Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Да 2020-га не думаў, што магу ненавідзець настолькі». Што казалі людзі ад белспорту на марафоне падтрымкі палітвязняў

«Да 2020-га не думаў, што магу ненавідзець настолькі». Што казалі людзі ад белспорту на марафоне падтрымкі палітвязняў

Івулін, Мелказёраў, Сныціна.

Аўтар — Alex Zagorski
29 ліпеня, 19:20
1
«Да 2020-га не думаў, што магу ненавідзець настолькі». Што казалі людзі ад белспорту на марафоне падтрымкі палітвязняў

29 ліпеня а 10 гадзіне ранку пачаўся анлайн-марафон падтрымкі палітычных вязняў Беларусі «Нам не ўсё адно!». Афіцыйна 1475 чалавек прызнаныя палітвязнямі, але ж ёсць яшчэ зняволеныя па палітычных прычынах без такога статусу.

На патрэбы нашых суайчыннікаў, кiнутых рэжымам за краты, атрымалася сабраць ужо больш за 200 тысяч еўра. Вы таксама можаце далучыцца да збору на сайце salidarnasc.com.

УВАГА! Для данатаў ні ў якім разе не выкарыстоўвайце карткі беларускіх і расійскіх банкаў, бо гэта сур'ёзна пагражае вашай бяспецы. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, лепш за ўсё папрасіць зрабіць ахвяраванне сяброў, якія знаходзяцца за мяжой.

Спікерамі марафона выступілi лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, шэраг палітыкаў, актывістаў, журналістаў. Былі сярод іх і прадстаўнікі спартыўнай сферы. Сабралі з некаторымі скарачэннямі тое, што яны казалі ў сваіх прамовах.

Аляксандр Івулін

Стваральнік і аўтар YouTube-канала «ЧестнОК» сам былы палiтвязень, ён дакладна ведае, пра што кажа.

– Вельмі хочацца сабраць вялікую суму грошай, таму што калі ты там [за кратамі], цяжка знаходзіцца без падтрымкі. А калі яна ёсць – гэта натхняе.

[У ЦIП было так, што] ты вось у камеры, а твая сумка стаіць каля дзвярэй. Такое вось катаванне – ты бачыш, калі выходзіш на праверку: твая сумка, але табе яе не даюць. Гэта б“е па псіхіцы.Ты думаеш: хлопцы, як так? Нас адрознівае толькі тое, што я на адным баку дзверы, вы – на другім, і мы ж беларусы, мы класненькія. Але, на жаль, так не атрымліваецца, не ўсе класненькія.

Калі перавялі на Валадарку, то было нешта неверагоднае ў першыя дні: «кармушка» не закрывалася, увесь час нешта перадавалі. І людзі, якіх ты не ведаеш… Ну, гэта вельмі прыемна: лісты, пасылкі. Нават нейкія мілыя рэчы з шэрагу элементарнай маленькай шакаладкі :) Гэта вельмі натхняе, бо разумееш, што ты не адзін.

Я ўжо амаль паўгода на волі, здаецца, прыйшоў у сябе, але апошні месяц вельмі шмат сніцца «зона». Калі сон пра Беларусь, то з нейкімі пагонямі, пераследамі, затрыманнямі, допытамi. Нядаўна мне сказалi: «Уяві, ты выйшаў, а мозг усё яшчэ сядзіць». Гэта не вельмі прыемнае пачуццё. Калі стала вядома пра смерць Алеся Пушкіна, ён сніўся.

Калі выходзіш з турмы, усё заканчваецца, пачынаецца дастаткова вялікі, доўгі працэс рэсацыялізацыі. Мне пашанцавала, што шмат людзей мне дапамагло, вялікі дзякуй ім за гэта. Таму вельмі важна рабіць такія марафоны, дапамагаць рабятам, каб не толькі, калі ты знаходзішся ў турме, табе дапамагалі, але і ў тым ліку калі выходзіш на свабоду, бо ідзе вельмі важны працэс вяртання да жыцця. Трэба шмат казаць пра гэты працэс, – сказаў Івулін.

Мікіта Мелказёраў

Былы журналіст «Трыбуны», стваральнік і аўтар YouTube-канала «жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў неаднаразова гутарыў з былымi беларускiмi вязнямi i палiтвязнямi. Ён падзялiўся некаторымi эмацыйнымi гiсторыямi.

– У нас атрымалася зіма-вясна палітвязняў – Дар“я Чульцова (відэа інтэрв'ю), Аляксандр Кабанаў (відэа інтэрв'ю) і Аляксандр Івулін (відэа інтэрв'ю). Сапраўды мяне разваліла вельмі моцна пасля Чульцовай, таму што ў шэрагу маіх спікераў-палітвязняў яна была першая. Гэта быў перыяд пачатку авітамінозу, нам усім ужо хацелася сонейка, але мне падалося, што Даша ў гэтым авітамінозе жыве прыблізна пасля выхаду з турмы. Я сканцэнтраваўся на яе словах, што яна не можа размаўляць з людзьмі, якія не перажылі яе досвед, проста не думае пра нейкія рамантычныя стасункі і ўсёй галавою ў тэме з палітзняволенымі. Адчуванне нейкай цемры ўнутранай – гэта было мяне вельмі шакавала. Памятаю, калі дазнялі відэа, трэба было адзняць пачатак: паспрабавалі абняцца – у мяне быў пасыл падтрымкі, – але ж няёмка гэта ў нас атрымалася, і мы разышліся. Вельмі-вельмі цяжкі стыль сацыялізацыі.

Людзі па-рознаму выходзяць з дэпрэсіі наконт колькасці палітвязняў, з ПТСР змагаюцца. Але мяне «вывела», напэўна, [размова] з Кабанавым, таму што ніхто так бадзёра не паказваў свае шнары на руцэ. Чалавек дзяжурна распавядаў пра тое, як ён рэзаў сабе вены, што гэта форма камунікацыі з кіраўніцтвам калоніі. Але ён, калі выйшаў з турмы, быў суперзараджаны, суперэнергічны, хацеў працаваць, хацеў жыць – і гэта выдатна.

Вясну мы зафіналілі з Івуліным. Я за ім назіраю амаль што анлайн. Ёсць меркаванне, што там [за кратамi] даюцца выпрабаванні па моцы чалавека. Для Сашы падыходзіць. Мы на трэці яго тыдзень у Варшаве жартавалі, што палітвязень выбірае, які круасан яму есці.

Гэта гісторыi пра тры розныя рэакцыі, і яны так ці інакш прысутнічаюць. У любым выпадку, турма – гэта не санаторый, і вельмі жудасна, што гэтыя людзі перажылі такі досвед. Мне шкада, што яны згубілі час у беларускай турме.

Яшчэ я вельмі ўразіўся гісторыямi пра камісіі ў вязніцы, калі адна дзяўчынка стаіць, і ўсе гэтыя кіраўнікі абяцаюць ёй: зараз ты маладая і прыгожая, а выйдзеш старая і нікому не патрэбная. Івуліну таксама казалі, што іх мэта – зрабіць так, каб пра яго ўсе забыліся. Таму задача людзей, якія не перажылі такі досвед, – рабіць так, каб імёны палітвязняў гучалі.

Падчас нашай з вамі размовы я раскручваюся на такую нянавісць… Шчыра, да 2020-га года я не ведаў, што магу ненавідзець настолькі, – распавёў Мелказёраў.

Кацярына Сныціна

Адна з найлепшых беларускіх баскетбалістак у гісторыі Беларусі, вольная спартсменка Кацярына Сныціна таксама ўдзельнiчала ў марафоне. Вось што сказала ў сваiм звароце гулец «Лондан Лаянс».

Эфiр анлайн-марафона «Нам не ўсё адно!» дасяжны па гэтай спасылцы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты