін Влаандэрэн, але яго на шостым кругу абагнаў Рэно, які перамог напярэдадні ў кваліфікацыйнай гонцы, а кругам пазней і Гайсэр. Яшчэ адзін гоншчык завадской Ямахі Джэрамі Сівер на першых кругах абагнаў героя Кегумса Паўльса Йонаса з каманды Standing Construct Husqvarna Factory Racing, а вось Влаандэрэна ён пакінуў ззаду толькі на адзінаццатым кругу, на якім Гайсэр абагнаў Рэно, захапіўшы лідарства. Швейцарац таксама апярэдзіў француза, хутка адарваўшыся ад яго настолькі, што не аддаў яму другую пазіцыю, нават упаўшы за два кругі да фінішу.

У прынцыпе, усё, што трэба ведаць пра другую гонку – гэта што першая тройка па яе выніках выглядала гэтак жа, як і ў першай: Гайсэр на першым месцы, Сівэр на другім (болей чым у дваццаці секундах ад Ціма!), Рэно на трэцім. Адзначу толькі, што лідару чэмпіянату ўсё ж давялося прарывацца, як і яго пераследнікам.

Аўтарам хол-шоту стаў завадскі гоншчык Kawasaki Racing Team MXGP Бэн Уотсан, якога на другім кругу абышоў Йонас. Адначасова Гайсэр абагнаў Сівера і выйшаў на трэцюю пазіцыю, іх абодвух Уотсан прапусціў на трэцім кругу. Ну а на пятым кругу ў заездзе змяніўся лідар, калі Гайсэр пакінуў ззаду Йонаса. Паўльс нейкі час стрымліваў Сівера, але ў другой палове гонкі ўпаў і да фінішу прыйшоў толькі восьмым.

Першая тройка па выніках Гран Пры Італіі выглядала гэтак жа, як вынікі кожнай з гонак: Гайсэр першы, Сівер другі, Рэно трэці. У чэмпіянаце славенскі гоншчык Хонды цяпер лідзіруе з агромністай перавагай, маючы 336 ачкоў. Рэно, у якога 255 балаў, падняўся на другую пазіцыю, а Сівер на трэцюю, і мае цяпер 231 ачко. Honda з тымі жа 336 баламі першая сярод вытворцаў. Yamaha займае другую пазіцыю, маючы 293 ачкі, GasGas на трэцім радку, у яго 242 балы.

Чэмпіянат свету па мотакросе пасля Маджыоры Італію не пакінуў, але перамясціўся на выспу Сардынія, у Рыола Сарда, дзе ў гэтыя выхадныя правядзе свой восьмы этап – Гран Пры Сардныніі.

Другие посты блога

Все посты