Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Сезон дажджоў і восеньскіх абвастрэнняў. Спружына інтрыгі ў MotoGP сціснулася на Гран Пры Тайланда

Сезон дажджоў і восеньскіх абвастрэнняў. Спружына інтрыгі ў MotoGP сціснулася на Гран Пры Тайланда

Перамогу на этапе MotoGP на трасе Бурырам, якая таксама вядомая як Шанг, атрымаў у мінулы ўік-энд гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Мігель Алівейра. Але ён выдатна выканаў толькі эпізадычную ролю, галоўныя ж на гэты раз былі крыху ў цені, але менавіта яны галоўнымі і застаюцца.

4 октября 2022, 18:47
Сезон дажджоў і восеньскіх абвастрэнняў. Спружына інтрыгі ў MotoGP сціснулася на Гран Пры Тайланда

Фота: motogp.com

Перамогу на этапе MotoGP на трасе Бурырам, якая таксама вядомая як Шанг, атрымаў у мінулы ўік-энд гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Мігель Алівейра. Але ён выдатна выканаў толькі эпізадычную ролю, галоўныя ж на гэты раз былі крыху ў цені, але менавіта яны галоўнымі і застаюцца.

Галоўнымі героямі ўсяго свету па-ранейшаму з’яўляюцца ўкраінцы. Спыніць іх пераможны рух і вызваленне імі сваіх захопленых ворагам зямель не здольныя ні ядзерная зброя расійскага дыктатара, які канчаткова з’ехаў з глузду, ні вар’яцкія заявы Ілона Маска.

Войска расійскага дыктатара не ўратуе ўжо нішто, нават калі яго паслугач, што засеў у Мінску, вырашыць кінуць у пекла і беларусаў. Якія, зрэшты, атрымаўшы зброю, могуць развярнуць яе ў бок ворага, а не ўкраінцаў. Узурпатару ніхто і нічога не дараваў, і ён гэта выдатна разумее.

Героі Украіны абараняюць і вызваляюць зараз не толькі яе, але і ствараюць падмурак для вызвалення Беларусі, якая таксама патрэбная ўсяму свету вольная і незалежная. Беларусам і ўкраінцам няма чаго дзяліць, а сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго ёсць дзеля чаго. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Чэмпіянат MotoGP зараз ад Еўропы далёка – ён здзяйсняе турнэ па Азіацка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Хаця права рабіць гэта для яго таксама адстойваюць абаронцы Украіны, бо толькі яны здольныя спыніць звар’яцелую пачвару, гатовую ўцягнуць у пекла ўсіх. Але пакуль гэтага не адбылося, нацешыцца прыгожай спартыўнай барацьбой усё ж варта, а гэтага дабра ў MotoGP багата.

Наколькі сумнай выйшла першая палова сезона, цягам якой дзейснаму чэмпіёну з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара ў асноўным шанцавала, і ён адарваўся на, здавалася, недасягальную адлегласць ад пераследнікаў у чэмпіянаце, настолькі ж цікава развіваюцца падзеі ў другой. Цяпер памыляецца ўжо сам Эль Д’ябла, а не толькі гоншчык Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяя. Праўда, тыднем раней у Матэгі памыліўся і італьянец, застаўшыся без ачкоў і адпусціўшы Куартарара, але ў Тайландзе лёс быў няміласцівы ізноў да Фабіа.

Зрэшты, проста ў гэты ўік-энд у Бурыраме не было нікому. Гонка MotoGP там праходзіла раней, чым Гран Пры Сінгапура Формулы 1, але старт яе таксама быў адкладзены на гадзіну праз залеву, якая нават не дала пераадолець усю дыстанцыю гоншчыкам катэгорыі Moto2. Насамрэч, даволі характэрнае надвор’е для Паўднёва-Усходняй Азіі ў гэтую пару года, і гоншчыкі прэм’ер-катэгорыі да складаных умоў напэўна былі гатовыя.

Ключавое слова – напэўна. Фаварыты чэмпіянату гэтым разам пачыналі гонку з даволі высокіх пазіцый – Баньяя з трэцяй, Куартарара з чацвёртай. Аднак калі італьянец на старце ў першай тройцы ўтрымаўся, то француз адразу адкаціўся за межы першай дзясяткі. І далей гонка для яго развівалася ад дрэннага да горшага, і ўпершыню за доўгі час Фабіа фінішаваў, не набраўшы ачкоў – ён заняў толькі сямнаццатае месца.

Не надта лепей Гран Пры Тайланда прайшоў і для ўладальніка поўлу Марка Безэкі. Італьянец з Mooney VR46 Racing Team утрымаў лідарства на старце, адбіўшыся ад канкурэнта з Prima Pramac Racing Хорхе Марціна, які стартаваў другім, ўтрымліваў па ходу першых кругоў і нават пасля праезду па штрафной зоне за неасцярожнае вяртанне на трасу пасля выезду за яе межы. Аднак затым у той час, як супернікі раскочваліся, Марка губляў тэмп і адну пазіцыю за адной. Фінішаваў ён толькі шаснаццатым, не набраўшы, як і Куартарара, ачкоў.

Ізноў добра праводзіў гонку пераможца Гран Пры Японіі Джэк Мілер. Ужо на старце ён прарваўся з сёмай пазіцыі на трэцюю, а на трэцім кругу абагнаў і свайго напарніка Баньяю, а потым і Безэкі, захапіўшы лідарства. Праўда, ненадоўга, бо ззаду ўжо накочваў будучы пераможца з Red Bull KTM Factory Racing, які прарываўся наогул з адзінаццатай пазіцыі на старце, а на пятым кругу паспяхова атакаваў Баньяю ў спрэчцы за трэцюю.

Наперадзе ў Мігеля Алівейры пасля гэтага заставаліся толькі Мілер і Безэкі, але апошні ўжо пачаў адкочвацца назад, саступіўшы перад гэтым лідарства аўстралійцу, і хутка стаў ахвярай і для партугальца, а потым і для ўсіх астатніх. Мілер Алівейры супраціўляўся болей настойліва, але нарэшце саступіў яму лідарства ў канцы чатырнаццатага круга, задаволіўшыся ў выніку другім месцам.

Баньяя фінішаваў трэцім, аднак надта проста яму на апошніх кругах не было, і яго ледзь не абагнаў шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес. Праўда іспанец з Repsol Honda Team не толькі не праціснуў абарону Пэка, але і прапусціў канкурэнта з Pramac Жоана Зарко, замкнуўшы першую пяцёрку.

На подыуме, рызыкну выказаць здагадку, самым задаволеным пасля Алівейры быў Баньяя, бо менавіта ён у Бурыраме з турнірнага гледзішча выйграў найбольш. Так, Куартарара застаўся лідарам з 219 ачкамі, але гэта цяпер усяго на два болей, чым у Франчэска. Алейш Эспаргара з Aprilia Racing, які таксама не пазбег штрафу і фінішаваў толькі адзінаццатым, у чэмпіянаце пры гэтым застаўся трэцім, у яго 199 балаў. Ducati Lenovo Team, маючы 396 ачкоў, лідзіруе ў заліку каманд. Aprilia Racing з 321 ачком застаецца на другой пазіцыі, а на трэцяй з 285 баламі, дзякуючы Алівейры, цяпер Red Bull KTM Factory Racing.

Цяпер дакладна можна сказаць, што барацьба за чэмпіёнства ў MotoGP па выніках сезона-2022 будзе прынцыповай на ўсіх трох этапах, што засталіся. Наступным з іх стане Гран Пры Аўстраліі, куды чэмпіянат нарэшце вяртаецца пасля пандэмійнай паўзы. Этап на знакамітай трасе Філіп Айлэнд пройдзе 14-16 кастрычніка.

На мінулым тыдні была апублікаваная папярэдняя версія календара MotoGP на наступны год, у якім шмат цікавага. У прыватнасці – першыя ў гісторыі чэмпіянату Гран Пры Казахстана і Індыі. Першы з іх запланаваны на 7-9 ліпеня, прайсці ён павінен на трасе Сокал у Алматы, якая пакуль што, наколькі можна меркаваць, яшчэ нават не пабудаваная. Затое, магчыма, у будучыні туды прыедзе і Формула 1, калі яна нават патрабаванням MotoGP будзе адпавядаць. Грошы на гэта ў Казахстана павінны знайсціся.

У Індыі ж чэмпіянат наведае трасу Буды ў Дэлі, куды Формула 1 прыязджала ў 2011-2013 гадах. Этап там мусіць прайсці 22-24 верасня. Увосень жа чэмпіянат вернецца на трасу Сепанг у Малайзіі, а пачне свой сезон ён упершыню за доўгі час у Еўропе – у партугальскім Парцімане, этап на якім пройдзе 24-26 сакавіка. Усяго ж запланаваны ажно дваццаць адзін этап, апошнім з якіх традыцыйна стане Гран Пры Валенсіі ў лістападзе.

Другие посты блога

Все посты