Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Тыраж ніжэйшы, старонак меней, новы дырэктар захапляў Вяргейчыка. Як прайшлі 3 месяцы «Прэсбола» пад АБФФ

Тыраж ніжэйшы, старонак меней, новы дырэктар захапляў Вяргейчыка. Як прайшлі 3 месяцы «Прэсбола» пад АБФФ

Засталіся ў кіёсках, але медыйнай імперыі не будзе.

Аўтар — bytribuna com
11 студзеня, 10:30
1
Тыраж ніжэйшы, старонак меней, новы дырэктар захапляў Вяргейчыка. Як прайшлі 3 месяцы «Прэсбола» пад АБФФ

Мінулы год падкінуў «Прэсболу» (адносна нядаўна гэта было найлепшае друкаванае выданне аб спорце ў Беларусі) шмат неспадзяванак і перамен: сайт падпаў пад блакаванне, уладальнік змяніўся (ім стала Беларуская федэрацыя футбола), галоўны рэдактар памёр, а фінансавыя цяжкасці наваліліся. «Прэсбол» наогул знаходзіўся на мяжы закрыцця.

Расказваем, што змянілася ў выданні пасля 6 кастрычніка 2023 года. У той дзень на чарговым пасяджэнні выканкаму федэрацыі футбола, якая і так валодала часткай ТАА, было прынятае рашэнне выкупіць астатнія долі (па 10 належала журналістам Дзмітрыю Беленькаму і Аляксандру Дабрыяну, 30 – дырэктару Юрыю Арлову), каб стаць аднаасобным уласнікам «Прэсбола».

Зʼявіліся грошы, але іх даюць з затрымкамі

За гэты час адбылося шмат важных падзей, але як кажуць інфармаваныя крыніцы, жыццё ў «Прэсболе» сёння больш стабільнае і прадказальнае, чым увосень. Хоць спачатку, адразу пасля рашэння федэрацыі аб выкупе юрыдычнай асобы выдання, сярод работнікаў хадзілі размовы пра пагаршэнне фінансавага становішча.

– Пакуль выданне не знаходзілася на 100 працэнтаў у руках АБФФ, супрацоўнікам плацілі аклад або менш, але грошы плацілі. Пасля таго, як «Прэсбол» перайшоў ва ўласнасць АБФФ, заробку не было ўвогуле. За верасень, напрыклад, грошай няма. Таксама з пачатку кастрычніка некалькі чалавек пакінулі выданне па згодзе бакоў. Падрабязнасцяў пра далейшае існаванне выдання няма, – расказвала ў кастрычніку крыніца Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Зрэшты, па нашых звестках, тады затрымліваліся не аклады, а ганарары за матэрыялы, праз што заробкі некаторых супрацоўнікаў абселі ўдвая.

З часам сітуацыя выраўнялася, хаця ідэальнай яе назваць усё роўна нельга. Аўтары атрымліваюць і аклады, і ганарары, але з грашыма здараюцца затрымкі. Зарплату за лістапад супрацоўнікі атрымлівалі часткамі, прычым цалкам разлічыліся з імі толькі ў пачатку студзеня-2024.

Газета атрымлівае фінансавае дапамогу ад АБФФ, а таксама зарабляе на рэкламе, у тым ліку і той, якая размяшчаецца на сайце «Прэсбола» (доступ да інтэрнэт-рэсурсу газеты быў адноўлены толькі ў сярэдзіне мінулага лістапада пасля пяці месяцаў блакавання з боку лукашэнкаўскага міністэрства па цэнзуры).

Дырэктарам стаў чалавек, якім захапляўся Вяргейчык

22 снежня стала вядома, што адзін з заснавальнікаў і шматгадовы дырэктар «ПБ» Юры Арлоў пакінуў пасаду, а заступіў на яе Вадзім Філіповіч.

Для «Прэсбола» і футбола Беларусі ў цэлым гэта не чужаніца. У канцы 1990-х і пачатку 2000-х Філіповіч быў журналістам «ПБ», пісаў пра беларускі і расійскі футбол, а паралельна некаторы час працаваў прэс-аташэ салігорскага «Шахцёра». Ну а ў першай палове 2000-х выпускніку філалагічнага факультэта БДУ прапанавалі стаць дырэктарам клуба.

– Вадзім мне дастаўся «у спадчыну» ад [Івана] Шчокіна (галоўны трэнер «Шахцёра» з 1997 па 1999 гады – заўв.). Спачатку ён быў прэс-аташэ «Шахцёра». Эрудзіраваны хлопец з журналісцкага асяроддзя, умее адчуваць людзей. Ён распрацаваў і прадставіў вельмі пісьменную праграму развіцця клуба, і кіраўніцтва сказала: спрабуй – табе і карты ў рукі. Працавалі мы цудоўна. Філіповіч мне цалкам давяраў і рабіў усё, што я прасіў. Напэўна, для трэнера шчасце мець такога дырэктара, – расказваў Юрый Вяргейчык, які з 2002-га па 2009-ы быў галоўным трэнерам «гарнякоў».

Філіповіч працаваў дырэктарам «Шахцёра» да восені 2011-га. З ім у кіраўніцтве каманда паспела ўзяць тры бронзы ЧБ, адно срэбра, а ў 2005-м стала чэмпіёнам Беларусі. Філіповіч запомніўся і тым, што вясной 2009-га звольніў з каманды Аляксея Сучкова і Мікіту Букаткіна за «парушэнне спартыўнага рэжыму» – футбалісты нібыта зʼявіліся на трэнаванні ў нецвярозым стане.

Праз два з невялікім гады пасля той гісторыі з «Шахцёра» сышоў і сам Філіповіч, прычым па ўласнай ахвоце.

– Вадзім сышоў ад нас у 2011-м. Чалавек па ўласнай волі пакінуў добрае, хоць і вельмі клапотнае месца з прыстойным заробкам. Грошы для яго ніколі не стаялі на першым плане. Хацеў развівацца, а ў «Шахцёры» гэта было цяжка. Аднойчы прыйшоў: усё, Юра, гэта рыса, больш не магу. І «сышоў у лес», у нікуды – у іншае вымярэнне. Шчыра кажучы, мне да Вадзіма яшчэ далёка, – успамінаў Вяргейчык.

Пакінуўшы «Шахцёра», Філіповіч кардынальна змяніў жыццё: зʼехаў у Краснадарскі край, дзе заняўся сельскай гаспадаркай. Чым канкрэтна і як доўга ён займаўся, высветліць нам не ўдалося.

У «Прэсбол» Філіповіч мог вярнуцца яшчэ некалькі гадоў таму. Па нашай інфармацыі, Вяргейчык, калі быў першым намеснікам старшыні АБФФ, прапаноўваў даўняму таварышу ўвайсці ва ўпраўленне выдання ці то дырэктарам, ці то галоўным рэдактарам, але атрымаў адмову. У снежні-2023 прызначэнне адбылося ўжо без уплыву Вяргейчыка.

Арлоў жа застаўся ў структуры выдання – цяпер у «ПБ» ён працуе журналістам. Праўда, знайсці ягоныя матэрыялы ў апошніх нумарах газеты немагчыма – сярод аўтараў фігуруе толькі ягоны сын Дзяніс.

Юрый Арлоў

Новы галоўны рэдактар, упор – на футбол, старонак меней, тыраж упаў

22 снежня 2023 года выпуск «Прэсбола» выйшаў ужо за подпісам новага галоўнага рэдактара – ім стаў шматгадовы журналіст выдання, былы ўладальнік часткі акцый ТАА Аляксандр Дабрыян. Пасля смерці Сяргея Лісічкіна ў жніўні 2023-га Дабрыян, які да таго працаваў ягоным намеснікам, узяў на сябе адказнасць за выпуск газеты, пры гэтым ён фармальна заставаўся ў ранейшай пасадзе.

У канцы 2023-га цесць былога галоўнага трэнера баскетбольнага «Мінска» Расціслава Вяргун усё ж атрымаў павышэнне.

Наколькі нам вядома, Дабрыян, зʼяўляючыся галоўрэдам, шмат у чым падпарадкаваны АБФФ, а тая істотна ўплывае на тэматыку матэрыялаў. Яшчэ восенню былі размовы пра тое, што калі федэрацыя забярэ пад свой кантроль газету, то ўпор у ёй будзе рабіцца на футболе. Гэта пацвердзіў і сам «Прэсбол».

– У студзені «Прэсболу» споўніцца 33 гады – узрост сурʼёзны, але і не такі, каб ехаць з кірмашу. Нашыя журналісты па-ранейшаму гараць жаданнем дарыць сваім чытачам максімум цікавай для вас спартыўнай інфармацыі. У першую чаргу – футбольнай, бо АБФФ стала паўнапраўным уласнікам друкаванага выдання. Так што рэпартажаў, аглядаў, інтэрвʼю, расповедаў пра значных настаўнікаў, юных зорачак і заслужаных ветэранаў айчыннага футбола, пра людзей, адданых гульні нумар адзін, будзе значна больш, чым раней. Тым больш, што цікавых падзей на зялёных палях нашай краіны, Еўропы і свету чакаецца дастаткова. Уважліва будзем сачыць за выступамі нашых каманд і зборных у жаночым, пляжным футболе, а таксама міні-футболе, – паведаміла выданне ў адным са сваіх нумароў.

Пры гэтым у газеце нейкім чынам збіраліся зрабіць так, каб не пацярпелі іншыя віды спорту.

Аляксандр Дабрыян

Падобна, гэта быў проста добры намер. Першыя нумары «ПБ» у 2024-м аказаліся схуднелымі: замест традыцыйных 16 старонак газета стала выходзіць на 12. Па звестках нашых крыніц, звязана гэта з жаданнем АБФФ нарасціць футбольны складнік. І ўласнікі ТАА пайшлі не па шляху павелічэння абʼёму футбольных артыкулаў, а па шляху памяншэння матэрыялаў пра біятлон, тэніс, хакей і іншыя віды спорту. Уласна, таму і адпала патрэба ў цэлым газетным лісце.

Таксама на 12,8 працэнта скараціўся тыраж выдання. У канцы 2023-га ён складаў 6749 экзэмпляраў на тыдзень (3619 у аўторкавага выпуску і 3130 у пятнічнага) + 29 газет сыходзіла па электроннай падпісцы. У пачатку 2024-га тыднёвы тыраж складае 5885 экзэмпляраў (3234 за аўторак і 2651 у пятніцу). Колькасць падпісчыкаў PDF-версіі больш не пазначаецца.

Тыраж быў зніжаны для таго, каб зменшыць абʼёмы спісання незапатрабаваных экзэмпляраў газеты, якія заставаліся ў кіёсках і ў далейшым вярталіся рэдакцыі. Плюс такі ход дазволіць зэканоміць на друку.

Па нашай інфармацыі, на сёння няма ніякіх перадумоў для росту накладу.

Таксама нагадаем, што летась існавала высокая верагоднасць ліквідацыі папяровай версіі «Прэсбола» – ізноў жа праз прэтэнзіі лукашэнкаўскіх чынуш. Першапачаткова газета на 2024-ы не была ўключана ў падпісны каталог, але пры ўмяшанні АБФФ, калі тая стала ўласнікам выдання, пытанне ўдалося ўладзіць.

А як жа супраца з «Беларускім футболам»?

Увосень АБФФ мела намер узяць пад кантроль і буйны паблік «Беларускі футбол», які існуе з 2013 года. Па нашых звестках, федэрацыя прапаноўвала ўласнікам «БФ» стварыць сумеснае ТАА і аказаць дапамогу ў стварэнні сайта ў даважку да пляцовак у сацсетках. Гэтая прапанова была сустрэтая з энтузіязмам.

Аднак калабарацыя не адбылася. АБФФ сканцэнтравалася на «Прэсболе», а «Беларускі футбол» жыве самастойным жыццём: сам стварыў ТАА, сам запусціў сайт (старонкі ў сацсетках таксама нікуды не падзеліся) і сам вызначае, як і пра што пісаць. Праўда, бяззубасць публікацый можна прыняць за намёк на тое, што «БФ» нейкім чынам ад федэрацыі ўсё ж залежыць, але не. Як распавялі нашыя крыніцы, аўтары пабліка ў большасці сваёй жывуць у Беларусі і самі імкнуцца пазбягаць тэм, якія могуць стаць нагодай для непрыемнасцяў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты