Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Сілічы: не толькі лыжы! Там у мінулую суботу прайшлі спаборніцтвы па Time-attack

Сілічы: не толькі лыжы! Там у мінулую суботу прайшлі спаборніцтвы па Time-attack

Пагадзіцеся, пра лыжы такім надвор’ем думаеш у апошняю чаргу. Вось і ў Сілічах у мінулую суботу гонкі былі не лыжныя, а аўтамабільныя. Так, так можна было.

4
Сілічы: не толькі лыжы! Там у мінулую суботу прайшлі спаборніцтвы па Time-attack

Фота аўтара

Пагадзіцеся, пра лыжы такім надвор’ем думаеш у апошняю чаргу. Вось і ў Сілічах у мінулую суботу гонкі былі не лыжныя, а аўтамабільныя. Так, так можна было.

Канечне, удзельнікі другіх этапаў чэмпіянату Беларусі па Time-attack і Кубку Time-attack.org (першыя прайшлі 23 мая ў Брэсце) гойсалі не па лыжных склонах. Для іх была падрыхтаваная двухкіламетровая траса, што пралягла па асфальтавых дарожках горна-лыжнага комплексу.

Тым, хто стартуе ў айчынным «Тайм-атаке» на рэгулярнай аснове, яна ўжо вядомая. Упершыню спаборніцтвы па хуткасным манеўраванні прайшлі на ёй у мінулым годзе. Эксперымент быў прызнаны ўдалым, і вось аўтамабільныя гонкі прыехалі ў Сілічы зноў.

Калі не ведаць, што тамтэйшая траса прызначаная для Time-attack, то можна было б падумаць, што гэта асфальтавы ралійны доп. Што, зрэшты, не так далёка ад праўды. Па-першае, сутнасць Time-attack – гэта заезды на лепшы час без непасроднай барацьбы ўдзельнікаў аднаго з адным. А па-другое, як і ў ралі, траса не была закальцаваная – старт і фініш знаходзіліся ў розных месцах, а ўдзельнікі гонкі выязджалі на яе па аднаму.

Першыя спробы раніцай усе відавочна ўкочваліся, не імкнучыся адразу біць рэкорды. Аднак ад заезду да заезду гоншчыкі сапраўды ўсё больш атакавалі. Гэта было заўважна нават без таймера. Бліжэй да абеду і пасля яго нават калі вы знаходзіліся далёка ад разваротнай пятлі ў адным з канцоў трасы, то аўтамабіль удзельніка нашмат хутчэй праязджаў міма вас у зваротны бок.

Нажаль, цяжкія часы працягваюцца не толькі для Беларусі ў цэлым, але і для яе аўтаспорту. Вось і ў заліку чэмпіянату краіны ў Сілічах было заяўлена ўсяго сем удзельнікаў у трох класах.

У малодшым Light там у выніку перамог Міхаіл Сурта на Honda Civic. У лепшай спробе ён справіўся з трасай за 1:34,03. Лепшы час Антона Еўрасава, які выступаў на Škoda Octavia, склаў 1:38,13 і прынёс свайму аўтару другое месца ў класе. Ну а трэцяе месца заняў Павел Іода на BMW 120i, паказаўшы вынік 1:40,17.

Цікава, дарэчы, што калі б Міхаіл Сурта заявіўся ў болей старэйшы клас Street у чэмпіянаце і Кубку, то перамог бы і там і там. Таму што час пераможцы ў заліку чэмпіянату – Святаслава Свірыдава на Mazda MX-5 – склаў 1:34,47. А лепшы ў «Стрыце» кубкавага заліку Арцём Кузаўка, зброяй якога таксама была Honda Civic, быў хай і ўсяго на дзве сотыя секунды, але павольнейшы за Міхаіла.

Ну а ў «Стрыце» удзельнікаў гэтым разам было толькі два. Святаслаў Свірыдаў спаборнічаў з Валерыям Захарэнка на Mini Cooper S, які і заняў другое месца з вынікам 1:35,08. Зрэшты, ў старэйшым з класаў чэмпіянату Street-Pro на другім этапе стартаваў увогуле толькі Аляксандр Елхавенка на BMW M3 E46. Ён жа, вядома, і перамог з вынікам 1:32,43.

Забягаючы наперад, адзначу, што вынікі Валерыя і Аляксандра прынеслі ім трэцяе месца ў Street і другое ў Street-Pro адпаведна ў заліку Кубку Time-attack.org, куды абодва таксама былі заяўленыя (правіламі гэта не забаронена). І дзе традыцыйна ўдзельнікаў было нашмат болей – 27 у асноўных класах і адзін у Open-race.

Сярод прадстаўнікоў малодшага Light найхутчэйшым у Сілічах стаў Павел Кацупалаў на Mini Cooper – 1:34,14. Срэбраным прызёрам тут стаў Аляксандр Цярэня на BMW 323, які ў лепшай спробе праехаў па трасе за 1:34,380. Бронзу з сабою на сваёй Honda Civic звёз Аляксандр Змітрачонак, які стаўшы аўтарам выніку 1:37,48.

У класе Street, як было адзначана вышэй, перамог Арцём Кузаўка, чый лепшы час склаў 1:34,05. Другое месца тут заняў Станіслаў Ігнацьеў на Mazda RX-8, якога ротарны рухавік яго спорткара правёз яго па трасе за 1:34,52. Ну а матор ужо традыцыйнай канструкцыі Mini Cooper S, што таксама адзначалася вышэй, дапамог падняцца на ніжнюю ступень подыуму ў «Стрыце» Кубку Валерыю Захарэнке.

Вышэй я таксама адзначыў, што другім у Street-Pro ў Кубку Time-attack.org стаў Аляксандр Елхавенка. Першае ж месца ў гэтым класе з вынікам 1:31,21 заняў Ілля Шыдлоўскі на пакуль што найновай Honda Civic Type-R. Сяргей Гайко на Mazda 626 замкнуў тут першую тройку, а яго час склаў 1:36,99. Нажаль, так і не атрымалася толкам паспаборнічаць з імі ў Андрэя Пятосіна – ён яшчэ раніцай пашкодзіў аб бардзюр кола сваёй Хонды S2000, праз што гонка была на некаторы час прыпыненая.

У самым старэйшым класе Unlimited удзельнікаў было ўсяго трое. Затое тут высветлілася, што магутнасць вырашае не ўсё і не заўсёды. Прынамсі, трохлітровы турбіраваны матор V6 на Alfa Romeo Giulia Quadrifoglio Арцёма Рашчэні выдае 510 конскіх сіл – яўна паболей чым рухавікі Subaru Impreza і Impreza WRX STI Аляксея Канавальчыка і Дзмітрыя Мезіта. Аднак Арцём саступіў ім абодвум, паказаўшы час 1:41,16. Перамог жа з вынікам 1:29,87 Мезіт, Канавальчык, у лепшай спробе праехаўшы па трасе за 1:32,99, заняў другое месца.

Нарэшце, адзіны прадстаўнік класу Open-race Аляксей Кручынін на сваёй ужо немаладой формуле «Эстонія» выступаў, хутчэй, у ролі шоў-стопера – другога такога аўтамабіля, магчыма, няма ва ўсёй Беларусі (а можа нават і ў Эстоніі). Тым не менш ехаў ён не толькі эфектна, але і эфектыўна – на ўзроўні класаў Street-Pro і Unlimited. Яго лепшы час склаў 1:32,03.

Трэція этапы эмпіянату Беларусі па Time-attack і Кубку Time-attack.org запланаваныя на 31 ліпеня. Адбыцца яны мусяць ужо на стацыянарнай трасе гоначнага комплексу ў Стайках пад Мінскам.

Другие посты блога

Все посты