Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Сябры спрабуюць уратаваць Мілеўскага, але той гэтага не хоча: экс-футбаліста збіраліся везці ў лякарню – ён перастаў выходзіць на сувязь

Сябры спрабуюць уратаваць Мілеўскага, але той гэтага не хоча: экс-футбаліста збіраліся везці ў лякарню – ён перастаў выходзіць на сувязь

Прэзідэнт кіеўскага «Дынама» Суркіс гатовы аплаціць рэабілітацыю.

Аўтар — Alex Zagorski
21 верасня, 15:49
Сябры спрабуюць уратаваць Мілеўскага, але той гэтага не хоча: экс-футбаліста збіраліся везці ў лякарню – ён перастаў выходзіць на сувязь

Пасля расійскага нападу на Украіну былы форвард зборнай «жоўта-блакітных», ураджэнец Мінска Арцём Мілеўскі трапіў у цяжкі псіхалагічны крызіс, што прывяло да абвастрэння праблем з алкаголем. Нядаўна здавалася, што былы футбаліст вяртаецца да нармальнага жыцця: ён завёў «карпаратыўны» акаўнт у Instagram, дзе прапанаваў свае рэкламныя паслугі. Але павярнулася ўсё бядой: з'яўляючыся на відэа, Мілеўскі пужаў сваім станам фанатаў – у адным з ролікаў ён ледзь стаяў на нагах і з цяжкасцю вымавіў пару словаў непаслухмяным языком.

Хутка з'явіліся падазрэнні, што староннія асобы карыстаюцца станам Мілеўскага. 18 верасня на «карпаратыўнай» старонцы нехта ад імя спартсмена прапанаваў набываць піўныя келіхі з сімволікай кіеўскага «Дынама» і аўтографамі Арцёма. Першапачаткова за такую рэч прасілі 5 тысяч грыўняў (каля 440 беларускіх рублёў), а пасля абурэння ў каментарах прыбралі пост і гандлявалі тымі ж келіхамі ўжо за 2 тысячы грыўняў (175 бел. рублёў). Пост, пад якім людзі клапаціліся пра стан Мілі, таксама знік з ягонай афіцыйнай старонкі.

Шмат хто з падпісчыкаў спартсмена задаваўся пытаннем, чаму яму не дапамагаюць сябры. 21 верасня тыя выйшлі на сувязь і распавялі сумныя падрабязнасці гісторыі з Мілеўскім. Першым слова ўзяў Яўген Селязнёў, партнёр Арцёма па зборнай:

– Я з ім заўсёды на сувязі, гатовы ўзяць на сябе ўсе выдаткі на дапамогу. Я яму званю і кажу: «Цёма, паслухай, давай я дапамагу. Я разумею, што гэта такое». Я вельмі люблю Арцёма, ён цудоўны і добры хлопец. Я заўсёды побач, ён ведае мой нумар тэлефона.

Я рэальна не ведаю, што тут сказаць. Я ж не магу прыехаць да яго і ўзяць у кайданкі. Тут патрэбнае ягонае жаданне. Дапамагчы Арцёму хачу не толькі я. Сёння (20 верасня – Tribuna.com) мы з хлопцамі павінны былі адвезці яго да лякарні, але ён не бярэ тэлефон. Што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі?

Арцём крыху звярнуў з дарогі. Усе павінны сабрацца, каб дапамагчы яму. Шмат хто гаворыць, што ён дарослы хлопец і сам мае вырашаць свае праблемы, але сябры спазнаюцца не тады, калі добра, а ў цяжкія хвіліны. Для мяне няма розніцы: ці ёсць у яго грошы, ці не. Арцём – мой добры сябар, я заўсёды буду яму дапамагаць, – сказаў Селязнёў у каментары для sport-express.ua.

Ягоныя словы пацвердзіў «кент» Мілеўскага Аляксандр Аліеў, які таксама гуляў з Арцёмам у зборнай Украіны. Ён дадаў што лячэнне сябру гатовы быў аплаціць прэзідэнт кіеўскага «Дынама» Ігар Суркіс:

– Хацеў бы расказаць пра сітуацыю Мілеўскага Арцемія. Пра тое, што Жэка Селязнёў сказаў – гэта сапраўды так. Учора ён павінен быў паехаць у бальніцу. Мы ўжо дамовіліся з лекарам пра ўсё, каб ён лёг туды, і ляжаў там.

Усё гэта быў гатовы аплаціць Ігар Суркіс. Я з ім размаўляў. Ён сказаў: «Саня, зрабі. Пакладзіце яго да лякарні на рэабілітацыю, я гатовы ўсё аплаціць». Але чалавек дагэтуль не бярэ тэлефон. Не хоча. Таму не пішыце мне, калі ласка, каб я дапамог кенту. Я гатовы ўжо на працягу пяці ці шасці месяцаў гэта яму зрабіць. Але чалавек мяне не чуе. Ён сам асабіста гэтага не жадае, – расказаў Аліеў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты