Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Горача! А будзе яшчэ гарачэй! Гран Пры Арагона канчаткова ажывіў інтрыгу не толькі ў гэтым сезоне MotoGP

Горача! А будзе яшчэ гарачэй! Гран Пры Арагона канчаткова ажывіў інтрыгу не толькі ў гэтым сезоне MotoGP

Будучыя напарнікі па завадской Ducati Франчэска Баньяя і Энеа Басціаніні пакуль што выступаюць не ў адной камандзе, і адзін аднаму нічога не вінаватыя. Малодшы з італьянцаў абараняе колеры Gresini Racing, і да перамог не меней ахвочы. На Гран Пры Арагона ён атрымаў чарговую, і зноў у барацьбе з Пэка.

19 сентября 2022, 14:02
Горача! А будзе яшчэ гарачэй! Гран Пры Арагона канчаткова ажывіў інтрыгу не толькі ў гэтым сезоне MotoGP

Фота: motogp.com

Будучыя напарнікі па завадской Ducati Франчэска Баньяя і Энеа Басціаніні пакуль што выступаюць не ў адной камандзе, і адзін аднаму нічога не вінаватыя. Малодшы з італьянцаў абараняе колеры Gresini Racing, і да перамог не меней ахвочы. На Гран Пры Арагона ён атрымаў чарговую, і зноў у барацьбе з Пэка.

Украіна абавязкова атрымае сваю перамогу ў барацьбе з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Такое іх вызначэнне – гэта не перабольшванне, а пераменшванне, улічваючы іх масавыя злачынствы на захопленых тэрыторыях. Гэта цана, якую Украіна плаціць за свой выбар быць вольнай і незалежнай ад саўковай імперыі.

Нашы суседзі і сябры таксама ратуюць ад такой платы нас, таму што катаваць яшчэ і Беларусь пасля сваёй ганебнай паразы ў расійскай пачвары проста не застанецца сіл. Беларусы ў меру сваіх сіл гэтаму таксама спрыяюць, у тым ліку ваюючы за Украіну, ад чаго дрыжаць пачынае нават тутэйшы калгасны дыктатар. І правільна робіць, таму што і яму прыдзецца адказаць за ўсё. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Іспанія ад Украіны даволі далёка, але і яна дапамагае мужнаму народу ў яго гераічнай барацьбе з агрэсарам. Магчыма, за гэты лёс узнагародзіў яе, і ўчарашняя гонка MotoGP была цікавай, падзейнай і непрадказальнай. А яшчэ важнай з гледзішча барацьбы за тытул, якая не проста не скончаная, а фактычна стартавала нанова.

Яшчэ адна прыемная навіна – у лад вярнуўся шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес. Толькі першая пасля перарыву гонка для яго працягвалася ўсяго пару кругоў. Прычым кругі гэтыя іспанец правёў выдатна – стартаваўшы трынаццатым, ён адразу прарваўся на шостую пазіцыю.

Але на сваю бяду Марк абагнаў і дзейснага чэмпіёна і лідара чэмпіянату з каманды Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара, які акурат шостым гонку і пачынаў. Эль Д’ябла дапусціў памылку на выхадзе з трэцяга павароту і ўткнуўся ў задняе кола матацыкла Маркеса, пасля чаго ўпаў і сышоў з дыстанцыі.

А літаральна праз пару кругоў гоншчыка завадской каманды Repsol Honda Team падтараніў яшчэ і японец з LCR Honda Idemitsu Такаакі Накагамі. Ён таксама сышоў з дыстанцыі, а хутка пасля гэтага ў боксы заехаў і Маркес – яго RC213V таксама атрымала пашкоджанні. Добра што хоць сам Марк гэтым разам не падаў, гэта было б вельмі недарэчна і небяспечна ў яго выпадку.

Вось Франчэска Баньяя стартаваў першым, і лідарства на першых кругах захаваў. У яго напарніка па завадской Ducati Джэка Мілера справы ішлі не так удала, і сваю другую пазіцыю ён саступіў ужо на першым кругу. Яго абагнаў гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр, які таксама выдатна стартаваў, прарваўшыся з дзясятай пазіцыі на пятую.

Адпаведна, ззаду паўднёваафрыканец пакінуў і Энеа Басціаніні, аднак той хутка аднавіў статус-кво, які і Мілер. Аўстраліец абагнаў Біндэра ў першым павароце на трэцім кругу, італьянец зрабіў гэта ў тым жа месцы кругам пазней. А на шостым кругу Басціаніні атакаваў і самога Джэка, які з гэтага моманту страціў тэмп. Ужо праз круг яго ззаду пакінуў Біндэр, а затым і канкурэнт з Aprilia Racing Алейш Эспаргара. Пятым Мілер у выніку і фінішаваў.

Наперадзе ж усё толькі пачыналася. На першую пазіцыю, як і двума тыднямі раней у Мізана, прэтэндаваў не толькі Баньяя, але і Басціаніні. Энеа першую заяўку на перамогу зрабіў на дзявятым кругу, абагнаўшы Франчэска ў першым павароце. Але ў дванаццатым кругам пазней памыліўся, выехаўшы шырока і саступіўшы лідарства Баньяі ізноў.

Аднак ізноў, як і на Гран Пры Сан-Марына, Басціаніні не супакоіўся і працягнуў ціснуць на свайго будучага напарніка. Энеа некалькі разоў атакаваў Пэка перад апошняй дугой, на тармажэнні пасля доўгай прамой. Але плён прынесла атака на апошнім кругу ў сёмым павароце. І ўжо Баньяі прыйшлося спрабаваць контратакаваць Басціаніні, аднак той здолеў выстаяць і перамог з перавагай усяго ў 0,042 секунды. Асабіста я цяпер вельмі чакаю наступнага сезона, бо ў завадской Ducati, здаецца, будзе надта горача.

Трэцяе месца на Гран Пры Арагона заняў Алейш Эспаргара, які на перадапошнім кругу апярэдзіў Біндэра. Трэці іспанец па-ранейшаму і ў чэмпіянаце, дзе ў яго 194 ачкі. Аднак Куартарара, які з 211 баламі застаўся лідарам, цяпер нават для яго ў зоне дасягальнасці. Сямнаццаць ачкоў – гэта няшмат, не кажучы ўжо пра дзесяць, на якія ад Эль Д’ябла цяпер адстае Баньяя. А калі б ён у Альканісе перамог, адставанне скарацілася б наогул да пяці балаў.

Так ці інакш, у Куартарара было права на памылку, але толькі на адну. І цяпер француз мусіць старацца, каб абараніць сваё чэмпіёнства. Яго ж каманда ў адпаведным заліку на лідарства ўжо і не прэтэндуе, займаючы з 237 баламі (столькі ж у Prima Pramac Racing) трэцюю пазіцыю. Aprilia Racing на другой, у яе 298 ачкоў, а Ducati Lenovo Team упэўнена лідзіруе, маючы 335 балаў.

Пад канец сезону, у якім застаецца толькі пяць этапаў, у MotoGP пачалося ўсё самае цікавае. Прычым працягнецца яно ўжо на гэтым тыдні – у бліжэйшыя выхадныя чэмпіянат нарэшце вяртаецца ў Японію, на трасу Матэгі, на якой амаль ніхто з цяперашніх фаварытаў на матацыклах прэм’ер-катэгорыі яшчэ не выступаў.

Другие посты блога

Все посты