Tribuna/Хакей/Блогі/О духе времени/Беларускі абсурд на хакейным фінале: арэна з фанатамі «Нёмана» пляскала таму, чый рэжым адпраўляў іх за краты

Беларускі абсурд на хакейным фінале: арэна з фанатамі «Нёмана» пляскала таму, чый рэжым адпраўляў іх за краты

Падтрымка гродзенскаму клубу не дапамагла.

Аўтар — bytribuna com
24 красавіка 2023, 18:30
1
Беларускі абсурд на хакейным фінале: арэна з фанатамі «Нёмана» пляскала таму, чый рэжым адпраўляў іх за краты

24 красавіка адбыўся сёмы матч фінальнай серыі плэй-оф хакейнай Экстралігі – «Нёман» прымаў «Металург». Да таго інсайдары, ды і генсак ФХБ Андрэй Башко казалі, што калі дойдзе да 3-3 у серыі, вырашальную сустрэчу можна правесці на «Мінск-Арэне». Чаму, калі гаспадар – «Нёман», які базуецца за амаль 300 км? Зразумець няцяжка – так было б лягчэй прарэжымнікам і Аляксандру Лукашэнку, які любіць глядзець такія матчы, а потым узнагароджваць каманды, у якіх валам падпісантаў за яго.

На крадзеж у Гродна перавагі хатняй пляцоўкі ўсё ж не пайшлі – матч застаўся на лёдзе «Нёмана». Але без Лукашэнкі ўсё роўна не абышлося – ён прыбыў на захад Беларусі і глядзеў матч у кампаніі сына Колі з чырвона-зялёнай бутаньеркай і кіраўніка свайго выканкама па Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка. Пры абвяшчэнні Лукашэнка сустрэў цалкам ухвальную рэакцыю ў гродзенскім палацы – і нават апладысменты, якім з усмешкай махаў у адказ.

Пасля матча ўсё паўтарылася, калі Лукашэнка выйшаў на лёд.

На той жа арэне ў той жа час знаходзіўся і фанацкі сектар «Нёмана». Гэтай вясной ён радзеў – больш за дзясятак хлопцаў і дзяўчат рэжым Лукашэнкі змясціў за краты. Але ў выніку, пасядзеўшы амаль месяц немаведама за што, гэтыя людзі былі выпушчаныя – і некаторыя ледзь не наўпрост паехалі глядзець пяты матч паўфінальнай серыі з «Юнацтвам». На фінале падтрымка вярнулася ў былыя памеры – а на відэа з сёмага матча лёгка пазнаюцца і некаторыя з былых вязняў рэжыму.

Вось такая беларуская абсурдная рэальнасць: фанаты «Нёмана» як быццам спынілі байкот з любовi да хакея і каб не дапусціць на свае месцы «БРСМ-ультрас» – і вось раптоўна радуюць Лукашэнку сваімі зарадамі за каманду і знаходзяцца на арэне, якая вітае таго, чый рэжым iх катаваў.

А падтрымка ў вырашальны момант «Нёману» ўсё ж не дапамагла – адзіную шайбу ў матчы закінуў расiйскі абаронца «Металурга» Павел Купчыхін, i чэмпiёнам стала каманда са Жлобiна.

Іншыя пасты блога

Усе пасты