Дачка салісткі «Ночных снайперов», што нарадзілася ў Беларусі, гуляе за «Спартак» – падаецца, гэта можа быць небяспечным
Апошнім часам Арбеніна на слыху.
Рок-гурт «Ночные снайперы» быў папулярным напачатку 2000-х, і мае ён невялічкі беларускі след, бо салістка Дыяна Арбеніна нарадзілася ў Валожыне, што пад Мінскам. Яшчэ ў дзяцінстве яе сям'я транзітам праз Барысаў пераехала ў Расію, дзе будучая спявачка атрымала адукацыю, прыняла грамадзянства і пачала музычную кар'еру. Там жа Арбеніна жыве дагэтуль і гадуе двух дзяцей – сына Арцёма і дачку Марту. Апошняя, дарэчы, пайшла ў спорт: займаецца ў акадэміі маскоўскага «Спартака», чым Арбеніна вельмі ганарыцца.
– Мая прыгажуня-дачка гуляе за «Спартак». Любуюся, ганаруся і моцна веру ў адраджэнне і ўздым жаночага расійскага футбола! – напісала салістка «Ночных снайперов» у Instagram 13 кастрычніка.
Адзначым, што Арбеніна будуе жыццё сябе і сваім дзецям на незвычайным для цяперашняй Расіі фоне, у якім знайшлося месца і гістарычнай Радзіме. Так, 11 жніўня 2020 года ў Instagram яна апублікавала пост, якім збянтэжыла падпісчыкаў – каго падтрымала спявачка?
– Жыве, Беларусь! – напісала Арбеніна пад фота з рэжымным сцягам і хэштэгам «родинамоябелоруссия».
Увогуле персона Арбенінай актыўна абмярковаўлася ў расійскіх сродках масавай прапаганды апошнія 10 гадоў. У 2014-м спявачка не падтрымала анэксію Крыма, а на выступе ў Кіеве заявіла:
– Дзякую, мой любімы Кіеў! Хачу папрасіць прабачэння за ўсіх сваіх расійскіх калег, якія да гэтага часу вас не падтрымалі. Я – з вашым народам, трымайцеся.
Але ў наступным годзе ўраджэнка Валожына выступіла ў акупаваным Севастопалі, за што трапіла ва ўкраінскую базу «Міратворац». Тым не менш, у 2022 годзе Арбеніна асудзіла напад Расіі на Украіну, за што быў адменены не адзін канцэрт яе гурту (але дзе-нідзе праводзіць іх дазваляюць, што злуе тамтэйшых прапагандыстаў). Нягледзячы на гэткі ціск, з'язджаць з РФ спявачка адмовілася:
– Яшчэ ў красавіку 2022 года я сказала, што я нікуды не з'еду, я застаюся ў сваёй краіне з маім народам, з маёй культурай. І калі нейкім аматарам загалоўкаў не зразумела, што гэта значыць, я расшыфрую: усё, што адбываецца зараз з маёй краінай – гэта велізарная трагедыя. Смерць – гэта заўсёды трагедыя, – сказала Арбеніна ў каментары для прапагандыстаў ТАСС.
Што тычыцца апошніх падзей у павестцы, то і тут салістка «Ночных снайперов» пайшла не па партыйнай лініі, падтрымаўшы Ізраіль у барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС.
Цікава, як усё гэта паўплывае на футбольныя перспектывы дачкі: фанаты «Спартака», нагадаем, у складзе батальёна «Эспаньола» ваююць супраць Украіны. І калі даведаюцца пра такую апазіцыю, наўрад ці ўзрадуюцца.