Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Як палкоўнік Базанаў гэтым разам прарваўся ў ЕЗ: без жонкі, у абʼезд, але з актуальнай візай

Як палкоўнік Базанаў гэтым разам прарваўся ў ЕЗ: без жонкі, у абʼезд, але з актуальнай візай

Намеснік старшыні АБФФ не здаецца!

Аўтар — bytribuna com
23 лютага, 15:24
Як палкоўнік Базанаў гэтым разам прарваўся ў ЕЗ: без жонкі, у абʼезд, але з актуальнай візай

Экс-кіраўніку Беларускай федэрацыі футбола, а на сёння намесніку Мікалая Шарснёва Уладзіміру Базанаву не сядзіцца ў Беларусі – увесь час цягне ў Еўропу. Хаця яму там не вельмі радыя: то балтыйскія краіны ўвядуць санкцыі, то Польшча разверне на мяжы, то ўвогуле дэпартуюць са скандалам з Чэхіі. Але Базанаў зноў і зноў прарываецца на захад ад Беларусі. Проста цяпер функцыянер знаходзіцца ў Мальце, краіне шэнгенскай зоны, з жаночай зборнай. Расказваем, як гэта яму ўдалося пранікнуць туды.

Гэтымі днямі жаночая зборная Беларусі ўдзельнічае ў турніры The Visit Malta Womenʼs Trophy. 22 лютага яна сустрэлася з Албаніяй і перамагла 3:0. 25-га пройдзе гульня з гаспадынямі.

Разграміўшы албанак, каманда зрабіла агульнае фота, на якім зафіксаваны і Уладзімір Базанаў. З аднаго боку, гэта ў нейкай ступені лагічна – усё ж функцыянер зʼяўляецца і старшынёй камітэта АБФФ па жаночым футболе. Так што яму нібыта належыць лятаць на розныя турніры і сустрэчы. Але, з іншага боку, Базанаў сёння мае праблемы з прыняццем сябе і сваіх учынкаў у Еўропе. Па-першае, ён з 20 лістапада 2020-га знаходзіцца пад санкцыямі балтыйскіх краін (уведзеныя ў дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у Беларусі). Уезд у ЕЗ праз гэты кірунак для Базанава закрыты.

Ну а не так даўно здарылася непрыемнасць з Польшчай, куды лукашыст рэгулярна выбіраўся на «закупы» па шэнгенскай візе. У лістападзе 2023-га палякі не прапусцілі функцыянера і ў прынцыпе анулявалі яму візу. Гэта азначала, што Базанаў з Беларусі не мае магчымасці патрапіць па зямлі ні ў адну з краін ЕЗ (самалёты з нашай краіны ў Еўропу не лятаюць пасля інцыдэнту з Раманам Пратасевічам). Пасля «польскага інцыдэнта» намеснік старшыні АБФФ, які таксама ехаў на матчы жаночай зборнай, быў вымушаны вярнуцца ў Мінск.

І вось чарговае зʼяўленне палкоўніка ў адстаўцы ў Еўропе. Гэтым разам – на Мальце. Як у яго атрымалася?

Каб дабрацца на турнір, жаночая зборная Беларусі стартавала з Мінска ўдзень 18 лютага. Спачатку на аўтобусе да Вільні. Пасля начлегу ў чатыры раніцы зборная рушыла ў аэрапорт, вылецець у Франкфурт-на-Майне (пералёт да Германіі заняў крыху больш за дзве гадзіны). Там было пяць гадзін чакання наступнага рэйса – ужо на Мальту. Пералёт у пункт прызначэння заняў 2,5 гадзіны. 19 лютага калектыў ужо быў на востраве і на наступны дзень пачаў падрыхтоўку да турніру.

Базанаў перамяшчацца з камандай не мог, але ўсё роўна сустрэўся з ёй на Мальце яшчэ да пачатку турніру. Як нам удалося даведацца, былы сядзелец у лукашэнкаўскім парламенце дабіраўся маршрутам Мінск – Стамбул – Мальта. Сёння даляцець да Стамбула з Беларусі можна за пяць з паловай гадзін, а ўжо адтуль да вострава дзве з паловай гадзіны лёту. Адолеўшы гэты шлях, функцыянер пасяліўся з камандай у адным гатэлі.

Ніякіх праблем на пашпартным кантролі ў яго не ўзнікла, хаця з 2004 года Мальта ўваходзіць у зону ЕЗ. Базанаў мае на руках шэнгенскую візу, выдадзеную на год.

Калі было прынятае рашэнне аб удзеле ў турніры The Visit Malta Womenʼs Trophy, у АБФФ заняліся візавымі пытаннямі каманды. Многія футбалісткі мелі актуальныя візы – летась перад матчамі Лігі нацый спартсменкам удалося атрымаць гадавыя візы праз венгерскае пасольства. Аднак цяпер у калектыве аказалася некалькі новых футбалістак з чыстымі пашпартамі. Іх дакументы падаваліся ў італьянскую амбасаду ў Мінску – па правілах, каб атрымаць шэнген для наведвання Мальты, можна звярнуцца або непасрэдна ў пасольства гэтай краіны, або ў прадстаўніцтва іншай дзяржавы Шэнгенскага пагаднення. Разам з дакументамі зборніц падалі і дакументы Базанава. У выніку футбалісткам і функцыянеру італьянцы праставілі візы на год. Так намеснік старшыні АБФФ ізноў атрымаў доступ у краіны ЕЗ. На гэты раз, паводле нашай інфармацыі, Базанаў адправіўся ў падарожжа без жонкі. Раней яна ўвесь час суправаджала яго ў працоўных камандзіроўках.

Зрэшты, перасоўванне па Еўропе для Базанава звязаныя з некаторымі рызыкамі. У Чэхію, Польшчу і краіны Балтыі яму лепей не заязджаць.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты