Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Новыя дэталі справы «Шахцёра»: Нідэргауса выцягнулі з Казахстана, у заложнікі ўзялі сына «рашалы», якi праз экс-дырэктара БАТЭ «даіў» Салiгорск на процьму грошай

Новыя дэталі справы «Шахцёра»: Нідэргауса выцягнулі з Казахстана, у заложнікі ўзялі сына «рашалы», якi праз экс-дырэктара БАТЭ «даіў» Салiгорск на процьму грошай

Датычны і бацька гульца «гарнякоў».

Автор — bytribuna com
20 мая, 07:00
1
Новыя дэталі справы «Шахцёра»: Нідэргауса выцягнулі з Казахстана, у заложнікі ўзялі сына «рашалы», якi праз экс-дырэктара БАТЭ «даіў» Салiгорск на процьму грошай

У СІЗА з-за дзіўных спраў салігорскага «Шахцёра» сядзяць двое. Адзін пакідаў Беларусь, каб больш не вяртацца, але яго выцягнулі назад і затрымалі. Да іншага ў лукашэнкаўскіх сілавікоў прэтэнзій няма, але маладога чалавека трымаюць закладнікам і прапануюць яго бацьку, ценявому «рашалу» ў клубе, прыехаць і абмяняць сына на сябе.

«Трыбуна» даведалася пра некаторыя дэталі гучнага скандалу ў беларускім футболе, пра якія раней не паведамлялася.

Нідэргаус паспеў паехаць з Беларусі, але яго заманілі назад

Цяпер з'яўляецца шмат інфармацыі пра тое, як Уладзімір Нідэргаус у якасці спартыўнага дырэктара «Шахцёра» нібыта (што б ні казалі сілавікі Лукашэнкі, судовых разбораў яшчэ не было) забяспечваў «гарнякам» чэмпіёнства. Сцвярджаецца, што ён праз экс-гульца «Белшыны» Дзмiтрыя Гомзу абяцаў спачатку 10 тысяч долараў, каб каманда адабрала ачкi ў мiнскага «Дынама» (i перадаў, калi атрымалася), а потым – 20 тысяч еўра за пройгрыш самому «Шахцёру» (перадаць не паспеў). У дадатак Нідэргаус нібыта абяцаў Гомзе кантракт з «Шахцёрам» на сезон-2023, хаця ведаў, што сам з'едзе з Салігорска. Таксама менеджару прыпісваюць спробы матываваць іншыя каманды на набор ачкоў у матчах супраць канкурэнтаў Салігорска за золата: берасцейцам нібыта прапаноўваў грошы праз паўабаронцу «Дынама» Міхаіла Гардзейчука, «Гомелю» – праз капітана «Шахцёра» Мікіту Корзуна.

У пачатку гэтага года з'явілася інфармацыя, што Нідэргаус пакідае «Шахцёр», каб заняць аналагічную пасаду ў «Таболе», дзе ўжо працаваў. 21 студзеня паведамлялася, што прызначэнне ў клуб адбылося – гэта значыць функцыянер ужо прыступаў да працы ў Казахстане, няхай фармальна яшчэ заставаўся ў спісе кіраўнікоў на сайце «Шахцёра». А на наступны дзень Нідэргаeса ў Беларусі затрымалі сілавікі Лукашэнкi, абвінаваціўшы ў махлярстве. Як жа гэта атрымалася?

Як удалося даведацца «Трыбуне», Нідэргаус закрыў усе справы ў «Шахцёры», паспеў прыляцець у Казахстан і адпраўляцца назад у Беларусь не планаваў. Аднак яму патэлефанавалі з салігорскага клуба і вельмі папрасілі вярнуцца – сказалі, што нібыта моцна неабходна падпісаць важныя дакументы. Нідэргаус, не адчуўшы падвоху, адправіўся ў Мiнск і сустрэўся з былымі калегамі ў гатэлі Marriott, дзе ў апошні час спыняўся «Шахцёр» перад матчамі ў сталiцы. Як кажуць у футбольных колах, гэты гатэль стаў ледзь не другім офісам салігарчан – кіраўнікі часта праводзілі там дзелавыя перамовы.

Толькi сустрэча з прадстаўнікамі «Шахцёра» завяршылася, як Нідэргаус быў затрыманы рэжымнiкамi проста на вачах супрацоўнікаў гатэля і пастаяльцаў. Некаторы час менеджар правёў на Акрэсціна, а пасля, ужо ў рамках крымінальнай справы, быў пераведзены ў мінскае СІЗА-1 на Валадарскага, дзе і знаходзіцца да гэтага часу.

Усё паказвае на адно: з дапамогай прадстаўнікоў «Шахцёра» (каго менавіта, нам невядома) Нідэргауса выманілі з Казахстана ў Беларусь менавіта для таго, каб упекчы за краты. Тэрмін ад рэжыму Лукашэнкі стане яшчэ больш непрыемным дадаткам да аб'яўлення персонай нон грата і штрафу ў 14,66 тысячы долараў ад АБФФ.

У Казахстане такому развіццю падзей не здзівіліся, але з цікавасцю сочаць за сітуацыяй. Там за Нідэргаусам цягнецца шлейф махінацый, пра што мы ўжо расказвалі.

Агенту-«рашале» прапануюць сесці замест сына, якога трымаюць за кратамі як закладніка

У дзень затрымання Нідэргауса з'явілася інфармацыя, што сілавікі Лукашэнкi забралі і Яўгена Култаева-малодшага. Агент Яўген Култаеў-старэйшы, бацька затрыманага, ужо дастаткова даўно пракручвае ў «Шахцёры» вельмі сумнеўныя трансферы, пры гэтым застаючыся ў цені. У клуб пры садзейнічанні Култаева-бацькі не раз за прыкметныя сумы куплялі гульцоў, вялікія заробкі якіх зусім не вязаліся з якасцю іх гульні – а дэталі трансфераў моцна нагадвалі спланаваныя схемы.

Калі лукашэнкаўскія сілавікі пачалі раскручваць справу «Шахцёра», яны хацелі затрымаць агента Култаева. Але ён, хоць і актыўна супрацоўнічаў з «Шахцёрам», у Беларусі з'яўляўся, паводле звестак нашых крыніц, усяго пару разоў – справы выбiрае весці з Латвіі, дзе супрацоўнічае з мясцовым агентам Мікітам Карнеевым, які трымае фірму па аказанні пасрэдніцкіх паслуг футбалістам з 2018 года. У балтыйскай краіне Култаеў-старэйшы і знаходзіўся, калі пачалася чыстка ў футбольным Салігорску.

Ну а што бесчалавечны беларускі рэжым робіць, калі ня можа дастаць кагосьці, каго вельмі хоча? Так, спрабуе ціснуць праз блізкіх сваякоў. У выпадку Култаева-старэйшага варыянт быў відавочны – Култаеў-малодшы ў Беларусі працуе з 2020-га, калі стаў намеснікам дырэктара «Гарадзеі» (у клуба былі спецыфічныя сувязі з «Шахцёрам», а дырэктарам з'яўляўся Аляксандр Марчанка, які потым перайшоў у менеджмент «гарнякоў»). У 2022 годзе малады чалавек рабіў відэа пра антураж матчаў «Шахцёра», якія рэкламаваліся ў сацсетках клуба.

Сына агента затрымалі практычна адначасова з Нідэргаусам. Па нашай інфармацыі, і сцэнарый быў роўна такі ж – прадстаўнікі «Шахцёра» запрасілі Култаева-малодшага ў Marriott, а там яго чакалі носьбіты формы Лукашэнкі.

Пры гэтым кінуты ў СІЗА Култаеў-сын не праходзіць па якой-небудзь крымінальнай справе. Па звестках нашых крыніц, маладога чалавека проста трымаюць заложнікам, каб выцягнуць у Беларусь ягонага бацьку. Цяпер лукашэнкаўскія сілавікі абяцаюць выпусціць на волю Култаева-малодшага, калі Култаеў-старэйшы дасць сябе затрымаць, гэта значыць прыедзе ў Беларусь. Аднак бацька не спяшаецца прымаць гэтую прапанову. Мы яго разумеем: верыць рэжыму Лукашэнкі – вельмі наіўна, занадта ўжо проста застацца за кратамі ўдваіх з сынам.

Култаева-малодшага могуць трымаць у засценках колькі заўгодна доўга. Гэта паказвае прыклад сына палітыка Віктара Бабарыкі Эдуарда – ён знаходзіцца ў СІЗА без месяца тры гады, а «суд» рэжым толькі-толькі пачынае.

Трансферы ад імя экс-дырэктара БАТЭ – шырма

Нядаўна «Трыбуна» расказвала пра агентаў, якія зарабілі на беларускім футболе ў 2022 годзе. Лідарам сярод іх аказаўся былы спартыўны дырэктар БАТЭ і мiнскага «Тарпеда» Аляксандр Зубкоўскі. Усё таму, што «Шахцёр» паведаміў у АБФФ пра выплату Зубкоўскаму як пасярэдніку 218 тысяч рублёў (83 тысяч долараў).

Пры гэтым, як запэўніваюць нашыя крыніцы, насамрэч экс-супрацоўнік БАТЭ не мае дачынення ні да аднаго з трансфераў «гарнякоў». За што ж тады плаціліся грошы?

Як нам стала вядома, Зубкоўскага ў «Шахцёр» прывёў некалькі гадоў таму Култаеў-старэйшы – практычна адразу, як сам стаў супрацоўнічаць з «гарнякамі». Да таго моманту Зубкоўскі не меў працы – пакінуў мiнскае «Тарпеда» яшчэ да яго расфарміравання ў жніўні 2019-га. Култаеў-старэйшы ж не хацеў фігураваць у розных дакументах пра пераходы. Зубкоўскі пагадзіўся на ролю «шырмы» і адкрыў ІП у якасці пасярэдніка ў футбольных трансферах. Па паперах экс-дырэктар БАТЭ нібыта з'яўляўся агентам навічкоў і дапамагаў ім уладкоўвацца ў «Шахцёры». Але пры гэтым агенцкія адлічэнні з заробкаў футбалістаў па кантракце (раней дзейнічала планка ў памеры 10%, але з канца 2021-га АБФФ панізіла яе да 3%) сыходзілі ў кішэню Култаеву-старэйшаму. Колькі трасфераў прайшло па такой схеме, нам невядома.

Затое мы можам расказаць, за што Зубкоўскі ў 2022 годзе атрымаў ад клуба 83 тысячы долараў. Па нашай інфармацыі, гэтыя грошы – агенцкая ўзнагарода ад усяго двух трансфераў, што былі ажыццёўленыя «Шахцёрам» у 2021 годзе. Гаворка пра пераходы славенскага форварда Дарыа Калабарыча і сербскага паўабаронцы Алексы Пеіча. Кошт трансферу Калабарыча, якога выкупілі з «Дамжале», склаў каля 600 тысяч еўра. Кошт Пеіча, экс-гульца сербскага «Пралетэра», нідзе не агучвалася, але на момант пераезду ў «Шахцёр» серб ацэньваўся парталам Transfermarkt у 400 тысяч еўра.

З футбалістамі пракруцілі традыцыйныя для «Шахцёра» схемы па заробках. Каб упісацца ў ліміт, які дзейнічаў з вясны 2021-га, у кантрактах, што рэгістраваліся ў АБФФ, былі прапісаныя заробкі ў памеры 3-4 тысячы долараў штомесяц. Але з дадатковымі пагадненнямі, якія па футбольнай лініі не рэгістраваліся, заробкі гульцоў складалі 12 тысяч долараў за месяц плюс добрыя бонусы. Абодва легіянеры заключылі кантракты на тры гады і абодва пакінулі клуб у маі 2022-га з-за фінансавых рознагалоссяў – на той момант «гарнякі» не маглі плаціць абяцанае. Калабарыч потым звярнуўся (і выйграў справу) у ФІФА наконт даўгоў «Шахцёра».

Агенцкія за Калабарыча і Пеіча былі выплачаныя Зубкоўскаму толькі ў пачатку 2022-га – аднак у выніку цалкам дасталіся рэальнаму агенту, Култаеву-старэйшаму. Як нам удалося даведацца, «Шахцёр» перавёў грошы на рахунак экс-супрацоўніка БАТЭ, а той сам зняў усю суму ў банку, канвертаваўшы ў еўра, і перадаў Култаеву-малодшаму як кур'еру.

У чым была цікавасць Зубкоўскага? Ён асобна атрымліваў ад «Шахцёра» некаторую суму як «агент», з якім клуб вядзе справы. Аб'ёмы былі куды меншыя, чым давялося аддаваць Култаву-старэйшаму, але «шырму» сітуацыя цалкам задавальняла.

З гэтай гісторыяй звязаная яшчэ адна фігура, даволі вядомая ў беларускім футболе. Паводле інфармацыі «Трыбуны», былы віцэ-прэзідэнт «Шахцёра» Міхаіл Нікалаевіч, які па 2019-ы займаў пасаду намесніка старшыні назіральнай рады «Тэхнабанка» (у якой яго змяніў сын Валянцін), дапамагаў ажыццяўляць пераводы і здымаць буйныя сумы, якія паступалі ад «Шахцёра». Як кажуць нашыя суразмоўцы са свету футбола, у тым ліку падзякай Нікалаевічу-бацьку за аказаныя паслугі стала падпісанне клубам у 2023-м кантракту з яшчэ адным сынам банкіра Мікітам Нікалаевічам, які значыцца ў «чорным спісе» лукашэнкаўскага мінспорту. У гэтым сезоне 25-гадовы паўабаронца выйшаў за Салігорск усяго ў двух матчах – на 90-й хвіліне і ў дададзены час.

Марчанка стане крайнім?

Ужо былы дырэктар «Шахцёра» Аляксандр Марчанка з абодвума Култаевымі знаёмы яшчэ з часоў «Гарадзеі». Култаеў-старэйшы, па сутнасці, і прывёў функцыянера на пасаду ў Салігорск.

Марчанку таксама затрымлівалі ў студзені 2023 года, змяшчалі на Акрэсціна, дзе ён правёў месяц. Цяпер мэнэджар знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе – па звестках СМІ, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі за нібыта «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». АБФФ ужо дыскваліфікавала функцыянера на чатыры гады і дала штраф у 7,3 тысячы долараў.

Марчанку пагражае незайздроснае становішча «крайняга», бо менавіта ён як дырэктар падпісваў шматлікія дакументы клуба, у тым ліку трансферныя і фінансавыя.

Фото: kazfootball.kz

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты