Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Team Ivulin не пайшла ў чэмпiянат Польшчы з-за лiмiту, але згуляе ў Кубку – там узялi асобную назву i могуць сустрэцца з экс-камандай Левандоўскага

Team Ivulin не пайшла ў чэмпiянат Польшчы з-за лiмiту, але згуляе ў Кубку – там узялi асобную назву i могуць сустрэцца з экс-камандай Левандоўскага

Сам Iвулiн таксама будзе.

Аўтар — bytribuna com
7 жніўня, 19:30
1
Team Ivulin не пайшла ў чэмпiянат Польшчы з-за лiмiту, але згуляе ў Кубку – там узялi асобную назву i могуць сустрэцца з экс-камандай Левандоўскага

8 жніўня ў 20:30 па польскiм часе беларуская каманда з гульцоў праекта Team Ivulin пад назвай «Пагоня» дэбютуе ў Кубку Польшчы. Матч пройдзе ў Варшаве на запасным полі стадыёна Войска Польскага (вул. Лазянкоўска, 3) i стане першым для праекта на прафесійным узроўні.

Як удалося трапiць у Кубак i чаму не ў чэмпiянат, хто згуляе за «Пагоню» i чаму яна ўзяла iншую назву? Напярэдадні матча на гэтыя i iншыя пытаннi «Трыбуны» адказалi Антось Лагвінец і Змiцер Хведарук – стваральнікi, кіраўнікi і адначасова гульцы каманды.

– Раскажыце крыху пра сябе.

Антось Лагвiнец. Я сам з Мінска. У 2013 годзе прыехаў на вучобу ў Варшаўскую палітэхніку (адна з найбуйнейшых і найлепшых тэхнічных ВНУ ва Усходняй Еўропе – Tribuna.com). З таго часу, з невялікімі перапынкамі, жыву ў Польшчы, у Варшаве. Працую ў адной IT-кампаніі.

Змiцер Хведарук. У мінулым годзе, на жаль, я вымушаны быў з сям'ёй пераехаць у Варшаву. Сканчваю рэфармацкую семінарыю, з'яўляюся пастарам для тых, хто ўцёк з Беларусі ў Варшаву. Удзельнічаю ў розных сацыяльных праектах, дапамагаю людзям аб'ядноўвацца, пераадольваць цяжкасці жыцця за мяжой. I гуляю ў футбол.

– Вы арганізавалі каманду, якая стартуе ў Кубку Польшчы. Як яна з'явілася?

Антось Лагвiнец. Да падзей 2020-га беларускага футбола ў Варшаве, па сутнасці, і не было. Так, збіраліся хлопцамі, былі спробы пагуляць разам, але атрымалася правесці ўсяго пару матчаў за ўвесь час. Пасля жніўня 2020-га ў Варшаву пачалі прыязджаць беларусы, разрастаўся чат, дзе сабраныя людзі, якія жадаюць гуляць у футбол. Пачыналася ўсё з некалькіх дзясяткаў чалавек, а зараз чат налічвае больш за 450. У 2021 годзе мы нават сабралі каманду Беларускага дома ў Варшаве і з ёй з'ездзілі ў Беласток, у верасні гулялі з зоркамі «Ягелоніі» ў фармаце 11х11.

У пэўны момант мы пачалі праводзіць матчы ў падтрымку суайчыннікаў, потым – канкрэтна Аляксандра Івуліна, які знаходзіўся за кратамі. Паралельна з'яўлялася ўсё больш і больш людзей, якія хацелі б гуляць. У выніку ўсё перарасло ў маштабны праект Team Ivulin. У ім ужо шэсць калектываў.

Змiцер Хведарук. Мы гулялі ў аматарскіх турнірах 6х6, 7х7. За нас выступаў Віталь Гайдучык, напрыклад.

У пэўны момант мы падумалі: чаму б не стварыць вялікі праект, які б аб'ядноўваў беларусаў, і не пагуляць у чэмпіянаце Польшчы? Хацелі заявіцца ў сёмы дывізіён. Пачалі займацца гэтым пытаннем – але аказалася, што у камандах нiжэйшых ліг дазволена гуляць толькі двум непалякам. Натуральна, для нас гэта праблема.

Мы звязаліся з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці, разам склалі ліст у Мазавецкую асацыяцыю футбола (кiруе футболам у Мазавецкiм ваеводстве, куды ўходзiць Варшава – Tribuna.com) і Алімпійскі камітэт Польшчы з просьбай увайсці ў становішча, улічыць гуманітарную сітуацыю і зрабіць для нас выключэнне. У лісце слёзна распісалі, як мы жадаем гуляць. Толькі праз тры месяцы з гэтых структур нам прыйшоў адказ: «Дзякуй, хлопцы, за цікавасць. Разумеем вашу сітуацыю, спачуваем, але нічога змяніць не можам».

Але нядаўна мы гулялі таварыскі матч з камандай Д7 «Варшавяк». Перамаглі 5:1. Там прысутнічаў валанцёр з Мазавецкай асацыяцыі футбола. Ён у нас пасля паядынку запытаўся, ці выступаем мы дзе-небудзь. Мы расказалі яму нашу слёзную гісторыю. Пасля гэтага ён пагаварыў з жанчынай з асацыяцыі, якая дасылала нам ліст. I ўсё ж было вырашана даць нам шанц заявіцца ў Д7. Але паколькі польскi футбольны сезон ужо пачаўся, то заяўку на чэмпіянат будзем падаваць ужо на наступны. Цяпер мы спадзяемся, што дзякуючы ўдзелу ў Кубку Польшчы нам удасца заявіць пра сябе.

Антось Лагвiнец. Плюс у Кубку няма такіх лімітаў на легiянераў, як у Д7.

– Напэўна, у вас ужо ёсць польскія сябры, у тым ліку сярод заўзятараў. Як яны адрэагавалі на тое, што ваша каманда заявілася на Кубак?

Антось Лагвiнец. Шмат хто з палякаў не разумее, чаму мы не можам выступаць у Д7, бо яны бачаць, што мы ў аматарскіх турнірах дасягаем пэўных поспехаў. Ну, а наша заяўка ў Кубак для сяброў стала прыемнай нечаканасцю. Будуць нас падтрымлiваць.

– Як прыдумалі назву каманды для Кубка?

Змiцер Хведарук. «Пагоня» – тое, што аб'ядноўвае нас, тых, хто вымушаны быў пакінуць Беларусь. Усе гульцы каманды падтрымалі назву.

– Хто ўваходзіць у склад?

Антось Лагвiнец. Беларусы, якія жывуць у Варшаве, тыя, у каго няма магчымасці вярнуцца на Радзіму. Галоўнай зоркай каманды будзе, зразумела, Аляксандр Івулін. Ён наш ганаровы капітан:). Ён у добрай спартыўнай форме, гулец асновы.

– У камандзе выключна аматары ці ёсць прафесійныя ў мінулым футбалісты?

Змiцер Хведарук. Ёсць хлопцы з футбольным досведам: хтосьцi гуляў за дублі, хтосьцi выступаў у ніжэйшых лігах Беларусі. Гэта зусім невядомыя прозвішчы, але ў людзей ёсць футбольныя навыкі. Спадзяемся, у Кубку каманда пакажа сваё майстэрства.

Мы думалі падпісаць некалькі такіх гульцоў, як Віталь Гайдучык, але потым адмовіліся ад гэтай ідэі, таму што захацелі сфарміраваць касцяк каманды, які будзе затым гуляць увесь час.

– Які ўзрост у футбалістаў каманды? Чым яны зарабляюць?

Змiцер Хведарук. Здаецца, я самы ўзроставы ў калектыве, мне 35. Сярэдні ўзрост – крыху больш за 30 гадоў. Але ёсць і тыя, каму 18 гадоў.

Антось Лагвiнец. Ёсць айцішнікі, ёсць будаўнікі, нехта займаецца бізнесам, працуе ў ахове. Ёсць архітэктар, дызайнер.

– Хто вас трэніруе?

Антось Лагвiнец. Такога паўнавартаснага трэнера ў нас няма. Па пятніцах праводзіць з намі двухгадзінныя трэніроўкі Алесь Кушнер. Ён меў сваю футбольную акадэмію ў Ашмянах, але ўлады прыкрылі яе пасля 2020 года. Цяпер Алесь працягвае сваю дзейнасць у Польшчы i знаходзіць час на нас.

– Калі вы канчаткова зразумелі, што згуляеце ў Кубку Польшчы?

Змiцер Хведарук. 31 лiпеня нам даслалі пацверджанне з Польскай асацыяцыі футбола.

Антось Лагвiнец. Аказалася, што знайсці ў Варшаве свабодны стадыён для матча Кубка Польшчы – задача няпростая. Пры гэтым у горадзе больш за 25 стадыёнаў, гатовых прымаць матчы 11х11. Мы абтэлефанавалі практычна ўсе – усюды на аўторак усё было занята. Але ў выніку знайшлі месца на запасным штучным полі стадыёна Войска польскага (хатняя арэна «Легii», можа змясцiць больш за 30 тысяч гледачоў – Tribuna.com). Будзем гуляць, як заўсёды, у бел-чырвона-белых майках.

Хацелася б выказаць падзяку БФСС, які вельмi дапамог нам. Дапамога ад фонду і інфармацыйная, і фінансавая.

– Фонд сам на вас выйшаў?

Антось Лагвiнец. Мы прапанавалі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва – рэкламуем фонд. БФСС пагадзіўся падтрымаць наш праект.

– А колькі каштуе арэнда стадыёна?

Антось Лагвiнец. Арандаваць звычайнае поле ў горадзе на дзве гадзіны каштуе 880 злотых (амаль 220 долараў – Tribuna.com). А поле, дзе мы згуляем у Кубку, абыдзецца амаль у тры разы даражэй. Але гэта адзіны даступны нам варыянт.

– Што яшчэ трэба было для ўдзелу ў Кубку Польшчы?

Антось Лагвiнец. Мы як каманда, якая прымае супернiка, павінны аплаціць працу лекара і суддзi. Плюс проста падаць заяўку.

– Пачынаеце вы з другога кваліфікацыйнага раунда. Гэта нізкая стадыя?

Антось Лагвiнец. Так. У Кубку Польшчы ўдзельнічае больш за тысячу каманд з усёй краіны. Дарэчы, гэта яшчэ адзін паказчык, як тут развіваецца футбол у параўнанні з Беларуссю. Колькі тут клубаў, дывізіёнаў, акадэмій і, адпаведна, магчымасцей у людзей гуляць у футбол.

– Ёсць жа яшчэ першы кваліфікацыйны раунд. Чаму вы яго прапускаеце?

Антось Лагвiнец. Адна з каманд знялася з турніру, і нам прапанавалі заняць яе месца.

– Як рыхтавалiся да Кубку?

Антось Лагвiнец. У нядзелю правялі двухбакоўку. Плюс хлопцы працягваюць гуляць у аматарскіх лігах 6х6.

– Якія задачы ставіце?

Змiцер Хведарук. Хацелася б прайсці як мінімум тры раўнды Кубка – гэта будзе мегапоспех. 8 жнiўня гуляем з «Вікторыяй Зежань» [з Д9]. Калі пераможам, то ў наступным раўндзе згуляем з калектывам, дзе пачынаў сваю кар'еру Роберт Левандоўскі, – «Варсовіяй». Даволі вядомая футбольная акадэмія, у якой ёсць свая каманда.

Акрамя спартыўных мэт, вядома, хацелася б сфарміраваць касцяк каманды, які будзе асацыявацца менавіта з «Пагоняй». Каб у нас з'явіўся паўнавартасны галоўны трэнер. І тады будзем строiць планы.

– Мы з вамі размаўляем за суткі да дэбюту ў Кубку Польшчы. Ёсць адчуванне нечага асаблівага?

Змiцер Хведарук. Канешне. Я спаць не змагу :).

Антось Лагвiнец. Насамрэч ёсць невялікае хваляванне. Але мы спадзяемся, што яно не перанясецца на поле, і нам удасца паказаць класную гульню і перамагчы.

– А як жа тэорыя, заезд і ўсё такое іншае?

Змiцер Хведарук. Я ў аўторак цэлы дзень сяджу дома з дзіцем, а ўвечары пайду на футбол. Больш за тое, наш варатар Ягор Шык, які ў свой час прайшоў школу БАТЭ і гуляў потым за «Іслач», пасля матча паедзе на працу ў начную змену. Дарэчы, пра яго нават ёсць пост на «Трыбуне».

– Трансляцыя матча будзе?

Антось Лагвiнец. Вядзём перамовы з «Белсатам». Спадзяемся, што атрымаецца арганізаваць трансляцыю або ў іх на YouTube-канале, або на канале «ЧестнОК».

Але ж запрашаем усіх на трыбуны! Вельмі разлічваем на вялікую падтрымку – з крычалкамі, банерамі. Спадзяемся, што на афіцыйным матчы паб'ём рэкорд наведвальнасці. Звычайна на паядынкі Team Ivulin прыходзілi каля 50 чалавек. Колькі будзе людзей зараз, цяжка сказаць, але матч здольны прыняць некалькi соцен.

Уваход на матч – вольны. А ў заўзятараў будзе магчымасць купіць смачныя пончыкі ад беларусаў, якія гатуюць іх у Варшаве.

– І яшчэ раскажыце, як праходзіць падрыхтоўка да другога розыгрышу Кубка Івуліна?

Антось Лагвiнец. Зарэгістраваліся ўжо 38 каманд. Максiмум – 40, спадзяемся, што знойдуцца яшчэ два калектывы. 12 жнiўня а 14-й у Музеі вольнай Беларусі пройдзе лёсаванне. Сам турнір пройдзе 19 жніўня. Магу запэўніць, што будзе шыкоўная атмасфера. Больш маштабна, лепей, чым летась.

Фота: Instagram Team Ivulin

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты