Tribuna/Тяжелая атлетика/Блоги/О духе времени/Сярод беларусаў, якім дазволілі адбірацца на Алімпіяду ў цяжкай атлетыцы, ёсць тыя, хто на кантракце ў сілавікоў Лукашэнкі. Няўжо яны змогуць стартаваць?

Сярод беларусаў, якім дазволілі адбірацца на Алімпіяду ў цяжкай атлетыцы, ёсць тыя, хто на кантракце ў сілавікоў Лукашэнкі. Няўжо яны змогуць стартаваць?

МАК быццам бы быў супраць, але выказваўся вельмі расплывіста.

Автор — bytribuna com
24 мая, 18:00
Сярод беларусаў, якім дазволілі адбірацца на Алімпіяду ў цяжкай атлетыцы, ёсць тыя, хто на кантракце ў сілавікоў Лукашэнкі. Няўжо яны змогуць стартаваць?

Беларускія штангісты і штангісткі возьмуць удзел у адборах на Алімпіяду-2024 ў Парыжы. У нейтральным статусе і без чырвона-зялёнага дзяржаўнага аздаблення. Допуск ад Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі атрыманы пасля абавязальніцтва выконваць адмысловыя патрабаванні, на што ў сваю чаргу расійская федэрацыя па гэтым відзе спорту не пайшла. Але да рашэння IWF ёсць пытанні іншага кшталту. Можна прагназаваць, што спіс дапушчаных яшчэ парадзее.

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі - адна з арганізацыяй, якая паследавала рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэта дазволіць беларусам і расіянам удзел у турнірах у нейтральным статусе. Для афармлення афіцыйнага допуску спартсменам трэба было падпісаць спецыяльную дэкларацыю, датычную вайны Расіі супраць Украіны. Прыводзім вытрымкі з дакумента: “Я абавязваюся ўстрымлівацца ад выказвання якой-небудзь падтрымкі баявых дзеянняў і буду неадкладна і добраахвотна апавяшчаць пра любую адпаведную змену ў маёй дзейнасці, якая адбудзецца пасля даты падпісання дэкларацыі. Я абавязваюся належным чынам і ў поўным аб'ёме супрацоўнічаць з любым працэсам праверкі». Недапушчальныя, паводле рэкамендацый МАКу, і сувязі цяжкаатлетаў з узброенымі сіламі і спецслужбамі.

Расійскія цяжкатлеты ці то самі, ці то на рашэнне нацыянальнай федэрацыі адмовіліся падпісаць гэтую дэкларацыю. Кіраўнік расійскай цяжкаатлетычнай федэрацыі Агапітаў назваў дакумент “прыніжальным з дыскрымінацыйнымі крытэрыямі допуску”.

А вось беларусы, трэба меркаваць, падпісалі, бо Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі афіцыйна паведаміла пра іх допуск на турніры, на якіх у тым ліку можна будзе заваяваць ліцэнзіі на ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Цікава, што НАК Беларусі на чале з Віктарам Лукашэнкам (ён ужо больш за два гады застаецца непрызнаным кіраўніком) у навіне пра гэта сарамліва не згадвае пра ўмовы допуску і падпісанне антываеннай дэкларацыі.

Паведамляецца, што бліжэйшым буйным турнірам, на якім плануюць выступіць беларускія штангісты ў нейтральным статусе, стане этап Гран-пры на Кубе 8-18 чэрвеня. Туды змогуць паляцець 13 штангістаў і штангістак плюс трэнеры і дапаможны персанал. Што да дзяржаўнай сімволікі, на спаборніцтвах цяжкаатлеты і дапаможны персанал павінны будуць насіць аднатонную шэрую форму - без якіх-небудзь малюнкаў, надпісаў, лагатыпаў ці абрэвіятур, якія могуць намякаць на прыналежнасць да Беларусі ці даваць адсылку да тэмы вайны і яе падтрымкі. Натуральна, не будзе дзяржаўных сцягоў. За парушэнне нейтральнага статусу пагражае штраф: да 5 тысяч долараў - спартсмену, да 100 тысяч - нацыянальнай федэрацыі.

Усяго ў асноўным складзе беларускай зборнай - 24 цяжкаатлеты. Допуск на турнір у індывідуальным парадку цяпер з іх маюць: Пётр Асаёнак, Эдуард Зязюлін, Генадзь Лапцеў, Ігар Лозка, Андрэй Фралоў, Павел Хадасевіч, Яўген Ціханцоў, Сяргей Шаранкоў, Дар’я Хейдэр, Рына Літошык, Дыяна Майсеевіч, Аліна Шчапанава, Сюзана Валодзька. Адзначым, што, апрача апошняй, уся жаночая частка зборнай - падпісанткі ліста ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе. У падтрымцы вайны пакуль ніхто публічна не выказваўся. Кіраўнік Назіральнай рады Беларускай федэрацыі цяжкай атлетыкі - старшыня Мытнага камітэта Лукашэнкі Уладзімір Арлоўскі, а яе генеральным спонсарам выступае РУП “Белмытсервіс”, які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Зрэшты, Мытны камітэт - фармальна ведамства не сілавое. Але ўласна шэраг саміх штангістаў маюць дачыненне да дзяржструктур сілавога боку. Асаёнак і Хадасевіч прыналежаць да Спартыўнага камітэта Узброеных сілаў, а Зязюлін і Лозка - да таварыства “Дынама”, на сайце якога чытаем, што яно - “кропка прыкладання сілаў і інтарэсаў 10 ведамстваў-заснавальнікаў”, у тым ліку КДБ, Службы бяспекі Лукашэнкі, Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў.

Склад розных нацыянальных каманд можна адшукаць на гэтым сайце.

А каардынатарам дзейнасці таварыства названы Дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі. То бок пакуль што да адбору на Алімпіяды дапушчаныя людзі, якія маюць дачыненне да лукашэнкаўскіх сілавікоў.

З аднаго боку, прыналежнасць шэрагу дапушчаных да турніраў беларускіх штангістаў да арміі Лукашэнкі і ягоных органаў бяспекі - гэта факт. А з другога боку, МАК толькі даў рэкамендацыі, а канчатковае рашэнне - за Міжнароднай федэрацыяй цяжкай атлетыкі. Апрача таго, гэты пункт рэкамендацый сфармуляваны дастаткова расплывіста і дапускае разнастайныя трактаванні ў тым, што тычыцца ступені ўключанасці спартсмена ў армейскія ці спецслужбоўскія справы.

«Athletes who are contracted to the Russian or Belarusian military or national security agencies cannot compete», - так гаворыцца ў рэкамендацыі МАК (можна перакласці наступным чынам: “Атлеты, якія маюць кантракты з расійскімі або беларускімі ваеннымі структурамі або нацыянальнымі агенцтвамі бяспекі, спаборнічаць не могуць”). Што такое нацыянальныя агенцтвы бяспекі, ці падпадаюць пад гэта азначэнне лукашэнкаўскія МУС, КДБ, СК і гэтак далей - пакуль пытанне. Магчыма, у кожнай міжнароднай федэрацыі на гэта пытанне будзе свой адказ.

Падыход праверачнай камісіі, якую створыць IWF, можа быць як строгім, так і лагодным: беларусам можа залічыцца сам факт падпісання антываеннай дэкларацыі.

Шанцы адабрацца на Алімпіяду і нават заваяваць медалі на ёй маюць у першую чаргу Ціханцоў і якраз “сілавікі” Зязюлін з Асаёнкам і Хадасевічам. Адметна, што няма сярод тых, хто атрымаў допуск, срэбнай алімпійскай прызёркі Дар’і Навумавай (яна таксама з “Дынама”). Але прычына хіба ў тым, што спартсменка не зусім гатовая да плённай барацьбы ў сувязі са зменамі ў алімпійскім рэгламенце. Рэч у тым, што скарацілася колькасць вагавых катэгорый. Ацаніць форму - у прамым і пераносным значэннях - астатніх лідараў зможам ужо ў хуткім часе.

І яшчэ не факт, што нават пры адабранні на Алімпіяду нехта там апынецца. На замову Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі незалежныя агенцтвы правядуць праверку кожнага дапушчанага спартсмена. Нельга выключаць, што па кансультацыі яны будуць звяртацца і ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Там ужо прасілі тых, хто мае нейкую інфармацыю аб прыналежнасці спартсменаў да злачынных рэжымных структур, пісаць у адмысловы чат-бот. І больш за 30 краін у спецыяльным лісце заявілі, што будуць кантраляваць працэс допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў.

Другие посты блога

Все посты