Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/На кожны дамашні матч супрацоўнік «Манчэстэр Юнайтэд» прыходзіць з нацыянальным сімвалам Беларусі – вось чаму ён гэта робіць

На кожны дамашні матч супрацоўнік «Манчэстэр Юнайтэд» прыходзіць з нацыянальным сімвалам Беларусі – вось чаму ён гэта робіць

Нашыя людзі ў легендарным клубе.

Аўтар — bytribuna com
19 красавіка 2023, 12:56
На кожны дамашні матч супрацоўнік «Манчэстэр Юнайтэд» прыходзіць з нацыянальным сімвалам Беларусі – вось чаму ён гэта робіць

Беларусы нярэдка прыходзяць на стадыёны з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пакуль такі візіт на арэну без страху быць затрыманым магчымы толькі за мяжой. Але, здаецца, ніколі БЧБ-сімвалы не былі настолькі блізкія да культавых месцаў. На днях у Instagram беларускай фанаткі «Манчэстэр Юнайтэд» Кацярыны Васілёнак з'явілася гісторыя, у якой значок з контурам Беларусі бел-чырвона-белага колеру прышпілены на гаспадарскай лаве запасных стадыёна «Олд Трафард».

Аляксандр Івулін звязаўся з дзяўчынай, каб даведацца пра гісторыю з'яўлення нацыянальнай сімволікі на крэсле Эрыка Тэн Хага:

- У МЮ, наогул, хапае перасячэнняў з бел-чырвона-белымі колерамі. Проста паглядзі, якія футболкі нядаўна выпусціў клуб. Яны проста цудоўныя! Цяпер сябры ведаюць, што падарыць мне на дзень нараджэння :).

- Футболкі - выдатныя, але як бел-чырвона-белы значок апынуўся на лаўцы запасных «Олд Трафард»?

- У гэтым відэа значок прышпілены на трэнерскім крэсле гаспадарскай лаўкі запасных. Калісьці на ім сядзеў сэр Алекс Фергюсан, цяпер сядзіць Эрык Тэн Хаг.

Калісьці на мой акаўнт у Instagram падпісаўся хлопец-англічанін, які заўзее за «Чэлсі». Калі сапраўды, не вельмі зразумела, навошта ён гэта зрабіў, бо я з дзяцінства за «Юнайтэд», але чамусьці вырашыла яму адказаць. Аказалася, гэты прыхільнік «Чэлсі» працуе ў структуры «МЮ»! На момант нашага знаёмства ён займаў не самую высокую пасаду, але з часам ачоліў адзін з дэпартаментаў клуба.

Аднойчы ён напісаў, што хоча зрабіць мне падарунак і папрасіў адрас. Праз нейкі час мне прыйшла пасылка на тры з паловай кілаграмы з кучай рознага мерча «МЮ». Сярод іншага былі футболкі з аўтографамі Крыштыяну Раналду, які тады яшчэ гуляў у Манчэстэры, Тэн Хага і ўсіх-ўсіх гульцоў асноўнага складу. Гэта было вар'яцка прыемна. Як сапраўдная беларуска не магла не адказаць. Сабрала чалавеку пасылку з усялякімі беларускімі прысмакамі. Акрамя ўсяго іншага паклала ў скрынку шалік зборнай Беларусі і парачку значкоў бел-чырвона-белых колераў.

- Прыкладна за такі ж шалік у машыне мой калега ў 2021-м адсядзеў 15 сутак…

- Ведаю, і гэты англічанін вельмі цікавіцца беларускім парадкам дня. Ён увесь час распытваў мяне пра тое, што адбываецца ў краіне. Англічане ў курсе, што з 2020-га ў Беларусі адбываецца нешта дрэннае, але да канца не ўсведамляюць маштабу. Ім складана зразумець, як чалавек можа знаходзіцца пры ўладзе амаль 30 гадоў, што гэта мала каму падабаецца, але яго не могуць прыбраць. Яны не разумеюць, як падчас мірных пратэстаў сілавікі могуць забіваць людзей і не несці за гэта ніякага пакарання. Увогуле вельмі шмат момантаў.

Да таго ж было неабходна правесці тлумачальную працу, каб мой сябар па перапісцы пачаў разбірацца ў сцягах. Крыху крынжава выглядала, калі тыя ж англічане пісалі словы падтрымкі тваёй краіне, але дадавалі ў паведамленні эмоджы з чырвона-зялёнымі сцягамі.

Увогуле мая пасылка дабралася да Англіі. Калі ўбачыла гэтае відэа, то проста пачала рыдаць. Было вельмі прыемна ўбачыць беларускую сімволіку на «Олд Трафард». Гэты ролік мне даслалі даўно, але выклала яго ў сетку толькі зараз, таму што да гэтага знаходзілася ў Беларусі.

- Патлумачыла сябру, што ў Беларусі за такі значок на стадыёне ён мог бы атрымаць як мінімум суткі адміністрацыйнага арышту?

- Ён ведае, што па беларускіх законах гэта не толькі адзіночнае пікетаванне. Калі глядзець шырэй, гэта падтрымка «экстрэмісцкай» дзейнасці. Калі распавядала яму пра гэта, нават праз экран тэлефона адчувала, як чалавек афігеваў. Таму на ўсялякі выпадак параіла яму пакуль не прыязджаць у Беларусь.

Тым больш у знак салідарнасці хлопец носіць такі значок на сваім стадыённым пропуску. Атрымліваецца, на кожным дамашнім матчы МЮ ёсць БЧБ.

Для мяне гэта вельмi важна. Асабліва на фоне таго, што зараз я з'ехала з Беларусі. Наважылася на такі ўчынак, каб расказваць пра тое, што ў апошнія гады адбываецца ў нашай краіне. Раблю гэта і праз свае сацыяльныя сеткі, і праз працу ў праваабарончых арганізацыях. Для мяне важна паказваць, што праблемы ў Беларусі ёсць. Яны нікуды не падзеліся і іх трэба вырашаць.

- Навошта табе гэта?

- Проста я вельмі ідэйны чалавек, для якога важна рабіць нешта для сваёй краіны. Гэта галоўная прычына майго пераезду, хаця два апошнія гады, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, займалася рознымі праваабарончымі рэчамі. У мэтах бяспекі не магу расказаць пра ўсё, але, павер, гэта не толькі бел-чырвона-белы значок на «Олд Трафард».

Іншыя пасты блога

Усе пасты